Якія помнікі архітэктуры, акрамя знакамітай вежы, можна ўбачыць у Камянецкім раёне

- 12:12Репортаж, Родная земля

Густы туман ахутаў Камянеччыну ў пачатку зімы. Знакамітая вежа, старадаўнія храмы, рэшткі фартыфікацыйных збудаванняў розных эпох выглядалі ў дні снежаньскай адлігі таямніча і загадкава…

Выдатнае надвор’е

Напярэдадні маёй камандзі­роўкі за акном ляжалі гурбы снегу, стаяў невялікі мароз, а ў дзень паездкі інтэрнэт нават абяцаў сонца. Так і ўяўлялася асветленая промнямі Камянецкая вежа на фоне іскрыс­тага снегу. Цудоўныя фотаздымкі маглі б атрымацца! І загаловак узнік у думках: “Белая вежа над белым прасторам”. Аднак надвор’е ў снежні непрадказальнае. Калі выязджаў з Мінска, была зімовая казка, а прыехаў у Камянец — пачалася адліга. Горад сустракаў ужо не вежай над белым прасторам, а вежай у тумане. Хаця і гэта нядрэнна, бо зімовы туман надаваў падарожжу асаблівы настрой, натх­няў на адкрыццё цікавых фактаў з гісторыі краю, на няспешную размову з настаўнікамі-краязнаўцамі.

А з нашага акна…

З вокнаў нашай рэдакцыі адкрываецца цудоўны від на прас­пект Незалежнасці і галоўны будынак Нацыянальнай акадэміі навук. Не менш маляўнічыя краявіды можна ўбачыць з вокнаў гімназіі і сярэдняй школы № 1 Камянца. Практычна з кожнага вучэбнага кабінета відаць “столп камен” — так у летапісах называецца знакамітая вежа, узведзеная над ракой Лясной у другой палове ХІІІ стагоддзя. Кіраваў будаўніцтвам майстар Алекса па загадзе князя Уладзіміра Васількавіча. Яму, дарэчы, у цэнтры горада стаіць помнік.

Вежу справядліва называ­юць архітэктурнай жамчужынай Беларусі. Гэта адзін з нямногіх сярэдневяковых будынкаў на тэрыторыі нашай краіны, у якім спалучаюцца элементы раманскага стылю і ранняй готыкі. Таксама гэта адзін з самых папулярных экскурсійных аб’ектаў сярод настаўнікаў і вучняў Камянецкага раёна. Навучэнцы не проста слухаюць аповед супрацоўнікаў філіяла Брэсцкага абласнога края­знаўчага музея, які размешчаны ў будынку вежы. Для іх тут право­дзяцца рознатэматычныя музейныя заняткі.

Напрыклад, настаўніца гісторыі сярэдняй школы № 1 Камянца Вольга Мікалаеўна Цандо распрацавала квест-гульню “Падарожжа ў Сярэдневякоўе”. Гульня дапамагае замацаваць атрыманыя на ўроках веды і праводзіцца ўнутры вежы. Вучням даецца даведнік з пытаннямі і заданнямі па экспазіцыі, і з гэтым даведнікам яны адпраўляюцца ў захапляльнае падарожжа па музейных залах. Дзеці павінны ўважліва чытаць анатацыі да экспанатаў, выконваць заданні і ўносіць адказы ў атрыманы даведнік. Напрыклад, трэба назваць гады будаўніцтва вежы, яе вышыню і дыяметр, імя заснавальніка Камянца, час, калі вежу асаджвалі крыжакі, і г.д. Адказы на гэтыя пытанні даведаемся і мы.

Будавалася вежа ў 1276—1288 гадах на паграніччы былога Валынскага княства, каб затрым­ліваць прасоўванне чужаземных войскаў. Узвядзенне такога аб’екта было ў той час грандыёзнай будоўляй. З дапамогай прымітыўных прылад працы і прыстасаванняў цаглінка за цаглінкай, ярус за ярусам узводзілася вежа. Яе вышыня дасягнула 29 метраў. Знешні дыя­метр — 13,5 метра. Чуткі пра вежу хутка разляцеліся па суседніх землях. Воіны многіх народаў намагаліся захапіць “столп камен” (толькі крыжакі падыходзілі да сцен вежы ў XIV стагоддзі некалькі разоў), але так і не змаглі. Таму і назва Белая, калісьці памылкова дадзеная вежы, цалкам лагічная.

Цікавыя факты паведаміў калега Вольгі Мікалаеўны настаўнік гісторыі гімназіі Камянца Яўген Уладзіміравіч Антончык. Па яго словах, магутныя сцены таўшчынёй да 3 метраў было складана разбу­рыць. Ды і трапіць унутр вежы ворагу было няпроста. Сённяшні ўваход быў прабіты толькі ў ХІХ стагоддзі, а раней ён знаходзіўся на ўзроўні чацвёртага яруса.

— Траплялі туды праз спецыяльную байніцу. Да яе прыкладваўся памост, ставілася лесвіца, і так людзі падымаліся. Грузы ж перацягвалі пры дапамозе вяровак. Дзвярэй і варот у сучасным разуменні не было, таму вежа была непрыступнай. Ніводная хроніка, ніводны летапіс, ніводныя археалагічныя раскопкі не гавораць нам пра тое, што вежа калі-небудзь была захоплена. Гэта ўнікальны помнік гісторыі. У гады майго дзяцінства ён стаяў у непрывабным выглядзе, доўгі час тут праводзілася рэканструкцыя. Радуе, што сёння палюбавацца нашай славутасцю праязджае шмат турыстаў, асаб­ліва многа іх будзе на калядныя і навагоднія святы, — паведаміў настаўнік.

Краязнаўчы круіз

Гімназія Камянца і сярэдняя школа № 1 знаходзяцца ў асаблівым месцы. Побач не толькі знакамітая вежа, узведзеная ў ХІІІ стагоддзі, але і будынкі пазнейшых эпох — у асноўным пачатку ХХ стагоддзя. Нават сама гімназія пабудавана ў 1920-я гады. З гісторыяй гэтых архітэктурных помнікаў вучні 1-й школы знаёмяцца падчас квест-экскурсіі “Краязнаўчы круіз”.

— Мэта экскурсіі — узбага­ціць веды вучняў аб гісторыі і культуры роднага горада, абудзіць ціка­васць да вывучэння малой радзімы. Рух па маршруце пачынаецца ад галоўнай славутасці нашага краю — Камянецкай вежы. На кожным этапе квеста асаблівую ўвагу ўдзяляю гістарычным даведкам, якія звязаны паміж сабой адзінай тэматыкай. Напрыклад, першае заданне такое: уважліва разгледзьце воблака слоў і агучце летапісную наз­ву Камянецкай вежы. На другім этапе вучні знаёмяцца з князем Ула­дзімірам — заснавальнікам горада. З дапамогай падказкі (выявы васількоў) прапаноўваю здагадацца, якой была мянушка князя, — расказвае аўтар экскурсіі Вольга Мікалаеўна.

Цудоўны прыклад

На іншых этапах “Краязнаўчага круіза” дзеці разглядваюць старыя фотаздымкі і па іх вызначаюць будынкі пачатку ХХ стагоддзя. Калі ўзводзіліся дамы, як яны выкарыстоўваліся — пра ўсё гэта можна прачытаць на спецыяльных шыльдах. Камянец, дарэчы, адзін з нямногіх беларускіх райцэнтраў, на гістарычных будынках якога ўстаноўлены падобныя шыльды. Як паведамілі настаўнікі, змясцілі шыльдачкі па ініцыятыве мясцовых краязнаўцаў і пры падтрымцы кіраўніцтва райвыканкама. Вось дзе цудоўны прыклад папулярызацыі ведаў пра малую радзіму!

Франтавыя лісты

Побач з будынкам 1-й школы знаходзіцца яшчэ адзін гістарычны аб’ект — брацкая магіла, у якой пахавана каля 1750 чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Многія пакаленні настаўнікаў і вучняў захоўваюць памяць пра герояў, вывучаюць іх біяграфіі, баявы шлях. Асноўнай крыніцай інфармацыі з’яўляюцца франтавыя лісты, якія захоўваюцца ў школьным музеі.

— Сабралі лісты нашы калегі-папярэднікі. Родныя салдат дасылалі іх на адрас школы і нават асабіста прывозілі з розных куточкаў Савецкага Саюза. Ёсць некалькі ўнікальных лістоў, напісаных на яналіфе — татарскай мове на аснове алфавіта, распаўсюджанага сярод цюрскіх народаў СССР у 1920—1930-я гады. Прачы­таць тэкст было няпроста. Аднак з вучнем Аляксеем Быстровым мы знайшлі ў інтэрнэце чалавека, які цікавіцца яналіфам. Дзякуючы яму і зрабілі пераклад. Аказалася, што напісаны лісты ўраджэнцам Кільмезскага раёна Кіраўскай вобласці РСФСР кулямётчыкам Абдулам Імаевым, — паведаміла В.М.Цандо.

Гэтыя лісты з’яўляюцца ўнікальнымі дакументамі па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, бо мінулае ў іх пададзена не сухімі фактамі, а думкамі салдат, жывым апісаннем падзей. Што тычыцца Абдула Імаева, то настаўніцы ўдалося нават выстветліць месца пахавання яго брата Рыгора. Знаходзіцца яно ў Чарнаўчыцах Брэсцкага раёна. Загінуў герой, як і яго брат, летам 1944 года, вызваляючы нашу зямлю ад гітлераўскіх акупантаў.

На аснове гэтых унікальных экспанатаў Вольга Мікалаеўна ра­зам са сваёй дачкой Ганнай, вучаніцай 1-й школы, напісалі даследчую работу “Значэнне франтавых лістоў як гістарычных дакументаў аб Вялікай Айчыннай вайне”.

— Падчас знаёмства са змес­там лістоў, звярнула ўвагу, што чатыры з іх адрасаваны жанчыне з незвычайным імем Зарыфа. “Перадаць Ахматшына Зарыфа” — выразнымі літарамі напісаў баец. Пра што расказвае ў сваіх лістах салдат? Кім даводзіцца яму Зарыфа? Які баявы шлях прайшоў ён у гады вайны? На ўсе гэтыя пытанні я захацела атрымаць адказ. Калі ў мяне быў пераклад лістоў, я з нецярпеннем і цікаўнасцю чытала кожны радок. Па-першае, у лістах ёсць уступная частка, дзе аўтар прытрымліваецца пэўнай формы звароту. Ён пералічвае родных, суседзяў і ўсім перадае прывітанне. Такая форма звароту сустракалася ў тэкстах мінулых стагоддзяў, а для лістоў савецкага перыяду 1940-х была вялікай рэдкасцю. Апошні, чацвёрты ліст дадому быў напісаны спехам, алоўкам, падчас чарговага прывалу. У лісце ўсяго толькі некалькі скупых радкоў.

Ва ўліковай дакументацыі школьнага музея Абдул Імаеў лічыцца як чырвонаармеец, які загінуў 25 ліпеня 1944 года пры вызваленні Камянецкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У экспазіцыі захоўваюцца альбомы з фатаграфіямі байцоў, якія аддалі жыццё за нашу Радзіму. І сярод шматлікіх герояў я знайшла непрыметную фатаграфію Абдула. Гледзячы на пажоўклы, выцвілы здымак, можна многае зразумець аб франтавым жыцці чалавека, адчуць гарачае дыханне вайны. Больш падрабязную інфармацыю пра Абдула Ахмедавіча Імаева я атрымала на інфармацыйным партале “Памяць народа”, — паведаміла дзяўчына.

Калісьці піянеры сярэдняй школы № 1 Камянца, каб адшу­каць сваякоў загінуўшых салдат, напісалі некалькі соцень лістоў у розныя куткі Савецкага Саюза. Адзін ліст быў адпраўлены і на радзіму Абдула. Неўзабаве паштальён пачаў прыносіць па некалькі лістоў у адказ кожны тыдзень. І дагэтуль у школьным музеі захоўваецца канверт, які датуецца 30 кастрычніка 1967 года. У канверце — лісток у клетку. Гэта адказ піянерам, які напісаў родны брат Абдула Анатоль Імаеў. Ліст ад камянецкіх піянераў быў вельмі важным для сям’і Імаевых. Пасля вайны родныя салдата, у тым ліку маці Зарыфа, не ведалі, дзе знаходзіцца Абдул, а калі загінуў, то дзе яго магіла. Летам 1979 года Анатоль Імаеў прыяз­джаў на магілу брата. У адным са школьных фотаальбомаў можна ўбачыць той момант.

Таямнічы замак

Зімовы туман ахутаў не толькі помнікі гісторыі ў Камянцы. Таямніча ў гэты дзень выглядалі і іншыя архітэктурныя аб’екты на тэрыторыі раёна: рэшткі былой уязной брамы замка Сапегаў і палац Патоцкіх у Высокім, храмы Воўчына, а таксама доты каля вёскі Навасёлкі, узведзеныя напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны…

Падчас камандзіровак мне часта даводзіцца прагульвацца па старых парках, закладзеных у мінулыя стагоддзі прадстаўнікамі знакамітых родаў. У любую пару года тут добра адпачываць ад штодзённай мітусні: вясной — любавацца маладой зеленню на дрэвах, летам — атрымліваць асалоду ад цяністай прахалоды, восенню — шамацець апалым лісцем, а зімой — слухаць цішыню.

У дзень зімовай адлігі высокаўскі парк выглядаў асабліва таямніча. Пачарнелыя ад вільгаці дрэвы моўчкі стаялі, захутаўшыся ў туман. Гэтак жа таямніча, нават містычна выглядалі рэшткі ўязной брамы, мураваных падвалаў і магутныя земляныя валы — усё, што засталося ад некалі велічнага замка Сапегаў. Таямнічай з’яўляецца сама гісторыя замка. Па словах настаўніка гісторыі Воўчынскай сярэдняй школы Аляксандра Мікалаевіча Кавалевіча, пад­рабязных апісанняў замка не захавалася. Толькі ў 1977 годзе тут праводзіліся археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам Міхася Ткачова. Як выглядаў драўляны замак, сёння мы можам толькі меркаваць, выказ­ваць здагадкі. А вось як выглядала мураваная ўязная брама ў ХІХ стагоддзі, мы дакладна ведаем дзякуючы малюнку Напалеона Орды.

Нягледзячы на туманнае мінулае замка, некаторыя гістарычныя звесткі Аляксандр Мікалаевіч усё ж агучыў:

— Замак узведзены ў 1678 годзе. На беразе рэчкі Пульвы былі насыпаны магутныя земляныя валы і з усіх бакоў абкружаны вадой. Насупраць двухпавярховай цаглянай вежы з трыма брамамі, размешчанымі ў тоўшчы землянога вала, знахо­дзілася шырокая і глыбокая сажалка, праз якую перакідваўся пад’ёмны мост. У вежы размяшчаліся арсенал, пад’ёмныя механізмы (іх сляды можна ўбачыць і цяпер). Па перыметры валоў знаходзіліся магутныя бас­тыёны. На добра абароненым дзядзінцы стаялі драўляны замак і гаспадарчыя пабудовы. Да сённяшняга часу захаваліся рэшткі ўязной брамы і мураваных падвалаў XVII стагоддзя. Замак некалькі разоў гарэў, разбураўся, але кожны раз адбудоўваўся Сапегамі. У 1748 годзе ён згарэў канчаткова і больш не аднаўляўся. Сваю рэзідэнцыю Сапегі перанеслі ў Ружаны. А вось у Высокім, недалёка ад былога замка, Пелагеяй Патоцкай у 1816 годзе быў пабудаваны палац і гаспадарчыя будынкі. Усе яны захаваліся ў адносна добрым стане і цяпер знаходзяцца на рэстаўрацыі.

Цікавая гісторыя ў воўчынскіх храмаў. Прыкладам позняга барока з’яўляецца касцёл Святой Троіцы. Узведзены ў 1730-я гады як каталіцкі храм, пэўны час ён быў праваслаўнай царквой. Пасля Вялікай Айчыннай вайны стаяў у запусценні. У 2009 го­дзе пачалася яго рэстаўрацыя. Унікаль­насць храма — адноўлены вежавы гадзіннік XVIII стагоддзя. А вось калі з’явіўся будынак Свята-Мікалаеўскай царквы, дакладна невядома. Магчыма, пачаў узводзіцца ў 1841 годзе, а магчыма, у храм была перабудавана ратуша або іншы будынак.

Бетонныя кропкі

Калі ў Камянцы можна ўба­чыць яскравы прыклад фартыфікацыйнага збудавання ХІІІ, у Высокім — XVII стагоддзя, то каля самага заходняга населенага пункта Беларусі (вёскі Крынкі Камянецкага раёна) захаваліся фартыфікацыйныя збудаванні першай паловы ХХ стагоддзя — бетонныя доты, якія былі часткай 62-га ўмацаванага раёна так званай Лініі Молатава.

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ўзводзілася яшчэ адна вядомая лінія абарончых умацаванняў — Лінія Сталіна. У Беларусі яе рэшткі захаваліся не толькі пад Мінскам, дзе створаны знакаміты гісторыка-культурны комплекс. У верасні гэтага года разам з педагогамі Петрыкаўскага раёна мы ўжо блукалі па бетонных калідорах, фатаграфавалі ў лясным масіве рэшткі дотаў. Сёння ж адправімся на пакрытае туманам калгаснае поле ў ваколіцах Навасёлак. Больш за 80 гадоў тут узвышаюцца магутныя бетонныя вежы.

Як і ў Петрыкаўскім раёне, мясцовыя жыхары называюць іх прос­та — кропкамі. Практычна ўсё сваё жыццё гэтыя аб’екты даследуе настаўнік гісторыі і геаграфіі Навасёлкаўскай базавай школы Аляксандр Міхайлавіч Янчук. Яшчэ ў дзіцячыя гады, як і ўсе мясцовыя хлапчукі, вольны час ён праводзіў на закінутых дотах.

— Так, там было небяспечна, але, дзякуй богу, усё абышлося, — коратка прыгадаў тыя часы педагог, які ўжо ў гады настаўніцтва больш грунтоўна заняўся тэмай дотаў.

— Брэсцкі ўмацаваны раён меў нумар 62 і складаўся з шэрага абарончых вузлоў, расцягнутых на 120 км уздоўж Заходняга Буга. На пачатак Вялікай Айчыннай вайны гатоўнасць абарончых збудаванняў складала прыкладна 35 працэнтаў. Аднак многія абарончыя кропкі прынялі бой і па-геройску змагаліся некалькі дзён, а некаторыя — і некалі тыдняў. На тэрыторыі Воўчынскага сельсавета былі два вузлы абароны (9 кропак — паміж вёскамі Орля і Агароднікі і 8 — ад Навасёлак на поўнач да граніцы з Польшчай). У нашай вёсцы і яе ваколіцах размяшчаліся ўмацаванні за №№ 61—73, — расказвае Аляксандр Міхайлавіч.

Па словах Аляксандра Міхайлавіча, гісторыя 62-га ўмацаванага раёна даволі добра асветлена. А вось тое, чаго амаль не сустрэнеш у інтэрнэце, — гэта жывыя ўспаміны сведкаў будаўніцтва дотаў. Менавіта на размове з гэтымі людзьмі і робіць акцэнт у сваёй даследчай дзейнасці настаўнік. Вось што паведаміў Аляксандру Міхайлавічу ветэран Вялікай Айчыннай вайны 1926 г.н. Васіль Іванавіч Дубіна: “Памятаю, дзесьці да студзеня 1940 года пачалі будаваць вузкакалейку ад Лышчыцаў да Навасёлак. Вясной пачалі вазіць грузы: цэмент, метал, нейкія скрыні, нешта пад брызентам. Часам штосьці падвозілі на машынах, але часцей за ўсё на конях. Будавалі не мясцовыя, а відаць, з будаўнічага батальёна, мабілізаваныя мужчыны ў гадах. Як будавалі? Катлаваны капалі ўручную. Уручную замешвалі бетон і падавалі яго вёдрамі. Канечне, была і электразварка, працаваў генератар. Стаяла ахова, якая нас, падлеткаў, не пускала. Якія войскі былі, не ведаю, але пятліцы, помню, былі і чорныя, і чырвоныя, і малінавыя. Рабочыя спачатку жылі ў палатках, а потым для іх пабудавалі барак”.

— Больш за 80 гадоў стаяць на нашай зямлі нямыя сведкі падзей Вялікай Айчыннай вайны. Шэрыя, абымшэлыя, яны міжволі ўнуша­юць нейкую містычную павагу і жах. Бетон таўшчынёй у паўметра, грозныя байніцы… Калі глядзіш на іх, то міжволі прыходзіць думка: “А калі б да пачатку вайны іх будаўніцтва было цалкам завершана, яны былі б як след укамплектаваны? Напэўна, па-іншаму развіваліся б падзеі Вялікай Айчыннай вайны, хаця б яе першага этапу…” — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч.

Падчас падарожжа па Камянеччыне варта ўбачыць:

знакамітую вежу ХІІІ стагоддзя; 
Белавежскую пушчу;
брацкую магілу чырвонаармейцаў і партызан каля сярэдняй школы № 1 Камянца;
гістарычную забудову райцэнтра;
рэшткі ўязной брамы замка Сапегаў і палац Патоцкіх у Высокім;
храмы ў Воўчыне;
доты ў ваколіцах Навасёлак.

Камандзіроўка з працягам

Шмат цікавага пра мінулае камянецкай зямлі мне пашчасціла пачуць падчас камандзіроўкі. Але дзе б мы ні прагульваліся з настаўнікамі-краязнаўцамі (каля велічнай вежы ХІІІ стагоддзя, земляных валоў былога высокаўскага замка або каля дотаў у ваколіцах Навасёлак), яны неаднаразова паўтаралі: “Пра гэты факт вы больш нідзе не прачытаеце…” Практычна кожны дзень педагогі адкрываюць нешта новае, малавядомае. Краязнаўчая работа вядзецца імі маштабная, рознатэматычная. Таму ў гэтай камандзіроўкі на старонках газеты абавязкова будзе працяг.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара