Якія прафесіі можна набыць у магілёўскім дзяржаўным эканамічным прамыслова­-тэхналагічным каледжы

- 16:30Абитуриент, Образование, Приложение

Чым здзіўляе Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прамыслова­-тэхналагічны каледж і якія прафесіі можна набыць у ім, высветліла карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Фота Ганны СІНЬКЕВІЧ

МДЭПТК вось ужо 26 гадоў узначаль­вае сапраўдны лідар А.А.Бахановіч. У 1997 годзе звычайнае на той час прафесійна-тэхнічнае вучылішча збіраліся закрыць, але з прыходам Алега Адамавіча яно вельмі хутка ператварылася ў адну з самых паспяховых устаноў прафесійнай адукацыі краіны, а колькасць навучэнцаў з 325 павялічылася да 1470. А таму адмовіцца ад запрашэння наведаць такі адметны каледж я ніяк не магла, да таго ж і нагода была добрая.

Нядаўна Магілёўскі дзяржаўны экана­мічны прамыслова-тэхналагічны каледж адзначыў трайны 25-гадовы юбілей: цэнтра прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі, студыі вакалу “Дружбакі і сяброўкі”, а самае галоўнае — чвэрць стагоддзя ўстанова займае 1-е месца сярод прафесійных навучальных устаноў вобласці. Каледж двойчы быў занесены на рэспуб­ліканскую Дошку гонару, неаднаразова выходзіў у лідары па краіне па забеспячэнні якасці падрыхтоўкі кадраў.

Уся гісторыя ў адным музеі

— “Памятаем мінулае, жывём сучас­насцю, думаем пра будучыню” — такога дэвізу мы прытрымліваемся ў духоўна-маральным і грамадзянска-патрыятычным выхаванні моладзі, — адзначыў Алег Бахановіч.

Вялікую ўвагу ў эканамічным каледжы ўдзяляюць выхаванню і захаванню гістарычнай памяці. Дзеля гэтага тут уласнымі сіламі створаны маштабны музейны гісторыка-пазнавальны комплекс “Спадчына роднага краю”, у шматлікіх экспазіцыях якога прадстаўлена ўся гісторыя краіны. Ён размешчаны на амаль 920 кв.м і налічвае звыш 15 тысяч экспанатаў. Ствараўся музей на працягу многіх гадоў. Так, першай з’явілася экспазіцыя па гісторыі каледжа “Наша спадчына”, затым у 2012-м узнікла гістарычна-этнаграфічная экспазіцыя “Крыніцы мінулага”, пасля — духоўна-­асветніцкі цэнтр імя Кірыла і Мяфодзія, які быў адкрыты дзякуючы плённаму ўзаема­дзеянню з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

— Цэнтр пачаў працаваць у 2018 го­дзе, і за гэты час у ім пабывала каля 11 тысяч наведвальнікаў. Тут размешчаны макеты беларускіх храмаў і цэркваў у маштабе 1:60. Усе яны створаны нашымі навучэнцамі і педагогамі. Адзін з самых рарытэтных экспанатаў — Біблія ХVІІ стагоддзя, якая каштуе некалькі дзясяткаў тысяч долараў, — расказаў Алег Адамавіч.

Затым ва ўстанове адкрылі галерэю рамёстваў “Суквецце талентаў Магілёўшчыны”, а зусім нядаўна — ваенна-гістарычную экспазіцыю.

— Апошняя музейная лакацыя размясцілася на цокальным паверсе другога корпуса каледжа. На амаль 350 кв.м знахо­дзіцца 17 тэматычных залаў. Артэфакты для музея збіралі і навучэнцы, і выкладчыкі, і неабыякавыя магіляўчане. Ёсць рарытэты, якіх няма ні ў гарадскім, ні ў абласным музеях. Для мяне ж самы дарагі экспанат знаходзіцца ў зале генацыду, дзе адлюстравана гісторыя майго бацькі Адама Адамавіча Бахановіча. Ён, будучы 15-гадовым юнаком, у 1942 годзе быў адпраўлены на работы ў Германію. Аднак пад Баранавічамі яму ўдалося саскочыць з цягніка, праўда, канцлагера не пазбег, быў у лагеры смерці Калдычава. Яму пашанцавала, і ён выжыў, — прыгадаў дырэктар каледжа.

Ва ўсім музейным кластары МДЭПТК рэгулярна арганізоўваюцца вучэбныя і пазаўрочныя заняткі не толькі для навучэнцаў каледжа, але і для вучняў школ і гімназій, нават дашкольнікі зазіраюць сюды. Гэта і нядзіўна, бо тут перакананы: духоўна-­асветніцкую работу з дзецьмі варта пачынаць з самага ранняга ўзросту.

Паступіць у лепшы каледж

На першы курс у МДЭПТК сёлета набіраюць амаль 600 чалавек. У каледжы шырокі спектр спецыяльнасцей, бо ў ім заўсёды ўлічваюць змяненні ў эканоміцы і ўносяць неабходныя карэктывы ў падрыхтоўку кад­раў. Адпаведна, выпускнікі каледжа стапрацэнтна працаўладкоўваюцца.

— 15 чэрвеня ў нас пачаўся прыём ­дакументаў на 15 кваліфікацый прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і працягнецца ён да 23 жніўня. На сёння ў нас зарэгістравана каля 200 заяў, усяго ж на ПТА мы чакаем 361 абітурыента. Самыя запатрабаваныя кваліфікацыі сярод юнакоў — “слесар па рамонце аўтамабіляў”, “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі “С”, і сёлета мы дабавілі да іх яшчэ адну — “манціроўшчык шын і шынна-пнеўматычных муфт”. Акрамя гэтага, на базе 9 класаў карыстаюцца попытам прафесіі электраманцёра ахоўна-пажарнай сігналізацыі і электраманцёра па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. Дзяўчатам больш падабаецца прафесія цырульніка, на якую мы набіраем выпускніц як 9, так і 11 класаў. Па ўсіх прафесіях узроўню ПТА ў нас можна атрымаць і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Нагадаю, прыём дакументаў па 7 спецыяльнасцях на ўзровень ССА, дзе ўсяго толькі 210 месцаў, прадоўжыцца да 3 жніўня для выпускнікоў 9 класаў і да 12 жніўня — для выпускнікоў 11 класаў і УПТА, — паведаміла адказны сак­ратар прыёмнай камісіі Ірына Мельнікава.

Упершыню ў МДЭПТК выпускнікоў 9-х класаў будуць набіраць на ўзровень ССА па трох спецыяльнасцях: “Фінансавая дзейнасць”, “Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм” і “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў”.

— На страхавых агентаў звычайна прыходзяць паступаць абітурыенты з сярэднім балам дакумента аб адукацыі вышэйшым за 7, і на цырульнікаў таксама. У мінулым годзе на слесара па рамонце аўтамабіляў паступалі з балам 6,3, на электраманцёраў — 5,9. Да таго ж яшчэ не позна ўзяць мэтавае накіраванне. Уся інфармацыя наконт нашых заказчыкаў кадраў размешчана на сайце каледжа. Але трэба памятаць, што пасля заканчэння каледжа мэтавікам давядзецца адпрацаваць 2 гады, — нагадала Ірына Міхайлаўна.

У сваю чаргу дырэктар каледжа не без гордасці дадаў:

— Самае галоўнае, каб кожны чалавек знайшоў сваё месца ў жыцці і стаў значным на сваёй малой радзіме. І да гэтай думкі мы стараемся падвесці кожнага нашага навучэнца. Адсочваючы іх далейшы лёс, высвятляем, што больш за 80% нашых выпускнікоў працуюць па спецыяльнасці, многія ідуць атрымліваць вышэйшую адукацыю.

Часам былыя выпускнікі звяртаюцца для павышэння кваліфікацыі ў цэнтр кампетэнцый тэхналогій аўтасэрвісу МДЭПТК, які паспяхова функцыянуе з 2016 года. На яго базе кваліфікаваныя майстры вытворчага навучання, выкладчыкі вучэбных прадметаў спецыяльнага цыкла пастаянна праводзяць семінары-практыкумы і майстар-класы. А яшчэ яны займаюцца пад­рыхтоўкай і перападрыхтоўкай педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі і рабочых кадраў з розных арганізацый. Вядзецца навучанне па спецыяльнасцях ССА “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт транспартных сродкаў” і “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”.

— За 6 гадоў у цэнтры навучанне прайшлі больш за 1,8 тысячы чалавек. У нас ёсць лабараторыя электраабсталявання і электрычных сістэм аўтамабіляў з 12 рабочымі месцамі для навучэнцаў, абсталяванымі ноўтбукамі. Актыўна функцыянуюць і шынамантажная майстэрня, майстэрні па дыягностыцы, тэхнічным абслугоўванні і рамонце падвескі аўтамабіляў, лабараторыя дыягнаставання аўтамабіляў і лабараторыя рухавікоў, — расказаў загадчык цэнтра Аляксей Ерафеенка. Ён, між іншым, прыйшоў у каледж у 2012 годзе пасля заканчэння спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў” у Беларуска-Расійскім універсітэце. І не толькі прыкіпеў душой да гэтай установы, але і знайшоў тут асабістае шчасце. Прычым такая гісторыя ў каледжы не адзінкавая.

Роўныя сярод роўных

Дваццаць пяць гадоў назад у МДЭПТК быў створаны цэнтр прафесійнай рэабілітацыі і сацыяльнай адаптацыі дзяцей-інвалідаў і дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. За гэты час у ім атрымалі прафесію і занялі дастойнае месца ў грамадстве больш за 2,5 тысячы выпускнікоў, якія паспяхова працуюць у будаўнічых арганізацыях, лёгкай прамысловасці, на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Дзякуючы калектыву каледжа, аналагічныя цэнтры з’явіліся ў прафесійных навучальных установах усіх абласцей і горада Мінска.

Студыя вакалу “Дружбакі і сяброўкі” дапамагла пракласці сцяжыну на вялікую сцэну многім таленавітым артыстам, у тым ліку Алёне Ланской і Івану Буслаю.

— У нашым цэнтры створана адзіная сістэма навучання, сацыяльнай і медыцынскай рэабілітацыі такой катэгорыі навучэнцаў з наступным гарантаваным іх працаўладкаваннем. Мы імкнёмся забяспечваць прафесійна-тэхнічнай адукацыяй гэтых навучэнцаў у адпаведнасці з іх пазнавальнымі магчымасцямі, што дапамагае ім адаптавацца ў сучасным грамадстве, — падкрэсліла намеснік дырэктара каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця І.М.Мельнікава.

Выхаванцы цэнтра атрымліваюць у каледжы прафесіі швачкі, абутніка па рамонце абутку, агародніка, сталяра, цесляра, рабочага зялёнага будаў­ніцтва і кветкавода.

— У 2019 годзе мы пачалі запрашаць на дыстанцыйную форму навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на базе агульнай сярэдняй адукацыі па кваліфікацыі “аператар ЭВМ”, — дадала Ірына Міхайлаўна.

Дарэчы, многія падапечныя цэнтра не толькі асвойваюць навыкі той ці іншай прафесіі, але і развіваюць свой творчы патэнцыял, займаючыся ў аб’яднаннях па інтарэсах і ўдзельнічаючы ў конкурсах прафесійнага майстэрства. Так, на конкурсе ProfSkills Belarus — 2023 у кампетэнцыі “Рабочы зялёнага будаўніцтва, кветкавод” перамог ужо другакурснік каледжа Яўген Кажамякін, а навучэнка 2 курса Ульяна Корань і выпускнік Станіслаў Панцялееў атрымалі сярэбраныя ўзнагароды ў кампетэнцыях “Тэхналогія моды” і “Агароднік”. Да таго ж прадстаўнікі каледжа выступалі і ў кампетэнцыях “Графічны дызайн” і “Цырульніцкае мастацтва”.

Важна, што ў працэсе вучобы асаблівыя дзеці не ізаляваны ад астатняга калектыву — усе групы каледжа інклюзіўныя. Акрамя таго, сярод выкладчыкаў таксама ёсць такія выпускнікі. Адна з іх — Святлана Лосік, якую мы засталі за пляценнем кошыка з лазы. Яна ў свой час атрымала спецыяльнасць “Вытворца мастацкіх вырабаў з лазы” і вось ужо 18 гадоў працуе кіраўніком гуртка па лозапляценні.

— Мне вельмі падабаецца працаваць з лазой, у вырабы з яе я ўкладваю душу. Да таго ж люблю вучыць свайму рамяству дзяцей, — сказала Святлана.

Увогуле, у Магілёўскім эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы высока развіта дэкаратыўна-прыкладная творчасць. На занятках вытворчага навучання і ў гуртках вырабляецца звыш тысячы найменняў вырабаў з ільну, лазы, саломкі, разьбярных, сталярных, швейных вырабаў. Адраджаючы беларускія рамёствы, работнікі і навучэнцы каледжа стварылі эксклюзіўныя калекцыі гербаў, выявы гістарычных помнікаў краіны і іншыя незвычайныя вырабы.

— Шмат гадоў мы працавалі над тым, каб юнакі і дзяўчаты з асаблівасцямі былі роўнымі сярод роўных, каб у іх былі прафесіі і яны маглі знайсці сваё месца ў жыцці. Сёння з гордасцю магу сказаць: задуманае атрымалася, — адзначыў Алег Адамавіч.

На жаль, у адным артыкуле немагчыма расказаць пра ўсе дасягненні каледжа і ідэі яго неверагоднага і апантанага сваёй справай дырэктара. Адзінае, можна смела канстатаваць: каманда Бахановіча не спыніцца на дасягнутым і далей будзе прымнажаць талент, майстэрства і прыгажосць на магілёўскай зямлі.

Вольга АНТОНЕНКАВА