Якія рэдкія прафесіі можна набыць у Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы

- 10:06Абитуриент, Образование, Приложение

За сваю 40­-гадовую гісторыю Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны каледж падрыхтаваў каля 15 тысяч тэхнароў і гуманітарыяў, якія разам маглі б утварыць сапраўдны гарадок майстроў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Наш каледж шматпрофільны. Мы рыхтуем як па тэхнічных, так і па гуманітарных, творчых спецыяльнасцях. На ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі сёлета запрашаем 168 абітурыентаў, а на ўзровень сярэдняй спецыяльнай — 257. Да таго ж мы ажыццяўляем набор на платную форму навучання на аснове базавай адукацыі па спецыяльнасці “Правазнаўства” з прысваеннем кваліфікацыі “юрыст”. Гэта вельмі запатрабаваная спецыяльнасць, на якую заўсёды вялікі конкурс і высокія прахадныя балы. У гэтым го­дзе чакаем 30 чалавек, — паведаміла адказны сакратар прыёмнай камісіі загадчыца аддзялення дакументазнаўства і правазнаўства каледжа Таццяна Зянькевіч.

Нагадаем, 15 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў у каледжы на ўзровень ПТА. У Віцебскі тэхналагічны каледж падалі заявы ўжо каля паўсотні абітурыентаў. Сярод іх па-ранейшаму самымі папулярнымі застаюцца спецыяльнасці “Вытворчасць ювелірных вырабаў”, “Аказанне фотапаслуг”, “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Лесагаспадарчыя работы”.

Увогуле ж прафесійна-тэхнічная адукацыя ў каледжы прадстаўлена 14 кваліфікацыямі. З іх выключна для выпускнікоў 9 класаў прапаноўваюцца наступныя: “аператар ЭВМ”, “вытворца мастацкіх вырабаў з лазы”, “станочнік дрэваапрацоўчых станкоў/рамшчык”, “сталяр”, “вальшчык лесу”, вадзіцель аўтамабіля катэгорыі С/слесар па рамонце аўтамабіляў”, а пасля 11 класа — “ткач”. А вось на кваліфікацыі “сакратар”, “выканаўца мастацка-афарміцельскіх работ”, “рэзчык па дрэве і бяросце”, “ювелір”, “вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі”, “аператар камп’ютарнай графікі” запраша­юць выпускнікоў як 9, так і 11 класаў.

Для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на дзённае навучанне на аснове 9 класаў ажыццяўляецца набор на спецыяльнасці: “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” (кваліфікацыя “мастак. Настаўнік”), “Дрэва­апрацоўчыя вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-тэхнолаг”) і “Тэхнічная эксплуатацыя і рамонт транспартных сродкаў” (“тэхнік-механік”). На “Распрацоўку і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-праграміст” — на аснове 9 і 11 класаў, на “Лясную гаспадарку” (“тэхнік лясной гас­падаркі”) — на аснове 9 класаў на бюджэт і пасля 11 на завочную форму навучання, а яшчэ на “Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання” (“сакратар-рэферэнт”) — на аснове ПТА.

— Наш каледж — адзін з лідараў у рэгіёне па колькасці спецыяльнасцей. Яго адметнасць у тым, што тут сябе знаходзяць як тэхнары, так і гуманітарыі, бо ў нас поплеч добра суіснуюць новыя тэхналогіі і культурныя традыцыі, — адзначыла Таццяна Ула­дзіміраўна. — У гэтым годзе некаторыя нашы спецыяльнасці змянілі назвы. Так, ранейшая спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій” цяпер называецца “Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм”. Па ёй мы набіраем дзве групы на бюджэт на аснове агульнай базавай і агульнай сярэдняй адукацыі. Вельмі шмат заявак ад заказчыкаў кадраў на такіх спецыялістаў. Прахадны бал выпускнікоў 9 класаў у мінулым годзе склаў 8,7 бала. А яшчэ сёлета мы адкрываем новую спецыяльнасць “Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў” на аснове 9 класаў з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-праграміст” з планам набору 27 чалавек.

Рэдкія і ўнікальныя

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы можна набыць рэдкія прафесіі ювеліра і ткача, па якіх у краіне больш ні­дзе не рыхтуюць.

— Мы адзіныя ў краіне, хто ажыццяўляе падрыхтоўку па кваліфікацыі “ювелір”. Звярнуць увагу на яе прапаноўваем уседлівым, цярплівым, акуратным і ўважлівым абітурыентам, якія маюць добрыя веды па хіміі і фізіцы. Каб стаць ювелірам, трэба адчу­ваць метал, умець вызначаць сіметрыю, мець мастацкі густ. У час вучобы нашы навучэнцы, зразумела, не працуюць з золатам, а трэніруюцца на латуні — матэрыяле, які па фізічных уласцівасцях нагадвае ювелірныя сплавы, — расказала Т.У.Зянькевіч.

Пасля выпуску маладыя людзі валода­юць майстэрствам апрацоўкі ўпрыгажэнняў, пачынаючы ад стварэння і заканчваючы іх рамонтам. Дарэчы, рамонт вырабаў — самы няпросты складнік рамяства, таму такія навыкі будучыя ювеліры атрымліваюць напрыканцы навучання. Размяркоўваюцца такія выпускнікі на ювелірныя заводы і кампаніі.

Зберагаюць у каледжы і народную творчасць, рыхтуючы на базе 11 класаў ткачоў. У майстэрні ткачоў размешчаны ручныя ткацкія станкі, нарыхтоўкі і безліч дываноў і габеленаў. Навучэнцы гэтага напрамку вывучаюць тэхнікі стварэння народных ручнікоў і так званых шпалер (габеленаў). Падобных спецыялістаў у Беларусі таксама больш ні­дзе не выпускаюць.

— Сёння ў модзе натуральныя матэ­рыялы і рэчы ручной працы, таму і ручное ткацтва перажывае новы росквіт. Магчымасці майстроў сталі шырэйшымі. З’явіліся сучасныя прылады, новыя матэрыялы і тэхналогіі па апрацоўцы. Усё гэта дазваляе ствараць вельмі складаныя, вытанчаныя вырабы і дэкарыраваныя касцюмы, — дадала Таццяна Уладзіміраўна.

Ткачы размяркоўваюцца на мастацкія і афарміцельскія камбінаты, прадпрыемствы народных мастацкіх промыслаў, дамы рамёстваў, палацы культуры і творчасці, школы мастацтваў.

— Практыку нашы навучэнцы прахо­дзяць на прадпрыемствах Віцебска і вобласці. Вельмі часта — на будучых месцах працы: у ІТ-кампаніях, прыватных арганізацыях па вырабе мэблі, на “Віцебскдрэве” і “Віцебсклесе”. Па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве практыку арганізоўвае “Белмастацкераміка”, ювеліры практыкуюцца на заво­дзе ZORKA, хто вучыцца на сакратароў — ва ўстановах розных сфер дзейнасці, бо ўсюды патрэбны памочнікі кіраўнікоў і г.д., — праінфармавала загадчыца аддзялення дакументазнаўства і правазнаўства.

Аднаго разу мала

Каледж мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Каб азнаёміцца з ёй у поўнай меры, трэба завітаць сюды неаднойчы.

— У нас свой гарадок, які складаецца з двух вучэбных карпусоў, ангараў, майстэрань, вучэбна-вытворчых лабараторый, сталовай, магазіна і нават басейна, — расказала Т.У.Зянькевіч.

А яшчэ ў 2019 годзе тут пачаў функцыянаваць цэнтр кампетэнцый тэхналогій дрэваапрацоўкі, у якім рыхтуюць рабочых і спецыялістаў для дрэваапрацоўчай галіны. Асноўным складнікам матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння цэнтра з’яўляюцца вучэбна-вытворчыя майстэрні каледжа, рабочыя месцы ў якіх абсталяваны ў адпаведнасці са стандартамі WorldSkills.

— Да нас прыязджаюць вучыцца і з іншых навучальных устаноў. Мы маем найноўшае абсталяванне па перапрацоўцы дрэва, якое штогод мадэрнізуем. У нас вялікі спектр магчымасцей для атрымання навыкаў канструявання і вырабу мэблі, — не без гордасці сказала адказны сакратар прыёмнай камісіі. — Да таго ж у каледжы працуюць высокакваліфікаваныя выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. Сярод іх — выпускнікі розных УВА краіны з багатым практычным вопытам. Яны прывіваюць маладым людзям любоў да сваёй прафесіі.

Што тычыцца геаграфіі навучэнцаў Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, то яна не абмяжоўваецца паўночным рэгіёнам. Тут вучацца маладыя людзі з усёй краіны. Па словах Т.У.Зянькевіч, колькасць юнакоў і дзяўчат у каледжы амаль аднолькавая, усяго ж іх каля 1,1 тысячы. Толькі адзінкавыя кваліфікацыі больш “дзявочыя”, напрыклад, “сакратар-рэферэнт”, ці больш “хлапечыя” — “тэхнік-механік”.

Дарэчы, выпускнікі атрымліваюць дып­ломы Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, паколькі каледж увахо­дзіць у структуру гэтай установы. Пасля ў БДТУ яны могуць паступаць на скарочаную форму навучання без уступных экзаменаў на спецыяльнасці “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, “Лясная гаспадарка”, “Сэрвіс і інжынірынг лясных машын і абсталявання” і інш.

— Многія нашы юрысты пасля заканчэння каледжа паступаюць у ВДУ імя П.М.Машэрава. Прычым звычайна яны займаюць усе 10 бюджэтных месцаў, бо ўзровень падрыхтоўкі нашых юрыстаў вельмі высокі, — падкрэсліла Таццяна Зянькевіч. — Хацелася б, каб у тых, хто сёлета прыйдзе да нас, гарэлі вочы і яны сапраўды былі зацікаўлены ў асваенні выбранай спецыяльнасці.

Вольга АНТОНЕНКАВА