Якія тэмы ўзнімаюць у сваіх творах маладыя літаратары Саюзнай дзяржавы?

- 15:20Новости

Вынікі конкурсу маладых літаратараў Саюзнай дзяржавы “Мост дружбы” за 2024—2025 гады падвялі ў Мінску. Сярод пераможцаў ёсць і настаўнікі.

Месца для ўрачыстай сустрэчы было выбрана сімвалічнае — Авальная зала Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. За круглым сталом сабраліся кіраўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Нацыянальнага прэс-цэнтра, члены журы, літаратары, журналісты. Яны не толькі павіншавалі пераможцаў, але і закранулі важныя аспекты развіцця сучаснай літаратуры.

— Ва ўсёй разнастайнасці мерапрыемстваў, якія падтрымліваюцца Пастаянным камітэтам, “Мост дружбы” займае асаблівае месца. Гэта прыклад таго, як мастацтва здольна аб’ядноўваць маладых людзей, умацоўваючы сувязі паміж брацкімі народамі. Асабіста я прачытаў усе конкурсныя работы. Уражанні самыя добрыя, бо гэта апавяданні пра наша жыццё, таму яны і выклікаюць шчырую цікавасць у чытача, — адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Анатоль Мечыслававіч Маркевіч.

Па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі дырэктара Выдавецтва “Беларусь” Аляксандра Мікалаевіча Карлюкевіча, конкурс знайшоў новае рэчышча, у творах яго ўдзельнікаў мо­гуць спалучацца мастацкае слова, проза і публіцыстыка:

— Чытаючы апавяданне Алеся Верштата “(Пленэр) Памяці прафесара Пімкі”, адносіш яго да добрых з’яў у сучаснай беларускай літаратуры. Невыпадкова ў Алеся ёсць публікацыі ў часопісе “Маладосць” і зборніку лепшых маладых пісьменнікаў серыі “Сучасная беларуская літаратура”. Разам з тым, чытаючы дакументальнае апавяданне Кіры Мяцеліцы “Жыццё як служэнне людзям”, прысвечанае светлай памяці глыбокапаважанага мітрапаліта Філарэта, разумееш, што мова твора адпавядае падзеям часу, мастацкае слова нясе адказ­насць за фарміраванне светабачання маладога чалавека.

Сёмы раз праводзіўся конкурс. Многія яго ўдзельнікі звязалі жыццё з літаратурай і дабіліся значных поспехаў на творчым шляху. Так, пераможца першага конкурсу ад беларускага боку Маргарыта Латышкевіч піша вершы, прозу і міфалагічнае фэнтэзі, з’яўляецца аўтарам ужо 12 кніг. Пераможца 2016—2017 гадоў Ігар Аўласенка — аўтар гістарычных эсэ і апавяданняў пра беларускіх пісьменнікаў, а таксама звыш 70 навуковых публікацый і адной манаграфіі. Ён працуе на кафедры міжнародных адносін БДУ.

Сёлета эстафету пераможцаў конкурсу перанялі 10 маладых літаратараў: пяць ад Расіі і столькі ж ад Беларусі. Сярод іх і настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 130 Мінска імя Рут Уолер Ксенія Разанава (Кузняцова). Героямі апавядання маладога педагога “Дзівосная зіма, або Як я перастаў быць адзінокім” з’яўляюцца выхаванцы дзіцячага прытулку.

— Гэта твор пра спадзя­ванні дзяцей, іх веру ў цуд, якога дарослым часам не хапае ў мітуслівым жыцці. І гэты цуд з маімі героямі абавязкова здараецца, — расказ­вае Ксенія.

Па яе словах, жаданне ствараць літаратурныя творы ўзнікла ў гады вучобы ў гімназіі Петрыкава. Але гэта былі першыя нясмелыя накіды на тэму кахання. Больш сур’ёзна літаратурнай творчасцю яна занялася, калі стала студэнткай БДПУ. Аднойчы прыняла ­ўдзел у фестывалі “Далонька” — і перамагла. Гэта натхніла на далейшую працу. Натхняла і выкладчыца дысцыпліны “Развіццё творчых здольнасцей на ўроках чытання” Ірына Аляксандраўна Буторына.

— Любоў да літаратуры сфарміравала мая настаўніца з гімназіі Петрыкава Людміла Арсеньеўна Мчэдлава. Яна ўкладвае душу ў вучняў, да яе ўрокаў хацелася рыхтавацца, актыўна працаваць на іх, адказваць на дадатковыя пытанні.

Самым любімым творам была “Вайна і мір”. Для многіх падлеткаў ён цяжкі для засваення, але я чытала раман з задавальненнем. Нават перад тым, як ісці на ўрокі, паспявала прачытаць некалькі старонак. А вось педагогам вырашыла стаць у многім дзякуючы сваёй настаўніцы пачатковых класаў Галіне Андрэеўне Ганчар. Я бачыла, што яна аддае шмат сіл навучанню дзяцей, хвалявалася за кожнага з нас, таму вырашыла, што хачу быць такой жа — дапамагаць дзецям, — падзялілася суразмоўніца.

Ксенія — малады спецыяліст, толькі першы год працуе ў школе, але ўжо цалкам аддаецца працы. Прычын на тое некалькі. Адна з галоўных — дружны настаўніцкі калектыў. Калегі яе цёпла сустрэлі, заўсёды дапамагаюць, цікавяцца, ці ёсць цяжкасці ў рабоце. Другая, не менш важная прычына — любоў да прафесіі, жаданне даваць дзецям веды.

— Мяне захоплівае дзіцячая непасрэднасць. Часам яны могуць сказаць рэчы, пра якія дарослы чалавек не заўсёды задумаецца. Ад іх цікавых выразаў дзень адразу ж становіцца больш яркім, — падзялілася педагог.

Што тычыцца планаў на літаратурную творчасць, то яны, безумоўна, ёсць. Але Ксенія Мікалаеўна не стала іх цалкам раскрываць, адзначыла толькі, што творы будуць як узнімаць папулярную сярод маладых літаратараў тэму кахання, так і закранаць праблемы сучаснага грамадства. 

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара