Калісьці ў Сянно ехалі па сена. Так і казалі: “Паедзем у Сеннае па сена”. Невыпадкова герб горада ўпрыгожваюць дзве касы. Сёння жыхары навакольных вёсак едуць у Сянно па іншых справах. Мы ж адправімся па яркія краязнаўчыя ўражанні. Тут ёсць што паглядзець, пафатаграфаваць. Сенненшчына зацікавіць і легендамі, і гісторыяй, і рэльефам, і лёсам яе жыхароў.
Край герояў
Тыповы беларускі райцэнтр: утульныя вуліцы, дагледжаныя сядзібы, каляровыя пяціпавярховікі… І ваенная тэхніка. Шмат ваеннай тэхнікі… Знаёмства з гераічнай гісторыяй краю пераконвае, што самалёты, танкі, гарматы, БМП і нават кацюша размешчаны ў гарадскім парку 40-годдзя Перамогі і Парку трох герояў (тут пахаваны Героі Савецкага Саюза Павел Назаранка, Цімафей Святлічны і Сяргей Барадулін) невыпадкова.
Побач з паркам яшчэ адна брацкая магіла, а таксама Алея Герояў — стэнды з інфармацыяй пра 15 Герояў Савецкага Саюза, чыё жыццё звязана з Сенненшчынай. Сярод іх — вядомыя кожнаму беларусу прозвішчы Заслонаў (Канстанцін Сяргеевіч загінуў каля вёскі Купаваць у лістападзе 1942 года), Машэраў (Пётр Міронавіч нарадзіўся ў вёсцы Шыркі). Ганарацца сенненцы і скульптарам Заірам Ісакавічам Азгурам. Народны мастак СССР, Герой Сацыялістычнай працы таксама нарадзіўся на гэтай зямлі, у вёсцы Маўчаны.
Манументальнасць, чалавечнасць
Мы невыпадкова пачалі знаёмства з Сенненшчынай аповедам пра знакамітых людзей. Вывучэнне іх лёсу — асноўны напрамак выхаваўчай работы ў школах раёна. Пра асобу Машэрава, Азгура, Заслонава вучням расказваецца ў кантэксце гісторыі краіны, а пра жыццё знакамітага скульптара — яшчэ і ў кантэксце развіцця манументальнага мастацтва. “Імя Заіра Азгура было прысвоена нашай школе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1996 годзе. Мы адразу выйшлі на сувязь з роднымі скульптара і атрымалі ад іх у падарунак надзвычай каштоўныя прадметы: экспанаты з майстэрні Заіра Ісакавіча і фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Так у школьным музеі з’явілася зала, прысвечаная памяці вялікага скульптара”, — паведаміў дырэктар сярэдняй школы № 1 Сянна імя З.І.Азгура Аляксандр Іванавіч Ладыжын.
Жыццё Заіра Азгура — выдатны прыклад таго, як чалавек, дзякуючы свайму таленту, працавітасці і настойлівасці, дасягае прафесійных і жыццёвых вяршынь. Прычым нягледзячы на цяжкасці, што выпалі на долю яго пакалення. А гэта і Першая сусветная, і Вялікая Айчынная вайна, і складаныя пасляваенныя гады. Толькі талент і працавітасць дазволілі хлопчыку з беднай яўрэйскай сям’і стаць студэнтам Віцебскага мастацкага тэхнікума. Потым была вучоба ў Кіеўскім мастацкім інстытуце і Тбіліскай акадэміі мастацтваў. Аднак па-сапраўднаму талент Азгура раскрыўся ў Мінску. Тут ён стаў вядомым на ўвесь свет скульптарам, які ўмеў у манументальных работах перадаць чалавечнасць знакамітых людзей. Эскізы некаторых работ Азгура захоўваюцца ў школьным музеі. Можна да іх дакрануцца, захапіцца ўменнем майстра перадаваць партрэтнае падабенства, павучыцца ў яго працавітасці, мэтанакіраванасці, любові да сваёй справы, людзей і роднай зямлі.
Адны з самых знакамітых работ З.І.Азгура — на сталічнай плошчы Якуба Коласа. Задуменны Канстанцін Міхайлавіч; Сымон-музыка, які іграе на скрыпачцы; Ганна, якая ўважліва слухае хлопчыка; Дзед Талаш і яго сын-разведчык Панас — усе гэтыя вобразы ў прамым сэнсе справа рук Заіра Ісакавіча. У музеі першай сенненскай школы можна, напрыклад, убачыць эскіз помніка Якубу Коласу і героям яго твораў. Праз скульптурную кампазіцыю “Сымон-музыка” класік айчыннага манументальнага мастацтва, як калісьці і класік нашай літаратуры, перадаў думку аб высокай таленавітасці беларускага народа.
Калі завітаеце ў Сянно:
• абавязкова прагуляйцеся па беразе задуменнага Сенненскага возера;
• наталіце смагу з гаючай крыніцы ля падножжа Замкавай гары;
• падніміцеся на Салдацкую горку і палюбуйцеся панарамай горада;
• наведайце гарадскія паркі з выставай ваеннай тэхнікі;
• закажыце экскурсію ў школьным або раённым гістарычна-краязнаўчым музеі;
• азнаёмцеся з чароўнымі легендамі краю.
“Цікавая гісторыя звязана са стварэннем скульптуры дзеда Талаша. Васіль Ісакавіч Талаш, нягледзячы на ўсю яго гераічнасць і мужнасць, меў складаны характар. Ён прасіў Азгура вылепіць яго на кані. Уяўляеце! Нібыта маршала! Аднак скульптар вырашыў іначай. Ён перадаў у бюсце вобраз мужнага, але простага палешука. З-за гэтага Васіль Ісакавіч моцна пакрыўдзіўся на майстра. У часы Азгура былі пэўныя патрабаванні да работ — парадныя акадэмічныя партрэты. Аднак ён стараўся ачалавечыць скульптуры, бо з многімі героямі сваіх работ быў асабіста знаёмы. Ён рабіў некалькі сеансаў. У працэсе работы знаёміўся з чалавекам, сябраваў. Так можна сказаць пра Куляшова, Шмырова, Машэрава”, — паведаміла кіраўнік школьнага музея Ірына Міхайлаўна Кучко.
Заір Азгур прыгадваў, што, калі ляпіў партрэт бацькі Міная, той пазіраваў быццам бы спакойна, аднак вены на руках, што моцна сціскалі рэмень, глыбокая маршчына на лбе і застылы ў вачах боль сведчылі пра яго нядаўнюю трагедыю (сям’ю Васіля Шмырова расстралялі акупанты). У стварэнні партрэта Машэрава Азгур адмовіўся ад абагульненай лепкі форм і звярнуўся да больш маляўнічага пластычнага прыёму. Адчуваецца імкненне майстра перадаць народны характар свайго героя, яго чалавечыя рысы.
“Цікавым чалавекам быў і сам скульптар. Калі паглядзець на яго фотапартрэты, то можна заўважыць адну дэталь: ён ніколі не насіў гальштук. На шыі заўсёды адмысловым чынам быў павязаны шалік. Па ўспамінах Заіра Ісакавіча, так шалік яму павязала маці, калі ён ехаў вучыцца ў тэхнікум. З таго часу гэты элемент адзення нагадваў майстру пра любоў і клопат матулі”, — паведаміла Ірына Міхайлаўна.
Краязнаўчая спадчына
Тэма Вялікай Айчыннай вайны была асноўнай у творчасці Заіра Ісакавіча. Партызаны Талаш, Шмыроў, Лявінцава, лейтэнант Чыжык, маршал Ракасоўскі — з эскізамі гэтых работ можна азнаёміцца ў першай сенненскай школе. Пра падзеі ваеннага часу на Сенненшчыне раскажа і незвычайная экспазіцыя пад адкрытым небам. Сянно, напэўна, адзіны ў Беларусі райцэнтр, дзе на ўсеагульны агляд выстаўлена столькі адзінак ваеннай тэхнікі! Як мы ўжо адзначалі, гэта самалёты, танкі, гарматы, БМП і нават БМ-13 (больш вядомая як кацюша). Менавіта разлік гэтай баявой машыны загінуў 25 чэрвеня 1944 года ў баі з нямецка-фашысцкімі захопнікамі каля вёскі Кажамякі. Пахаваны героі ў парку 40-годдзя УЛКСМ, які пазней сталі называць у народзе Паркам трох герояў.
Самая гераічная старонка ваеннай гісторыі краю звязана з летам 1941 года. 6—10 ліпеня, пасля таго як нямецка-фашысцкія войскі занялі Сянно і пачалі рухацца ў напрамку Віцебска, адбылася адна з найбуйнейшых танкавых бітваў. З двух бакоў у ёй удзельнічала больш за 2 тысячы танкаў. У выніку контрудару (вядомага ў гістарыяграфіі як Лепельскі) вораг быў адкінуты на 30—40 км, а Сянно на непрацяглы час вызвалілі байцы Чырвонай Арміі. Многія з іх былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Цікавы факт: сярод узнагароджаных быў і сын Сталіна Якаў Джугашвілі.
Машэрава, Гараўца, Заслонава, Назаранкі, Святлічнага, Барадуліна, Пятаковіча, Каваленкі — у гонар Герояў Савецкага Саюза названы шэраг вуліц Сянна. І па гэтых вуліцах пралягаюць краязнаўчыя маршруты, распрацаваныя сенненскімі педагогамі. Своеасаблівую прагулку па мястэчку пачатку ХХ стагоддзя можна здзейсніць, не выходзячы з будынка першай школы. На калідоры пад кіраўніцтвам Ірыны Міхайлаўны Кучко рэалізаваны арыгінальны арт-праект. На сценах нанесены чорна-белыя выявы грамадскіх будынкаў і храмаў, якія зніклі ў віхуры часу. Цэнтральнае месца займае рэпрадукцыя малюнка Напалеона Орды з відам на Сянно з боку Сенненскага возера.
Такім было Сянно больш як стагоддзе назад. А як выглядае Сянно сёння? Якімі адметнасцямі яно можа прыцягнуць увагу турыста? Пра гэта можна даведацца з кнігі “Экскурсія да вытокаў горада Сянно” былога настаўніка выяўленчага мастацтва і працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Сянна імя А.К.Касінцава апантанага краязнаўца Васіля Віктаравіча Бандарэвіча. Настаўнік, дарэчы, з’яўляецца і аўтарам краязнаўчага курса “Спадчына роднага краю”. Гэты курс, як і сам маршрут, — вынік шматгадовых краязнаўчых экспедыцый педагога, работы з архіўным матэрыялам, сустрэч з мясцовымі старажыламі. Усяго пешаходны маршрут уключае 28 аб’ектаў райцэнтра. Некаторыя з гэтых аб’ектаў перад вамі на фотаздымках.
Машканцы — машэраўцы
Мы ўжо неаднойчы згадвалі імя Пятра Міронавіча Машэрава. Знакамітым партызанам, педагогам, палітычным дзеячам асабліва ганарацца машканскія настаўнікі і вучні, паколькі да вайны Машэраў вучыўся ў іх школе. Яны з гордасцю гавораць: мы, машканцы, — машэраўцы. Гэтая гордасць пацвярджаецца экспазіцыяй у школьным музеі, а таксама разнастайнымі выхаваўчымі мерапрыемствамі.
“Імя Пятра Міронавіча Машэрава нам вельмі дарагое. Ён нарадзіўся 13 лютага 1918 года ў вёсцы Шыркі былога Багушэўскага раёна. Скончыў пачатковую школу ў Шырках, а затым працягнуў вучобу ў Машканскай сямігодцы. Вучыўся на добра і выдатна. Імем Пятра Машэрава названы многія аб’екты ў Беларусі, у тым ліку вуліцы нашага аграгарадка. Імя партыйнага дзеяча таксама носяць сельскагаспадарчае прадпрыемства, адзін з атрадаў нашай піянерскай дружыны. Штогод у Сенненскім раёне праводзіцца марафон, а ў Віцебску і Віцебскай вобласці — спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, прысвечаныя памяці Пятра Машэрава”, — паведаміла дырэктар Машканскага ясляў-сада — сярэдняй школы імя А.К.Гараўца Святлана Аляксандраўна Іванькова.
Сярод “машэраўскіх” традыцый самай арыгінальнай з’яўляецца такая: кожнаму госцю, асабліва тым, хто займае кіраўніцкія пасады, падчас экскурсіі ў школьным музеі прапануюць пасядзець за сталом Пятра Міронавіча на крэсле былога кіраўніка БССР. Гавораць — на ўдачу. Арыгінальны стол, створаны па чарцяжах Пятра Міронавіча, — самы каштоўны і найбольш арыгінальны экспанат школьнага музея. Яго перадала дачка Машэрава Наталля Пятроўна. Краязнаўчая работа, прысвечаная незвычайнаму прадмету, нават перамагла на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі ў намінацыі “Гісторыя аднаго экспаната”.
Машканы — асаблівае месца. Калі трапляеш сюды, то не быць патрыётам гэтых мясцін проста немагчыма. Гэта гераічная зямля, кожны яе кавалачак літаральна прасякнуты гераізмам. Быць настаўнікам у Машканскай школе і не быць краязнаўцам таксама немагчыма. Асабліва актыўна краязнаўчая справа ў школе развівалася ў часы дырэктарства Худавердзі Алахвердзіевіча Куліева. Ураджэнец Азербайджана настолькі палюбіў Машканы, што мог гадзінамі расказваць гасцям пра ўнікальнасць гэтых мясцін. І, канечне, сваю любоў да Сенненшчыны ён перадаваў вучням і калегам. Многія традыцыі патрыятычнага выхавання ў Машканскай школе закладзены менавіта Худавердзі Куліевым.
“Не кожны беларус можа расказваць пра малую радзіму з такой любоўю і цеплынёй, як гэта рабіў наш былы дырэктар. Дзякуючы яму, я далучылася да краязнаўчай справы. Я ўраджэнка Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Калі прыехала ў Машканы па размеркаванні, то Худавердзі Алахвердзіевіч літаральна з парога мне сказаў: паколькі буду жыць і працаваць у Машканах, то павінна ведаць і гісторыю гэтых мясцін”, — падзялілася намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Казіміраўна Яблакава.
Не менш за Худавердзі Алахвердзіевіча пра гісторыю Машкан ведае Таццяна Паўлаўна Каранеўская. Сама яна не гісторык (менавіта выкладчыкі гісторыі часцей за ўсё з’яўляюцца краязнаўцамі), а настаўніца працоўнага навучання. Жанчына любіць, каб у кожнай справе, у тым ліку краязнаўчай, усё было прыгожа і якасна зроблена. “На жаль, усе ветэраны нашага сельсавета адышлі ў вечнасць, а калі яны яшчэ былі жывымі, то, напрыклад, на 65-годдзе Вялікай Перамогі мы з вучнямі наведалі кожнага, запісалі іх успаміны, сабралі для школьнага музея некаторыя іх асабістыя рэчы. Такім чынам у нас атрымаўся альбом “Старонкі ваеннай гісторыі”. Лічу, што мы зрабілі значную справу, бо цяпер можам азнаёміцца з іх успамінамі. Наогул, уся мая краязнаўчая дзейнасць накіравана на тое, каб машканскія вучні пасля атрымання прафесіі вярталіся ў родныя мясціны, працавалі на яе карысць і былі дастойнай зменай сваіх бацькоў”, — паведаміла Таццяна Паўлаўна.
Выдатны прыклад
Прыкладам для вучняў з’яўляецца і сама настаўніца, якая пасля заканчэння Віцебскага тэхналагічнага тэхнікума вярнулася на родную Сенненшчыну і ўжо больш за 30 гадоў перадае любоў да роднай зямлі вучням. Прыкладам з’яўляюцца і выпускнікі школы розных пакаленняў. У Сянно ёсць Парк трох герояў, а ў Машканах — школа трох герояў. Пагадзіцеся, не кожная ўстанова адукацыі можа пахваліцца тым, што ў ёй вучыліся тры Героі Савецкага Саюза. Пётр Машэраў, Аляксандр Гаравец, Іван Камінскі — іх прозвішчы залатымі літарамі ўпісаны ў гісторыю Беларусі.
Аляксандр Канстанцінавіч Гаравец, імя якога носіць Машканская школа, 6 ліпеня 1943 года ў паветраным баі збіў 9 варожых самалётаў. На жаль, сам герой загінуў. У 1945 годзе яму было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У 1964 годзе Віцебскім аэраклубам Машканскай школе была падаравана сапраўдная баявая машына ЯК-18. Менавіта на такім самалёце ваяваў А.К.Гаравец. Цяпер на тэрыторыі школы ёсць макет самалёта, а вось арыгінал знаходзіцца ў музеі авіяцыйнай тэхнікі пад Мінскам.
Каля ўвахода ў школу яшчэ адзін бюст — Івана Іларыёнавіча Камінскага, таксама лётчыка-героя. Выпускнік Машканскай школы ўдзельнічаў у баях пад Масквой, вызваляў Арлоўскую, Бранскую, Смаленскую вобласці, Віцебск, Оршу, Магілёў, Мінск, Маладзечна, а таксама Літву і Польшчу. Ён служыў намеснікам камандзіра эскадрыллі разведвальнага авіяпалка, здзейсніў 239 баявых вылетаў, сфатаграфаваў каля 27 тысяч км тэрыторыі дыслакацыі праціўніка. Званне Героя Савецкага Саюза атрымаў таксама ў 1945 годзе.
“Мы падтрымліваем сувязь з роднымі Камінскага і працягваем збор матэрыялаў пра яго жыццё. 3 ліпеня 2014 года нашу школу наведалі ўнукі і праўнукі Івана Іларыёнавіча. На жаль, яго жонка Тамара Іванаўна па стане здароўя не змагла прыехаць на дарагую сэрцу зямлю і перадала нам самае шчырае прывітанне. Родныя Івана Ларыёнавіча ўдзячныя за памяць пра дарагога ім чалавека, які стаў прыкладам для многіх пакаленняў”, — адзначыла дырэктар Машканскай школы.
Маляўнічыя мясціны
Машканы, сапраўды, нельга не палюбіць. Нават жонка Пятра Міронавіча Машэрава Паліна Андрэеўна перад сваёй смерцю наведала малую радзіму мужа. Нельга не палюбіць і само Сянно. Калісьці яно было больш багатым на помнікі архітэктуры. Аднак і сёння турысту ёсць на што паглядзець, чым палюбавацца. Тут сапраўдны творчы рай для мастакоў, фатографаў і, безумоўна, краязнаўцаў.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.