Яны і цяпер з’яўляюцца прыкладам… Цёплыя ўспаміны пра добрушскіх педагогаў-франтавікоў

- 9:00Главная, Новости

Памяць пра педагогаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, беражліва захоўваюць ва ўстановах адукацыі Добруша. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Практычна з нуля

Роўна 80 гадоў назад у гэтыя дні, калі большая частка Беларусі была яшчэ пад нацысцкай акупацыяй, у невялікім райцэнтры, размешчаным на беразе Іпуці, ужо наладжваўся адукацыйны працэс. Напрыклад, ва ўцалелым будынку сярэдняй школы № 1 Добруша, якая ў тыя часы насіла назву сталінскай.

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 1 Добруша В.А.Манешкіна расказвае вучням пачатковых класаў пра Ф.К.Равінскага

Заняткі пачаліся 25 кастрычніка 1943 года — усяго праз 15 дзён пасля вызвалення. Аднаў­ляць школьнае жыццё даво­дзілася практычна з нуля. Не хапала пад­ручнікаў, сшыткаў (на знакамітай Добрушскай папяровай фабрыцы іх выпуск быў адноўлены ў пазнейшы час), самых простых канцылярскіх прылад, але самае галоўнае — не хапала настаўнікаў. Нягледзячы на гэтыя акалічнасці, педагогі самаахвярна працавалі, дасягалі прафесійных вышынь. Так, ужо ў верасні 1947 года настаўніцы пачатковых класаў Ефрасінні Сцяпанаўне Прэйс было прысвоена званне заслужанага настаўніка Беларускай ССР.

— У чэрвені 1944 года, калі хутка павінна была пачацца наступальная аперацыя “Баграціён”, наша школа ўжо прымала першыя пасляваенныя выпускныя і пераводныя экзамены. Летам 1946 года запрацавала аздараўленчая пляцоўка, якую наведвалі 120 школьнікаў — дзеці загінуўшых чырвонаармейцаў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны. Для хлопчыкаў і дзяўчынак было арганізавана трохразовае бясплатнае харчаванне. У 1946/1947 навучальным годзе ў школе займалася 1019 навучэнцаў, працавалі 30 класаў-камплектаў, у тым ліку шэсць першых класаў, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 1 Добруша Наталля Дзмітрыеўна Чабурка.

Аднак найбольш насычаным і якасным працэс навучання і выхавання стаў пасля таго, як нядаўнія франтавікі скончылі педагагічныя інстытуты, вучылішчы і прыступілі да мірнай, стваральнай працы.

Незабыўныя ўрокі

Былыя франтавікі, партызаны — асаблівая катэгорыя педагогаў. Той, каму пашчасціла вучыцца ў іх або працаваць разам з гэтымі людзьмі, ніколі не забудуць іх адданасці прафесіі, жыццёвага аптымізму, любові да вучняў, школы.

Былі такія педагогі і ў маім жыцці. Добра памятаю ўрокі гісторыі Міхаіла Фёдаравіча Раманоўскага, байца партызанскага атрада “За Радзіму”, а потым 3-га Украінскага фронту. Кожны ўрок у гэтага вядомага і паважанага на Століншчыне чалавека быў не проста разглядам пэўнай тэмы з вучэбнай праграмы. Гэта была захапляльная дыскусія па тых ці іншых пытаннях гісторыі, сучаснасці. Мы з аднакласнікамі любілі задаваць дадатковыя пытанні, на якія Міхаіл Фёдаравіч даваў разгорнутыя, вычарпальныя адказы. Ён заўсёды абгрунтоўваў свой пункт гледжання і, што самае важнае, умеў выслухаць вучняў.

Выдатна помняцца мне і сустрэчы з педагогамі-ветэранамі ўжо ў гады журналісцкай работы. Асабліва з Уладзімірам Пятровічам Гудам, былым дырэктарам сярэдняй школы імя Янкі Купалы № 19 Мінска, заслужаным настаўнікам БССР. Некалькі разоў па­шчасціла гута­рыць з ім, і кожная сустрэча была сапраўдным святам. Неабыякавы ў сваіх прамовах і справах, з армейскай выпраўкай, тактоўны, з вялікім багажом ведаў, уважлівы, клапатлівы — менавіта такім ведалі Ула­дзіміра Пятровіча сотні яго вучняў і калег. Асабіста для мяне ён быў зборным вобразам усіх настаўнікаў-франтавікоў, прадстаўнікоў ваеннага пакалення.

Яго педагагічны шлях быў насычаным. Аднак дзе б ні працаваў Уладзімір Пятровіч, яго вучні паказвалі выдатныя веды і, самае галоўнае, станавіліся добрымі, чулымі, працавітымі людзьмі, шчырымі патрыётамі, такімі ж, як і іх настаўнік.

А якімі помніце вы сваіх педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны?

Захаваць чалавечнасць

— Перад учарашнімі хлопчыкамі, якім пашчасціла выжыць на вайне, былі адкрыты многія жыццёвыя дарогі, але яны вырашылі прысвяціць сябе выхаванню падрастаючага пакалення. Асабіста мяне ў асобе гэтых лю­дзей здзіўляла вось што: ты прайшоў вайну, бачыў кроў, смерць, жорсткасць, але не ачарсцвеў, змог захаваць чалавечнасць, любоў да жыцця. Невыпадкова педагогіка была іх прызваннем. Мы заўсёды ўзгадваем нашых настаўнікаў-франтавікоў з цеплынёй і павагай, — паведаміла загадчыца Добрушскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Мікалаеўна Уласенка.

Сярод іх былыя настаўнікі сярэдняй школы № 3 Добруша Іван Сцяпанавіч Гуцаў, Алег Аляксеевіч Ляўкоў, яе дырэктар Іван Мацвеевіч Акулін. Добрыя словы калегі гавораць і пра колішняга тэхнічнага работніка Івана Калінавіча Кабаева. І гэта толькі частка былых удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, якія працавалі ў 3-й школе. А вось для многіх пакаленняў настаўнікаў 1-й школы прыкладам сапраўднага педагога з’яўляецца яе былы дырэктар Фабіян Казіміравіч Равінскі, заслужаны настаўнік Беларускай ССР. Ён, дарэчы, скончыў гістфак Магілёўскага педінстытута яшчэ ў 1935 годзе.

Арыгінальны падыход

У сярэднюю школу № 3 мы завіталі невыпадкова. Доўгі час тут працавала вялікая коль­касць настаўнікаў-франтавікоў. Па­мяць пра іх захоўваецца ў шматлікіх фотаальбомах, а ў калідорах размешчаны вялікі стэд “Гісторыя школы ў асобах”. Дакладней, гэта некалькі стэндаў, аб’яднаных агульнай ідэяй — паведаміць пра педагогаў, імёны якіх добра ведалі на Добрушчыне: і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, і тых, хто не прымаў удзел у баявых дзеяннях, але адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, пакінуў яркі след у гісторыі школы.

У першую чаргу варта наз­ваць былога дырэктара Івана Мац­веевіча Акуліна. Менавіта ён у 1960 го­дзе ўзначаліў толькі што створаную школу. Разам з аднадумцамі, такімі ж былымі франтавікамі, партызанамі яму ўдалося стварыць у школе атмасферу супрацоў­ніцтва, узаемапавагі. Калі б не Іван Мацвеевіч, то ў школы, напэўна, была б іншая гісторыя. За 22 гады яго працы кіраўніком ва ўстанове былі закладзены многія традыцыі, у першую чаргу ваен­на-патрыятычнага выхавання. У школе і цяпер паспяхова дзейнічае ваенна-патрыятычны клас.

Цікавыя ўспаміны пра свайго калегу пакінула Валянціна Іванаўна Сідарцова. Па яе словах, Іван Мацвеевіч арыгінальна праводзіў работу з двоечнікамі. Спачатку правяраў журналы, дзённікі, а потым збіраў тых, у каго былі самыя горшыя адзнакі, і ў сваёй прыёмнай разам з імі працаваў над памылкамі, рабіў дамашнія заданні. Адны сядзелі на падлозе, іншыя стаялі на каленях, пісалі на партфелях. У гэты час дзверы ў канцылярыю былі адчынены. Вучні ўсёй школы, праходзячы міма, бачылі двоечнікаў. Школьніку дастаткова было адзін раз пабываць у прыёмнай дырэктара, папрацаваць там над памылкамі, і яго паспяховасць рэзка павышалася, бо ніхто не хацеў трап­ляць “на дыван” да дырэктара. Вось гэта была матывацыя!

Сёння да такіх педагагічных падыходаў можна ставіцца па-рознаму. Але самае галоўнае — быў вынік, а яшчэ важна, што ніхто з дзяцей і бацькоў не крыўдзіўся на дырэктара, наадварот, яго ўсе любілі, паважалі, хоць і пабойваліся. Невыпадкова педагог меў восем урадавых узнагарод, грамату Міністэрства асветы БССР і нагрудны знак “Выдатнік народнай асветы БССР”. Вакол сябе Іван Мацвеевіч сабраў такіх жа прафесіяналаў. Напрыклад, Іван Сцяпанавіч Гуцаў працаваў намеснікам па вучэбнай рабоце, выкладаў рускую мову і літаратуру. За шматгадовую добрасумленную працу яму былі прысвоены званні заслужанага настаўніка БССР і заслужанага настаўніка школ БССР. Да таго ж ён меў шэраг баявых узнагарод.

Галоўная ўзнагарода

Асабліва цёплыя ўспаміны ў былых вучняў 3-й школы захаваліся пра Алега Аляксеевіча Ляўкова. Ён пайшоў на фронт пасля васьмі класаў, вызваляў Варшаву, штурмаваў Берлін. Але больш за ўсё праславіўся на педагагічнай ніве. Вёў урокі чарчэння і выяўленчага мастацтва, працаваў намеснікам дырэктара па вытворчым навучанні, арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай работы. Атрымаў 12 урадавых узнагарод! Але самая галоўная ўзнагарода — гэта любоў вучняў і павага калег.

Праўнучка А.А.Ляўкова вучаніца 5 класа сярэдняй школы № 3 Добруша Аляксандра Пракапенка і ўнучка І.К.Кабаева выхавальніца групы прадоўжанага дня А.М.Разуменка ганарацца сваімі продкамі

Шмат цікавага пра былога загадчыка гаспадарчай часткі школы свайго дзядулю Івана Калінавіча Кабаева паведаміла выхавальніца групы прадоўжанага дня Алена Міхайлаўна Разуменка:

— Мы запомнілі дзядулю вельмі добрым і выключна сціплым чалавекам. Ён не любіў выхваляцца ваенным мінулым і нават на святы не вешаў на касцюм ні медалёў, ні ордэнаў. Ён заўсёды быў спакойным, ураўнаважаным, часта ўсміхаўся. Пра вайну ўзгадваў вельмі рэдка, хоць і дайшоў да Берліна. Дзякуючы яму, я з дзяцінства зразумела, што сапраўдныя героі мала гавораць, але шмат робяць. Ён быў працавіты, адказны, таму і загадваў школьнай гаспадаркай. Карыстаўся павагай калег. Яны і цяпер гавораць пра яго толькі добрае.

Прыклад для кожнага

Упэўнены, кожны з нас таксама скажа пра сваіх педагогаў-франтавікоў толькі самыя добрыя словы. Гэтыя людзі вартыя нашай памяці. Вартыя таго, каб ім прысвячалі музейныя экспазіцыі, іх імёны прысвойвалі школам, гімназіям. Яны сапраўдныя героі. Іх жыццё — прыклад для кожнага з нас.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара