Пабываць у Яраслаўлі і не наведаць Мемарыяльны дом-музей Максіма Багдановіча немагчыма. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” з цікавасцю азнаёмілася з яго экспазіцыяй, а таксама даведалася, ці часта сюды прыходзяць яраслаўскія школьнікі.

Той самы дом
Як вядома, адзін з самых знакамітых і любімых беларускіх паэтаў Максім Багдановіч большую частку свайго нядоўгага жыцця правёў за межамі нашай краіны. Хлопчыку не было і пяці гадоў, калі памерла яго матуля і аўдавелы бацька разам з дзецьмі ў 1896 годзе пераехаў з Гродна ў Ніжні Ноўгарад, а пазней — у Яраслаўль. Застаецца толькі здзіўляцца, як змог малады чалавек, які вырас так далёка ад Радзімы, пранікнуцца да яе настолькі шчырым і глыбокім пачуццём. Але тое, што гэта адбылося, падарыла нам бясцэнныя “пацеркі зор” Багдановічавых вершаў і незгасаючую цікавасць да яго асобы і лёсу.
У Яраслаўлі Максім Багдановіч жыў з 1908 па 1916 год. Працягнуў пачатую ў Ніжнім Ноўгарадзе адукацыю — разам са сваім братам Львом паступіў у Яраслаўскую мужчынскую гімназію. Пасля яе заканчэння хацеў стаць студэнтам філалагічнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, але гэта аказалася немагчыма. Пайшоў вучыцца ў яраслаўскі Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, які скончыў у 1916 годзе.

Сям’я Багдановіч у той час была даволі вялікай, бо папоўнілася дзецьмі бацькі і яго новай спадарожніцы жыцця. Пасля пераезду ў Яраслаўль некалькі разоў мянялі жыллё. Дом, дзе зараз размяшчаецца музей і Цэнтр беларускай культуры, сям’я арандавала з 1912 па 1914 год. Па словах экскурсавода Любові Мышковай, будынак захаваўся ў тым жа выглядзе, у якім пабудаваны. Ён толькі быў перанесены з другога боку вуліцы, што дазволіла выратаваць яго ад зносу ў 1980-я гады. У хаце шэсць пакояў, у адным з якіх Максім жыў са сваім братам Львом. І той факт, што гэтыя сцены памятаюць крокі нашага вечна маладога паэта, былі сведкамі прыемных і сумных момантаў яго жыцця, надае наведванню музея асаблівае эмацыянальнае адценне.
Менавіта ў гэтым доме быў падрыхтаваны да выдання адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча “Вянок”.
Як жыў, вучыўся, сябраваў
Інтэр’ер музея стылізаваны пад пачатак мінулага стагоддзя, калі тут жылі Багдановічы. Па словах экскурсавода, паколькі сям’я шмат пераязджала і іх яраслаўскае жыллё двойчы пакутавала ад пажараў, знайсці сямейныя рарытэты было даволі праблематычна. Але атмасфера пакояў таго часу ў музеі перададзена добра, лёгка можна ўявіць сабе, як зімнімі вечарамі тут бавіла час сям’я Багдановіч.

Адразу прываблівае да сабе рабочы стол, на якім усё быццам застыла ў чаканні юнага Максіма — пёравая ручка, чарніліца, нож для разразання паперы, масіўны “Слоўнік беларускай мовы” Івана Насовіча і пажаўцелыя аркушы з радкамі, напісанымі прыгожым почыркам паэта. Звяртае на сябе ўвагу рарытэтны дарожны куфар. Бялеюць клавішы старога фартэпіяна. Мякка пазірае з гравюры “Сіксцінская мадонна”, якая лічылася апякункай сям’і і натхніла паэта на стварэнне вершаванага цыкла “Мадонны”…

У экспазіцыі прадстаўлена шмат фотаздымкаў членаў сям’і Багдановіча і яго сяброў. Калі партрэты бацькоў паэта і яго брата Льва асабіста мне знаёмыя даўно, то фотаздымкі іншых яго малодшых братоў сталі адкрыццём. Па словах экскурсавода, з дзесяці дзяцей Адама Багдановіча перажылі яго толькі два і абодва засталіся ў Яраслаўлі. Павел Адамавіч працаваў настаўнікам матэматыкі ў школе, Мікалай Адамавіч — хімікам-тэхнолагам.
Малодшы брат паэта Павел Адамавіч Багдановіч шмат гадоў працаваў настаўнікам матэматыкі ў яраслаўскай школе.
Адзін з самых запамінальных фотаздымкаў музейнай экспазіцыі захаваў на доўгую памяць сяброў Максіма Багдановіча па Яраслаўскай гімназіі і сясцёр аднаго з іх, Мікалая Какуева, — Варвару і Ганну. Як вядома, Ганна Какуева стала музай паэта, натхніла яго на напісанне “Зоркі Венеры” і іншых вершаў, якія да гэтага часу лічацца ў беларускай паэзіі вяршыняй любоўнай лірыкі. Гэтае фота выдатна перадае тую светлую, пазітыўную атмасферу, у якой праходзілі гімназічныя гады Максіма.

Сярод дакументальных матэрыялаў вельмі зацікаўлівае ўзор атэстата Максіма Багдановіча аб заканчэнні ў 1911 годзе Яраслаўскай гімназіі. Трэба адзначыць, што ёсць у ім як пяцёркі, якія лічыліся тады найвышэйшай адзнакай, так і чацвёркі, тройкі. Больш за ўсё, мяркуючы па атэстаце, Максіму-гімназісту даваліся руская мова з царкоўна-славянскай і славеснасць, заканазнаўства, а таксама філасофская прапедэўтыка, гісторыя, геаграфія і фізіка. Прываблівае ўвагу ў экспазіцыі і арыгінальны нумар яраслаўскай газеты “Голас”, у якой шмат друкаваўся паэт.
У музеі можна пабачыць копію атэстата Максіма Багдановіча аб заканчэнні ў 1911 годзе Яраслаўскай гімназіі.
Імя, якое аб’ядноўвае
Як расказалі ў музеі, у ліку іх наведвальнікаў ёсць як дарослыя, так і дзеці. Падрастаючаму пакаленню прапаноўваюцца розныя, згодна з іх узростам праграмы. Яраслаўскія школьнікі прыходзяць сюды на экскурсіі, на заняткі ў рамках факультатыву па краязнаўстве, літаратурныя мерапрыемствы, творчыя майстар-класы. Таксама для іх распрацаваны заняткі “Беларусь — краіна белых буслоў”, якія знаёмяць дзяцей з нашай рэспублікай.

У музеі заўважаюць, што асоба вядомага беларускага паэта, які трэцюю частку свайго жыцця пражыў у Яраслаўлі, мясцовым школьнікам цікавая. Тым больш што для многіх з іх імя Максіма Багдановіча ўжо знаёмае — у Яраслаўлі ёсць вуліца яго імя, усталяваны помнік. На прыкладзе лёсу і творчасці паэта з вучнямі размаўляюць пра ўзаемасувязь культур, гісторыі беларускага і рускага народаў.
Пасля экскурсіі ў дзяцей звычайна пытаюцца, які экспанат ім запомніўся больш за ўсё. Кожнаму ёсць што сказаць, бачна, што слухалі ўважліва. Часцей за ўсё называюць стары куфар і гравюру з Мадоннай. А яшчэ гавораць, што спадабаліся вершы паэта, якія ім чытаюць у перакладзе на рускую мову.
9 снежня адсвяткавалі 132-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча. Прыемна чарговы раз упэўніцца, што памяць аб нашым паэце па-ранейшаму захоўваюць не толькі на беларускай зямлі і што яго творчасць цікавіць і натхняе новыя пакаленні.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара





