Яркія старонкі гісторыі Азарыцкай сярэдняй школы звязаны з імем яе былога дырэктара Уладзіміра Макатрова

- 14:11Новости

Яркія старонкі летапісу Азарыцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна звязаны з імем яе былога дырэктара Уладзіміра Макатрова. Дзякуючы яму, у Азарычах былі закладзены многія традыцыі грамадзянска­-патрыятычнага выхавання. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Фота з архіва школы

Чалавек-эпоха

Гэта ён, уражаны аповедамі мясцовых жыхароў, у першыя пасляваенныя гады даследаваў балота, на якім знаходзіўся сумнавядомы лагер смерці. І гэта ён пачаў запісваць успаміны былых вязняў. У 1954 годзе намаганнямі Уладзіміра Лазаравіча на месцы брацкай магілы ахвяр генацыду быў пастаўлены помнік. Цяпер тут знакаміты мемарыяльны комп­лекс, з гісторыяй стварэння якога мы ўжо знаёміліся ў жнівеньскай рубрыцы “Нам засталася спадчына”. Працягнем падарожжа па Азарычах і разам з педагогамі пагартаем старонкі школьнага летапісу.

Чалавек-эпоха, чалавек-энцыклапедыя, чалавек, які ведаў пра Азарыцкую зямлю ўсё і нават больш… Прыкладна так у нашай размове характарызавалі Уладзіміра Лазаравіча яго былыя калегі.

— Будзеце гарэць самі — запаліце і іншых, будзеце ціха тлець — і іншыя побач бу­дуць тлець. Гэтымі словамі Уладзімір Лазаравіч кіраваўся ўсё сваё жыццё, якое прысвяціў выхаванню, навучанню азарыцкіх школьнікаў і рабочай моладзі гарадскога пасёлка, вывучэнню мясцовага краязнаўчага матэ­рыялу. Для многіх пакаленняў нашых землякоў ён быў не прос­та настаўнікам, а другім татам, — расказвае былая калега Уладзі­міра Лазаравіча, а сёння загадчык мемарыяльнага комплексу вязням Азарыцкага лагера смерці Зінаіда Мікалаеўна Хлебавец.

У значнасці асобы Уладзіміра Лазаравіча пераконваешся літаральна са школьнага ганка. У 2022 годзе каля будынка школы ў гонар выдатніка народнай асветы БССР, выдатніка асветы СССР, які ўзначальваў школу ў 1974—1994 гадах, была закладзена бярозавая алея. У самім будынку школы знакамітаму педагогу адведзены асобны раздзел экспазіцыі музея гісторыі ўстановы. Тут арыгіналы і копіі чорна-белых фотаздымкаў, пасведчанняў, грамат педагога.

— Ён быў стваральнікам музея, таму, канечне, мы не змаглі не прысвяціць яму асобны раз­дзел, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталля Уладзіміраўна Мельнікава.

Да размовы далучылася загадчык музея настаўніца гісторыі Святлана Леанідаўна Траццяк:

— А яшчэ ён натхняў калег на краязнаўчую работу. Па яго іні­цыятыве былі сабраны многія важныя архіўныя дакументы з гісторыі школы канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Вось паглядзіце на гэты каштоўны прадмет — школьны сшытак у клетачку, дзе рукой Уладзіміра Лазаравіча запісана: “Да 50-годдзя Савецкай улады стварыць краязнаўчы музей пры школе, для чаго мабіліза­ваць увесь педагагічны калектыў”. І не проста даў загад, а сам паказваў прыклад калегам. Ён пісаў лісты ў многія архівы былога Саюза, сам неаднаразова ездзіў у Мінск і працаваў там з архіўнымі дакументамі, пра што сведчаць яго рукапісы. Потым усе сабраныя матэрыялы надрукаваў на машынцы і змясціў у альбоме “Гісторыя Азарыч”. Гэтым альбомам карыстаецца ўжо не адно пакаленне нашых настаўнікаў.

Вернасць ідэалам

Працуючы ў партыйных і камсамольскіх арганізацыях, у аддзеле культуры, Уладзімір Лазаравіч ніколі не парываў сувязі са школай. У верасні 1961 года быў прызначаны настаўнікам гісторыі і спеваў Азарыцкай сярэдняй школы, адначасова працаваў арганізатарам пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы.

У той перыяд слава пра Азарыцкую школу сягала далёка за межы раёна і вобласці. А ў лютым 1971 года пра нашага героя нават пісала “Настаўніцкая газета”. Яшчэ б! Пасля прыходу ў Азарыцкую школу неабыякавага, ініцыя­тыўнага педагога выхаваўчая работа, як і ўсё школьнае жыццё, значна актывізавалася. Пачынаючы з 1965 года калектыў установы адукацыі неаднаразова ўдзельнічаў у ВДНГ, атрымліваў там узнагароды, быў пераможцам раённых і абласных аглядаў мастацкай самадзейнасці, спартыўных спаборніцтваў, ваенна-спартыўных гульняў.

— Уладзімір Лазаравіч не баяўся быць першапраходцам. Калі ў школах пачалі стварацца вучэбна-вытворчыя брыгады, менавіта ён узначаліў такую ў Азарыцкай школе. Ужо ў 1967 годзе яго брыгада атрымала па 330 цэнтнераў клубняў з гектара, за што 12 вучняў брыгады і сам настаўнік сталі ўдзельнікамі ВДНГ і былі ўзнагароджаны залатымі медалямі. Калі быў кінуты лозунг аб поўным ахопе працуючай мола­дзі сярэдняй адукацыяй, адкрыў у Азарычах вячэрнюю школу, якая амаль чатыры гады працавала на грамадскіх пачатках, — паведаміла цікавыя факты з летапісу Азарыцкай сярэдняй школы яе сённяшні дырэктар Таццяна Пятроўна Цяцерыч.

Кіраўнік установы з гордасцю расказвала і пра традыцыі грамадзянска-патрыятычнага, працоўнага выхавання, закладзеныя Уладзімірам Лазаравічам, і пра вялікі гонар працягваць іх, быць пераемнікам вядомага педагога ў дырэктарскай справе.

Наталля Мельнікава каля падарунка настаўнікам ад сёлетніх выпускнікоў

Падчас нашай размовы азарыцкія настаўнікі неаднаразова адзначалі вернасць Уладзіміра Лазаравіча ідэалам, якімі ён кіраваўся ў сваім жыцці і на якіх выхоўваў моладзь. На агульнашкольных мерапрыемствах, класных гадзінах абавязкова гаварыў шмат цёплых слоў у адрас калег, вучняў, заўсёды жадаў, каб іх жыццё было напоўнена карыснымі справамі для школы, Радзімы, людзей, якія жывуць побач. Невыпадкова Азарыцкая школа была адной з лепшых у раёне і вобласці. Такой яна імкнецца быць і цяпер. Традыцыі захоўваюцца, а школьны летапіс працягваецца.

Ігар ГРЭЧКА
Фота аўтара