Ясельда, Піна, Мерачанка… Школьнікі Піншчыны летам адпраўляюцца ў захапляльныя байдарачныя паходы

- 13:20Увлечения

Школьнікі Пінскага раёна летам адпраўляюцца не толькі ў пешыя і веласіпедныя, але і ў захапляльныя байдарачныя паходы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Майстар веславання

Шэсць гадоў назад дзякуючы ўдзелу ў міжнародным праекце Пінскі раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і мола­дзі атрымаў 10 новых трохмесных байдарак. Гэта дало выдатную магчымасць пачаць на сучасным узроўні развіваць байдарачны турызм. Піншчына славіцца сваёй густой воднай сеткай: тут працякае каля 20 рэк і рачулак, а яшчэ ёсць каналы, азёры, сажалкі, вадасховішчы. Адным словам, развярнуцца аматарам водных ванд­ровак ёсць дзе.

Па тэрыторыі Пінскага раёна працякае каля 20 рэк і рачулак, а яшчэ ёсць каналы, азёры, сажалкі, вадасховішчы.

Пашанцавала мясцовай дзятве не толькі з прыроднымі, але і з чалавечымі рэсурсамі. Іх галоўным настаўнікам у турыстычным цэнтры з’яўляецца педагог дадатковай адукацыі Анатоль Сергеюк, які прысвяціў турызму амаль 40 гадоў жыцця, з байдаркамі ж з дзяцінства на ты.

— У школьныя гады я займаўся ў дзіцяча-юнацкай секцыі па веславанні на байдарках, якая дзейнічала на базе адной з вяслярных баз Пінска, — расказвае Анатоль Мікалаевіч. — Трэніроўкі былі амаль кожны дзень. Але імі ўсё не абмяжоўвалася. Калі трэнер даведаўся, што мой дом стаіць на беразе Піны, ён выдзеліў мне байдарку, каб я на ёй плаваў на трэніроўкі і назад.

Падлеткам педагог выйграваў юніёрскія спаборніцтвы па гэтым відзе спорту на ўзроўні горада і вобласці. А падчас вучобы ў Брэсцкім педагагічным інстытуце імя А.С.Пушкіна ўваходзіў у юнацкую зборную БССР па веславанні на байдарках, удзельнічаў ва ўсесаюзных спаборніцтвах.

У студэнцкія гады Анатоль Сергеюк захапіўся турызмам, пачаў хадзіць у паходы ў горы. Дзе толькі не пабываў за сваё жыццё! На Каўказе, Алтаі, у Крыме, Карпатах, Заходніх Саянах… Дарэчы, застаецца верным свайму захапленню да гэтага часу. Кожнае лета падчас водпуску адпраўляецца ў новую горную вандроўку. Плануе чарговы паход і сёлета.

Свой працоўны шлях Анатоль Мікалаевіч пачаў у сярэдзіне 80-х гадоў як настаўнік фізічнай культуры ў Пласкінскай школе Пінскага раёна. Калегі хутка даведаліся пра яго захапленне турызмам, і яму даручылі весці турыстычны гурток. А неўзабаве гэтая сцежка прывяла педагога ў раённы цэнтр турызму і краязнаўства, дзе ён змог ужо мэтанакіравана заняцца далучэннем дзяцей і моладзі да захапляльнага свету вандровак.

Хто куды, а мы — у паход

За гады работы Анатоль Сергеюк разам са сваімі выхаванцамі ажыццявіў вялікую коль­касць пешых паходаў па родным краі. Выбіраліся нават у горныя масівы Карпат і Крыма. Цяпер перавага летам аддаецца менавіта байдарачным паходам. Для дзяцей байдаркі — штосьці зусім новае, з чым не сутыкаешся ў штодзённым жыцці, і гэта іх прываблівае. Плыць па вадзе лягчэй, чым ісці пешшу з рукзаком за плячыма. А эмоцыі і ўражанні ад вандровак водным шляхам вельмі яркія.

— Заўсёды звяртаю ўвагу дзяцей на тое, што пейзажы ўздоўж нашых невялікіх рачулак у нечым можна параўнаць з дзікай прыгажосцю берагоў Амазонкі. Ледзь адплываеш ад населенага пунк­та — і трапляеш у свет абсалютна некранутай чалавекам прыроды. Ціха, спакойна, неверагодна прыгожа, — дзеліцца суразмоўнік.

Да паходаў школьнікі пад кіраўніцтвам педагогаў рыхтуюцца загадзя. На працягу года ўсе, хто хоча стаць юным турыстам, зай­маюцца ў адпаведных аб’яднаннях па інтарэсах, якія дзейніча­юць у многіх сельскіх школах раёна. Чатыры такія гурткі вя­дзе Анатоль Мікалаевіч: “Азімут” у Ахоўскай школе, “Узыходжанне” — у Малоткавіцкай, “Юныя турысты” — у Пінкавіцкай і Плешчыцкай. Займаюцца школьнікі як на базе сваіх школ, так і непасрэдна ў турыстычным цэнтры. Дарэчы, нядаўна ён быў перабазіраваны на новае месца і цяпер размяшчаецца ў больш сучасным будынку ў вёсцы Пінкавічы.

Падчас заняткаў дзеці вучацца ставіць палаткі, разводзіць вогнішча, выкарыстоўваць розныя турыстычныя прылады, вязаць вузлы, лазіць па вяроўках і г.д. Калі паблізу школы ёсць рака ці возера, на іх школьнікі спасцігаюць майстэрства кіравання байдаркамі. Калі вадаёма няма, супрацоўнікі турыстычнага цэнтра ладзяць для дзяцей выязныя трэніроўкі.

На правільнай хвалі

Звычайна ў водны паход групы ідуць на 3—4 дні. Дзеці збіраюцца рознаўзроставыя, пачынаючы з чацвёртакласнікаў, з 1—2 школ раёна. Акрамя Анатоля Сергеюка, навучэнцаў заўсёды суправаджае яшчэ адзін педагог. Перамяшчаюцца на байдарках па два чалавекі ў кожнай, усе абавязкова ў выратавальных камізэльках. Прывалы і начлегі ладзяцца на беразе ракі. Перад першым паходам некаторыя дзеці хвалююцца, ці не прыйдзецца ім спаць у байдарках. Вядома ж, такое не практыкуецца, начуюць усе ў палатках. Іх перавозяць разам з рукзакамі на трэцім свабодным месцы лодкі.

Дзіцячыя групы здзяйсняюць як аднадзённыя паходы, так і вандроўкі на 3—4 дні.

Падчас спуску па рацэ дзеці маюць унікальную магчы­масць адчуць адзінства з прыродай, натхніцца ёй. Сустракаецца шмат беласнежных лебедзяў, прычым птушкі, на радасць юных турыстаў, падпускаюць іх да сябе даволі блізка. То ўзлятаюць, то зноў садзяцца недалёка ад ванд­роўнікаў пужлівыя качкі. Можна пабачыць, як падсілкоўваюцца паблізу берага чаплі ці шумна ныраюць у ваду бабры.

Нікога не пакідае абыякавым і разнастайны раслінны свет. Задумліва схіляюцца над вод­най роўняддзю вербы, і часам для таго, каб праплыць міма, трэба адхіляць іх галінкі рукамі. Уздоўж ракі радуюць яркімі колерамі лугавыя кветкі, а на ва­дзе як быццам ляжыць дыван з белых і жоўтых гарлачыкаў. Дарэчы, кожны юны ўдзельнік паходу ведае, што любавацца гэтымі чыр­ванакніжнымі кветкамі можна, а рваць — не. Падчас заняткаў у турыстычных гуртках яны цвёрда засвоілі пасыл педагогаў: любоў да прыроды непарыўна звязана з клопатам аб ёй.

Увечары пасля цікавага і насычанага дня дзеці вельмі лю­бяць сядзець ля вогнішча, дзяліцца ўражаннямі, расказваць гісторыі, гуляць у розныя гульні. З апетытам яны з’ядаюць звараную на адкрытым агні ежу, тую ж грэчку з тушонкай, хаця да гэтага некаторыя сцвярджалі, што такое не ядуць.

Па словах педагога, ніхто не ўхіляецца ад работы, звязанай з фунцыянаваннем палатачнага лагера. Наадварот, з ахвотай напрацоўваюць турыстычныя бытавыя навыкі. Нават спаборніча­юць, хто хутчэй разаб’е палатку ці смачней згатуе ежу. Старэйшыя дзеці прыглядваюць за малодшымі, усе дапамагаюць адно аднаму.

— Лічу, што і пешыя, і байдарачныя паходы вельмі шмат даюць дзецям. Яны становяцца больш самастойнымі, адказнымі, бо мамы і таты побач няма, усё даводзіцца рабіць самім. Атрымліваюць карысныя навыкі работы ў камандзе. А яшчэ гэта выдатная трэніроўка характару. Калі стаміўся, вясло не кінеш, трэба трымацца і плыць разам з усімі. Дзеці вучацца пераадольваць сябе, ісці наперад да пастаўленай мэты, — дзеліцца меркаваннем педагог.

Гэтым летам плануецца ажыццявіць тры байдарачныя паходы працягласцю ў некалькі сутак. А наведвальнікаў прышкольных летніх лагераў Ахоўскай і Малоткавіцкай школ, на зменах якіх працуе Анатоль Сергеюк, чакае невялікі аднадзённы сплаў на байдарках па рацэ Піне.

12 ліпеня адбудзецца асаблівы водны паход, які прысвечаны подзвігу герояў — вызваліцеляў краю ад нямецка-фашысцкай навалы. Менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе экіпаж бранякатара БК-154 змог высадзіць на бераг каля вёскі Пачапава 45 дэсантнікаў, але сам прыняў няроўны бой з ворагам і загінуў. Ужо стала традыцыяй менавіта 12 ліпеня праплываць на байдарках каля кіламетра па апошнім шляху бранякатара, а потым праводзіць памятны мітынг ля помніка маракам. Удзел у гэтым мерапрыемстве прымаюць школьнікі, педагогі, прадстаўнікі кіраўніцтва раёна. Сёлета такі водны паход пройдзе чацвёрты раз.

Што і казаць, развіццё байдарачнага турызму разам з іншымі кірункамі работы раённага турыстычнага цэнтра вельмі спрыяе таму, каб падрастаючае пакаленне было на правільнай хвалі.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з асабістага архіва Анатоля Сергеюка