“Ясельніца” — па прызванні

- 14:00Людзі адукацыі

Велізарная любоў да маленькіх дзяцей дазволіла выхавальніцы ясляў-­сада № 411 Мінска Людміле Астрамовіч выбраць прафесію па душы. На працягу амаль 30 гадоў жанчына працуе ў ясельнай групе і ведае сакрэты паспяховай адаптацыі малышоў да дашкольнай установы. Мы завіталі ў госці да педагога. 

Цікавыя і смешныя

— За што люблю малых дзяцей? За тое, што яны “мамчыны”, толькі вылецелі з сямейнага гняздзечка і трапілі да мяне ў рукі. Цікавыя і смешныя, прыгожыя і ласкавыя. Круцяцца вакол мяне, не адыходзяць ні на крок, як кураняты каля курыцы­квактухі”, — усміхаецца Людміла Ула­дзіміраўна. — Прафесію выхавальніка я атрымала ў старшых класах у вучэбна­-вытворчым камбінаце. Спачатку працавала нянечкай у садзе, а ў 18 гадоў мяне прызначылі выхавальніцай ясельнай групы. Скончыла педагагічны каледж.

Часта дзяцей ужо ў 2—3 гады без папярэдняй падрыхтоўкі ў групах адаптацыі аддаюць у сад на цэлы дзень.Такія малыя патрабуюць большай увагі, клопату і ласкі. З імі трэба шмат гуляць, часцей браць на рукі, выконваць іх капрызы. Не ўсе малышы аднолькава падрыхтаваны да ўмоў дзіцячага калектыву, не ўсе ўме­юць жа­ваць цвёрдую ежу, трымаць кубак і лыжку, хадзіць на гаршчок і г.д. Гэтаму неабходна як мага хутчэй навучыць.

З добрым настроем

У Людмілы Астрамовіч зараз 16 выхаванцаў 2­-3 гадоў, і ўсе яны хутка прывыклі да сада. Лёгкай лічыцца адаптацыя на працягу месяца. Сярэдняя — да 2 месяцаў, а цяжкая — да 6 месяцаў. Улічваецца не толькі эмацыянальны стан дзіцяці, але і тое, як часта яно хварэе. Для таго каб стварыць доб­ры настрой малышам, Людміла Ула­дзіміраўна арганізоўвае адаптацыйныя развіццёвыя гульні. Пачынае з простых, напрыклад, пускае мыльныя бурбалкі, а дзеці радасна іх ло­вяць, забываючыся аб ранішніх перажываннях з-­за расставання з мамай. Або падчас гульні педагог раскідвае па групе маленькія мячыкі, а дзеці дага­няюць іх і збіраюць у кантэйнер. Калі малы прыйшоў у сад не ў настроі, Людміла Ула­дзіміраўна звяртаецца да яго: “Добрай раніцы, носік (вочкі, вушкі, роцік, ручкі, жывоцік)!” (дакранаецца да іх), “Вы прачнуліся? А вы, дзеткі, прачнуліся?”. Хтосьці з дзяцей можа і ножкай туп­нуць, маўляў: “Не добрай раніцы”. Але ж большасць падхоплівае інтры­гу. Раптам педагог кажа: “Паглядзіце, за акном коцік пабег!”. І выхаванцы бягуць да акенца, забыўшыся пра слёзкі. А можна правесці пальчыкавую гульню: на дзверы павесіць замочак і прапанаваць дзіцяці адкрыць яго, папярэдне пацягнуўшы, пастукаўшы, пакруціўшы. Або навобмацак здагадацца, што ляжыць у мяшочку, які прынёс зайчык.

Людміла Астрамовіч: ”Для адных дзяцей я адразу станаўлюся другой мамай, іншыя спачатку паводзяць сябе насцярожана і мне трэба заваяваць іх любоў і давер. Сакрэт адзін: толькі любоўю можна выклікаць любоў у адказ, кожнае дзіця павінна адчуваць, што яно самае любімае”.

— Магу надзець на руку цацку­-сабачку і выйсці да дзяцей: “Добры дзень, дзяўчынка! Як цябе завуць? А гэтага прыгожага хлопчыка як завуць?” — расказвае педагог. — Прапаную малым згуляць у “дружныя пальчыкі”, “ладачкі”, “поезд”, “сонечных зайчыкаў” і г.д. Яшчэ ў нас у групе ёсць акварыум, і раніцай дзеці любяць карміць рыбак, нават нагадваць ім пра гэта не трэба.

Прывучыць да парадку

Маленькіх дзяцей варта прывучаць да самаарганізацыі і парадку. Іх трэба вучыць прыбіраць за сабой і ў групе цацкі, а пасля таго як паелі, гаварыць “дзякуй”. Спачатку за дзяцей гэта робіць педагог. Але з часам малыя самі карыстаюцца правіламі ветлівасці, мы­юць рукі, сочаць за сваімі рэчамі. Людміла Ула­дзіміраўна прыгадала смешную гісторыю: “Аднойчы я ўгаворвала дзяцей паесці. Сказала, што зараз коцік прыбяжыць і сцягне вашу сасіску. Адна кемлівая дзяўчынка заўважыла: “Давайце мы яго пакормім, раз ён хоча есці. Ён скажа нам “дзякуй”.

У ясельнай групе ёсць праграма заняткаў з выхаванцамі — па азнаямленні з прыродай, развіцці маўлення, маляванні, лепцы, аплікацыі і канструяванні. Папярэдне малых неабходна пад­рыхтаваць да гэтых відаў дзейнасці, навучыць засяродж­ваць увагу на галоўным, напрыклад, пры праслухоўванні казкі або спяванні песні, праглядзе і абмеркаванні з педагогам невялікага тэатральнага паказу, складанні пірамідкі па колерах і г.д. У сувязі з гэтым Людмілу Уладзіміраўну непакоіць, што баць­кі недастаткова ўвагі ўдзяляюць зносінам з дзецьмі, мала чы­таюць ім, не вучаць з імі вершы, па­цешкі.

Залежыць ад бацькоў

Бацькі часта з асцярогай прыводзяць сваё дзіця ў сад, пакуль не атрымаюць адказы на ўсе свае пытанні.

— Што адчувае малыш, трапіўшы ў незнаёмае месца да чужых людзей? Параўнайце гэта з адчуваннямі дарослага на новым працоўным месцы. Якім бы добрым ні быў педагог, дзіцяці будзе некамфортна, бо ў яго за­бралі маму, — тлумачыць Людміла Уладзіміраўна бацькам, якія непакояцца, што дзіця капрызіць у са­дзе. — Каб дарослыя былі спакойныя за сваіх малышоў, на працягу дня я фатаграфую іх ці здымаю кароткія відэа з цікавымі момантамі і выкладваю ў агульную групу ў вайберы.

Педагог просіць прыводзіць дзяцей у сад не ў адзін час, а з розніцай у 5—10 мінут. Інакш у гардэробе вельмі шумна, усе нервуюцца. Некаторым жа трэба паплакаць з раніцы — гэта своеасаб­лівы ры­туал пры расставанні з бацькамі. Як ні дзіўна, але дзеці­-крыксы (аматары пакрычаць) вельмі хутка адаптуюцца да калектыву. Каб супакоіць выхаванцаў, педагог можа сказаць, што іх мама пайшла купіць нешта смачненькае. І просіць бацькоў, каб тыя ўвечары, калі забіраюць дзяцей, прыносілі з сабой хаця б цукерку. Увага бацькоў звяртаецца і на тое, каб яны пакідалі ў са­дзе запасное адзенне для дзяцей: калготкі, штаны і шкарпэткі, якія ў любы момант могуць спатрэбіцца. А яшчэ забаронена даваць дзецям з сабой цацкі з дробнымі дэталямі і батарэйкамі.

Удзячная прафесія

Дзіця хутчэй адаптуецца да сада, калі ў выхавальнікаў групы адзіныя патрабаванні, калі няма “добрага” і “дрэннага” педагога, а адзін дазваляе тое, што другі забараняе.

— З напарніцай Надзеяй Мікалаеўнай мы ўвесь час на сувязі, абмяркоўваем кожнае дзіця, — падкрэслівае Людміла Ула­дзіміраўна. — Калі я сёння паса­дзіла на гаршчок малога, які яшчэ не прывучаны да яго, то і напарніцу прашу рабіць тое самае. Радуемся ад душы з калегай, калі ўдаецца чамусьці навучыць дзяцей. Многія пытаюцца: “Як ты спраўляешся?”. Шчыра кажучы, ад работы я не стамляюся. Любоў да дзяцей, што аднойчы зарадзілася ўва мне, нікуды не знікае. З гадамі мяняецца ўспрыманне некаторых момантаў у педагогіцы. Выхаваўшы ўласных дзяцей, маючы ўнукаў, я лепш пачала разумець дзяцей, перажываю за кожнага, як за свайго. Выхаванцы завуць мяне “мая Люда”. Быў момант, калі я расплакалася. Да мяне падышла дзяўчынка і спытала: “Люда, ты плачаш? Давай я табе слёзкі вытру”. Абняла мяне і ўсё як рукой зняло. Спрабавала праца­ваць са старэйшымі дашкольнікамі, але заўсёды вярталася ў свае любімыя яселькі. Напэўна, быць “ясельніцай” — маё прызванне.

Надзея ЦЕРАХАВА. 
Фота аўтара.

Бацькоўскія прыгоды

Пра першы паход у дзіцячы сад любяць расказваць не толькі мамы, але і таты, часам нават больш эмацыянальна. Гэтая падзея пакідае ўражанняў не менш, чым урачыстая лінейка ў 1 класе. У адных дзіця ідзе ў сад з задавальненнем, а іншыя сутыкаюцца з вялікай колькасцю перашкод і прыгод.
Маленькае дзіця трапляе ў незнаёмае асяроддзе дашкольнай установы, якое можа быць для яго і добразычлівым, і агрэ­сіўным. Дзе тоіцца небяспека? Да якіх умоў трэба прыстасоўвацца, а з чым нельга мірыцца? Як падрыхтавацца да садаўскага жыцця? Лепш за ўсё да дзіцячага сада адаптуюцца дзеці тых, хто жыве ў інтэрнатах, бо яны амаль увесь час знаходзяцца ў невялікіх дзіцячых калектывах. Для іх гэта звыклая сітуацыя. Калі ж у сям’і адно ці два дзіцяці, то часта новае асяроддзе ўспрымаецца як пагроза. Пасля першага паходу ў сад малы ўжо можа і не захацець туды ісці.

Адзін тата, каб завесці дачку ў сад, гуляў з ёй у Машу і мядзведзя. Калі дзяўчынка лічыла, што яна Маша, якая едзе на мя­дзведзі верхам, то згаджалася рухацца па дарозе ад прыпынку грамадскага транспарту да дзіцячага сада. А вось іншая сям’я пры паступленні ў дзіцячы сад сутыкнулася з праблемай прафесійнага выгарання педагога і непрымальнымі паводзінамі некаторых выхаванцаў, з якімі, відаць, не займаліся ў сем’ях. Для дзяцей у групе выконваўся неабходны дагляд, у пэўнай ступені ім было дазволена дзейнічаць самастойна. Да таго ж, быў выхаванец, які любіў кусацца. Новая дзяўчынка ўспрыняла такое асяроддзе як варожае і ў выніку ў свае 3 гады тройчы спрабавала ўцячы з дзіцячага сада. Маленькая вынаходніца прыдумвала розныя спосабы, каб узяць сваю вопратку і непрыметна пакінуць будынак, нават сачыла, дзе знахо­дзяцца дарослыя, каб выскачыць на вуліцу і пабегчы. Адзін раз яе злавілі ўжо за варотамі сада. З таго часу за дзіцем пачалі сачыць работнікі да­школьнай установы. Нават разыгралі сітуацыю, зручную для ўцёкаў, а за варотамі дзяжурыла каманда з выхавальніка, дворніка і кухоннага рабочага. Дзяўчынку перавялі ў іншую ўстанову, дзе выхавальнікі аказаліся сапраўднымі прафесіяналамі і прыкладна праз месяц­-два малая ўжо з задавальненнем хадзіла ў дзіцячы сад. Адтуль яе, як і іншых яе аднагрупнікаў, было нават цяжка за­браць. Калі выхавальнікі сыходзілі дадому, дзеці працяглы час у прысутнасці бацькоў гулялі на дзіцячай пляцоўцы ўстановы.

У дашкольным узросце дзецям, відавочна, не хапае зносін. Іс­нуюць розныя спосабы, каб вырашыць гэтую праблему. У дзіцячых садах ствараюцца адаптыўныя групы і мацярынскія школы. А бацькам трэба загадзя паклапаціца пра тое, каб малыш, які хутка пойдзе ў сад, часцей знаходзіўся ў міні-калектывах (з 4—5 дзяцей) на дзіцячай пляцоўцы ў двары або ў кампаніі сваякоў і знаёмых.

Надзея ЦЕРАХАВА.