Ёсць чым ганарыцца!

- 12:56Родная земля

Нясвіжскі палац, Мірскі замак, Сафійскі сабор у Полацку, Брэсцкую крэпасць-герой установам адукацыі рэкамендуецца ўключаць у экскурсійныя маршруты для больш глыбокага засваення школьнікамі вучэбнай праграмы, а таксама  грамадзянска-патрыятычнага выхавання. Жыхарам Нясвіжа, Міра, Полацка, Брэста ў гэтым плане, канечне, пашчасціла. Аднак славутыя аб’екты ёсць не ў кожным раёне. Ці заменяць іх помнікі мясцовага значэння? Ці зацікавяць яны гасцей? Як вызначыць найбольш значныя аб’екты? Адказы знойдзем разам з педагогамі Асіповіцкага раёна. Паспрабуем скласці і маршрут завочнага падарожжа “Асіповіцкімі шляхамі”.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!

Рэалізаваць магчымасці

Нага замежнага турыста не часта ступае на маляўнічую асіповіцкую зямлю. Ды што там замежнага — экскурсійныя аўтобусы нават з беларускімі нумарамі рэдка спыняюцца ў населеных пунктах Асіповіцкага раёна! Турысты тут бываюць пераважна праездам, калі накіроўваюцца ў бок Мінска, Гомеля, Магілёва або Слуцка. А ці ведаюць яны, што Асіповічы — гэта не проста буйны чыгуначны вузел, а сапраўдная станцыя мужнасці, на якой у ліпені 1943 года была здзейснена самая буйная падпольная дыверсія Другой сусветнай вайны? Ці ведаюць тыя, хто з акна цягніка, аўтамабіля або аўтобуса любуецца асіповіцкімі лясамі, што больш за 70 гадоў назад гэтыя лясы былі надзейным прытулкам для партызанскіх атрадаў?

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Ці здагадваюцца тыя, хто робіць перасадку на станцыі Асіповічы-1, што калі пакінуць перон і прагуляцца гадзінку-другую па вуліцах райцэнтра, то ўбачыш шмат цікавых аб’ектаў, аповед пра якія можа быць не менш захапляльным, чым аповед экскурсаводаў Нясвіжскага палаца? І гэта пры тым, што Асіповічы пачалі актыўна забудоўвацца толькі ў канцы ХІХ стагоддзя. Адным словам, Асіповіцкі раён — гэта край нерэалізаваных турыстычных магчымасцей. Спадзяёмся, не рэалізаваных пакуль што, бо актыўная работа па папулярызацыі аб’ектаў, перспектыўных у плане наведвання экскурсійнымі групамі, якая вядзецца ва ўстановах адукацыі раёна, абавязкова павінна прынесці плён. Прой­дзе час — і экскурсійных аўтобусаў у Лапічах, Ліпені або Асіповічах бу­дзе не менш, чым у тым жа Нясвіжы, Міры або Полацку.

Краязнаўства на выдатна

А што для гэтага трэба? Па-першае, аб’екты гісторыі і культуры, пра якія можна было б расказваць не менш цікава і захапляльна, чым пра сусветна вядомыя палацы або замкі. У Асіповіцкім раёне такіх аб’ектаў дастаткова. Па-другое, жаданне мясцовых жыхароў папулярызаваць турыстычны патэнцыял малой радзімы. Гэтую справу педагогі і навучэнцы Асіповіччыны праводзяць на выдатна. Па-трэцяе, зручнае геаграфічнае размяшчэнне аб’ектаў. З гэтым таксама няма праблем. Праз Асіповіцкі раён праходзіць чыгунка на Мінск і Гомель, на Магілёў і Слуцк, пралягае аўтамабільная траса М5. Непадалёк гэтай трасы знаходзіцца вёска Лапічы, якая і стане першым пунктам нашага падарожжа. Падчас наведвання Лапіцкай сярэдняй школы вызначым першыя аб’екты для ўключэння ў завочны экскурсійны маршрут.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!— У кожнай установе адукацыі Асіповіцкага раёна вядзецца актыўная работа па папулярызацыі турыстычнага патэнцыялу малой радзімы. Цэнтрамі такой работы з’яўляюцца музеі. Яны дзейні­чаюць у 8 школах раёна. Асноўны рухавік краязнаўства — гэта педагогі. Напрыклад, настаўніцай Ліпеньскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Вольгай Аляксееўнай Падвойскай да 70-годдзя Перамогі была распрацавана і праведзена па вуліцах Асіповіч квест-гульня “Табе, Вялікая Перамога”. Дараганаўскі дзіцячы сад — сярэдняя школа ўдзель­нічае ў інавацыйным праекце “Укараненне этнакультурных тэхналогій для павышэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі”, у рамках якога настаўнікі і вучні распрацоўваюць экалагічныя і этнаграфічныя маршруты. Не застаюцца ў баку ад гэтай работы і асіповіцкія педагогі. Так, настаўніца хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 3 Асіповіч Святлана Уладзіміраўна Зайцава распрацавала некалькі экалагічных маршрутаў, выпусціла даведнік. А вось калектыў сярэдняй школы № 4 распрацаваў маршрут па вуліцах горада “Асіповічы — станцыя мужнасці”. Гэты маршрут карыстаецца папулярнасцю ў педагогаў і навучэнцаў усяго раёна. Мне таксама пашчасціла далучыцца да такой цікавай справы, як распрацоўка маршрутаў. Разам з настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Вяззеўскай сярэдняй школы Анатолем Валянцінавічам Мікулічам стварылі маршрут вакол Асіповіцкага вада­сховішча. Наогул, уся краязнаўчая работа ў сістэме адукацыі раёна вядзецца сумесна з Асіповіцкім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, а канкрэтна з загадчыкам аддзела экалогіі і края­знаўства Святланай Іосіфаўнай Барысевіч, — паведаміла метадыст аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Ніна Уладзіміраўна Лапікава.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Сакрэтаў паспяховага правя­дзення краязнаўчай работы ў той ці іншай установе адукацыі многа. Аднак самы першы, самы галоўны сакрэт — гэта падтрымка з боку кіраўнікоў школ. Менавіта так можна сказаць пра Лапіцкую сярэднюю школу, Ліпеньскі дзіцячы сад — сярэднюю школу, сярэднюю школу № 4 Асіповіч. Дырэктары гэтых устаноў адукацыі Мікалай Ула­дзіміравіч Пісьмянкоў, Жанна Іванаўна Курыльчык, Ганна Пятроўна Маісеенка, як і ўсе педагогі, лі­чаць, што кожны грамадзянін павінен ведаць гісторыю роднага краю. Што тычыцца распрацоўкі маршрутаў па родным краі і ўключэння ў іх найбольш адметных аб’ектаў, то ў лапіцкай школе гэтая работа традыцыйная. Як паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Аксана Васільеўна Кандратава, на працягу 7 гадоў у школе па лініі самакіравання праводзіцца конкурс “Класная візітоўка”. У гэтым годзе тэматыка конкурсу — “Пабудуй свой маршрут”. У снежні на фінальным этапе кожны клас прадставіць маршрут па малой радзіме, распрацаваны ў рамках шостага школьнага дня.

Першыя аб’екты

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Каб вызначыць аб’екты для ўключэння ў маршрут “Асіповіцкімі шляхамі”, варта спачатку азнаёміцца з гісторыяй краю. Як паведамілі юныя ўдзельніцы аб’яднання па інтарэсах “Вытокі”, з пісьмовых крыніц Лапічы вядомы з 1560 года. У 1841 го­дзе згадваюцца як вёска. Тут былі адкрыты народныя вучылішчы, царква, вадзяны млын. У пачатку ХХ стагоддзя з’явіліся першыя школы, але ў гады Вялікай Айчыннай вайны яны былі разбураны. 1 верасня 1945 года пачалі работу дзве школы: адна — на станцыі Лапічы, другая — у вёсцы Лапічы. Насельніцтва павялічвалася, было шмат вучняў, таму вырашылі будаваць новую школу. У 1974 годзе школа пераехала ў новы будынак, у якім і цяпер праходзяць заняткі. На жаль, у віхуры часу былі знішчаны будынкі народнага вучылішча, царквы, вадзянога млына. Таму першым аб’ектам стане будынак Лапіцкай сярэдняй школы.

— Над стварэннем маршрутаў мы пачалі працаваць два гады назад. Першая работа — “Лапічы — калыска спадчыны маёй” — заняла 2-е месца на абласным конкурсе. Нам гэтая работа спадабалася, таму мы працягнулі працаваць у гэтым жа напрамку. І ў мінулым годзе нас чакаў поспех: мы занялі 1-е месца ў вобласці з работай “Па слядах культурнай спадчыны”, — падзялілася настаўніца гісторыі Дзіяна Аляксандраўна Краўчук.

Мэтай работы стала даследаванне гісторыка-культурнай спадчыны лапіцкай зямлі, вызначэнне аб’ектаў, іх гістарычнай значнасці, ролі ў патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, даследаванне гэтых аб’ектаў, распрацоўка культурна-пазнавальнага маршруту, стварэнне рэкламнага відэароліка. Першым аб’ектам даследавання стаў клуб пасёлка Сасновага, галоўнай гордасцю якога з’яўляецца народны вакальны ансамбль “Журавушка”. Былі даследаваны Лапіцкая дзіцячая музычная школа мастацтваў Асіповіцкага раёна, царква Пятра і Паўла. Клуб, дзіцячая музычная школа мастацтваў, будынак храма — такімі будуць наступныя аб’екты нашага завочнага маршруту.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Далей пяройдзем да аб’ектаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной. У першую чаргу гэта помнік на магіле воінаў-вызваліцеляў. Менавіта гэтаму помніку і прысвяціў сваю даследчую работу ў 2013 го­дзе вучань 9 класа Алег Торапаў пад кіраўніцтвам Дзіяны Аляксандраўны Краўчук. У сваёй рабоце хлопец паспрабаваў раскрыць сапраўдныя імёны воінаў Вялікай Айчыннай вайны, пахаваных у брацкай магіле. Наступным аб’ектам, адметныя этапы гісторыі якога звязаны з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, з’яўляецца чыгуначны мост праз Бярэзіну, які знаходзіцца каля пасёлка Ялізава. Гісторыю гэтага моста разам з вучнямі даследаваў настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Юрый Аляксандравіч Сцяпанаў, кіраўнік гурткоў “Музеязнаўства” і “Юны стралок”. Найбольш цікавыя звесткі былі атрыманы падчас летняга веласіпеднага падарожжа, якое праходзіла ў тым ліку па месцах знакамітага лапіцкага бою, які адбыўся падчас вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, дыяраму бою можна ўбачыць у школьным музеі баявой славы. Але вернемся да чыгуначнага моста. Ён быў узведзены ў 1924 го­дзе. Шмат давялося перажыць мосту, асабліва ў 1941 годзе. Сведчаннем яго няпростага лёсу з’яўляюцца ўвагнутасці ад куль і дзіркі ад снарадаў у металічных канструкцыях. Чыгуначны мост праз Бярэзіну ў раёне Ялізава стане наступным аб’ектам нашага маршруту.

Павага да подзвігу воінаў-вызваліцеляў фарміруецца ў навучэнцаў Лапіцкай сярэдняй школы не толькі ў працэсе вывучэння гісторыі роднага краю перыяду Вялікай Айчыннай вайны, але і збору экспанатаў для школьнага музея баявой славы, стварэння дыярам, удзелу ў рэканструкцыі ваенных падзей. Лапіцкі школьны клуб рэканструктараў унікальны не толькі ў маштабах раёна, але і ўсёй краіны. “Што тычыцца пошукавай работы, то яна вядзецца ў двух напрамках. Гэта апытанне мясцовых жыхароў і работа з дакументамі, якія былі рассакрэчаны і знахо­дзяцца ў адкрытым доступе ў інтэрнэце. Асноўная мая задача — каб дзеці ў першую чаргу згадалі сваіх прадзедаў, якія ваявалі, распытвалі пра іх сваіх бабуль і дзядуляў”, — паведаміў Юрый Аляксандравіч.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!

Па слядах шляхты

Па словах яго калегі настаўніка гісторыі Андрэя Васільевіча Молчана, Асіповіцкі край славіцца не толькі старонкай Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым краі жылі прадстаўнікі знакамітых родаў (Офенбергі, Радзівілы, Завішы, Дараганы). Яны пакінулі багаты і цікавы след у гісторыі Асіповіцкага краю. Напрыклад, будаўніцтва чыгункі паміж станцыямі Узборак і Завішын — гэта заслуга Магдалены і Мікалая Радзівіл. Дзякуючы Офенбергам, былі добраўпарадкаваны дарогі, з’явіўся тэлеграф, тэлефон, пошта. Нездарма два гады назад узнікла ідэя стварыць экскурсійны маршрут па слядах беларускай шляхты Асіповіччыны. Маршрут склаўся з некалькіх кропак. Гэта і памятны знак на месцы маёнтка Магдалены Радзівіл, і чыгуначная станцыя Уборак, рэшткі фантана былога маёнтка Офенбергаў у Лочыне. Дзеці не толькі прымаюць удзел у даследаванні аб’ектаў, але і іх добраўпарадкаванні. Названыя аб’екты таксама ўключым у маршрут “Асіповіцкімі шляхамі”.

— У кожнага чалавека ёсць на зямлі любы куточак. Для мяне такім месцам з’яўляецца Асіповіцкі край, бо тут мая малая радзіма, тут мае думкі, маё сэрца і душа. Рабілі і напаўнялі гісторыю, вядома ж, людзі, якія клапаціліся пра дабрабыт роднага краю. Але не толькі людзі напаўняюць гісторыю. Розныя паселішчы, замкі, палацы, касцёлы і цэрквы, нават проста будынкі з’яўляюцца маўклівымі сведкамі падзей розных часоў. Экскурсія “Па слядах шляхты Асіповіччыны” знаёміць з прадстаўнікамі шляхецкіх родаў Радзівілаў і Офенбергаў, іх жыццём і дзейнасцю ў Асіповіцкім краі, ахоплівае перыяд ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, — падзялілася аўтар экскурсіі вучаніца 11 класа Ганна Лукіна.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Маршрут складаецца з некалькіх кропак. Першая — месца памятнага знака ў гонар Магдалены Радзівіл. На гэтым месцы калісьці быў прыгожы маёнтак, тут жыла адна з самых знакамітых асоб не толькі Асіповіцкага краю, але і ўсёй Беларусі — княгіня Магдалена Радзівіл, вядомая асветніца, мецэнатка, на грошы якой друкаваліся першыя беларускія газеты і кнігі, адкрываліся беларускія школы для вясковых дзяцей, прытулкі для сірот і шпіталі для параненых і хворых. Другая кропка — Лочын, месцазнахо­джанне маёнтка Офенбергаў. Лочын вядомы з пачатку ХІХ стагоддзя як вёска і маёнтак. Род памешчыкаў Офенбергаў праславіў не толькі Асіповіччыну, але і ўсю Беларусь сваёй нецярпімасцю да нацыянальнага прыгнёту. Офенбергі вельмі сябравалі з Завішамі, з якіх і паходзіла Магдалена Радзівіл. У Лочыне былі закла­дзены касцёл, парк, сад і нават водаправод з фантанамі. На жаль, сам маёнтак, які меў два паверхі, быў знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Пра яго існаванне цяпер нагадваюць толькі рэшткі фантана. Трэці пункт маршруту — бераг Лочынскага возера, адзінага ў раёне прыроднага паходжання. Чацвёртая кропка — станцыя Уборак з будынкам помпавай станцыі 1910 года.

— Падчас экскурсіі мы прайшлі па слядах шляхты, якая зрабіла вялікі ўклад у грамадска-палітычнае, эканамічнае, культурнае жыццё не толькі Асіповіцкага краю, але і ўсёй краіны. Традыцыяй стала правя­дзенне Магдаленаўскіх чытанняў у ліпені кожнага года. Таму сардэчна запрашаем наведаць гэтае свята, мы вельмі будзем рады бачыць добрых гасцей у нашым краі, — паведаміла вучаніца.

Станцыя мужнасці

Добрых гасцей рады бачыць і ў Асіповічах, у прыватнасці, у музеі сярэдняй школы № 4. Як паведаміла кіраўнік музея настаўніца гісторыі Алена Гвідонаўна Анціховіч, адзі­н з напрамкаў работы ўдзельнікаў школьнага гуртка музеязнаўства — распрацоўка экскурсій па горадзе. Асноўнай з’яўляецца пешаходная экскурсія “Асіповічы — станцыя мужнасці”, якая доўжыцца да 4 гадзін, пачынаецца і заканчваецца на чыгуначным вакзале. Калі ў гасцей няма часу на працяглую прагулку па горадзе, яны могуць яе здзейсніць завочна, экскурсія была спраецыравана на стэнды музея. Для 6-класнікаў таксама распрацавана экскурсія “Іх імёнамі названы вуліцы горада”.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!— Экскурсію “Асіповічы — станцыя мужнасці” мы нездарма пачынаем з чыгуначнай станцыі Асіповічы, бо Лібава-Роменская чыгунка дала жыццё нашаму гораду. Сувязь паміж будаўніцтвам чыгуначнай станцыі і развіццём горада стала асновай для зацверджанага ў 2005 годзе герба нашага горада. Чорныя палосы на зялёным фоне азначаюць рух, развіццё, чыгуначны шлях, рэйкі. Чыгуначная станцыя, вакзал, дэпо — сведкі многіх лёсавызначальных для нашага горада па­дзей. Першапачаткова на станцыі быў узведзены будынак драўлянага вакзала, пакгаўз, пяць драўляных дамоў для абслуговага персаналу. Вакзал размяшчаўся ў двухпавярховым драўляным доме. У 1952 годзе ўзведзены новы будынак вакзала, рэканструкцыя якога адбылася ў пачатку 2000-х гадоў. Будынак дэпо — равеснік нашага горада. У канцы ХІХ стагоддзя будынак 15-метровай вышыні здаваўся асіпаўчанам амаль фантастычным. Дэпо функцыянуе і сёння, — паведамілі экскурсаводы з 10 “Б” класа Дзяніс Ерашэвіч і Лізавета Доўгаль.

У 20-я гады гораду давялося перажыць цяжкасці нямецкай і польскай акупацыі. На чыгуначнай станцыі дзейнічала падпольная ячэйка, якая, наколькі гэта было магчыма, перашкаджала вывазу каштоўнасцей праз чыгуначны вузел. А ў лясах змагаліся партызан­скія атрады. Прыкладам сапраўднага гераізму можна назваць подзвіг чалавека, імем якога названа вуліца Асіповіч. Гэта Акім Чумакоў. У 1922 годзе Акім Мацвеевіч, які быў паранены бандзітам і сплываў крывёй, давёў цягнік з зернем да станцыі Асіповічы, пасля чаго памёр. На доме, у якім ён жыў, устаноўлена мемарыяльная дошка. У гонар яго названы цеплавоз станцыі Асіповічы.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!З Вялікай Айчыннай вайной звязана нямала гераічных подзвігаў асіпаўчан, у тым ліку дыверсія, здзейсненая ў ноч на 30 ліпеня 1943 года падпольшчыкам-электраманцёрам Фёдарам Андрэевічам Крыловічам. У гэтую ноч зні­шчылі 25 цыстэрнаў з бензінам, 8 — з авіямаслам, 65 вагонаў з боепрыпасамі, 8 танкаў, 12 вагонаў з харчаваннем, якія накіроўваліся на Курскую дугу, амаль усё абсталяванне чыгуначнага вузла. Акрамя таго, успыхнуў пажар у размешчаным непадалёк лагеры для ваеннапалонных. Скарыстаўшыся панікай сярод аховы, амаль усе зняволеныя разбегліся. Фёдару Андрэевічу Крыловічу быў устаноўлены помнік, які стаў яшчэ адным сімвалам горада.

У скверы па вуліцы Амбросімава размешчаны помнік знакамітым партызанам Асіповіцкага краю, рэшткі якіх перанесены сюды пасля вайны. На перакрыжаванні вуліц Амбросімава і Рабоча-Сялянскай стаіць непрыкметны будынак. І не кожны асіпаўчанін ведае, што з гэтым домам звязана імя легендарнага маршала Георгія Канстанцінавіча Жукава, які жыў тут з жонкай і дочкамі, калі быў назначаны камандзірам 6-га кавалерыйскага корпуса ў 1938 годзе.

— Апошнія гады ў дзяцей назіраецца павышаная цікавасць да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Іх цікавіць вайна не з пункту гле­джання бітваў і подзвігаў, яны цікавяцца і побытавым бокам. Другі год у нашай школе рэалізоўваецца праект “Вайна вачыма ўнукаў”, а дакладней, праўнукаў. Дзеці не проста збіраюць успаміны, яны пішуць развагі пра тое, як змяніліся іх адносіны да бабулі і дзядулі, прадзядулі. Мы імкнёмся, каб сённяшнія дзеці, якія карыстаюцца ўсімі выгодамі цывілізацыі, зразумелі, праз якія цяжкасці давялося прайсці нашым продкам і ў вайну, і ў час пасляваеннага аднаўлення, — паведаміла Алена Гвідонаўна.

Квест — гэта актуальна

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!Фарміраванню такіх якасцей характару садзейнічаў міжшкольны краязнаўчы квест “Табе, Вялікая Перамога”, які быў праве­дзены 7 мая па вуліцах Асіповіч Вольгай Аляксееўнай Падвой­скай. Па словах настаўніцы гісторыі Ліпеньскага ВПК, калі гарадскія дзеці яшчэ ведаюць памятныя мясціны райцэнтра, то сельскія дзеці наадварот, паколькі іх бацькі пераважна прыязджаюць у Асіповічы, каб наведаць гандлёвыя кропкі. Адрасы магазінаў яны ведаюць выдатна. А вось дзе знаходзяцца тыя ці іншыя помнікі, вуліцы, адкажуць не заўсёды. Каб выправіць гэта, было вырашана праводзіць краязнаўчыя квесты. Першы такі квест арганізаваны ў 2016 годзе. У канцы верасня бягучага года Вольга Аляксееўна разам з настаўніцай фізікі Валянцінай Георгіеўнай Шаровай правяла краязнаўчы квест “Прамысловыя прадпрыемствы нашага горада” для 8 і 10 класаў.

— Што тычыцца Ліпеньскага сельсавета, то ён багаты з трагічнага пункту погляду на спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны вёскі. На месцы спаленых вёсак знаходзяцца мемарыяльныя комплексы. Напрыклад, у Брыцалавічах, па адных звестках, згарэлі 676 жыхароў (гэта больш, чым у Хатыні), па іншых даных, — 711. У мінулым годзе ў рамках конкурсу “Дарогамі памяці” мы з вучнямі здзейснілі паход у Брыцалавічы. Традыцыйным з’яўляецца выхаваўчае мерапрыемства “Памяці спаленых вёсак”. Адзін з апошніх маршрутаў, які мы распрацавалі ў рамках праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, пракладзены па “радзівілаў­скай чыгунцы”. Гэта старая чыгунка ад станцыі Уборак да станцыі Завішын, размешчанай у сучасным аграгарадку Ліпень. Праходзіць маршрут праз Ліпень, лес, выхо­дзіць да вёскі Амінавічы (радзіма  арганізатара партызанскай дзейнасці Мікалая Філіпавіча Каралёва), ідзём далей, у Жорнаўку, дзе знаходзілася знакамітая ся­дзіба Завішаў, у Градзянку, раніцай з Градзянкі выязджаем на ўнікальным грузапасажырскім цягніку, аналагаў якому ў Беларусі, напэўна, няма, — дзеліцца Вольга Аляксееўна.

Фота да матэрыялу: Ёсць чым ганарыцца!

Не менш цікава

Завочны турыстычны маршрут, які мы ўмоўна назвалі “Асіповіцкімі шляхамі” і склалі разам з настаўнікамі і вучнямі Асіповіцкага раёна, уключае не менш за два дзясяткі аб’ектаў. Па сваёй вядомасці яны, канечне, не параўнаюцца з Нясвіжскім палацам або Мірскім замкам. Аднак знаёмства з гэтымі аб’ектамі можа быць не менш захапляльным, чым аповед экскурсаводаў у шыкоўных палацавых пакоях. А на вашай малой радзіме ёсць падобныя аб’екты? Вам ёсць чым ганарыцца?

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.