Юных эрудытаў з усёй Беларусі сабраў у Мінску заключны этап алімпіяды «Пасля ўрокаў» для 4-х класаў

- 16:12Новости

Юных эрудытаў з усіх куточкаў Беларусі сабраў у сценах сталічнай гімназіі № 33 заключны этап рэспубліканскай алімпіяды “Пасля ўрокаў” па функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў 4­-х класаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Інтэлектуальнае спаборніцтва праводзілася сёлета ўпершыню для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта “Укараненне тэхналогіі мнагамернага чытання для фарміравання функцыянальнай адукаванасці малодшых школьнікаў”. Сярод яго задач — павышэнне ўзроўню тэарэтычных ведаў і практычных уменняў вучняў пры рабоце з несуцэльнымі тэкстамі рэальнага акружэння, стымуляванне дзейнасці педагогаў па фарміраванні функцыянальнай адукаванасці пачаткоўцаў.

Новую алімпіяду навуковы кансультант інавацыйнага праекта прафесар кафедры педагогікі і прыватных методык Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Гін вырашыла назваць “Пасля ўрокаў”, каб падкрэсліць галіну прымянення функцыянальнай адукаванасці (як гаварыла Т.Маліннікава, калі дзіця зачыняе дзверы вучэбнага кабінета і выходзіць у жыццё).

У заключным этапе паспаборнічалі 39 чацвёртакласнікаў — пераможцаў вобласці з 29 устаноў адукацыі краіны.

Удзельнікам алімпіяды неабходна было прайсці праз выпрабаванні двух тураў: тэарэтычнага “З несуцэльнымі тэкстамі — па роднай краіне” і практычнага “Арыентаванне ў навакольным”.

У тэарэтычным туры чацвёртакласнікам былі прапанаваны 22 заданні. Прычым усе яны тычыліся тых 22 рэгіёнаў, з якіх прыехалі навучэнцы. А гэта выкарыстанне рэгіянальнага кампанента ў патрыятычным выхаванні малодшых школьнікаў. Напрыклад, юным эрудытам прапаноўвалася разгледзець схему летняга амфітэатра — галоўнай канцэртнай пляцоўкі міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і ўстанавіць адпаведнасць паміж колерам сектараў у зале і коштам месцаў альбо вывучыць графік тэмпературы і здагадацца, як метэаролагі ­называюць аграгарадок Бычыха Гарадоцкага раёна (полюс марозу, полюс холаду, полюс снегу, полюс цяпла, полюс спёкі). Яшчэ адно заданне: “У Бабруйску знаходзіцца дуб-велікан. Вакол ствала зроблена агароджа, на якой размешчана інфармацыя для турыстаў. Але нядаўна на агароджы з’явілася яшчэ адна таблічка: “Увага! Знаходжанне ў 25-метровай зоне ад ствала дрэва падчас моцнага ветру і навальніцы небяспечна для вашага жыцця і нясе пагрозу захаванасці вашай маёмасці”. Запішы найбольш верагодную прычыну, па якой указана менавіта такая адлегласць”.

У практычным туры “Арыентаванне ў навакольным” дзеці і педагогі аб’ядналіся ў пары і выконвалі заданні па некалькі блоках. Сярод пытанняў былі такія: “Які нумар носіць патомны дуб?”, “Ці ёсць сетка на футбольных варотах?”, “Колькі прыступак на лесвіцы да стадыёна?” і інш. Сустракаліся і пытанні-пасткі. Напрыклад, якога колеру арэлі на дзіцячай пляцоўцы (а арэляў на пляцоўцы няма).

— Алімпіяда мае істотныя адрозненні ад аналагічных конкурсных выпрабаванняў па функцыянальнай адукаванасці, як айчынных, так і замежных, — адзначае Святлана Гін. — У ёй адсутнічаюць вялікія тэксты, да якіх прапаноўваюцца серыі заданняў. Алімпіяда будуецца выключна на выкарыстанні несуцэльных тэкстаў. Расклад руху, графік работы магазіна, аб’ява, даведка, квіток, упакоўка — спіс несуцэльных тэкстаў можна бясконца працягваць. Усе яны з’яўляюцца практыка-арыентаванымі. І ад таго, наколькі мы валодаем навыкамі аналізу інфармацыі несуцэльных тэкстаў, шмат у чым залежыць паспяховасць нашых паводзін.

Заданні, якія прапаноўваюцца вучням, уваходзяць у сферу іх рэальнай жыццядзейнасці, носяць натуральны характар. Практычна не сустракаюцца заданні, якія прадугледжваюць знаходжанне і вылучэнне яўнай інфармацыі (першага ўзроўню чытацкіх уменняў). Змест заданняў выцякае з канкрэтнага віду несуцэльнага тэксту, таму яны адрозніваюцца своеасаблівасцю і разнастайнасцю. Прычым падбіралі несуцэльныя тэксты настаўнікі, якія задзейнічаны ў праекце. З сабранага банка даных і былі адабраны тэксты да алімпіяды.

Яшчэ адно прынцыповае адрозненне ад традыцыйных алімпіяд, да якіх трэба сур’ёзна рыхтавацца, часта апярэджваючы вучэбную праграму: усе заданні алімпіяды “Пасля ўрокаў” змяшчалі адказы ўнутры сябе, навучэнцам заставалася толькі ўдумліва іх адшукаць. І таму шансы дзяцей з розным узроўнем вучэбных дасягненняў былі ўраўнаваны. Такая алімпіяда дае магчымасць праявіцца кожнаму, бо паспяховасць пасля ўрокаў вызначаецца не столькі дасягненнямі ў вучобе, колькі асобаснымі якасцямі дзіцяці. Акрамя таго, спаборніцтва дазваляе малодшым школьнікам быць паспяховымі ўжо сёння, а не ў аддаленай будучыні: сучасныя дзеці не любяць чакаць.

Пераможцамі алімпіяды сталі навучэнка сярэдняй школы № 16 Полацка Ганна Панізнік (настаўніца Алена Шпакава), навучэнец гімназіі Светлагорска Канстанцін Пойлаў (настаўніца Людміла Кулінковіч), навучэнец сярэдняй школы № 8 Ліды імя В.Ф.Казакова Іван Грынюк (настаўніца Наталля Банцэвіч).

Пераможцы і лаўрэаты спаборніцтва атрымалі дыпломы і каштоўныя падарункі ад спонсараў. Таксама былі адзначаны іх педагогі, сярод якіх Алена Мархелевіч (гімназія № 4 імя Д.В.Казакевіча Гродна), Ангеліна Назаранка (Гомельская Ірынінская гімназія), Алена Дзяменцье­ва, Ірына Валуева (сярэдняя школа № 21 Магілёва), Галіна Купрына (гімназія Шклова), Аксана Дземідовіч (уздзенская сярэдняя школа № 2 імя К.К.Крапівы).

Педагогі дзякавалі арганізатарам за алімпіяду-свята, за энтузіязм, уменне здзівіць, за тэатралізаваную пастаноўку, цікавыя заданні, сюрпрызы-цукеркі, падарункі, у тым ліку карту, за семінар-практыкум па методыцы работы з несуцэльнымі тэкстамі на ўроках, за змястоўную экскурсію па гімназіі, якую правяла яе дырэктар Аксана Якубоўская, — усё сапраўды было прадумана да дробязей.

Будзем спадзявацца, што правядзенне алімпіяды “Пасля ўрокаў” стане добрай традыцыяй і спаборніцтва будзе папулярным і запатрабаваным, як конкурсы “Буслік”, “Кенгуру” і інш.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара