На працягу двух дзён мінулага тыдня — 20—21 мая — у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі было горача. На юбілейны — дзясяты — Нацыянальны дзіцячы форум “Дзеці Беларусі за мір і ўзаемаразуменне” сабраліся 126 маладых, таленавітых і мэтанакіраваных дэлегатаў з усіх куточкаў краіны. Усе яны — лідары дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, органаў вучнёўскага самакіравання, члены дзіцячых і маладзёжных саветаў і парламентаў гарадоў, якія рэалізоўваюць ініцыятыву “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Акрамя ўдзелу ў форуме, лепшыя з лепшых прыехалі са сваімі камандамі, каб паспаборнічаць у заключным этапе IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016”.
Важнае звяно
Адкрыла форум начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. Свой прывітальны зварот да ўдзельнікаў форуму накіраваў і міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў, які адзначыў, што “за мінулыя гады форум змог заняць дастойнае месца ў маладзёжным і культурным жыцці краіны, заваяваў рэпутацыю аднаго са значных мерапрыемстваў, якія праводзяцца для вырашэння задач па паляпшэнні становішча дзяцей, дасягнення міру і ўзаемаразумення”.
Паколькі форум з самага заснавання падтрымліваўся Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, з прывітальным словам да дзяцей звярнуўся яго прадстаўнік у нашай краіне Рашэд Мустафа Сарвар. Ён расказаў аб дзейнасці ЮНІСЕФ у Беларусі і яго ролі ў дасягненні талерантнасці і міру. “Апошнія 20 гадоў я працаваў у многіх краінах свету — у Афганістане, Чачні, Косаве. Я бачыў такіх жа маладых лідараў ва ўсіх краінах, бачыў, як яны хацелі, каб вайна спынілася, каб былі наладжаны зносіны паміж разнастайнымі групоўкамі. Я ўпэўнены і глыбока веру, што вы з’яўляецеся важным звяном у стварэнні міру, узаемаразумення і талерантнасці адно да аднаго”.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільеўна Васільчанка адзначыла, што тэмы, якія штогод гучаць на форуме, пастаўлены часам, а таму заўсёды злабадзённыя і цікавыя для юных удзельнікаў. “З далучэннем нашай краіны да ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей” лідарскі рух узбагаціўся новымі праектамі і магчымасцямі, атрымаў імпульс па стварэнні дзіцячых і маладзёжных саветаў. За гэтыя гады вы адчулі, што многае можаце зрабіць, можаце змяніць свет да лепшага, прынамсі, змяніць тое месца, дзе вы жывяце, і інтарэсы тых дзяцей, якія жывуць у вашым горадзе. Я ўпэўнена, што калі горад будзе жыць добра, будуць жыць добра краіна і ўвесь свет”, — адзначыла яна. Свой відэазварот да ўдзельнікаў накіраваў таксама беларускі тэнісіст алімпійскі чэмпіён Максім Мірны, які, дарэчы, з’яўляецца паслом добрай волі ЮНІСЕФ. Сімвалічна, што маладзёжныя лідары пачалі сваю работу з ускладання кветак да манумента Перамогі.
Змяніць свет да лепшага
У хуткім часе распачала работу дзіцячая асамблея “Разам за мірную Беларусь”, вядучай якой стала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Іванаўна Пшанічная. Пра дыпламатыю і тое, як важна ўмець супрацоўнічаць, расказаў Дзмітрый Аляксандравіч Ярковіч, сакратар галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў краіны. “Важна, што вы пазнаяце свет не толькі па кнігах, але і сутыкаецеся з ім непасрэдна — вывучаеце замежныя мовы, вандруеце, пазнаяце новыя краіны, больш за тое, адкрываеце сябе свету, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў форуму. — Дарэчы, сённяшняе пакаленне моладзі з’яўляецца самым шматлікім з тых, што калі-небудзь існавалі. Сёння канструктыўны ўклад моладзі ў падтрымку і садзейнічанне ў забеспячэнні міру з’яўляецца міжнародна прызнаным”.
Аб гісторыі і традыцыях нашай краіны, а таксама аб ролі моладзі ў іх захаванні расказаў другі сакратар ЦК БРСМ Сяргей Міхайлавіч Клішэвіч. Акрамя таго, ён паведаміў аб значных праектах, над якімі працуе маладзёжная арганізацыя, а таксама аб яе сімвалах, за якімі стаіць гераічная гісторыя.
“У нашай краіне створаны каласальныя магчымасці для развіцця і самарэалізацыі сучаснай моладзі. Гэта сістэма адукацыі, грамадскія дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі, якіх у Беларусі існуе больш за 200 і якія працуюць у розных кірунках — ад абароны правоў дзяцей да здаровага ладу жыцця. Зразумела, сапраўдныя лідары павінны карыстацца гэтымі магчымасцямі не толькі для таго, каб дэманстраваць сябе і свой лідарскі патэнцыял, а каб сваім прыкладам мяняць свет да лепшага”, — звярнуў увагу ў сваім выступленні старшыня БелАЮ віцэ-прэзідэнт Сусветнай федэрацыі клубаў, цэнтраў і асацыяцый ЮНЕСКА Дзмітрый Юр’евіч Субцэльны. Ён расказаў пра маладзёжныя ініцыятывы і грамадскія аб’яднанні, пра рух клубаў ЮНЕСКА і праекты, якія рэалізоўваюцца дзіцячымі і маладзёжнымі арганізацыямі.
Сваімі ўражаннямі аб выступленні ў якасці прадстаўніка Беларусі на Генеральнай Асамблеі ААН ў 2015 годзе, а таксама думкамі аб маладзёжным свеце, праблемах, выкліках і партнёрстве падзялілася студэнтка МДЛУ Дар’я Віаленцій.
Мір пачынаецца з мяне
Наступнай часткай асамблеі сталі ініцыятывы дзяцей “Мір пачынаецца з мяне”. Першымі на сцэне з’явіліся прадстаўнікі маладзёжнага парламента Магілёва, створанага пры Магілёўскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Яны падрабязна пазнаёмілі ўсіх з палітыкай, якая імі праводзіцца, і расказалі аб праектах, мерапрыемствах і акцыях, што рэалізоўваюцца ў горадзе. Дарэчы, Магілёў стаў 22-м горадам краіны, які далучыўся да міжнароднай ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
Навучэнка сталічнай школы № 97 Эмілія Папруга расказала, што па выніках выдатнай выхаваўчай работы ўстанове адукацыі было прысвоена званне “школа міру” ў рамках Міжнароднай праграмы “Акадэмія дзіцячай дыпламатыі”. Дарэчы, гэтае пачэснае званне штогод пацвярджаецца.
Навучэнка жодзінскай школы № 5 Паліна Жданок і вучань школы № 9 Жодзіна Герман Генрых прадставілі ўвазе гледачоў невялікі відэафільм “Маладзёжныя ініцыятывы ў імя міру”, у якім расказалі аб гісторыі маладога горада і аб сваіх дзіцячых ініцыятывах.
Праграма форуму была настолькі маштабнай, што ахапіць усё дзецям было проста немагчыма. Менавіта таму лідары размеркаваліся па групах і пачалі працаваць на інтэрактыўных і дыскусійных пляцоўках “Мы будуем мост міру і ўзаемаразумення”. Для іх былі разгорнуты “Школа юнай дыпламатыі”, школа “Вучымся і вучым культуры міру”, школа журналісцкага майстэрства, сацыяльнага лідарства, а таксама школа “Эфектыўныя зносіны і кіраванне канфліктамі”. Акрамя таго, прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі арганізавала круглы стол “ЮНІСЕФ у інтарэсах дзяцей”.
Спаборніцтвы ў разгары
Пасля такой плённай працы юным удзельнікам неабходна было прадэманстраваць на сцэне адно з заданняў заключнага этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Лідар года — 2016” — “Мая грамадзянская пазіцыя”. Некаторыя ж заданні конкурсу былі завочнымі (партфоліа “Гісторыя майго поспеху” і сачыненне “Свет, я чую цябе”), таму з імі можна было пазнаёміцца на выставе “Лідарскія арыенціры”, якая была разгорнута ў фае цэнтра.
Асноўны момант “ікс”, самы хвалюючы і значны, для ўдзельнікаў “Лідара года” настаў у суботу, калі іх чакала конкурснае заданне “Практыка, магчымасці, унікальнасць”, у якім трэба было абараніць свой праект. Вось тут разгарнулася цэлае шоу, дзе кожны дэманстраваў свае творчыя здольнасці, але галоўным для журы быў сам праект, унікальная ідэя, якую ўдалося рэалізаваць дзецям у сваёй навучальнай установе і горадзе.
Напрыклад, дзевяцікласніца Яўгенія Кляпіцкая з сярэдняй школы № 161 Мінска прэзентавала сацыяльны праект “Дарогамі радасці і дабра”. “Сутнасць нашага сацыяльнага праекта — задзейнічаць творчыя магчымасці навучэнцаў, каб падарыць яркія моманты жыцця дзецям з асаблівасцямі. На працягу навучальнага года мы ездзілі ў адзін з інтэрнатаў, арганізоўвалі канцэрты і майстар-класы для дзяцей — танцавальны, “Умелыя ручкі”, майстар-клас па маляванні і інш. Мы даўно хацелі стварыць такі праект, але не ведалі, як яго рэалізаваць. Дарослыя дапамаглі нам знайсці інтэрнат, куды можна было б паехаць, кожны выбраў майстар-клас, які будзе праводзіць, і ў нас усё атрымалася!” — расказала Яўгенія, якая з’яўляецца лідарам сваёй каманды. Яна падзялілася думкамі аб тым, якім павінен быць сапраўдны лідар: “Лідар немагчымы без сваёй каманды, бо, наколькі б ён ні быў адказным чалавекам і як бы ні ўмеў арганізоўваць людзей, ён ніколі не зможа ўсё зрабіць сам, без сваёй каманды”.
“Нашы навучэнцы з’яўляюцца членамі клубаў ЮНЕСКА, таму вельмі добра ведаюць пра цяжкасці дзяцей і жадаюць ім дапамагаць, імкнуцца з кожным днём станавіцца лепшымі. Яны не толькі ездзяць у інтэрнат, але і ўдзельнічаюць у акцыі “Дапамога дзецям”, якая рэгулярна праходзіць у нашай школе”, — расказвае педагог-арганізатар сталічнай школы № 161 Аліна Генадзьеўна Сідарава.
Дзесяцікласнік Кірыл Абразцоў са школы № 2 Кобрына Брэсцкай вобласці прапанаваў увазе журы праект “Зрабі свой выбар”, разлічаны на 2015—2017 гады. Мэта праекта ў тым, каб з дапамогай актыўнага ўдзелу ў пазакласнай дзейнасці садзейнічаць станоўчым адносінам да здаровага ладу жыцця і прафілактыцы правапарушэнняў сярод моладзі.
Кацярына Патапенка з гімназіі № 10 Гомеля расказала пра сацыяльны праект “Гульнявыя пляцоўкі і “дваровыя” гульні для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу”, а Яўген Пятроў са сталічнай гімназіі № 32 прэзентаваў праект “Падары дрэва”, дзякуючы якому новыя саджанцы дрэў з’яўляюцца ў парках і скверах сталіцы, пры гэтым сертыфікат на кожнае дрэва з дакладным указаннем месца яго высадкі дорыцца пэўнаму чалавеку ці ўстанове адукацыі. Шмат валанцёрскіх праектаў прэзентавалі і іншыя ўстановы адукацыі, сярод іх — праект гімназіі № 7 Віцебска “Мы побач!”, які рэалізоўваецца па трох асноўных кірунках: дапамога бяздомным жывёлам, дапамога птушкам і ачышчэнне навакольнага асяроддзя.
Карына Ромыш з сярэдняй школы № 8 Жодзіна прэзентавала праект “Моб-драйв “D and K”. “Рашэннем Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) Жодзіна атрымаў статус “Горад, дружалюбны да дзяцей”. Ідэя нашага праекта ў тым, каб пазнаёміцца з такімі ж гарадамі Беларусі, выкарыстоўваючы творчы патэнцыял моладзі, прычым зносіны паміж намі прадугледжваюць інтэрактыўнасць як з дапамогай культурнай праграмы, так і з выкарыстаннем СМІ і сацыяльных сетак”, — растлумачыла Карына.
Эўрыка!
Пасля зачытвання рэзалюцыі Х Нацыянальнага дзіцячага форуму “Дзеці Беларусі за мір і ўзаемаразуменне” нарэшце былі аб’яўлены пераможцы конкурсу “Лідар года — 2016”. Дыпломамі ІІІ ступені былі ўзнагароджаны Яўген Пятроў са сталічнай гімназіі № 32 і навучэнка школы № 9 Ліды Гродзенскай вобласці Інеса Голубева. Другімі ў спаборніцтве сталі Аляксей Суцько з гродзенскай гімназіі № 2 і навучэнец Рэчыцкай сярэдняй школы № 7 Гомельскай вобласці Уладзіслаў Касцючэнка. Абсалютным жа пераможцам сярод 21 лідара быў прызнаны навучэнец Красненскай школы Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці Уладзіслаў Карчміт з сацыяльна арыентаваным праектам “Эўрыка”.
“Сутнасць нашага праекта ў тым, каб падштурхнуць дзяцей ствараць новыя ініцыятывы, якія ў далейшым будуць рэалізоўвацца па ўсёй Беларусі”, — расказаў Уладзіслаў. Па словах лідара, праект закранае ўсе сферы дзейнасці сучаснага школьніка, пачынаючы ад паводзін у школе і заканчваючы праяўленнем творчых здольнасцей і актыўным удзелам у мерапрыемствах і конкурсах, працоўных і дабрачынных акцыях.
Цікава, што праект рэалізоўваецца ў форме спаборніцтва ў трох узроставых катэгорыях (3—4 класы, 5—7 класы і 8—11 класы) і ў ім удзельнічае адразу ўвесь клас. Падчас яго рэалізацыі (верасень 2014 — верасень 2016 года) за кожную добрую справу ўдзельнікам налічваюцца ўмоўныя адзінкі — “эўрыкі”, якія запісваюцца ў спецыяльныя дзённікі класа. Пераможцы ў кожнай узроставай катэгорыі ўзнагароджваюцца экскурсійнай паездкай і атрымліваюць магчымасць у далейшым рэалізаваць свае ініцыятывы.
Падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу адбылося і па намінацыях. Так, у намінацыі “Гісторыя майго поспеху” перамагла навучэнка сярэдняй школы № 8 Жодзіна Мінскай вобласці Карына Ромыш. Лепшым у намінацыі “Свет, я чую цябе” стаў Данііл Каган, навучэнец школы № 1 Вілейкі Мінскай вобласці. З заданнем “Мая грамадзянская пазіцыя” лепш за ўсіх справіўся навучэнец баранавіцкай гімназіі № 2 Брэсцкай вобласці Станіслаў Масальскі. Адразу два лідары сталі пераможцамі намінацыі “Практыка, магчымасці, унікальнасць” — Вольга Таўпянец, навучэнка школы № 4 Наваполацка Віцебскай вобласці, і Яўгенія Кляпіцкая, якая вучыцца ў сталічнай школе № 161.
Спецыяльны дыплом ад членаў журы за арыгінальны падыход да раскрыцця вобраза лідара атрымаў навучэнец Лабжанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Магілёўскай вобласці Ігар Новікаў. Акрамя таго, удзельнікі конкурсу атрымалі каштоўныя падарункі ад газеты “Переходный возраст”.
Кіраўніцтвам Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА было прынята рашэнне ўзнагародзіць абсалютнага пераможцу і ўладальнікаў дыпломаў ІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Лідар года — 2016” спецыяльнай грашовай скідкай для ўдзелу ў Міжнародным лінгвістычным лагеры “Мост англійскай мовы і культуры — 2016” у Польшчы.
Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.