З 1 студзеня 2024 г. пачне працаваць індэкс эфектыўнасці маладзёжнай палітыкі

- 9:14Компетентно, Образование

Сапраўднай падзеяй у рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі стала стварэнне індэкса яе эфектыўнасці, над якім працаваў Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы. Аб гэтым і планах інстытута на найбліжэйшы час карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў рэктар РІВШ, кандыдат палітычных навук, дацэнт Юрый Бондар.

— Юрый Паўлавіч, праблема маніторынгу ў сацыяльнай і выхаваўчай сферы існавала заўсёды. Цяжка знайсці паказчыкі для яе ацэньвання. Вашаму ж інстытуту ўдалося стварыць для гэтага сапраўды ўнікальны механізм.

— На маім стале — абсалютна новы метадычны дапаможнік “Індэкс эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, які стаў прадуктам маштабнай і скрупулёзнай навукова-даследчай, метадычнай работы супрацоўні­каў нашага інстытута. Сапраўды, няма такіх адзінак вымярэння, каб вызначыць эфект рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Колькасныя паказчыкі, як правіла, не адлюстроўваюць гэтую работу, таму трэба было шукаць іншыя. Мы зрабілі абсалютна ўнікальны праект з улікам сусветнай практыкі, дзе ў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі існуе баланс колькасных і якасных паказчыкаў. Гэта складаны сацыялагічны інструмент, з якім працуюць прафесійныя сацыёлагі. Ён базіруецца на статыстычных даных і маштабных сацыялагічных даследаваннях, якія право­дзіў наш інстытут. Індэкс складаецца з некалькіх модуляў, якія адпавядаюць сферам жыццядзейна­сці маладога чалавека ва ўзросце ад 14 да 31 года незалежна ад месца пражывання. Модулі тычацца адукацыі, сям’і, здароўя, занятасці, бяспекі. Па тэме здароўя, напрыклад, у дапаможніку шмат статыстычнай інфармацыі, якая адлюстроўвае рэальныя паказчыкі здароўя моладзі. Разам з тым у гэтым модулі прадугледжаны пытанні задаволенасці моладзі ўзроўнем аховы здароўя, існуючымі аб’ектамі спартыўнай інфраструктуры па месцы жыхарства.

Цяпер мы знаходзімся на этапе апрабацыі індэкса. З 1 студзеня 2024 года ён пачне праца­ваць паўнавартасна і афіцыйна бу­дзе вызначацца ўсімі дзяржаўнымі органамі, галінамі эканомікі і сацыяльнай сферы, якія бу­дуць зай­мацца зборам статыстыкі.

Гэты інструмент дазволіць на навуковай аснове планаваць і рэгуляваць дзяржаўную маладзёжную палітыку ў нашай краіне. Мы зможам у лічбавым эквіваленце зафіксаваць стан дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на сённяшні дзень у нашай краіне.

— Гэты год для РІВШ юбілейны. Яму — 50. Наколькі захаваны традыцыі і якія новыя рысы прыўнесены ў сённяшні вобраз інстытута?

— Наш інстытут — гэта ўнікальны механізм, які аператыўна рэагуе на сучасныя патрэбы вышэйшай школы з захаваннем асноўных, канцэптуальных напрамкаў дзейнасці. У РІВШ на працягу года праходзяць пад­рыхтоўку амаль 23 тысячы слухачоў па розных кірунках: нарматыўнае, навукова-метадычнае і кадравае забеспячэнне сістэмы адукацыі, рэалізацыя дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, навуковая і інавацыйная дзейнасць выкладчыкаў і студэнтаў, каардынацыя функцыянавання вучэбна-метадычных аб’яднанняў УВА, суправаджэнне новастворанага Дзяржаўнага класіфікатара Рэспублікі Беларусь “Спецыяльнасці і кваліфікацыі”, прызнанне дакументаў аб адукацыі іншых краін, бяспечныя ўмовы жыцця­дзейнасці і інш.

РІВШ забяспечвае навукова-метадычнае суправаджэнне дзейнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, зместавае напаўненне павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў, право­дзіць маніторынг адукацыйнага працэсу ва УВА. Па сутнасці, усе інавацыі, якія нараджаюцца ў сістэме вышэйшай адукацыі, матэрыялізуюцца ў РІВШ.

— Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца выхаванню студэнцкай моладзі. Для інстытута гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў, таму хочацца спытаць: якая работа вя­дзецца зараз?

— Мы ідзём па шляху па­глыблення зробленага раней. Менавіта ў нас ажыццяўляецца работа па распрацоўцы інавацыйных тэхналогій і методык у выхаванні студэнцкай мола­дзі. У структуру інстытута ўвахо­дзяць Рэспубліканскі мала­дзёжны цэнтр, Рэспубліканскі валанцёрскі цэнтр, кафедра мала­дзёжнай палітыкі, упраўленне выхаваўчай работы — і пагадзіцеся, гэта магутны механізм, скіраваны на выхаванне нашых студэнтаў. Мы распрацоўваем новыя кірункі дзейнасці, формы і метады, якія даюць станоўчы эфект на практыцы. Напрыклад, у планах Рэс­публіканскага маладзёжнага цэнтра правядзенне рэспубліканскага конкурсу маладых работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў адукацыі Беларусі “ПРОФІ-2023”. Конкурс накіраваны на фарміраванне станоўчага іміджу маладога работніка сярод моладзі і ў грамадстве. Упершыню праходзіць рэс­публіканскі агляд-конкурс сярод рэгіянальных структур пад наз­вай “Мала­дзёжная палітыка рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і станаўлення асобы грамадзяніна і патрыёта”. І такіх мерапрыемстваў вельмі шмат.

— Юрый Паўлавіч, важна сфарміраваць у асобе будучага спецыяліста грама­дзяніна і патрыёта. Як спалу­чыць прафесіяналізм і духоўныя якасці?

— Гэтыя мэты былі закладзены ў Канцэпцыі аптымізацыі зместу, структуры і аб’ёму цыкла (модуля) сацыяльна-гуманітарных дысцыплін ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Дакумент распрацоўваўся разам з навукоўца­мі і практыкамі. У цыкл сацыяльна-гуманітарных дысцыплін уваходзяць тры базавыя: гісторыя беларускай дзяржаўнасці, сучасная палітэканомія і філасофія. Гэтыя дысцыпліны прызваны сфарміраваць у будучым спе­цыялісце рысы не касмапаліта, а патрыёта сваёй краіны. Напрыклад, гісторыя беларускай дзяржаўнасці дае нам яе светапоглядную аснову. Гэта галоўны (“ядравы”) ідэалагічны курс, дзе ў тым ліку ў гістарычным кантэксце разглядаецца станаўленне палітычных інстытутаў, фарміраванне нашага суверэнітэту і народаўладдзя. Згодна з канцэпцыяй, блок дысцыплін па выбары ўключае дзясяткі класічных прадметаў: культуралогію, паліталогію, этыку, эстэтыку, асновы права і г.д. Пералік гэтых прадметаў для выкладання вызначае сама УВА ў залежнасці ад той спецыяльнасці, якую асвойваюць студэнты. Безумоўна, задача ўніверсітэта якасна падрыхта­ваць спецыяліста, але не менш важна сфарміраваць у асобе студэнта патрыятычныя, грама­дзянскія пачуцці. Атрыманне прафесійных кампетэнцый без выхавання асобы ў вышэйшай школе немагчыма. Гэта лейтматыў канцэпцыі. Яе дзейнасць мы аналізавалі ў час маніторынгу. З’явіліся падручнікі адпаведнай накіраванасці. Дарэчы, калі гава­рыць увогуле пра выданне падручнікаў і дапаможнікаў у сферы вышэйшай школы, то штогод на кніжных паліцах з’яўляецца каля 250 вучэбных выданняў, аўтары якіх — з прафесарска-выкладчыцкага складу УВА. Інстытут заняты экспертызай, рэцэнзаваннем і абмеркаваннем плануемага новага выдання з грыфам Міністэрства адукацыі.

— Наколькі было мэтазгодным стварэнне ў інстытуце школы куратара?

— Дагэтуль сістэмнай работы ў гэтым напрамку не было. Кожная УВА працавала па-свойму. Мы лічым, што куратар — гэта ключавое звяно выхаваўчай работы, таму і стварылі школу куратара — як творчае згуртаванне, скіраванае на павышэнне яго аўтарытэту ў маладзёжным асяроддзі. Школа аб’ядноўвае аднадумцаў, якія дзеляцца сваімі напрацоўкамі. А наша задача — даць куратару той метадычны інструмент, які дазволіць нала­дзіць цесныя сувязі з навучэнскай моладдзю і з кожным студэнтам індывідуальна. У нас распрацавана нарматыўная база, дзе дакладна вызначаны статус куратара, які абавязвае кіраў­ніцтва УВА ставіцца да яго як да галоўнага суб’екта выхаваўчага працэсу. Таксама распрацаваны вучэбныя праграмы па фарміраванні кампетэнцый куратара: праектаваць і ажыццяўляць выхаваўчую работу ў студэнцкай групе, выкарыстоўваць інтэрактыўныя тэхналогіі, віртуальную прастору і інш. Школу навед­ваюць у большасці маладыя куратары, дзе на працягу 2 тыдняў павышаюць сваю кваліфікацыю, абменьваюцца вопытам. На Рэспубліканскім форуме куратараў УВА яго ўдзельнікі прадстаўлялі свае лепшыя праекты ў куратарскай дзейнасці. Наступны такі форум плануем правесці ў лістападзе.

— Сёння на слыху праблема ўдасканалення работы сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў. Увага да гэтых спецыялістаў таксама ў фокусе дзейнасці РІВШ.

— Раней гэтыя службы, па сутнасці, не былі ахоплены належнай увагай, іх работа не была сістэмнай, таму стаяла задача прывесці яе да адзінага метадычнага цэлага. Перш-наперш мы імкнуліся змяніць іх статус, вярнуць да каранёў іх прызначэння. Сёння, на жаль, да педагогаў сацыяльных і псіхолагаў звяртаюцца часцей за ўсё пастфактум, і сацыяльны педагог альбо псіхолаг ужо канстатуе факт дзеяння. Гэтыя спецыялісты не ма­юць дыягнастычных механізмаў, не могуць прымяніць прэвентыўныя меры, папярэдзіць негатыўную сітуацыю, не працуюць з кожным маладым чалавекам індывідуальна.

Мы імкнёмся, каб сацыяльна-педагагічная служба ўстаноў вышэйшай школы стала менавіта той службай, якая прафесійна клапоціцца аб псіхалагічным здароўі нашых маладых людзей. Для такіх спецыя­лістаў у РІВШ распрацаваны і рэалізуюцца разнастайныя праграмы павышэння кваліфікацыі.

Акрамя таго, у чэрвені прайшло маштабнае метадычнае мерапрыемства, дзе прагучалі меркаванні, прапановы, развагі саміх сацыяльных педагогаў і псіхолагаў. Было прынята рашэнне на базе РІВШ весці навукова-даследчую работу па стварэнні адзінай шматступеньчатай сістэмы дыягностыкі, каб кожнага работніка гэтай сферы ўзброіць псіхалагічным інструментарыем дыягностыкі, што істотна аблегчыць іх работу.

Ала КЛЮЙКО
Фота з інтэрнэту