Сёлета залічэнне пройдзе па новых правілах. Яны закрануць як дзяцей, якія жывуць у замацаваным за ўстановай адукацыі мікрараёне, так і тых, якія прэтэндуюць на свабодныя месцы ў іншых школах і гімназіях, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Міністэрства адукацыі ўкараняе меры, накіраваныя на павышэнне празрыстасці і адкрытасці працэсу залічэння. Ключавым змяненнем з’яўляецца перагляд мікрараёнаў, замацаваных за адукацыйнымі ўстановамі. Да 1 красавіка былі вызначаны новыя межы, што дазволіць забяспечыць больш раўнамернае размеркаванне навучэнцаў і пазбегнуць перагрузкі асобных устаноў.
Яшчэ ў красавіку на сайтах школ і гімназій з’явіўся спецыяльны раздзел «Арганізацыя прыёму ў 1-я класы», дзе можна знайсці ўсю неабходную інфармацыю: межы мікрараёна, запланаваная колькасць месцаў, графік работы прыёмнай камісіі, кантакты гарачай лініі і пералік дакументаў, неабходных для залічэння.
Прыём дакументаў ад бацькоў, чые дзеці пражываюць у замацаваным мікрараёне, пачнецца 12 чэрвеня 2025 г. Спатрэбіцца падаць заяву, медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Тыя бацькі, якія не пражываюць у мікрараёне, але хочуць уладкаваць дзіця на свабодныя месцы, змогуць запісацца на прыём да дырэктара школы з 12 чэрвеня па 15 жніўня. У некаторых сталічных установах гэты запіс пачаўся раней. Так, у гімназіі № 12 ён адкрыты з 2 мая, а ў гімназіі № 7 імя В.І. Лівенцава — з 27 мая.
Усе заявы будуць рэгістравацца ў спецыяльным журнале, а інфармацыя аб колькасці пададзеных дакументаў (як па мікрараёне, так і на свабодныя месцы) будзе штодзень абнаўляцца на сайце школы: да 15.00 — па выніках першай змены прыёму, да 20.30 — па выніках другой. Аналізуючы гэтую інфармацыю, бацькі змогуць бачыць свае шансы: будзе дзіця вучыцца ў гэтай установе ці не.
У 1-ы клас школ і гімназій прымаюцца дзеці, якім на пачатак навучальнага года споўнілася 6 гадоў і больш. Разам з тым па заяве бацькоў і пры наяўнасці рашэння педагагічнага савета дапускаецца залічэнне ў 1-ы клас дзіцяці, якому 6 гадоў спаўняецца ў бягучым каляндарным годзе (гэта значыць тым, каму 6 гадоў споўніцца да 31 снежня 2025 г.).
Прысутнасць будучага першакласніка пры падачы дакументаў неабавязковая. У 1-ы клас дзяцей прымаюць без уступных выпрабаванняў.
Прыём дакументаў на свабодныя месцы пачнецца 16 жніўня і працягнецца да 28 жніўня. Залічэнне праводзіцца ў парадку чаргі, сфарміраванай на аснове заяў, пададзеных у ходзе асабістага прыёму ў дырэктара. Загады аб залічэнні дзяцей будуць выдадзены да 31 жніўня.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара





