Сучасны педагог павінен умець быць рэжысёрам, акцёрам, псіхолагам, медыятарам. Трэба быць і своеасаблівым сонцам для дзяцей, каб святлом сваёй душы азараць моцных вучняў і саграваць слабых, ведучы ўсіх разам па дарозе ведаў. Такіх перакананняў прытрымліваецца пераможца ў сваёй намінацыі абласнога конкурсу «Настаўнік года» настаўнік біялогіі гімназіі № 3 Магілёва Аляксандр Афанасенка, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Па меркаванні педагога, аснова паспяховага ўрока — цікавасць вучняў. Каб яе дасягнуць, А. Афанасенка выкарыстоўвае на занятках электронныя сродкі навучання, метад праектаў, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення. Сярод ключавых методык у яго педагагічным арсенале таксама эйдэтыка.
— Біялогія — даволі складаны прадмет. У адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбных праграм навучэнцам прапануецца для запамінання сотні паняццяў і азначэнняў. Вывучыць гэта праз механічнае зубрэнне практычна немагчыма. Спасцігнуць такі велізарны масіў інфармацыі дапамагае развіццё памяці і кіраванне пазнавальнымі працэсамі. Сутнасць эйдэтыкі якраз у гэтым, — заўважыў суразмоўнік.
Яго ўрокі заўсёды напоўнены фізкультхвілінкамі з прыёмамі эйдэтыкі. І гэта не проста фармальнасць, а важны этап па развіцці міжпаўшарных узаемадзеянняў мозга ў дзяцей. Хлопчыкі і дзяўчынкі вучацца канцэнтравацца на важным, развіваюць абстрактнае мысленне. Пры гэтым вучэнне праходзіць займальна. Напрыклад, клетку гімназісты разглядаюць праз метад асацыяцый, будову жывых арганізмаў — з выкарыстаннем метаду прарысоўкі. Тыпы суставаў запамінаюць пры дапамозе дынамічнай адпаведнасці, а калі трэба паўтарыць тэму — «палачкай-выручалачкай» для навучэнцаў становяцца спецыяльна падрыхтаваныя флэш-карты.
— Выкарыстанне эйдэтыкі дапамагае растлумачыць складаныя для ўспрымання тэмы простай мовай. Гэта зрабіла вучэбны працэс больш цікавым. Правядзенне падрабязнай дыягностыкі паказала, што ў навучэнцаў істотна палепшыўся ўзровень памяці, увагі, мыслення і ўяўлення, — адзначыў А. Афанасенка.
Для гэтага неардынарнага настаўніка значнасць мае не толькі навучанне, але і выхаванне. Фарміраванне якасцей дзіцячай асобы для педагога не менш важны аспект, чым трывалыя веды вучняў.
— На працягу ўсяго свайго педагагічнага стажу займаюся класным кіраўніцтвам. Выснова, якую зрабіў з вопыту класнага кіраўніка, — кожнае дзіця асаблівае, але ўсе дзеці роўныя. Да ўсіх вучняў, нават самых закрытых і нематываваных, шукаю падыход. Універсальным ключыкам у гэтым стала прыцягненне гімназістаў да валанцёрскай работы ў атрадзе «Клопат». Яны з энтузіязмам праводзяць сумесныя мерапрыемствы з навучэнцамі спецыяльнай школы, якія маюць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. У ходзе такіх сустрэч дзеці часта раскрываюцца зусім з іншага боку. А яшчэ гэта добра выхоўвае ў іх міласэрнасць і талерантнасць, — расказаў А. Афанасенка.
У выхаваўчай рабоце ён таксама робіць упор на развіццё ў вучнях грамадзянскасці і патрыятызму. Гэтыя якасці настаўнік прывівае, выкарыстоўваючы магчымасці экалагічнай адукацыі. Вучыць дзяцей любіць радзіму праз любоў да прыроды, захапленне ўнікальнымі мясцінамі роднага краю і ўсёй Беларусі. Для гэтых мэт ён распрацаваў віртуальныя медыявандраванні і аўтарскі праект мерапрыемстваў шостага школьнага дня.
— Са сваім класам я ў кантакце ў рэжыме 24/7. У літаральным сэнсе. Праводжу з навучэнцамі вельмі шмат часу за самай рознай дзейнасцю. Цалкам падзяляю думку Ушынскага аб тым, што калі хочаш выхаваць чалавека ва ўсіх адносінах, то яго трэба ва ўсіх адносінах пазнаць. Стараюся быць для вучняў старэйшым таварышам і надзейным сябрам, аказваць ім дапамогу ў складаных сітуацыях. Усебакова ўзаемадзейнічаю і з іх бацькамі. Сумесна ў нас атрымліваецца выхоўваць дзяцей гарманічна развітымі асобамі, — падкрэсліў А. Афанасенка.
Вялікую ўвагу ў сваёй педагагічнай дзейнасці педагог удзяляе раскрыццю здольнасцей гімназістаў. Кожнаму вучню імкнецца прадаставіць магчымасці для самарэалізацыі. Упор робіць на індывідуальны падыход, матывацыю і падтрымку. Вынікі не прымушаюць сябе чакаць: навучэнцы рэгулярна перамагаюць у розных этапах рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, даследчых і творчых конкурсах.
Нямала ў А. Афанасенкі і асабістых прафесійных дасягненняў. Ён неаднаразова выходзіў у лідары на метадычных конкурсах, атрымліваў званне лепшага класнага кіраўніка ў горадзе, выдаў уласны дапаможнік, які дапамагае настаўнікам ажыццяўляць аператыўны і комплексны кантроль ведаў на ўроку. Усімі напрацоўкамі дзеліцца з калегамі: выступае на канферэнцыях, дае майстар-класы, друкуецца ў «Настаўніцкай газеце».
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара





