З акцэнтам на рэгіянальным кампаненце арганізуюць патрыятычнае выхаванне педагогі Слаўгарадскага раёна

- 15:19Новости

Як выхаваць дзяцей сапраўднымі патрыётамі? У Ляснянскай пачатковай школе Слаўгарадскага раёна перакананы: акцэнт у выхаваўчай рабоце варта рабіць на рэгіянальным кампаненце. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Патрыятычнае выхаванне лепш пачынаць не з абстрактных паняццяў, а з блізкага і зразумелага: з прывіцця навучэнцам любові да месца, дзе яны нарадзіліся і жы­вуць, — лічыць дырэктар установы адукацыі Святлана Далькова.

Ляснянскую школу наведва­юць 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта выхаванцы дзіцячага сада і вучні пачатковых класаў. Улічваючы ўзрост дзяцей, у арганізацыі выхаваўчай работы педагагічны калектыў вялікую ўвагу ўдзяляе наяўнасці прадметна-развіццёвага асяроддзя.

— У навучанні дашкольнікаў і малодшых школьнікаў важная нагляднасць, таму распрацоўваем розныя дыдактычныя дапаможнікі. Педагогамі складзена шмат буклетаў, альбомаў, лэпбукаў. Уласнымі намаганнямі аформілі музейны пакой баявой і працоўнай славы, этнаграфічны куток, — расказала Святлана Фёдараўна.

Музей размясціўся ў адным з вучэбных кабінетаў. Дзякуючы намаганням настаўнікаў, тут сабрана звыш 130 экспанатаў, па якіх навучэнцы маюць магчымасць вывучаць беларускую гісторыю, культуру і традыцыі.

— У музейным пакоі праходзяць урокі, факультатыўныя і дадатковыя заняткі. Ключавыя факты ў гісторыі краіны падаём дзецям праз прызму роднага аграгарадка. Вёска Лясная існуе амаль пяць стагоддзяў. За гэты час на нашай зямлі адбылося мноства знакавых падзей. Уся тэарэтычная інфармацыя прадстаўлена блокамі з вялікай колькасцю ілюстрацый і экспанатаў. Экспазіцыі поўнасцю інтэрактыўныя. Дзеці могуць узяць у рукі артэфакты Паўночнай і Вялікай Айчыннай вайны, дакрануцца да прадметаў побыту, якімі карысталіся іх продкі, — расказала настаўніца пачатковых класаў Алена Саладухіна.

Акрамя музейных заняткаў, ляснянскія школьнікі падарожнічаюць па вясковых ваколіцах, знаёмяцца з прыроднымі і архітэктурнымі славутасцямі рэгіёна. А яшчэ дзеці ўдзельнічаюць у адраджэнні народных каляндарных свят, тэатральных пастаноўках паводле мясцовых легенд.

— Імкнёмся, каб дзей­насць па патрыятычным выхаванні была рознабаковай. Фарміруем у дзяцей усведамленне прыналежнасці да нацыі, разуменне таго, што яны — частка прыгожай незалежнай краіны, якую трэба любіць і аберагаць. Пастаянна нагадваем пра тое, што менавіта ім вызначаць будучыню роднай вёскі, — адзначыла Святлана Далькова.

Зерне любові да Радзімы, якое закладваюць у дзіцячыя душы педагогі Ляснянскай пачатковай школы, працягваюць узрошчваць іх калегі са школы ў Лапацічах. Менавіта сюды ляснянскія вучні прыходзяць у 5 клас. Паміж установамі адукацыі наладжана плённае ўзаемадзеянне і пераемнасць.

— Выхаванне навучэнцаў — прыярытэт у рабоце школы. Стараемся закласці ў вучняў патрыятычныя пачуцці, спрадвечныя нацыянальныя каштоўнасці, навучыць іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі, — паведаміў дырэктар Лапаціцкай школы Аляксандр Дзеружынскі.

У навучальнай установе шырока выкарыстоўваюць патэнцыял праекта “ШАГ”, далучаюць вучняў да валанцёрства, сацыяльна значных спраў, захавання гістарычнай памяці.

— Многае робім для таго, каб навучэнцы памяталі аб земляках, якія праславілі Слаўгарадчыну. Так, у Дзень народнага адзінства на сцяне школы з’явілася таблічка, прысвечаная воіну-інтэрнацыяналісту Мікалаю Зліпушэнку. Ураджэнец нашага сельскага Савета за праяўленыя мужнасць і доблесць быў узнагароджаны медалём “За баявыя заслугі”, ордэнам Чырвонай Зоркі. Такія лю­дзі — прыклад для пераймання для сучаснай моладзі, — заўважыў Аляксандр Міхайлавіч.

Асаблівую ўвагу ў Лапаціцкай школе ўдзяляюць далучэнню дзяцей да родных вытокаў. Па ініцыятыве педагога Алены Дзіваковай у кабінеце беларускай мовы і літаратуры ў дэталях аднавілі інтэр’ер сялянскай хаты. У вучняў ёсць магчымасць акунуцца ў атмасферу мінулага, убачыць, як жылі іх дзяды і прадзеды.

— Рэгулярна праводзім выхаваўчыя мерапрыемствы для вучняў, гэта неабходна. Але больш значна тое, што дзецям трансліруецца кожны дзень. Вельмі правільна заўважыў Прэзідэнт: выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт. У гэтых пытаннях нашы педагогі знаходзяцца ва ўзаемаразуменні з сем’ямі навучэнцаў. Разам з бацькамі ўкладваем у сэрцы дзяцей правільныя арыенціры, — падкрэсліў Аляксандр Дзеружынскі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара