З ансамблем і сола: раённы вакальны конкурс «Одарёша» прайшоў у Лошніцкай гімназіі

- 16:17Новости

V раённы вакальны конкурс “Одарёша” прайшоў у Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна.

Гэты конкурс — цудоўная магчымасць для дзяцей, якія захоплены музыкай, праявіць сябе. Адкрыты конкурс вакальнага майстэрства “Одарёша”, які створаны спецыяльна для пачынаючых выканаўцаў, арганізаваны з мэтай падтрымкі культурных традыцый і фарміравання цікавасці да розных жанраў вакалу. Таксама ён накіраваны на выяўленне новых імёнаў і талентаў у галіне вакальнага мастацтва, на абмен вопытам паміж творчымі калектывамі і павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства ў пачынаючых вакалістаў.

Сёлета ў конкурсе, які прайшоў пяты раз, прынялі ўдзел больш за 120 навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі, гімназій і школ Барысава і Барысаўскага раёна. Пачынаючыя вакалісты спаборнічалі сола або ў складзе вакальных ансамбляў у трох узроставых катэгорыях: 6—9 гадоў, 10—13 гадоў, 14—17 гадоў. У рэпертуары юных талентаў былі разнапланавыя кампазіцыі, прадстаўленыя ў такіх намінацыях, як “Акадэмічны вакал” (сола/ансамблі), “Эстрадны вакал” (сола/ансамблі) і “Народны вакал” (сола/ансамблі). У зале гучалі апладысменты: педагогі і баць­кі прыехалі падтрымаць сваіх дзяцей і парадавацца іх поспехам. Добразычлівая і прыемная атмасфера дазволіла канкурсантам смела трымацца на сцэне і годна выступіць перад шматлікай аўдыторыяй і журы, у склад якога ўвайшлі кваліфікаваныя спецыялісты па вакале.

Па словах удзельнікаў, конкурс “Одарёша” — гэта не проста творчае спаборніцтва, а маленькае свята ў чароўнай атмасферы. Ні адно дзіця не засталося без увагі, кожнае атрымала дыплом пачынаючага вакаліста “Одарёша” ІІІ, ІІ або І ступені.

Згодна з палажэннем, конкурс праводзіцца для тых пачынаючых выканаўцаў, якія раней не ўдзельнічалі або не маюць узнагарод у конкурсах падобнага роду, што дае магчымасць маленькім артыстам павялічыць іх шансы на перамогу. Конкурсы такога фармату маюць вялікае значэнне для дзяцей, якія толькі пачынаюць свой музычны шлях. Гэта старт, пачатковая прыступка, першая перамога і новы вопыт, які дапаможа ў далейшым ва ўдасканаленні вакальнага майстэрства кожнага адоранага дзіцяці.

Невыпадкова конкурс “Ода­рёша” набыў статус традыцыйнага. Стала сімвалічным тое, што на працягу пяці гадоў запар на вакальным небасхіле запальваюцца новыя яркія зорачкі. Хтосьці пачаў спяваць даўно, іншыя — некалькі месяцаў назад. Магчыма, у іх яшчэ не ўсё атрымліваецца, але праз некалькі гадоў, калі жаданне зай­мацца вакалам стане больш моцным, мы ўбачым віртуозных вакалістаў.

Прыемна, што конкурс вакальнага майстэрства для пачынаючых вакалістаў до­рыць кожнаму ўдзельніку радасць творчасці. А першыя маленькія перамогі над сабой — гэта свое­асаблівы штуршок да дасягнення наступных вяршынь.

Здаецца, конкурс толькі прайшоў, але я як арганізатар ужо думаю над тым, якім бу­дзе новае спаборніцтва. Дакладна ведаю адно: у бягучым годзе “Одарёша” ў сэрцы кожнага ўдзель­ніка пакіне такі ж добры, радасны след. Кожны канкурсант атрымае ад яго часцінку новага вопыту, натхніцца сваімі перамогамі і дасягненнямі.

 Ірына МІТРАФАНЕНКАВА,
 настаўніца музыкі Лошніцкай гімназіі Барысаўскага раёна

Фота аўтара