Лета — гэта маленькае жыццё, асабліва для дзіцяці. Удосталь нагуляцца з сябрамі, аднавіць сілы, падрасці і ўмацаваць здароўе — задачы не з простых, але вырашальных. Пра неабходныя складнікі летняга дзіцячага адпачынку карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў дасведчаны педагог-псіхолаг.
З дэсантніка ў псіхолагі
Менавіта з такім педагогам-псіхолагам я сустракаюся ў пачатку чэрвеня ў сценах Бярэзінскай гімназіі Мінскай вобласці. Уладзімір Ганчук, педагог-псіхолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, аказвае псіхалагічную дапамогу гімназістам ужо 33 (!) гады. За плячыма спецыяліста не проста гады карпатлівай працы, а пражытыя гады каласальнага вопыту работы з дзецьмі. Мужчына-волат і ў той жа час адкрыты і дружалюбны чалавек — такі ён, Уладзімір Віктаравіч.
Яго шлях у педагагічную псіхалогію просты і незвычайны адначасова. Ураджэнец вёскі Паплавы на Бярэзіншчыне, Уладзімір Ганчук пасля заканчэння школы ў 1986 годзе марыць пра кар’еру… дэсантніка. Таму і накіроўваецца ў Разанскае паветрана-дэсантнае вучылішча, дзе, вытрымаўшы конкурс у 33 чалавекі на месца (33 — яго магічная лічба), паступае на вучобу. Аднак у хуткім часе забірае дакументы, каб паступіць на факультэт методык выхаваўчай работы ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. У гэтым учынку — увесь ён: юны, вольналюбівы, з гарачым жаданнем дапамагаць людзям. Скачок з дэсантніка ў псіхолагі — нібы скачок з парашутам.
Адслужыўшы ў арміі, будучы псіхолаг вяртаецца ў педінстытут, каб скончыць яго экстэрнам і ў 1991 годзе прыехаць на работу ў Бярэзінскі раён. У горадзе якраз адкрывалася Бярэзінская гімназія, дзе малады спецыяліст і пачынае працоўны шлях. Ён першы педагог-псіхолаг у раёне і доўгі час адзіны.
— Калі задаю сабе пытанне, чаму застаўся ў прафесіі ў адрозненне ад многіх маіх аднакурснікаў, то разумею, што на маё рашэнне паўплываў адзін выпадак, — дзеліцца Уладзімір Віктаравіч. — Я пачынаў працаваць з дзецьмі, якія ў той час, пачатак 90-х, былі ростам, як я, вельмі актыўныя, дарослыя, нават брутальныя. Паводзіны ў іх былі дрэнныя, дзеці лаяліся матам. Мне ўдалося наладзіць з імі кантакт, і да канца года ніхто ўжо не брыдкасловіў, не курыў у школе, мы разам хадзілі ў паходы. На выпускным у гэтым класе таты апусціліся перада мной на калені, а мамы — пакланіліся мне, маладому псіхолагу. Гэта была найлепшая ўдзячнасць, якую я атрымліваў. Пасля гэтага выпадку я вырашыў: пакуль буду патрэбен хоць аднаму дзіцяці і яго бацькам — буду на месцы, буду працаваць псіхолагам, што б ні здарылася. Галоўнае для мяне — не кар’ера і навуковыя дасягненні, а работа з чалавекам.
Я не амбіцыйны чалавек, не хачу быць кіраўніком. Хоць мне прапаноўвалі пасаду дырэктара школы 6 разоў, але я хачу быць псіхолагам-практыкам.
Сяброўства як бонус
А зараз — бліжэй да лета. Па меркаванні Уладзіміра Віктаравіча, лета для дзяцей і падлеткаў — гэта магчымасць жыць сваім жыццём, хаця б крыху пазбавіцца кантролю дарослых, навучыцца будаваць узаемаадносіны з равеснікамі.
— Калі я працаваў педагогам-псіхолагам у раённым летніку “Папараць-кветка”, то заўважыў, што дзіця пакутуе ад таго, што ў яго тут забіраюць мабільны тэлефон, — усміхаецца псіхолаг. — Гэта падобна на залежнасць ад алкаголю і псіхаактыўных рэчываў, я не жартую. Дзіця ў прастрацыі, яно не ўмее камунікаваць, не ўмее наладжваць зносіны, не ведае, пра што гаварыць з іншымі дзецьмі. Больш за тое, я назіраў карціну, калі хлопец і дзяўчына, седзячы побач, “заліпаюць” у тэлефонах, замест таго каб проста ўзяцца за рукі. З гэтага пункту гледжання лета для дзяцей і падлеткаў — магчымасць пазбавіцца залежнасці ад смартфонаў. І ў гэтым несумненны плюс менавіта арганізаванага адпачынку.
Уладзімір Ганчук прызнаецца, што шакіраваны тым, якія брудныя адносіны паміж дзецьмі ў сацыяльных сетках, як шмат там брыдкаслоўя, пошласці. Адсутнасць навыкаў узаемаадносін і пабудовы камунікацыі ў непаўналетніх відавочныя. Дзеці і падлеткі замкнутыя, яны не ўмеюць кантактаваць. А летнікі дапамагаюць ім выправіць гэтую хібу. За 20 дзён змены дзіця атрымлівае бонусам сапраўднае сяброўства, якое не атрымлівалася за 5 гадоў навучання ў адным класе, а таксама магчымасць паўнавартасна харчавацца па рэжыме. Акрамя гэтага, для падлетка летні лагер — гэта магчымасць самастойнасці, магчымасць зарабіць свае першыя грошы ў лагеры працы і адпачынку.
Педагог-псіхолаг упэўнены, што для паўнавартаснага адпачынку любому чалавеку, і дзіцяці ў тым ліку, неабходна змена абстаноўкі. І для гэтага не абавязкова ехаць у іншую краіну, на мора, можна паехаць па Беларусі. Такі адпачынак — магчымасць змяніць сваё акружэнне, праветрыць галаву.
— А ў нас летні адпачынак для дзяцей часта арганізоўваецца на базе школы, — працягвае Уладзімір Віктаравіч. — Магчыма, я не маю рацыі і не маю права крытыкаваць, бо школьны лагер — гэта сапраўдная палачка-выручалачка для працуючых бацькоў… Але правучыцца ў школе цэлы год і адпачываць тут жа, у школе… Разумею, што па-іншаму часам не атрымліваецца, гэта па-першае. Другі момант, на які звяртаю ўвагу: дзіця цэлы год на ўроках бачыць строгага настаўніка, а тут яно прыходзіць у лагер, і там строгі настаўнік — ужо яго сябар. З чаго такія перамены? А як стомленаму за год педагогу перастроіцца з прынцыповага выкладчыка ў задушэўнага сябра свайму вучню? На жаль, многія спробы зрабіць адукацыйны працэс цікавым і яркім ператвараюць педагога ў аніматара. Наколькі педагог гатовы перастроіцца, каб стаць важатым у летніку? Спынюся на яшчэ адным моманце. Чалавек, які можа павесці за сабой дзяцей, — гэта малады чалавек. На мой погляд, пенсіянер не можа быць важатым. Ён можа дзяліцца вопытам, а тут патрэбны гарэзлівасць, кураж, драйв.
Селядзец з маннай кашай
Лета для педагогаў-псіхолагаў — гарачая пара. Дзеці атрымліваюць свабоду, якая можа правакаваць на прыгоды. А калі ўлічыць тое, што некаторыя бацькі ставяцца з утрыманскіх пазіцый да школы і педагогаў, то робіцца зусім сумна. Уладзімір Ганчук, каб падмацаваць гэтае перакананне, прыводзіць у прыклад даўні выпадак:
— Мы з калегамі ў час летняга водпуску адпачывалі вечарам у кафэ. У гадзіну ночы ля кафэ дзіця падае з парапета і ламае руку. Мы вызываем хуткую дапамогу. Я імкнуся высветліць, дзе бацькі пацярпелага дзіцяці, на што атрымліваю ў адказ ад таты аднаго з вучняў нашай гімназіі прыкладна такую фразу: “А дзе школа? Дзе бацькоўскі камітэт? Настаўнікам за гэта плацяць зарплату. Я — бацька, я нарадзіў дзіця, кармлю яго і апранаю. Астатняе — ваша адказнасць, бо мы плацім падаткі на вас”. Заўважу, што гэты чалавек — мой былы вучань. І такое стаўленне да школы і настаўнікаў прагрэсіруе ў грамадстве. У сям’і не атрымліваюцца зносіны з дзецьмі — навучыце нас, у сям’і жонка не разумее, што важна яе мужу, — навучыце яе. Гэта не анекдот, а рэальныя запыты бацькоў. Пятнаццаць гадоў назад супрацоўнік адміністрацыі ўстановы адукацыі хадзіў па вёсцы і збіраў подпісы бацькоў аб тым, што яны будуць займацца выхаваннем уласнага дзіцяці. Такая псіхалогія ў людзей. Дзяржава шмат дае, і людзі злоўжываюць гэтай дапамогай.
Псіхолагу не падабаецца, калі бацькі аддаюць дзяцей у летнік без іх жадання. У такім выпадку дзіця паводзіць сябе адпаведна: я нічога не хачу, пакіньце мяне ў спакоі. Добрыя бацькі не аддаюць дзіця ў лагер, а прадастаўляюць яму магчымасць паспрабаваць сябе. Яны прыгадваюць, як ім было класна ў лагеры ў іх дзяцінстве, расказваюць пра сяброўства, першую закаханасць, пра тое, як цікава яны бавілі час, пра надакучлівых камароў, пра нязручнасці, калі пападалі пад дождж, і г.д. І тады дзіця загараецца: хачу! Летнік запамінаецца на ўсё жыццё. Напрыклад, сам Уладзімір Ганчук у дзяцінстве адпачываў у спартыўным лагеры і на ўсё жыццё запомніў, як яму на вячэру падалі селядзец з маннай кашай.
— Для мяне гэта стала кулінарным адкрыццём. У тым лагеры я закахаўся ў 14-гадовую дзяўчынку, а мне было толькі 10. І яна была такая высокая, прыгожая — я не спаў начамі, пісаў вершы. Гэта ж здорова! У лагер дзіця ідзе не толькі па харчаванне, але і па эмоцыі. Яму трэба, каб яго пахвалілі, пагладзілі па галаве, не чапалі, заўважылі. Калі дзіця толькі трапляе ў новы калектыў, у яго ёсць магчымасць паказаць сябе, — дзеліцца псіхолаг.
Перамагаць цяжкасці і задачкі
А што думае спецыяліст з такім важкім стажам пра тэматычныя летнікі для высокаматываваных дзяцей?
— Я іх падтрымліваю, — адказвае Уладзімір Віктаравіч. — Дзе дзіця набудзе моўныя навыкі лепш, чым у асяроддзі носьбітаў мовы ў лінгвістычным лагеры! З іншага боку, у сваёй практыцы я бачу дзяцей, якіх не магу назваць здаровымі ні фізічна, ні псіхалагічна, якія вучацца круглыя суткі. Гэта стомленыя дзеці, дзеці без канікул, без сяброўства, без зносін. З такіх дзяцей вырастаюць дарослыя, здольныя здзяйсняць адкрыцці. І гэта замкнутыя людзі, якія не навучыліся кантактаваць з іншымі. А калі ім было наладжваць кантакт? Яны карпелі над падручнікамі. Я ўпэўнены, што ўсё павінна рабіцца з жаданнем, калі дзіця прыходзіць у захапленне ад таго, што яно перамагло задачку, а пасля яшчэ адну, а потым зрабіла гэта лепш, чым іншыя. Яшчэ плюс тэматычных лагераў у тым, што туды падбіраюцца адпаведныя высакакласныя спецыялісты. Тое ж і ў дачыненні да спартыўных лагераў: гэта выдатная магчымасць для юных спартсменаў прытрымлівацца рэжыму, атрымліваць харчаванне, трэніравацца. Чаму многія кітайскія спартсмены дасягаюць недасяжных вышынь у спорце? Яны да аўтаматызму адпрацоўваюць свае навыкі. У нас такога няма, ды, можа, і не трэба. Можна мядзведзя навучыць ездзіць на матацыкле, аднак ён не паедзе катацца сам.
У летніках работа псіхолага — гэта ў асноўным зносіны з дзецьмі. Зразумела, калі ёсць крызісная сітуацыя, то даводзіцца звяртацца да патрэбных методык. У практыцы педагога-псіхолага быў такі выпадак: у летнік прыехала своеасаблівае дзіця, замкнутае, з праблемамі ў зносінах. Уладзімір Ганчук працаваў з ім кожны дзень. Ці быў вынік? Праз тыдзень дзіця ўжо не закатвала істэрыкі, не так капрызіла. Для Уладзіміра Віктаравіча на той момант гэта была сапраўдная перамога.
— Зараз у гімназіі працуе летняя пляцоўка, і для мяне работа з дзецьмі працягваецца, — адзначае Уладзімір Ганчук. — Я назіраю, як яны дзейнічаюць у новых для сябе сітуацыях, у часовым дзіцячым калектыве, у сітуацыі, калі няма адзнакавай сістэмы. Як яны ставяцца зараз да нелюбімых і любімых настаўнікаў. Для мяне гэта каштоўны вопыт работы, бо немагчыма штучна стварыць падобныя сітуацыі. Я не прыхільнік бясконцых гульняў з дзецьмі, я псіхолаг, а не аніматар. Тое, што раскажа мне дзіця падчас зносін у летніку, — гэта скарб, які я падчас вучэбных заняткаў не знайду. Лета — чароўны час для псіхолага, калі можна прадыягнаставаць дзіця не пры дапамозе тэстаў, а якасна, ужывую, а пасля падкарэкціраваць яго паводзіны.
Выдатнага вам лета, калегі!
Наталля КАСТЭНКА