Новы год — любімае свята і дзяцей, і дарослых. Усе з нецярпеннем чакаюць падарункаў, дораць і прымаюць навагоднія віншаванні. Таму навучэнцы і дарослыя сярэдняй школы № 5 Навагрудка актыўна ўзялі ўдзел у пераднавагодняй акцыі “Нашы дзеці”.
Ужо з пачатку снежня навучэнцы 1—11 класаў нашай школы пачалі актыўна вырабляць віншавальныя паштоўкі да Новага года. Іх аказалася так шмат, што на першым паверсе школы была арганізавана выстаўка.
Таксама плён вырабу сваімі рукамі — чырвоныя рукавічкі. Не было ні адной падобнай рукавічкі: кожная адрознівалася памерамі, упрыгожваннямі, задумкай і фантазіяй аўтара. Усе рукавічкі стануць навагоднімі падарункамі выхаванцам сацыяльна-педагагічнага цэнтра нашага горада.
Валанцёрамі “Ад сэрца да сэрца” была арганізавана дабрачынная акцыя “Стань чараўніком на Новы год”. У чароўны куфэрак Снягуркі і Дзеда Мароза кожны змог пакласці невялічкі падарунак дзецям з мнагадзетных, малазабяспечаных сямей і адчуць сябе сапраўдным чараўніком.
Члены піянерскага актыву правялі з малодшымі школьнікамі майстар-клас па вырабе навагодніх анёлаў з паперы. Будзе што падарыць сваім бацькам хлопчыкам і дзяўчынкам з 2 “Г” класа!
Стварыць навагодні настрой удзельнікам акцыі “Нашы дзеці” дапамагла акцыя “Сняжынка настрою”. Адпаведны смайлік на сняжынцы без слоў расказаў пра галоўнае.
Таццяна ШАХ,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 5 Навагрудка.