З дзіцячых рук — часцінку цеплыні

- 9:55Авторские колонки, Ремарка

Наталля КАСТЭНКА

 

 

 

 

 

Тыдзень перад Вялікаднём у нашай краіне заўсёды праходзіць асабліва. У гэтыя дні хочацца навесці парадак у сваім доме і сваіх думках, дапамагчы блізкаму, падтрымаць таго, хто мае ў гэтым патрэбу. І не трэба быць асабліва веруючым чалавекам, каб правесці бягучы тыдзень з верай у людзей. Дастаткова проста адкрыць сваё сэрца людзям.

Думаецца, што Вялікдзень — гэта не проста сімвалы: куліч і пасха, фарбаваныя яйкі і прысмакі. Вялікдзень — гэта своеасаблівы прыпынак у жыцці кожнага чалавека. Сусвет быццам гаворыць нам: “Затрымайся на хвілінку, азірніся вакол. Магчыма, камусьці патрэбна твая дапамога, а хтосьці чакае ад цябе ўвагі і цёплага слова”. Вялікдзень — гэта час, калі кожны з нас наведвае ўнутраны храм, дзе жыве яго душа. І вучыць гэтаму сваіх дзяцей.

Нашы дзеці вучацца ў нас, назіраючы за нашымі ўчынкамі, за тым, як мы ставімся да людзей. За прыкладамі далёка хадзіць не трэба, аб гэтым шчодра пішуць пазаштатныя аўтары “Настаўніцкай газеты”. Так, Алена Анісеня, мама трох сыноў — навучэнцаў Поразаўскай сярэдняй школы Свіслацкага раё­на Гродзенскай вобласці, дзеліцца вопытам правядзення майстар-класа для бацькоў “Яркія фарбы Вялікадня”. Удзельнікі майстар-класа пад яе кіраў­ніцтвам навучыліся пры дапамозе спецыяльных фарбаў і звычайных сурвэтак ператвараць звычайныя яйкі ў “мармурова-каштоўныя”. Таксама пры дапамозе хуткай і арыгінальнай тэхнікі дзеці вырабілі сувенір-падстаўку ў выглядзе зайчыка для велікоднага яйка. Вось так перадсвяточная атмасфера, яркія дэталі і фарбы стварылі ўсеагульны настрой творчасці. А дома Алена Вячаславаўна са сваімі хлопчыкамі яшчэ раз абмеркавалі парадак хатніх перадсвяточных падрыхтовак. Дакладна можна сказаць: свята ў сям’і атрымаецца яркае, маляўнічае і незабыўнае!

У дні перад Вялікаднём цяплом і клопатам хочацца сагрэць кожнае сэрца. Добра разумеюць гэта і ў сярэдняй школе № 1 Чавус Магілёўскай вобласці. Навучэнцы ўстановы адукацыі гэтымі днямі ўпершыню правялі акцыю “З дзіцячых рук — часцінку цеплыні”. Да свята дзеці рыхтаваліся загадзя: два месяцы рабілі гіпсавыя нарыхтоўкі велікодных яек і расфарбоўвалі іх. У выніку атрымалася каля 50 сувеніраў, якімі дзеці падзяліліся з тымі, хто асабліва востра адчувае патрэбу ў зносінах, клопаце, таму заўсёды шчыра рады ўвазе. Хлопчыкі і дзяўчынкі завіталі ў госці да пажылых людзей у Чавускі раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

“Вельмі кранальна было, калі бабулі і дзядулі сталі нам дзякаваць за падарунак, сталі нас абдымаць, і на вачах у іх былі слёзы”, — падзялілася эмоцыямі Арына, вучаніца 6 класа сярэдняй школы № 1 Чавус.

Рыхтуюцца да Вялікадня і на Гомельшчыне. Як і летась, да ўдзелу ў штогадовым раённым велікодным фестывалі “Песні Белай Русі”, арганізаваным мясцовымі ўладамі, запрасілі навучэнцаў і педагогаў Жлобінскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Па словах выхавальніцы названай установы Таццяны Абраменка, фестываль праводзіцца напярэдадні свята ў гарадскім цэнтры культуры, і навучэнцы цэнтра разам са сваімі педагогамі ладзяць выставу работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці на велікодную тэматыку.

Вялікдзень — гэта не проста атрыбутыка свята. Гэта магчымасць кожнаму з нас наведаць пажылых і нямоглых людзей, дзетак у сацыяльным прытулку ці бальніцы, працягнуць руку чалавеку з асаблівасцямі ў развіцці, падзяліцца ведамі і ўменнямі з іншымі сем’ямі.

Кожны адкрывае свой храм. І толькі мы самі здолеем зрабіць гэта з сапраўднай цеплынёй у сэрцы.