З моладдзю — пра моладзь

- 10:41Актуально, Апошнія запісы

З 21 па 25 чэрвеня ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня” праходзіў XIV Міжнародны маладзёжны форум “Дружба без межаў”. За час правядзення форуму з 2005 года яго ўдзельнікамі сталі больш за 800 чалавек з 20 краін блізкага і далёкага замежжа. Сёлета ў мерапрыемстве ўзялі удзел прадстаўнікі 13 краін: Азербайджана, Беларусі, В’етнама, Камеруна, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Расіі, Сірыі, Таджыкістана, Туркменістана, Украіны.

У насычанай праграме форуму былі: урачыстая цырымонія ўскладання кветак “Мы памятаем!” на стэле “Мінск — горад-герой”, экскурсія па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, форум-сустрэчы, пляцоўкі па абмене вопытам, сустрэчы з прадстаўнікамі маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, Інстытута кіраўніцкіх кадраў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, прадстаўніком ЮНІСЕФ у Рэспубліцы Беларусь доктарам Рашэдам Мустафа Сарварам, наведванне Беларускай АЭС, фарсайт маладзёжных сацыяльных праектаў “Час дзейнічаць”, выстава — прэзентацыя нацыянальных культур “Шматколерная палітра”, касцёр Дружбы, этнакультурныя праграма “Зямля пад белымі крыламі”. Гэта далёка не ўвесь пералік спраў і мерапрыемстваў пяцідзённага знаходжання моладзі ў нашай краіне.

22 чэрвеня на XIV Міжнародным маладзёжным форуме “Дружба без межаў” стаў асаблівым днём: НДЦ “Зубраня” наведаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. Ён прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця, на якой падчас прывітальнага слова падкрэсліў значнасць дыялогу паміж маладымі людзьмі розных краін і пажадаў самага галоўнага — захавання міру, за які змагаліся нашы продкі. Цырымонія адкрыцця перайшла ў сустрэчу з удзельнікамі форуму “Размова з моладдзю пра моладзь”. Падчас сустрэчы прадстаўнікі розных краін змаглі атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць, унесці прапановы па арганізацыі і рэалізацыі маладзёжных праектаў, абмеркаваць асноўныя напрамкі маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. Пералік пытанняў быў сапраўды шырокім і разнастайным: адукацыя ў Беларусі, працаўладкаванне моладзі, арганізацыя вольнага часу маладых людзей, патрыятычнае выхаванне, фарміраванне пазітыўнага стаўлення да сямейных каштоўнасцей, стварэнне ўмоў для сацыяльна значных і грамадскіх ініцыятыў, запатрабаванасць спецыялістаў заўтрашняга дня, інклюзіўная адукацыя.

Нягледзячы на свабодную і нязмушаную абстаноўку, сустрэча прайшла прадукцыйна, удзельнікі форуму былі ўражаны разгорнутасцю і глыбінёй атрыманых адказаў. Ігар Васільевіч Карпенка атрымаў памятны знак “Ганаровы ўдзельнік Міжнароднага маладзёжнага форуму “Дружба без межаў”.

Завяршыўшы размову з удзельнікамі форуму, Ігар Васільевіч сустрэўся з дзецьмі і кіраўнікамі Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якія адпачываюць у НДЦ “Зубраня” ў рамках рэалізацыі Міжнароднай беларуска-сірыйскай змены “Ад сэрца да сэрца”. Пасля прагляду відэафільма аб знаходжанні дзяцей у нашай краіне Ігар Васільевіч звярнуўся да ўсіх прысутных: цёплыя і душэўныя словы, якія гучалі ў адрас сяброў з далёкай Сірыі не маглі пакінуць абыякавымі, а ўручэнне падарункаў парадавала дзяцей не менш за ветлівыя адносіны. Удзельнікі Міжнароднай беларуска-сірыйскай змены таксама падрыхтавалі для міністра адукацыі падарунак — канцэртную праграму, у якой прадэманстравалі свае таленты. Завяршылася сустрэча традыцыйнай памятнай фатаграфіяй.

Кацярына ШАРКЕЛЬ,
намеснік дырэктара НДЦ “Зубраня” па вучэбна-метадычнай рабоце.
Фота Алега БАГІНСКАГА.