Год малой радзімы для сістэмы адукацыі быў насычаны шматлікімі краязнаўчымі мерапрыемствамі і праектамі. Своеасаблівым падвядзеннем яго вынікаў стаў фінальны этап рэспубліканскага конкурсу “Нататкі юнага вандроўніка”. Сваімі назіраннямі, уражаннямі, атрыманымі падчас паходаў і экскурсій, удзельнікі дзяліліся ў намінацыі “Гісторыя адной вандроўкі”, а мастацкія работы ў выглядзе замалёўкі аб’екта, прадмета, персанажа, якія сустракаліся падчас падарожжа, прадстаўляліся ў намінацыі “Замалёўка вандроўніка”.
Акрамя аповеду пра свае падарожжы і арыгінальных творчых работ, выкананых у тэхніцы графікі і жывапісу, навучэнцы прадстаўлялі на суд журы дзённікі вандроўніка. Запаўненне такога дакумента было абавязковай умовай для кожнага канкурсанта. Дзённік вандроўніка распрацаваны Міністэрствам адукацыі з мэтай масавага далучэння навучэнцаў да турыстычна-экскурсійнай дзейнасці, атрымання і сістэматызацыі ведаў пра адметнасці роднага краю, развіцця адукацыйнага турызму. Значную дапамогу ў гэтым плане і аказвае дзённік вандроўніка. У ім вучні ўсіх ступеней навучання фіксуюць наведаныя экскурсійныя аб’екты, дапамагаюць вывучаць Радзіму.
Асновай для дзённіка стаў распрацаваны Міністэрствам адукацыі пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання кожным навучэнцам. Яны фіксуюць у дзённіках аб’екты гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, якія наведалі індывідуальна або ў суправаджэнні бацькоў ці ў складзе экскурсійных груп. Конкурс “Нататкі юнага вандроўніка” якраз і паказаў, наколькі эфектыўным стала выкарыстанне дзённіка юнага вандроўніка ў адукацыйным працэсе, наколькі ён дазволіў заахвоціць актыўных удзельнікаў экскурсій і паходаў, якія змаглі яшчэ праявіць і свой творчы патэнцыял.
“На конкурс, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”, прадстаўляліся дзённік вандроўніка і творчая работа па адной з намінацый — “Гісторыя адной вандроўкі” або “Замалёўка вандроўніка” — па трох узроставых катэгорыях. На рэспубліканскі этап конкурсу паступіла 128 работ (дзённікі і творчыя работы), 73 гісторыі адной вандроўкі і 55 замалёвак. Работы ў тым выглядзе, у якім мы іх атрымалі, нас, членаў журы, вельмі ўразілі. Мы бачым, колькі вы здзейснілі экскурсій, паходаў, якія яны выклікалі ў вас эмоцыі. Радуе, што вы не толькі вывучалі сваю малую радзіму, але і знаходзілі магчымасці выязджаць за межы сваіх раёнаў, абласцей. Нехта пацвердзіў свае экскурсіі пячаткамі, нехта — фотаздымкамі, нехта — магніцікамі, якія вы прывезлі, каб доўга помніць падарожжа”, — звярнулася да канкурсантаў намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Андрэеўна Жур.
Наколькі цікавымі і арыгінальнымі атрымаліся замалёўкі ў юных вандроўнікаў, можна пераканацца вось на гэтых фотаздымках. Уладзіслаў Чалевіч, навучэнец Станькаўскай сярэдняй школы імя Марата Казея і Дзяржынскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства, Іван Аляшкевіч з Томкавіцкага ясляў-
сада — базавай школы Дзяржынскага раёна і Ягор Сідарэнка з сярэдняй школы № 2 Чэрыкава — усе яны прызнаны пераможцамі ў намінацыі “Замалёўка вандроўніка” і атрымаюць дыпломы І ступені Міністэрства адукацыі. Работы, якія вы бачыце на фотаздымках, — гэта іх, прызёраў у згаданай намінацыі, творчых рук справа. Цяпер крыху павандруем. Дапамогуць нам пераможцы другой намінацыі. Мы наведаем мемарыяльны комплекс каля вёскі Сычкава ў Бабруйскім раёне, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы “Акопы” і сталічны музей “Краіна міні”.
“Я бачыў некалькі ваенных помнікаў у нашым горадзе. Але памеры гэтага мяне ўразілі. Вялізныя вароты, дзве гарматы па баках і знак з надпісам. У сярэдзіне комплексу паабапал сцежкі ўстаноўлены памятныя дошкі. Адна мяне зацікавіла больш за ўсе. Мой цёзка — Фёдар Архіпенка, лётчык-знішчальнік, Герой Савецкага Саюза. У гады вайны ён здзейсніў 467 баявых вылетаў і ў адзіночку збіў 30 варожых самалётаў. Мне адразу захацелася стаць лётчыкам, каб здзейсніць подзвіг і стаць вядомым. Далей я ўбачыў вялікі курган. Мне сказалі, што пад гэтым курганам знаходзіцца брацкая магіла. Гэтую экскурсію я запомню надоўга. Я ніколькі не шкадую, што ў дзень майго нараджэння мы паехалі не як звычайна, у лес, а на экскурсію ў мемарыяльны комплекс. У школе абавязкова раскажу сваім сябрам пра паездку і нават параю таксама туды наведацца”, — падзяліўся вучань сярэдняй школы № 2 Бабруйска Фёдар Кладчанка, пераможца намінацыі ў малодшай узроставай катэгорыі.
Гісторыі адной вандроўкі з’яўляюцца не проста аповедам пра экскурсію або паход, апісаннем пэўных аб’ектаў. Гэта сапраўдныя літаратурныя творы, у якіх ёсць завязка, развіццё дзеяння, кульмінацыя і развязка. Дарэчы, менавіта такой, згодна з умовамі конкурсу, павінна быць структура прадстаўленых работ. І, канечне, аўтарскія разважанні, эмоцыі, думкі. Без іх ні самі работы, ні іх абарона не былі б настолькі цікавымі.
“Скажыце, вы хацелі б перанесціся з горада ХХІ стагоддзя ў госці да шляхцічаў пачатку ХХ стагоддзя? Ды каб вас там сустракалі як самага жаданага блізкага сваяка, па якім гаспадары засумавалі?” — пачынае аповед пра наведванне “Акопаў” вучаніца сярэдняй школы № 111 Мінска Яўгенія Шамкаловіч.
Мясціны, па якіх калісьці прагульваўся паэт, дзяўчыне цудоўна знаёмыя, бо каля вёскі Харужынцы Лагойскага раёна жывуць сваякі, да якіх яна часта прыязджае ў госці. Канечне, знаходзячыся ў такіх мясцінах, нельга не наведацца ў музей. Для Яўгеніі, як і для яе бацькоў, тут знаёмая кожная сцежка, кожны куточак. “Яшчэ маленькім дзіцем я радавалася прыгажосці і прыволлю Лагойшчыны, яе непаўторным узгоркам, утульным лясам, таямнічым ярам з сярэбранымі ручайкамі. Зараз, калі я стала старэйшай, мне гэтыя мясціны падабаюцца яшчэ больш. Цяпер я ведаю, што тутэйшая прыгажосць натхняла паэта на стварэнне цудоўных твораў”. І як пасля гэтых слоў не наведацца ў “Акопы”? Лепш летам, але і зімой тут пануе асаблівая атмасфера: заснежаныя ўзгоркі, пакрытыя белай коўдрай утульныя лясы, а таямнічыя яры з сярэбранымі ручайкамі становяцца яшчэ больш таямнічымі.
Каб пастаяць ля магутных веж усіх замкаў, што захаваліся на беларускай зямлі, прагуляцца па паркавых прысадах каля былых шляхецкіх сядзіб, якім пашчасціла не згінуць у віхуры часу, — адным словам, каб наведаць два-тры дзясяткі найбольш знакамітых помнікаў гісторыі і архітэктуры нашай краіны, спатрэбіцца не адзін месяц вандровак. Гэтую часавую прастору можна значна звузіць, калі наведацца ў сталічны музей “Краіна міні”. Пра гэты арыгінальны музей, упэўнены, чулі многія, а многія з нашых чытачоў і самі наведваліся ў будынак Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў, дзе размясцілася ўнікальная экспазіцыя. Усе мы помнім наша здзіўленне, захапленне. А якія эмоцыі перапаўнялі нашых дзяцей! Хаця, можа, гэта дзеці здзіўляліся нашым эмоцыям і з цікавасцю разглядалі не толькі экспанаты, але і па-дзіцячы захопленыя твары сваіх татаў і мам. Гэтак жа захапляльна паведаміў пра сваё наведванне музея Ілья Валынец з сярэдняй школы № 111 Мінска.
“Яшчэ ніколі я не бачыў такога мноства помнікаў культуры і архітэктуры ў адным месцы! Музей стаўся для нас, наведвальнікаў, месцам, якое сканцэнтравала ў сабе дакладныя звесткі, можна сказаць, аб усёй Беларусі. Дэталізаваныя макеты, якаснае асвятленне і ўвогуле інтэр’ер музея – усё складала найлепшае ўражанне і прыемную атмасферу”, — падзяліўся вучань.
“Многія падарожжы, пра якія гаворыцца ў конкурсных работах, былі здзейснены сем’ямі. Вельмі каштоўна, што вы і вашы бацькі цікавіцеся гісторыяй і культурай роднай Беларусі. Тое, што вы не толькі апісалі свае вандроўкі, але і аформілі работы па-мастацку, гаворыць пра вашы адказныя адносіны да працы, да падарожжа, да запаўнення дзённіка. Вы здзяйснялі падарожжы не толькі ў межах свайго населенага пункта, раёна, вобласці, але і перамяшчаліся на далёкія адлегласці. Нягледзячы на пандэмію, вы падарожнічалі, няхай толькі малымі групамі. Дзякуй педагогам, якія дапамагалі вам ствараць работы. Хочацца падзякаваць і бацькам, якія адгукаюцца на заклікі дзяцей, падарожнічаюць разам з імі”, — падвяла вынікі конкурсу Лідзія Андрэеўна.
Дарэчы, наконт журы. І Лідзіі Андрэеўне, і яе калегам з Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства (Аляксандры Яўгенаўне Кравец, Таццяне Сямёнаўне Емяльянавай, Юліі Віктараўне Кісялёвай) можна па-добраму пазайздросціць. Наведаць за некалькі гадзін, няхай і завочна, дзясяткі адметных мясцін і куточкаў Беларусі можна толькі з’яўляючыся членам журы рэспубліканскага конкурсу юных вандроўнікаў. Хаця навошта зайздросціць? На сайце РЦЭіК можна азнаёміцца з усімі конкурснымі матэрыяламі і адправіцца ў захапляльнае падарожжа.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.