З паклонам да ветэранаў: да 80-годдзя вызвалення Беларусі актывізуюць работу прафактывісты Веткаўскага раёна

- 17:00Новости

Калі з Васілём Самковым, які ўзначальвае Веткаўскі раённы камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, папярэдне ўзгаднялі нашы дзеянні, ён папярэдзіў: давядзецца бегаць.

З В.Самковым і ходзім, і бегаем, і ез­дзім. Заглянулі ў раённую бібліятэку, дзе ён право­дзіць сустрэчы таварыства аматараў паэзіі “Ветачка мая” (традыцыю заклалі з настаўнікамі-ветэранамі), у райаддзел адукацыі, у сціплы кабінет майго спадарожніка. Пагарталі важкія альбомы ў салідных каленкоравых вокладках: з фотаздымкамі, кароткімі біяграфіямі многіх слаўных педагогаў Веткаўшчыны. Практычна ўсе, і не толькі франтавыя настаўнікі-ветэраны, пайшлі з жыцця. Альбомы памяці… Васіль Васілевіч — больш за 20 гадоў на сваёй падзвіжніцкай пасадзе. Ён нямала папрацаваў разам з калегамі, каб саб­раць па ўсім раёне і аформіць належным чынам каштоўныя матэрыялы. Сам ён гісторык, таму важнасць летапіснай працы, якая актыўна ажыццяўляецца сёння і ў рамках выхаваўчай работы ў школах раёна, разумее вельмі доб­ра: калі сёння не збяром, заўтра можа быць позна.

Адыходзяць га­ды — і ветэраны. Ужо і 80-годдзе вызвалення Беларусі не за гарамі. Помніцца, фатаграфаваў я сваіх равеснікаў-аднавяскоўцаў ля школы ў сонцы майскага дня, у засені маладых дрэўцаў, калі ўсе мы, святочна прыбраныя, ішлі на ўрачыс­тасць з нагоды 30-годдзя Перамогі. Амаль паўвека! Жыццё пралятае — не згледзіш. А Веткаўшчына ж яшчэ летась увайшла ў юбілей: яе вызвалілі восенню 1943-га. Больш за дзесяць тысяч нашых там палегла, найбольш пры пераправе цераз Сож. А як жа на вызваленых, акрываўленых тэрыторыях адраджалася асветніцкая дзейнасць? Нават спецыяльны загад галоўнакамандуючага быў, і настаўнікаў з франтоў дэмабілізоўвалі ў 1944-м: каб дадому вярталіся і браліся за не менш важную — асветніцкую — справу.

Васіль Самкоў у гасцях у Ніны Францаўны

Настаўнікі-франтавікі, былыя партызаны… Толькі цяпер, праз гады, у ходзе жорсткай гібрыднай вайны за НАШУ гісторыю і НАШУ Перамогу, мы пачынаем лепш разумець, чаму якраз франтавікоў-педагогаў, загартаваных у кровапралітных баях асветнікаў масава перакінулі напрыканцы вайны на ўчастак фронту нябачнага. Там прадоўжылася барацьба ідэалогій, змаганне за розумы і душы юных, пакалечаных вайной савецкіх дзяцей, беларускіх у тым ліку. Дзяцей, якім удалося вы­жыць у жахах і пажарах вайны, у зямлянках ці проста ў ямах пад вываратнямі, у шалашах-куранях, у лясах і балотах у ваколіцах спаленых захопнікамі вёсак, у тым ліку і з іх жыхарамі-пакутнікамі, дзяцей, якім удалося ацалець і пайсці ў школы. Бо школа і веды — гэта сімвалы мірнай будучыні. Ва ўсе часы мудрыя людзі разумелі: не будзе асветы — бу­дзе змрок, прыйдуць невуцтва і цемра. У такой атмасферы і плодзяцца выродлівыя ідэі новых войнаў.

…З ліку герояў, хто з перадавой Вялікай Айчыннай вярнуўся на перадавую пасляваеннай асветы, быў і баць­ка Ніны Францаўны, якая ўсё жыццё, амаль 88 гадоў, носіць яго прозвішча. Франц Паўлавіч Лешчанка — каман­дзір танка Т-34, кавалер ордэна Чырвонай Зоркі, лейтэнант. Дачка ветэрана, дырэктара школы — прадстаўніца педагагічнай дынастыі.

У дом на вуліцы Азёрнай, непадалёк возера Ставок, мы паспелі завідна. Павіталіся Ніна Францаўна з Васілём Васілевічам як родныя, і той перадаў настаўніцы вялізны пакет. Калі скончылі размову, то ўжо цямнела.

Па дарозе ён патлумачыў наконт прадуктовага падарунка Ніне Францаўне: “І вось так дапамагаем ветэранам — як можам. Па маіх спісах іх у нас 165, афіцыйна ж на ўліку 40. Раён з чарнобыльскай пазнакай, многія на пенсіі адсюль з’язджаюць. Раней з мужам Ніны Францаўны ветэранаў-педагогаў са святамі віншавалі. Аляксей Аляксеевіч Грамыка двац­цаць гадоў кіраваў пачатковай ваеннай падрыхтоўкай у 1-й школе. Узначальваў нашу ветэранскую арганізацыю педагогаў. Як зойдзе з кветкамі ды ў афіцэрскай форме! Яго не стала ў 2019-м… І з Нінай Францаўнай мы пару гадоў не бачыліся. А гэтыя людзі вартыя нашай увагі, удзячнасці. Нават не скажаш, ім ці нам такія размовы і сустрэчы больш патрэбныя. Праз іх спасцігаеш тую мудрасць, якую не знойдзеш у кнігах”.

А пра тое, што пачулі ад Ніны Францаўны, напішам у найбліжэйшы час.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара