Сярод былых вучняў настаўніцы фізікі сярэдняй школы № 2 Чавус Вольгі Сярогінай ёсць педагогі, навукоўцы, інжынеры і кіраўнікі. Сёння кожны з іх — паспяховая асоба. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Галоўны прафесійны прынцып Вольгі Віктараўны — не толькі даць веды, але і дапамагчы дзецям знайсці сябе, сваё месца ў жыцці. Яна імкнецца разгледзець унутраны свет, індывідуальнасць і непаўторнасць вучняў, стварыць неабходныя ўмовы для раскрыцця іх здольнасцей.
— З вялікай цеплынёй успамінаю свае школьныя гады. Мне пашанцавала з настаўнікамі, іх павучанні і парады паспрыялі свядомаму выбару прафесійнага шляху. Для сваіх вучняў стараюся быць такім жа педагогам: чулым, уважлівым, неабыякавым, — паведаміла Вольга Сярогіна.
Са сферай адукацыі Вольга Віктараўна трывала звязана ўжо амаль 35 гадоў. За гэты час яна стварыла ўласную формулу эфектыўнага выкладання фізікі. На ўроках настаўніца выкарыстоўвае разнастайныя тэхналогіі, гарманічна спалучае традыцыйныя і сучасныя формы навучання.
— Фізіка — даволі складаны, але і займальны прадмет. Аднак наколькі гэтая навука будзе цікавая навучэнцам, залежыць ад педагога. Непасрэдна я арыентуюся на практычную накіраванасць урокаў, іх цесную сувязь з навакольнай рэчаіснасцю. Шырока прымяняю тэхналогію вучэбнага даследавання. Засвоіўшы буйным блокам тэорыю, вучні праводзяць па пройдзеных матэрыялах эксперыменты. Пазнавальную актыўнасць навучэнцаў добра стымулююць інтэлектуальныя гульні і групавыя заданні, — расказала суразмоўніца.
Адметнай рысай заняткаў Вольгі Сярогінай з’яўляецца метапрадметнасць. Вывучэнне фізікі яна інтэгруе з матэматыкай, хіміяй, біялогіяй, геаграфіяй. У арсенале настаўніцы таксама метад візуалізацыі.
— На ўроках у Вольгі Віктараўны ніколі не бывае сумна. Яна — цудоўны педагог, з якім фізіку вучыць неверагодна цікава. Дзякуючы ёй, мы паспяхова ўдзельнічаем у алімпіядах і даследчых конкурсах, — падзяліліся вучні Даніла Васількоў, Мікіта Папкоў і Арсеній Хруцкі.
Работа з адоранымі дзецьмі — адзін з асноўных педагагічных прыярытэтаў Вольгі Сярогінай. Для яе важна не прапусціць юную зорачку, заўважыць талент, накіраваць патэнцыял навучэнца ў патрэбнае рэчышча.
— Здольных да фізікі хлопчыкаў і дзяўчынак выяўляю ўжо з 7 класа. Распрацоўваю для іх персанальныя адукацыйныя траекторыі, далучаю да алімпіяднага руху, даследчай дзейнасці. Падрыхтоўка носіць розны характар. З алімпіяднікамі мы дасканала вывучаем тэорыю, рашаем шмат нестандартных задач. Пры ажыццяўленні даследаванняў абапіраемся на актуальнасць тэмы. У нас сельскагаспадарчы раён, таму шэраг работ звазаны з аграпрамысловым комплексам. Дзеці з энтузіязмам выяўлялі ступень уплыву магнітнага поля на ўраджайнасць збожжавых культур, узровень уздзеяння каляровых плёнак на рост агародніны. Наогул лічу, што пры арганізацыі даследавання трэба не проста быць кіраўніком праекта, а здолець выбудаваць з вучнем сяброўскія ўзаемаадносіны, даць яму праявіць сябе ў поўнай меры і зрабіць сваё маленькае адкрыццё, — адзначыла Вольга Віктараўна.
Падыходы Вольгі Сярогінай прыносяць добрыя вынікі. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы рэгулярна атрымліваюць пераможныя дыпломы на абласным конкурсе і міжнародных канферэнцыях даследчых работ, на другім і трэцім этапах Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы.
Адметна, што вялікую ўвагу педагог удзяляе не толькі навучанню, але і выхаванню дзяцей — вучыць іх адказнасці, працавітасці, сумленнасці. Яна ўсебакова падтрымлівае навучэнцаў у самавызначэнні.
— За тры з паловай дзесяцігоддзі выпусціла са школы не адну кагорту вучняў. Усе яны сталі кампетэнтнымі спецыялістамі, дастойнымі грамадзянамі і сумленнымі людзьмі. Усе стварылі шчаслівыя сем’і, жывуць і плённа працуюць на карысць Радзімы. У мяне мноства прафесійных дасягненняў і ўзнагарод, але менавіта выпускнікі, іх жыццеўладкаванасць і ўдзячнасць — самае каштоўнае для мяне, — запэўніла Вольга Сярогіна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА