З творчым запалам

- 10:48Выхаванне, Дадатковая адукацыя

“Не стаяць на месцы, а рухацца наперад, за дзіцем” — пад такім дэвізам пачынаюць новы навучальны год педагогі Гомельскай вобласці. Палітра ўстаноў дадатковай адукацыі рэгіёна застракацела новымі кірункамі і гурткамі.

У гэтым годзе педагогі рэгіёна асаблівую ўвагу будуць удзя­ляць развіццю ў дзецях творчых талентаў. Так, Гомельскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі прапанаваў сваім выхаванцам адразу некалькі новых аб’яднанняў па інта­рэсах. Адзін з іх, “PRO-рух”, запрасіў іх у свет мультыплікацыі. Навучэнцы самі будуць ства­раць сцэнарыі, прадумваць сюжэты і вобразы, а потым увасабляць у жыццё свае ідэі. Творчая майстэрня “Чароўны гарлачык” навучыць дзяцей і падлеткаў лепцы з пластыліну і гліны. А тых, хто на ты з мышкай і датчыкамі, чакаюць у аб’яднаннях “Трохвымерная графіка”, “Медыякім”, Mitt.app і “Робататэхніка”.

У творчым рэчышчы бу­дзе развівацца сёлета і Цэнтр творчасці дзяцей і мола­дзі “Ювента” Светлагорска. Пачаліся першыя заняткі на яго “АРТ-тэрыторыі”. Тут хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць нестандартныя тэхнікі малявання: ніткаграфія, гратаж, пальчыкавае маляванне, напырск, друк пластылінам і інш. Усё пра фатаграфію — колер і святло, жанры і стылі, тэматычныя здымкі і рэпартажы — падлеткі даведаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “У фокусе”.

Наколькі важнае прыгожае асяроддзе, веда­юць навучэнцы Чачэрскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У гэтым годзе кожны з іх зможа прымераць на сябе прафесію дызайнера, асвоіць усе тонкасці гэтай цікавай справы. Таксама для іх адкрываецца аб’яднанне “Цудоўная майстэрня”, дзе яны сваімі рукамі будуць ствараць упрыгажэнні з эпаксіднай смалы.

У Ельскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адбылося доўгачаканае адкрыццё “Тэатра моды”. У Добрушскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзеці не толькі прывыкаюць да сцэны, вывучаючы тэатральную дзейнасць, але і асвойваюць выраб аўтарскіх тэкстыльных лялек. Прычым не любых, а выключна створаных па матывах сучасных мультфільмаў. Апошняму кірунку іх будзе вучыць Наталля Савянкова, ужо вядомы лялечны майстар як у нашай краіне, так і за мяжой. Вакол яе ўжо сабралася кагорта юных аматараў і яе творчасці, і мультфільмаў.

У гэтым навучальным годзе здорава памаладзеў Мазырскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Тут будзе працаваць шмат маладых спецыялістаў, якія адкрываюць свае кірункі. Так, сваіх першых навучэнцаў набралі студыя дызайну “3D-модуль” і студыя графічнай ілюстрацыі і анімацыі “Вектар”. Дзеці і падлеткі будуць знаёміцца з паняццем анімацыі і праграмай для работы з ёй, распрацоўваць эскізы тэматычнай ілюстрацыі, працаваць над стыкерамі, ствараць візітоўкі і лагатыпы, рэкламныя буклеты і многае іншае. Шумна ўжо і ў вакальнай студыі STAR, і ў вакальным ансамблі MusikKIDS. Там імкнуцца стварыць і вырасціць дзіцячыя харавыя калектывы. Узаемадзейні­чаць з прыродай і атрымліваць экалагічныя веды і звычкі малодшыя школьнікі будуць у аб’яднаннях па інтарэсах “Экадом”, “Лесавічок” і “Мой любімы гадаванец”.

Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна сёлета вырашыў набраць вышыню — у аб’яднанні па інтарэсах “Юныя авіямадэлісты” юнакі і дзяўчаты будуць ствараць мадэлі рэальных лятальных апаратаў і вывучаць асновы праграмавання для запуску радыёкіруемых мадэлей. А ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Хойнікаў пачнуць працаваць аб’яднанні “Карабельны дызайн” і “Мабільная фатаграфія”.

Упэўнена, што першыя вынікі сёлетніх творчых пачынанняў гамяльчан мы ўжо хутка ўбачым на абласной і рэспубліканскай выставах дзіцячай творчасці.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Наталлі ЦЫТРЫКАВАЙ.