З уласным хлебам пад мірным небам

- 9:50Авторские колонки, Мнение

Дзень вызвалення Мінска 3 ліпеня 1944 года, калі 105-­тысячная нямецкая групоўка апынулася ў катле, стаў днём, калі ўвесь свет зразумеў, якім будзе вынік Другой сусветнай вайны: нацысцкая Германія на працягу года будзе разгромлена. Да жніўня на ўсю тэрыторыю Беларусі прыйшоў доўгачаканы мір. З таго часу беларусы берагуць яго як самы вялікі здабытак.

Надзея ЦЕРАХАВА

У дзень святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі, Дня Незалежнасці, напэўна, кожны з нас прыгадвае сваіх родных і блізкіх, на долю якіх выпалі цяжкія выпрабаванні ў гады вайны. Успамінаю і я сваю бабулю Аню, якая ўсё жыццё працавала настаўніцай у Круглянскай школе. Сваёй дабрынёй яна сагравала ўсіх вакол, нібы майскае сонейка. Для кожнага знаходзіла словы суцяшэння і падтрымкі. Аднойчы бабуля згадала пра тое, што ў 1945 годзе была ў Германіі, але больш на гэтую тэму не размаўляла, шкадавала дзіцячую псіхіку.

Праз шмат гадоў, ужо стаўшы дарослай, я даведалася падрабязнасці тых падзей. Мая любімая бабуля, падпольшчыца арганізацыі “ОБЗОР”, прайшла праз допыты гестапа і баракі Асвенціма, адкуль яе як жывы тавар вывезлі працаваць на землях нямецкіх фермераў. Пасля вызвалення яна пайшла добраахвотнікам у Чырвоную Армію. Гэтая гісторыя выклікала ў мяне шок, некалькі дзён я не магла апамятацца. І зусім па-іншаму сталі ўспрымацца падзеі мінулай вайны. Асаб­лівай павагі заслугоўвае тое, што людзі, якія прайшлі праз найцяжэйшыя выпра­баванні, змаглі захаваць у сабе лепшыя чалавечыя якасці.

Успамінаючы ў нашы дні пра суровы час вайны, мы не заўсёды звяртаем увагу на тое, якія нягоды давялося перажыць людзям у пасляваенныя гады. Гарады ляжалі ў руінах, былі ўзарваны масты, спалены лясы і вёскі, палі нашпігаваны мінамі і боепрыпасамі, якія не разарваліся. Засуха, неўраджаі, доўгія чэргі па хлеб…

Кіраўнікі рэспублікі — героі вайны, партызанскія камандзіры і афіцэры-франтавікі — будныя і выхадныя дні праводзілі на палях і фермах, будоўлях, аператыўна вырашаючы пытанні, якія ўзнікалі. Арганізоўвалі навучанне людзей запатрабаваным прафесіям, выкарыстанню перадавых на той час тэхналогій. Намаганні кіраў­ніцтва сваёй гераічнай працай падтрымаў увесь беларускі народ. Дзякуючы згуртаванай і эфектыўнай працы, удалося вырашыць праблему харчовай бяспекі, закласці аснову сённяшняй паспяховасці краіны.

Прыклады гераічнай працы беларусаў па аднаўленні і развіцці краіны варта больш актыўна выкарыстоўваць у патрыятычным выхаванні моладзі. Пра гэта мы нядаўна гаварылі з вядомым кардыёлагам, доктарам медыцынскіх навук, прафесарам Тамарай Цябут — дачкой нашага земляка, легендарнага камандзіра партызанскай брыгады імя К.Варашылава, дзяржаўнага дзеяча Дзмітрыя Цябута. Пад яго кіраўніцтвам Мінская вобласць двойчы ўзнагароджвалася ордэнам Леніна.

Прэзідэнт нашай краіны не раз адзначаў, што ў свеце склалася сур’ёзная сітуацыя з харчаваннем і што праблема будзе нарастаць. Гэта сапраўдны выклік цяперашняму пакаленню. Мы не толькі павінны захаваць поспехі сваіх бацькоў, але і рухацца далей, нарошчваць пастаўкі на сусветны рынак высакаякаснай прадукцыі, умацоўваючы эканамічную бяспеку і незалежнасць нашай краіны.

Дзесяцігадовы школьнік на фестывалі “Пазнанне і творчасць” у Мінску расказваў пра свайго дзядулю, які падчас вайны камандаваў артылерыйскай батарэяй, быў узнагароджаны ордэнамі. Хлопчыку было цікава, як жа дзядуля змог выжыць у такіх умовах. Адказ ён знайшоў: дзядуля не рабіў выгляд, што герой, быў асцярожным і патрабаваў гэтага ад падначаленых, але калі трэба было выконваць баявую задачу, то праяўляў мужнасць і гераізм. Пасля вайны дзядуля добрасумленна працаваў інжынерам, карыстаўся павагай сярод калег і знаёмых. Школьнік сказаў, што хоча выхаваць у сабе такія ж якасці.

Веру, што беларусы заўсёды будуць жыць са сваім хлебам і пад мірным небам. Такі ў нас закладзены нашымі продкамі характар, генетычны код: нам уласцівы працавітасць і міралюбнасць. А тое, наколькі наша краіна будзе моцнай, квіт­неючай і адзінай, шмат у чым зале­жыць ад кожнага з нас. Найперш ад тых, хто цяпер вучыцца ў школах і ўніверсітэтах. Назі­раючы 3 ліпеня за святочным салютам, няхай моладзь памарыць аб сваіх будучых дасягненнях, якімі па праве змогуць ганарыцца іх дзеці.

 Фота Алега ІГНАТОВІЧА, з архіва БелТА і pixabay.com