З усмешкай і настаўніцкім запалам

- 13:45Педагагічная майстэрня, Рознае партфолiо

У кожнага настаўніка ёсць уласная педагагічная майстэрня, дзе ўсё раскладзена па сваіх месцах. Некаму можа падацца, што тут зашмат рэчаў, а іншы падумае: “О, тут яўна нечага не хапае”. І толькі гаспадар разумее неабходнасць і каштоўнасць сабранага матэрыялу, бо кожная сабраная ім рэч прайшла выпрабаванне часам, а самае галоўнае — яе вартасці ацанілі дзеці, дзеля якіх і стваралася гэтая педагагічная майстэрня.

У аб’ектыве — толькі педагогіка

Каб трапіць у майстэрню Галіны Сафронаўны Полудзень, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства сталічнай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання, грукаць у дзверы не трэба. Яны заўсёды адчынены, і ветлівая гаспадыня штодзень гатова дзяліцца сваімі педагагічнымі здабыткамі.
У адносінах да людзей яна добразычлівая і ветлівая, умее слухаць і чуць іншых, што для педагога не проста добра, а нават вельмі неабходна. Не саромеецца спытаць і павучыцца ў іншых, як любы настаўнік, імкнецца ўсё тлумачыць.
У адносінах да сябе настаўнік павінен быць моцным і ўпэўненым, таму Галіна Сафроўнаўна праблемы, якія ўзнікаюць, стараецца вырашаць, а не пазбягаць іх.
У адносінах да работы яна вельмі арганізаваны і адказны чалавек, які ўвесь час шукае рашэнні і магчымасці іх рэалізацыі. У яе на ўсіх хапае часу, бо час яна імкнецца выкарыстоўваць рацыянальна. Не баіцца памыліцца ў пошуках лепшага рашэння, зразумела, увесь час займаецца самаадукацыяй. Інакш яна б не здолела дасягнуць ні павагі калег і бацькоў, ні зацікаўленасці сярод сваіх вучняў.
За плячыма Галіны Сафронаўны амаль 29 гадоў педагагічнай работы. І за гэты час яна ні разу не пашкадавала аб выбраным шляху. Яна — педагог па натуры. Можна шмат разважаць пра прыроду такой натуры, але ў выпадку маёй гераіні хочацца прывесці адзін толькі факт. Скончыўшы базавую школу, Галіна Сафронаўна вырашыла паступаць у Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча.
І гэта адбылося не таму, што яна дрэнна вучылася. З вучобай якраз было ўсё вельмі добра. У яе класе такое дарослае рашэнне прынялі адразу сем дзяўчат, і ўсе гэтыя сем выдатніц сталі навучэнкамі педвучылішча, а праз некаторы час атрымалі сваю першую педагагічную адукацыю — настаўніка пачатковых класаў. Не сумняваюся, што ўсе яны выдатныя настаўніцы, бо ў прафесію прыйшлі невыпадкова.

Бясстрашныя першыя крокі

Зразумела, Галіна Сафронаўна не спынілася на дасягнутым (хоць у кішэні ўжо быў дыплом з адзнакай) і паступіла на гістарычны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, лёгка пераадолеўшы конкурс у 7 чалавек на месца. “Гісторыяй цікавілася пастаянна. У свой час у школе была вельмі цікавая настаўніца, якая захапляла гістарычнымі аповедамі, а дома замацоўваў эфект захаплення бацька, які таксама да гісторыі быў не абыякавы. Чытала шмат кніжак на гістарычную тэматыку, дакументальных хронік”, — расказала мая суразмоўца.
Але педагагічны шлях для Галіны Сафронаўны пачаўся ўсё ж у пачатковай школе. Напэўна, паслядоўнасць у навучанні паўплывала і на ход падзей у прафесіі. Свой педагаічны патэнцыял мая гераіня пачала рэалізоўваць у Гродне, у сярэдняй школе № 3, затым была гродзенская сярэдняя школа № 33. Так склалася, што сваю ўсмешку і педагагічны запал Галіна Сафронаўна дарыла пачаткоўцам на працягу 20 гадоў. Былі розныя вучні, розныя школы, але адказнае стаўленне настаўніцы да сваёй дзейнасці заставалася нязменным. Акрамя таго, навучанне ў педвучылішчы дало не толькі практычныя ўменні і навыкі, але і ўпэўненасць у сваіх педагагічных сілах.
“У вучылішчы было шмат практыкі, прычым разнапланавай. Спачатку мы проста хадзілі на ўрокі і назіралі за настаўнікамі, за іх паводзінамі, манерай вядзення ўрока. Затым праводзілі выхаваўчыя мерапрыемствы, а потым свае ўрокі. Усё гэта, калі давялося пераступаць парог класа ўжо ў ролі паўнацэннага педагога, дало адчуванне ўпэўненасці. Працаваць даводзілася многа, але не скажу, што было складана. Маленькія вучні патрабуюць пастаяннай увагі, таму старалася, каб кожны з іх не адчуваў сябе абдзеленым.
У першы год работы ў мяне пастаянна заставаўся час на ўроку (хоць рабіла ўсё, што планавала), а вось цяпер яго ўжо не хапае. За гады работы стаўленне да ўрокаў змянілася, але першыя крокі і першыя вучні, напэўна, будуць помніцца заўсёды, бо менавіта яны паспрыялі майму добраму старту ў прафесіі. З першым трэцім класам і іх бацькамі мы зжыліся адразу, таму мая работа пачалася з эфектыўнага супрацоўніцтва”, — адзначыла Галіна Сафронаўна.

У педагагічным рытме

Затым лёс закінуў Галіну Сафронаўну ў Мінск. Натуральна, трэба было адаптавацца да новага жыццёвага рытму, але калі ўвайшла ў свой звыклы педагагічны рытм, то ўсё стала на свае месцы. Яе імкненне да парадку, самаарганізаванасць паспрыялі таму, што Галіна Сафронаўна стала намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сталічнай гімназіі № 23. Тут жа быў раскрыты яе патэнцыял як настаўніка гісторыі.
“Каб пагрузіцца ў гісторыю, прыйшлося, канечне, шмат працаваць і многа чаго перачытаць. Час прайшоў, адбыліся значныя змены, таму давялося вучыцца. І гэты працэс доўжыцца па сённяшні дзень, але мне вельмі цікава працаваць з дзецьмі. Не скажу, што пераход ад выкладання ў пачатковай школе да гісторыі ў старшых класах быў цяжкім. Не, такога не было хаця б таму, што працаваць пачала ў пятым класе, а гэта яшчэ зусім побач з пачатковай школай. Безумоўна, да ўрокаў рыхтавалася старанна, звярталася да самых розных крыніц інфармацыі, але гэта абавязак настаўніка — як след рыхтавацца да ўрока. Думаю, што не раскрыю сакрэту, калі скажу, што калі цікава самому, будзе цікава і дзецям”, — заўважыла мая суразмоўца.
Пастаянная самаадукацыя і імкненне да ўдасканалення дазваляюць аналізаваць сваю педагагічную дзейнасць і павышаць прафесійны ўзровень. Насамрэч гэта таксама шлях, і ў кожнага настаўніка ён свой. Галоўнае не стаяць на месцы, а ісці наперад, нават спатыкаючыся і памыляючыся.
Цяпер Галіна Сафронаўна разумее, што на пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці на ўроку яна шмат працавала сама. Ёй хацелася паказаць усё, чаму яе навучылі. З класа выходзіла з мокрай спінай і з думкай: чаму не адразу зразумелі. Цяпер яна больш стараецца арганізаваць самастойную і практычную дзейнасць дзяцей, бо ведае пра карысць і неабходнасць менавіта такой вучнёўскай работы. Не сумняваюся, што ў працэсе пераасэнсавання яе як настаўніка пэўная роля належыць і той мокрай спіне.
“Калі дзіця самастойна засвоіла матэрыял, то лічы, што заняткі на 80 працэнтаў прайшлі паспяхова, — спыніла мае думкі Галіна Сафронаўна. — Таму сёння маладым настаўнікам трэба больш працаваць над самастойнай дзейнасцю вучняў. Хаця ў кожнага свой шлях, і пакуль педагог не знойдзе свае метады і прыёмы, пакуль не адчуе іх станоўчы ці адмоўны эфект, то не зразумее неабходнасці нешта мяняць. Дзеці павінны атрымліваць добрыя веды, а настаўнік — зрабіць усё, каб гэтыя веды дайшлі да вучняў. Пры гэтым абодва бакі ў такім працэсе павінны адчуваць сябе камфортна”.

Сваімі крокамі

Спрактыкаванасць і досвед Галіны Сафронаўны ацанілі не толькі яе вучні. Пад яе кіраўніцтвам свае педагагічныя здольнасці праявіў не адзін студэнт. Не першы год яна кіруе студэнцкай педагагічнай практыкай, таму даводзіцца не толькі вучыцца самой, але і вучыць іншых.
“Сучаснае маладое пакаленне іншае. Некалі мы баяліся зайсці ў клас, і не таму, што нечага не ведалі. Разумелі, што гэты крок не толькі накладвае пэўныя абавязкі, якія павінен выконваць практыкант, а яшчэ і вымагае быць вельмі адказным. Магчыма, мы былі больш упартымі ў дасягненні сваіх мэт. Цяперашнія студэнты больш адкрытыя і самастойныя, але вось упартасці ім не хапае.
Разам з тым да нас на практыку прыходзяць добрыя маладыя людзі, з выдатнай гістарычнай падрыхтоўкай, з веданнем беларускай мовы. Іх прыемна слухаць. Ну а ўжо метадычныя прыёмы дапрацоўваем падчас практыкі. Яны прыслухоўваюцца, таму даволі хутка схопліваюць. Тым не менш практыкі ім не хапае. Агульнавядома, што чалавек не зразумее, пакуль не дакранецца да гэтага рукамі. Так і з методыкай.
Безумоўна, тэарэтычныя асновы методыкі, прынцыпы навучання ведаць трэба, але калі на практыцы гэтага не ўбачыш, не адчуеш, не прапусціш праз сябе, то нічога ў табе не застанецца. Калі не будзеш ісці ў педагогіку сваімі крокамі, а толькі праз кніжкі, то нікуды не прыйдзеш”, — лічыць мая суразмоўца.
Акрамя таго, часта здараецца так, што ідзеш на ўрок з пэўным планам і адпаведным канспектам, а прыходзіш і бачыш, што нехта не падрыхтаваў дамашняе заданне, нехта ўвогуле нічога не зразумеў. Трэба хутка мяняць свае арыенціроўкі і ўрок будаваць зыходзячы з рэальнай сітуацыі. У такіх выпадках на дапамогу прыходзіць імправізацыя, але і яна павінна нечым падмацоўвацца. Вось тут ужо дапаможа вопыт. А калі яго яшчэ недастаткова, то давядзецца арыентавацца на ўласную педагагічную рэакцыю.
“Іншым разам перакройваць урок даводзіцца зыходзячы з агульнага настрою класа. А бывае, што і вучнёўскае пытанне паварочвае запланаваны ход урока ў іншы бок. Канечне, у мяне ёсць любімыя метады і прыёмы. Мне вельмі падабаюцца гістарычныя ланцужкі, часта працую з дзецьмі, звяртаючыся да мазгавой атакі, люблю складанне кластараў. Але разам з тым усе класы вельмі розныя, і адзін і той жа ўрок у двух паралельных класах, як правіла, праходзіць па-рознаму. Асабліва часта такое здараецца на ўроках гісторыі і грамадазнаўства”, — зазначыла Галіна Сафронаўна.

Аўтар кожнага ўрока

Свой вопыт мая гераіня назапашвала шляхам спроб і памылак. Кожны свой урок яна пражывала і пражывае разам з дзецьмі, якія ў адказ не страчваюць цікавасці да гісторыі. А Галіна Сафронаўна не стамляецца прыдумваць нешта новенькае. Яна аўтар кожнага свайго ўрока і не прыхільніца ісці па пракладзенай дарожцы. Вучэбны працэс — гэта творчы працэс, лічыць мая суразмоўца. Вочы дзяцей заўсёды падкажуць, ці ў правільным напрамку вы рушыце. Урок, як жывы арганізм, які рэагуе на ўсе знешнія і ўнутраныя праявы.
“Я дэмакратычны настаўнік, хаця добрая дысцыпліна — адзін са складнікаў паспяховасці. Разам з тым дзеці на ўрок павінны ісці без страху. З’яўляюся прыхільніцай эмацыянальнага камфорту і прынцыпова на першых уроках не стаўлю дрэнных адзнак. Мне трэба, каб дзеці навучыліся здабываць веды, а не баяліся атрымаць нізкі бал. Важна і тое, каб яны не баяліся памыліцца, каб умелі адстойваць свой пункт гледжання. Трэба дапамагчы вучню раскрыцца, каб пасля весці з ім гутарку, натхняючы на новыя вучэбныя перамогі. Мае навучэнцы ведаюць, што, нягледзячы на мой дэмакратызм, я настойлівая ў сваіх патрабаваннях. Магу зразумець, што па нейкіх прычынах не паспелі падрыхтавацца, але гэта не значыць, што рыхтавацца не трэба.
Увогуле дзеці цікавяцца гісторыяй, што не можа не радаваць. Асабліва гэта адчуваецца ў 5-6 класах, калі яны гатовы складаць крыжаванкі, чытаць дадатковую літаратуру. Па меры ўскладнення матэрыялу цікавасць і ахвота да вывучэння гісторыі зніжаецца, але застаюцца вучні, якіх цяжкасці не пужаюць. У кожным класе ёсць 6 — 8 чалавек, якія сур’ёзна цікавяцца гістарычнымі фактамі, а затым паказваюць добрыя вынікі, напрыклад, на экзаменах.
Сёння вучні вельмі разумныя, інфармаваныя. З імі цікава гаварыць, абмяркоўваць праблемы, хаця, па сутнасці, дзеці не змяніліся. Яны такія ж адкрытыя і добрыя. Адзінае, што памянялася, гэта колькасць інфармацыі, якой яны валодаюць”, — зазначыла Галіна Сафронаўна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.