У кастрычніку Клецкі сельскагаспадарчы каледж адзначыць 60-годдзе. За гэты час тут падрыхтавалі амаль 20 тысяч высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў для розных прадпрыемстваў краіны. Як у каледжы юнакі і дзяўчаты становяцца запатрабаванымі спецыялістамі? Адказ просты: за тры гады навучання яны набываюць глыбокія тэарэтычныя веды і неацэнны практычны вопыт на прадпрыемствах АПК, грамадскага харчавання, гандлю і транспарту. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Наша ўстанова на працягу ўжо 60 гадоў рыхтуе кадры для арганізацый і прадпрыемстваў не толькі Клецкага раёна, але і ўсёй Мінскай вобласці. Мы ў пастаянным пошуку перспектыўных напрамкаў прафесійна-тэхнічнага навучання з улікам патрэб эканомікі краіны, — адзначыў дырэктар установы Фёдар Хачанкоў.
У каледжы вядзецца падрыхтоўка рабочых па 5 спецыяльнасцях: “Эксплуатацыя і рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі”, “Тэхнічная эксплуатацыя дарожна-будаўнічых машын і абсталявання”, “Эксплуатацыя, рамонт і абслугоўванне аўтамабіляў”, “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні” і “Гандлёвае абслугоўванне”. Імі авалодвае каля 320 навучэнцаў.
— Ад работадаўцаў мы пастаянна чуем станоўчыя водгукі пра нашых выпускнікоў. Хоць сёння прыцягнуць навучэнцаў у сельскую гаспадарку — гэта вялікая праца. Так супала, што мы і поле апрацоўваем, і агародніну вырошчваем, і гатуем прадукты харчавання, і нават гандлюем імі, — сказаў Фёдар Уладзіміравіч.
Па яго словах, адны навучэнцы каледжа атрымліваюць адразу дзве прафесіі — кухара і прадаўца, а другія, хто займаецца па аграрным напрамку, — чатыры: вадзіцеля катэгорыі “С”, машыніста экскаватара, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці і слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання. З 2024 года ў каледжы плануюць пачаць падрыхтоўку па дзвюх новых кваліфікацыях — “механік” і “тэхнолаг грамадскага харчавання” на аснове сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Спазнаць прафесію
Для таго каб працэс навучання ў Клецкім сельскагаспадарчым каледжы быў дзейсным, а будучыя спецыялісты маглі больш эфектыўна спазнаць усе тонкасці будучай прафесіі, у каледжы створана неабходная вучэбна-матэрыяльная база. У яе склад уваходзяць два вучэбныя корпусы, вучэбна-вытворчыя майстэрні, інтэрнат, спартыўны гарадок, вучэбныя цяпліцы, аўтадром і трактарадром, агароднінасховішча.
У каледжы абноўлена лабараторыя “Будова трактароў”, якая цяпер абсталявана аб’ектамі-вузламі і дэталямі сельскагаспадарчай тэхнікі. Для падрыхтоўкі рабочых кадраў па спецыяльнасці “Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні” ў вучэбным корпусе № 1 адкрыта “Лабараторыя гатавання гарачых страў”. Тут размешчана сучаснае абсталяванне: шафа для смажання, мультыварка, электрапечка для запякання піцы, стол для ахалоджвання прадукцыі, параканвектамат, халадзільнік-маразільнік, індукцыйная пліта, лустарэзка, машына для перапрацоўкі агародніны, сталы, стэлажы вытворчыя, мыйныя ванны і інш.
— Нашы юныя кухары гатуюць розныя стравы, на паток пастаўлены фірменная піца “Пятніца” і тварожныя пончыкі. Іх рэалізацыя адбывацца як у нашым каледжы, так і ў мясцовых магазінах. Да таго ж, праходзячы навучанне ў сапраўдным магазіне, нашы навучэнцы абслугоўваюць рэальных пакупнікоў і набываюць неабходны прафесійны вопыт. Усё гэта спрыяе станаўленню высокакваліфікаваных спецыялістаў. Праўда, мы заўсёды нагадваем нашым навучэнцам, што, каб імі стаць, неабходна выканаць усю вучэбную праграму ад агульнаадукацыйнага кампанента і да вытворчай практыкі, — падкрэсліў дырэктар каледжа.
Дарэчы, навучэнцы ўдасканальваюць свае веды і ўменні не толькі ў сценах роднага каледжа, але і вывучаюць новую тэхніку і тэхналогіі ў рэсурсных цэнтрах вытворчага навучання вобласці: у Слуцкім дзяржаўным каледжы і Смілавіцкім дзяржаўным каледжы. Бо сучасная вытворчасць патрабуе ад маладых спецыялістаў валодання многімі прафесійнымі кампетэнцыямі. Гэта ў сваю чаргу патрабуе ад сістэмы прафесійнай адукацыі прымянення ў навучанні найноўшай тэхнікі і абсталявання, каб даць будучым рабочым неабходныя веды.
— За апошнія гады нашым каледжам набыта сельскагаспадарчая тэхніка: трактар, грузавы аўтамабіль, прычэп і інш. У час заняткаў па вытворчым навучанні маладыя людзі вучацца працаваць з імі. Увогуле, наша ўстанова заўсёды імкнецца да таго, каб рыхтаваць высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў. Для гэтага ў нас ёсць самае неабходнае — абноўленая матэрыяльна-тэхнічная база і кампетэнтны педагагічны калектыў, — адзначыў Ф.У.Хачанкоў.
Атрымаць дадатковыя веды
З 2018 года ў Клецкім сельскагаспадарчым каледжы арганізавана прафесійная падрыхтоўка вучняў 10—11 класаў агульнаадукацыйных школ Клецкага і Нясвіжскага раёнаў па трох прафесіях: слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 1-га разраду, аператар электронна-вылічальных машын (персанальных электронна-вылічальных машын) 4-га разраду, член брыгады аб’екта хуткага абслугоўвання (рэстарана) 3-га разраду.
— Праводзіцца ў каледжы і рэалізацыя адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослага насельніцтва. За тры апошнія гады павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўку прайшлі каля 1300 чалавек па прафесіях аператара жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм, машыніста (качагара) кацельні, трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорыі F, аператара сушыльных установак, слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання, электрагазазваршчыка, — праінфармаваў дырэктар установы.
З 2022 года ў Клецкім каледжы рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі прафесійна-псіхалагічнай адаптацыі будучых рабочых і спецыялістаў на аснове ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў”. У яго рамках праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы: конкурс “Пабудова кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка”, гульні “Гарачае крэсла” і “Чорная скрыня”, віктарыны, разгадванне рэбусаў і інш. Іх асноўная мэта — адаптацыя выпускнікоў на першым працоўным месцы.
Стаць запатрабаваным
Усе выпускнікі Клецкага сельскагаспадарчага каледжа размяркоўваюцца на работу ў адпаведнасці з атрыманымі спецыяльнасцямі і кваліфікацыямі.
— Пасля заканчэння нашай установы адукацыі кожнаму выпускніку прадастаўляецца першае працоўнае месца. Нашы спецыялісты заўсёды запатрабаваныя, бо за тры гады навучання атрымліваюць адразу некалькі кваліфікацый. Яны паспяхова працуюць у арганізацыях Клецкага, Нясвіжскага, Слуцкага, Салігорскага і іншых раёнаў краіны. Замацаванню выпускнікоў на першых працоўных месцах садзейнічае цесная работа з заказчыкамі кадраў, сярод якіх КСУП “Племянны завод “Чырвоная Зорка”, СВК “Агракамбінат Сноў”, ААТ “Кухчыцы”, ПГУП “Гроў Рыч”, ААТ “Лань-Нясвіж”, ААТ “Клецкі райаграсэрвіс” і інш. Іх прадстаўнікі ўдзельнічаюць у нашых мерапрыемствах, уваходзяць у склад экзаменацыйных камісій, прысутнічаюць на размеркаванні выпускнікоў. Да таго ж усе арганізацыі прадастаўляюць нашым навучэнцам вытворчыя аб’екты для адпрацоўкі тэматыкі вытворчага навучання па кваліфікацыях, — расказаў Фёдар Хачанкоў.
Традыцыйна трэць выпускнікоў каледжа працягвае навучанне ў сярэдніх спецыяльных установах і УВА.
— Мы адсочваем, куды ідуць вучыцца нашы выпускнікі і ці вяртаюцца пасля на свае першыя працоўныя месцы. Мы заўсёды задаёмся пытаннем, ці не дарэмна прайшло наша навучанне. А калі і выпускнік дзякуе за навучанне — гэта дарагога варта, — дадаў дырэктар каледжа.
Забяспечыць самарэалізацыю
Навучэнцы і выкладчыкі Клецкага сельскагаспадарчага каледжа рэгулярна становяцца пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і абласных аглядаў тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, злётаў вынаходнікаў і рацыяналізатараў, выхаваўчых мерапрыемстваў.
— За апошнія гады нашы педагогі і навучэнцы атрымалі больш за 250 дыпломаў абласнога, рэспубліканскага, міжнароднага ўзроўняў. Мы актыўна працуем над стварэннем камфортных умоў для развіцця навучэнцаў з улікам іх магчымасцей, пазнавальных інтарэсаў і схільнасцей. Гэта дае магчымасць забяспечыць іх самарэалізацыю пры пабудове ўласнай жыццёвай траекторыі. А дзякуючы высокакваліфікаваным педагогам наш каледж бесперапынна развіваецца і ідзе ў нагу з часам. Мы не толькі даём трывалыя веды, але і разумеем і паважаем асобу кожнага навучэнца, — рэзюмаваў Фёдар Хачанкоў.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА