За 7 гадоў настаўніца хіміі сталічнай гімназіі № 1 імя Ф.Скарыны Таццяна Смольская нарадзіла трох сыноў і вырасла да пасады намесніка дырэктара. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Таццяна Сяргееўна не ўтойвае: першапачаткова планавала стаць не педагогам, а ўрачом. Але, калі вучылася на 3 курсе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, памёр бацька. Паколькі адукацыю атрымлівала на платнай аснове, вучобу прыйшлося кінуць. Каб дапамагчы маці і брату, які малодшы за яе на 15 гадоў, пайшла працаваць выхавальніцай у дзіцячы сад. І дзякуючы гэтаму вопыту зразумела, што ёй падабаецца працаваць з дзецьмі. Таму наступным крокам на жыццёвым шляху стала атрыманне дыплома аб заканчэнні біялагічнага факультэта БДУ. З ім яна і прыйшла працаваць настаўніцай хіміі ў гімназію № 1 імя Ф.Скарыны Мінска.
Яшчэ студэнткай Таццяна Смольская выйшла замуж і нарадзіла першага сына Руслана, зараз яму 7 гадоў. Пасля таго як пачала працаваць у гімназіі, сям’я папоўнілася яшчэ двума хлопчыкамі. Міхаілу 2,5 года, Кірылу — год. Калі з першым дзіцем у дэкрэтным водпуску была сама, то з двума малодшымі ў ім знаходзіцца ўжо муж Артур.
— Мой муж вырас у мнагадзетнай сям’і, ён самы старэйшы, дапамагаў бацькам гадаваць малодшых. Мы яшчэ да вяселля вырашылі, што хочам не адно дзіця, як гэта модна. І наша мара спраўдзілася. Артур па спецыяльнасці эканаміст, працаваў на буйным прадпрыемстве. Я вельмі ўдзячна, што ён пагадзіўся паставіць свой кар’ерны рост на паўзу, каб я змагла рэалізавацца ў любімай прафесіі, — расказвае суразмоўніца.
Месяц назад Таццяна Сяргееўна была прызначана намеснікам дырэктара гімназіі па выхаваўчай рабоце. Разам з тым яна працягвае выкладаць дзецям хімію, застаецца класным кіраўніком 7 “А” класа.
— Крок за крокам асвойваюся на новай пасадзе. Вельмі дапамагаюць парадамі калегі, дырэктар гімназіі Наталля Уладзіміраўна Бушная. Работа актыўная, цікавая і разам з тым адказная. Трэба быць кампетэнтным у шэрагу пытанняў, заўсёды трымаць руку на пульсе падзей, пастаянна знаходзіцца ў кантакце з дзецьмі, бацькамі, педагогамі, рознымі арганізацыямі. Выхаваць дзіця сапраўдным чалавекам, патрыётам сваёй краіны не менш важна, чым даць яму добрыя веды, — адзначае настаўніца.
Сумяшчаць актыўную прафесійную дзейнасць з сямейнымі абавязкамі, вядома ж, няпроста, прызнаецца мая суразмоўніца. Клопаты па гаспадарцы яны з мужам падзялілі паміж сабой, але, калі яна, затрымаўшыся на рабоце, штосьці не паспявае, гэта робіць муж. Раніца — матулін час: Таццяна Сяргееўна адводзіць сярэдняга сына ў дзіцячы сад, а старэйшага ў гімназію. Вечары і выхадныя дні імкнецца максімальна прысвячаць мужу і дзецям.
Сям’я Смольскіх спаўна адчувае на сабе клопат дзяржавы. У хуткім часе яны будуць ладзіць наваселле ў новай трохпакаёвай кватэры, пабудаванай з дзяржпадтрымкай.
Калі старэйшы сын ішоў у першы клас, многімі неабходнымі рэчамі яго забяспечылі ў рамках акцыі “Партфель першакласніка”. Да пачатку навучальнага года сям’я двойчы атрымлівала матэрыяльную дапамогу. Хлопчык бясплатна харчуецца ў гімназіі, мае льготу па аплаце за падручнікі, іншыя бонусы. За харчаванне малодшага ў дзіцячым садку плацяць толькі палову сумы. Сям’я ахвотна карыстаецца сацыяльнымі скідкамі, якія прадугледжаны для мнагадзетных у гандлёвых сетках, на аб’ектах адпачынку.
Педагог упэўнена, што сям’я для чалавека — гэта галоўная крыніца сіл і натхнення.
— Калі прыношу работу дадому, старэйшы сын гаворыць: “А давай я табе дапамагу!” Садзіцца побач са мной, пачынае старанна выводзіць на паперы літары. Да яго падсаджваецца сярэдні, нешта малюе. І мне так прыемна! — дзеліцца педагог. — У такія моманты адчуваю, што нам з мужам усё па плячы. Праўду кажуць, што ў шчасця дзіцячыя вочы!..
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара і з сямейнага архіва