У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі гэты тыдзень прайшоў пад знакам святочнай даты. Сёння інстытут адзначае сваё 80-годдзе і з гэтай нагоды падарыў педагогам вобласці шмат карысных сустрэч. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Увесь тыдзень інстытут быў месцам трансляцыі лепшага педагагічнага вопыту і змястоўных дыялогаў аб адукацыі. Так, у першы дзень ГрАІРА стаў цэнтрам прыцяжэння для педагогаў-дашкольнікаў. Тут прайшла педагагічная майстэрня “Пошук. Творчасць. Прафесіяналізм” з майстар-класамі і выставай цікавых распрацовак выхавальнікаў.
Форум “Эфектыўныя кіраўніцкія ініцыятывы і практыкі” аб’яднаў кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і загадчыкаў раённых вучэбна-метадычных кабінетаў. Для ўдзельнікаў сустрэчы ён стаў яшчэ адной магчымасцю падзяліцца актуальнымі распрацоўкамі, ідэямі, знаходкамі і адкрыццямі.
Прафарыентацыйны калейдаскоп “Сучасны каледж: тэрыторыя самарэалізацыі, творчасці і поспеху” дазволіў спецыялістам, якія займаюцца арганізацыяй прафарыентацыйнай работы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, азнаёміцца з запатрабаванымі ў рэгіёне прафесіямі, з новымі падыходамі ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, у прыватнасці з сеткавай формай узаемадзеяння.
Падчас яшчэ аднаго форуму — “Камфортнае псіхалагічнае асяроддзе — аснова якасці адукацыі” — лепшыя педагогі-псіхолагі Гродзенскай вобласці атрымалі ўзнагароды. А міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Асоба. Адукацыя. Грамадства. 80 гадоў да поспеху: традыцыі, дасягненні, перспектывы ў сістэме адукацыі” стала платформай для канструктыўнага дыялогу, абмену ведамі і вопытам па паляпшэнні адукацыйнага працэсу ва ўмовах сучаснасці. Канферэнцыя прадугледжвала пленарнае і секцыйныя пасяджэнні, майстар-класы і круглыя сталы з аналізам перспектыўных ідэй, прэзентацыяй лепшых педагагічных практык і прадстаўленнем паспяховых кейсаў і праектаў.
Акрамя таго, інстытут стаў пляцоўкай для абмену эфектыўным вопытам падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядах і іншых інтэлектуальных спаборніцтвах навучэнцаў, прафесійнай самапрэзентацыі педагогаў.
— 80 гадоў назад з ГрАІРА пачалася сістэма дадатковай адукацыі дарослых у Прынёманскім краі, метадычнай практыка-арыентаванай навукі, а таксама метадычнага суправаджэння ўсіх суб’ектаў адукацыі. За гэты час больш за мільён педагагічных работнікаў прайшлі праз інстытут, — адзначыла рэктар абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка.
Яна падкрэсліла, што ГрАІРА сёння — гэта не толькі цэнтр навукова-метадычнага забеспячэння сістэмы адукацыі рэгіёна і павышэння кваліфікацыі кіруючых і педагагічных кадраў. Тут дзейнічаюць цэнтры прафесійнай арыентацыі і камунікатыўных тэхналогій, пясочнай тэрапіі SAND ART, кансультацыйны пункт “Гуманітарнае супрацоўніцтва”, інфармацыйна-кансультацыйны цэнтр “Сямейная акадэмія” для маладых сем’яў, рэгіянальная школа паспяховых бацькоў “Тата-школа”. Створаны сайт “Паспяховае бацькоўства”.
У 2020 годзе інстытут упершыню стаў дыпламантам прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў галіне якасці, а ў 2021-м — першым у краіне сярод устаноў адукацыі лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Паслугі насельніцтву”.
— На нашых пляцоўках працуюць чат-бот для бацькоў па выхаванні дзяцей “Апора”, адукацыйная платформа “АграКЛАС” і профільны аздараўленчы лагер “ПрафСТАРТ”. Сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой заснаваны дзве прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта, першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі. Створаны электронны адукацыйны рэсурс для навучэнцаў, іх бацькоў і настаўнікаў “Віртуальная школа”, электронны метадычны рэсурс па вучэбных прадметах для ўсіх узроўняў агульнай сярэдняй адукацыі “Выхаванне на ўроку: рэсурсы грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў” і шмат іншых навацый, — дадала Святлана Сяргейка.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара і прадастаўлена ГрАІРА