За доблесную працу

- 11:00100 гадоў з людзьмі і для людзей

Ці можна аднесці слова “служба” да работнікаў сферы адукацыі? Упэўнена, так! У рамане Канстанціна Федзіна “Незвычайнае лета” ёсць такія радкі: “Ты ўмей знайсці такога чалавека, у якім трошкі будучыні ёсць. У працы яго, у службе народу”. У нашай галіне такіх людзей шмат.

Гэта, напрыклад, Павел Паўлавіч Якута — старшыня райкама нашага прафсаюза з 1987 па 2004 год.

Ён нарадзіўся 25 мая 1934 года ў вёсцы Махначы Слонімскага раёна. У 1953 годзе скончыў Міжавіцкую сярэднюю школу. Вучыўся ў Гродзенскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Матэматыка і чарчэнне”.

Пасля заканчэння інстытута ў 1958 годзе быў накіраваны настаўнікам матэматыкі ў Вярэйкаўскую сярэднюю школу і з тых часоў прысвяціў сваю працоўную дзейнасць адукацыі ў Ваўкавыскім раёне. У 1960 годзе прызначаны дырэктарам Вярэйкаўскай сярэдняй школы і працаваў на гэтай пасадзе 7 гадоў.

У 1967 годзе новая адказная пасада — дырэктар Вярэйкаўскай школы-інтэрната. А гэта 250 выхаванцаў з іх праблемамі, характарамі, поспехамі і няўдачамі. Прыходзілася не толькі займацца іх навучаннем і выхаваннем, але і забяспечваць паўнавартасным харчаваннем, неабходным адзеннем і абуткам, ствараць умовы для адпачынку і развіцця, клапаціцца пра іх фізічнае і псіхічнае здароўе. І так на працягу 8 гадоў.

За адказнае і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў дырэктара школы-інтэрната П.П.Якута атрымаў званне “Выдатнік адукацыі Беларускай ССР”. А загадам аблана ад 8 красавіка 1970 года ўзнагароджаны медалём “За доблесную працу”.

У 1975 годзе прызначаны на пасаду дырэктара Роскай сярэдняй школы, будаўніцтва якой было ў поўным разгары. Павел Паўлавіч хутка наладзіў кантакты з камандаваннем вайсковай часці, дыслацыраванай у гарадскім пасёлку Рось, і ваенныя ўнеслі свой важкі ўклад у будаўніцтва школы.

Школа-новабудоўля пачала працаваць на ўсю моц. У гэты перыяд П.П.Якута быў узнагароджаны знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва 1978 года”.

Неўзабаве перспектыўнага дырэктара чакала новае адказнае выпрабаванне: 2 студзеня 1979 года ён прызначаны на пасаду загадчыка Ваўкавыскага раённага аддзела народнай адукацыі. А гэта новыя задачы і пошук рашэнняў для іх паспяховай рэалізацыі.

За восем гадоў многае было зроблена. У 1979 годзе з экспазіцыяй Лазаўской пачатковай школы Павел Паўлавіч прыняў удзел у Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі (ВДНГ) у Маскве. Вынікам добрасумленнай працы стала прысваенне звання “Выдатнік асветы СССР”.

Выбранне на пасаду старшыні Ваўкавыскага райкама прафсаюза работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў у 1987 годзе стала новым цікавым перыядам, пошукам магчымасцей для дапамогі і падтрымкі работнікаў адукацыі, членаў прафсаюза. Галоўная ацэнка дзейнасці Паўла Паўлавіча ў прафсаюзе і ў адукацыі ў цэлым — гэта цёплыя ўсмешкі і словы падзякі людзей пры сустрэчы, тэлефонныя званкі і візіты ў святочныя дні, дапамога і падтрымка ў цяжкую хвіліну.

За гады працоўнай дзейнасці П.П.Якута неаднаразова выбіраўся дэпутатам Вярэйкаўскага сельскага, Роскага пасялковага і Ваўкавыскага раённага Саветаў.

Поспехі свайго прафесійнага шляху Павел Паўлавіч дзяліў са сваёй жонкай Ганнай Ульянаўнай. Педагог па адукацыі, яна ўмела падтрымаць, зразумець, падказаць, стварыц­ь камфорт­ныя ўмовы і спакойную дамашнюю атмасферу. Разам яны займаліся дачнымі клопатамі: агародніцтвам, садоўніцтвам і пчалярствам. Страта жонкі і дачкі стала для Паўла Паўлавіча незаменнай.

Лідар застаецца лідарам заўсёды. Успамінаючы сваіх старшынь пярвічак, экс-лідар ганарыцца іх кар’ерным ростам. Менавіта дзякуючы грамадскай рабоце ў прафсаюзе іх заўважылі, і цяпер гэта паспяховыя і вядомыя кіраўнікі, ветэраны працы, пра якіх з павагай успамінаюць у калектывах.

Прафсаюзным лідарам П.П.Якута пажадаў бачыць чалавека з яго радасцямі і поспехамі, з горам і праблемамі і заў­сёды прымаць узважаныя рашэнні. А каб быць паспяховым, неабходна цвёрда засвоіць, што на першым месцы ніколі не павінна стаяць “Я”.

Таццяна ГАЗІЗАВА,
старшыня Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.