Першы год яна працуе на пасадзе начальніка аддзела па адукацыі Краснапольскага райвыканкама і ўжо рыхтуецца з калегамі ўлетку правесці маштабны капрамонт — адразу на сямі аб’ектах! Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Не сакрэт: на такой пасадзе спецыялісту даводзіцца займацца, вобразна кажучы, як прыкладной фізікай і матэматыкай, так і міжасабовай лірыкай ды педагагічнай этыкай, нават прышкольнай эстэтыкай. Зрэшты, усё ў жыцці так цесна знітавана… І вясковае дзяцінства, калі не біць лынды, вучыць кожнага самай рознай працы. Таму Алеся Мікалаеўна, мяркую, з яе вясковай загартоўкай аніякіх турбот не баіцца. Ужо падчас размовы, калі падвозіла мяне ўвечары на сваім аўто да мясцовай гасцініцы, я пацікавіўся, ці ёсць месца ў яе гарадскім жыцці нейкім вясковым звычкам.
Усміхнулася, трохі памаўчала, можа, прыкінула: казаць альбо не? І прызналася, што любіць працаваць на зямлі, пры доме і дачок прывучае да гэтага. Расказала, што ёсць у іх невялічкая трусіная ферма. Цяпер на Кацярыну, старэйшую дачку, якая вучыцца ў 11 класе, ускладзены галоўныя абавязкі па гаспадарцы, плюс аператыўнае кіраўніцтва (у прыватнасці, па ферме) сёстрамі: Софія — у 5 класе, Лізавета ў першым вучыцца.
На такое ўключэнне дзяцей у гаспадарчыя клопаты, напэўна, паўплывала не толькі тое, што мама больш занятая, чым раней, і што ў таты (маёр, працуе ў мясцовым РАУС) ёсць па гаспадарцы іншыя абавязкі. У былых вяскоўцаў, як правіла, такая жыццёвая стратэгія ў крыві: працы не баяцца, працы радавацца і праз яе ўзвышацца. Загартоўвацца на розных узроўнях быцця.
Ствараць, працуючы ў тым ліку і на прысядзібным участку, з жывёламі ці ў агародзе, полі, дабрабыт для сям’і, заваёўваць аўтарытэт і павагу ў грамадстве. І дзецям працоўны вопыт перадаваць — уласным прыкладам.
Каб не забягаць наперад і паступова падысці да капрамонтаў, пачнём з родавых каранёў Алесі Шапавалавай.
А за соткамі — Расія
— Я з мясцовых. Ёсць тут, кіламетраў за 20 ад райцэнтра, прыгожая вёска Горы, як ехаць у бок Браншчыны. Калі я ў бацькоў гасцюю, то выходжу там у агарод — і Расія за соткамі відаць.
— З Краснапольскім раёнам суседнічае Касцюковіцкі. Адтуль, з адселеных пасля чарнобыльскай трагедыі Саматэвіч, з сям’і настаўнікаў родам Аркадзь Куляшоў. То я падумаў: ці не яго радкі пра Алесю наканавалі вам такое ж імя?
— (Смяецца.) Мяркую, многія ведаюць: яшчэ ў 14-гадовым узросце Куляшоў напісаў верш “Алеся”, прысвяціўшы яго свайму першаму каханню. Недзе чытала, што Алеся з жыцця была старэйшая за хлопца гады на два. Дык вось, калі з гадамі музыку на той верш напісаў Ігар Лучанок і гэтую песню потым па ўсім Савецкім Саюзе і нават за яго межамі спявалі “Песняры”, то ў нас стала модна называць дачок Алесямі. Я з іх ліку. Бацькі любяць слухаць “Песняроў”. Тата вадзіцелем увесь час да пенсіі ў калгасе працаваў, мама — культработнік па адукацыі, таксама ўсё жыццё ў вёсцы, на розных пасадах, з людзьмі — у тым ліку і ў калгасе кадравіком, старшынёй сельсавета.
— З імем зразумела: мода і “Песняры”. А на ваш выбар спецыяльнасці “Геаграфія” ў інстытуце што паўплывала, калі паступалі?
— Найперш тое, што ў Горскай школе, калі я вучылася, не было настаўніка геаграфіі. Вось такі дэфіцыт. І я ў Магілёўскім універсітэце імя А.А.Куляшова на факультэце прыродазнаўства свядома выбрала ў якасці спецыялізацыі не біялогію і хімію, а біялогію і геаграфію. Ведала: спатрэбіцца. І не памылілася: пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе папрацавала і тут у гімназіі (гэта была Краснапольская сярэдняя школа № 1), і ў Гарадзецкай базавай, і ў роднай Горскай, а затым дырэктарам у Палужскай сярэдняй школе.
Пра Палуж і не толькі
— А жылі тым часам у Краснаполлі?
— Так, купілі тут з мужам жыллё, а на работу ездзіла. Адсюль да Палужа кіламетраў восем, аўтобусы школьныя ходзяць: і вучняў падвозім, і педагогаў таксама.
— Вы з настаўнікаў ці адразу ў дырэктары трапілі?
— Такі вопыт назапашваецца паступова. Я і завучам пабыла, і дырэктарам гады тры. А потым усё хутка неяк закруцілася, так абставіны склаліся. І дочкі малодшыя падраслі, стала магчымым больш часу ўдзяляць педагагічнай працы.
— А якая ў вас цяпер, скажам так, педагагічная гаспадарка?
— У параўнанні з іншымі раёнамі невялікая: 13 устаноў. Маем тры цэнтры — карэкцыйны, сацыяльна-педагагічны (СПЦ) і дзіцячай творчасці. Яшчэ ў нас чатыры сады, гімназія і шэсць школ, адна з іх базавая. У вёсках — чатыры школы, у самім Краснаполлі — гімназія і школа.
— Пасля Чарнобыля таленты не перавяліся?
— У раёне пасля аварыі паменшала людзей на траціну, і гэта вядомы факт. Вёскі тут адсялялі-закопвалі, школы закрывалі… Шмат мы ўсяго перажылі. Але цяпер раны чарнобыльскія загойваюцца. Прааналізавалі вынікі рэпетыцыйнага экзамену і зрабілі выснову: трымаем планку. Прычым сельскія вучні не горш за гарадскіх сябе паказалі, свае адзнакі ўсе пацвердзілі. Калі я аналізую, куды ідуць далей вучыцца выпускнікі (а мы такое робім, бо гэта нашы людзі, будучыя кадры), то бачу: яны канкурэнтаздольныя на сучасным рынку ведаў. Так што таленты не перавяліся. У гімназію, напрыклад, адбіраем найбольш здольных дзяцей, пачынаючы з 9 класа. І ёсць конкурс. Там сярэдні бал вышэйшы за 7 павінен быць. Тыя, хто не праходзіць, далей вучацца ў сярэдняй школе, яе ж заканчваюць. Што да спецыялізацыі, то сёлета матэматыка і фізіка, а таксама біялогія вывучаюцца паглыблена. Педклас у нас ёсць, у якім вучацца пяць чалавек. Дбаем пра будучыню, бо, як вядома, педагагічную навуку сходу, адным заклікам не здужаць: патрэбны традыцыі, а яшчэ лепш — педагагічныя дынастыі. Плюс матывацыя і спецыяльная, у тым ліку псіхалагічная, падрыхтоўка.
Лепшыя курсы — само жыццё
— Алеся Мікалаеўна, вы першы год на новай пасадзе. Што з вашых клопатаў патрабуе асаблівай увагі?
— Мяркую, самае галоўнае — стварыць бяспечныя ўмовы для тых, хто наведвае нашы цэнтры, школы, гімназію, сады. Калі коратка, у прыярытэце бяспека і здароўе. Таму ў планах зрабіць электронныя прапускныя сістэмы ў нашых установах. Мы над гэтым працуем. Да таго ж сёлета ў раёне выдзелены значныя сродкі на рамонтныя работы: мы ў вобласці на 5-м месцы па колькасці ўкладанняў. Працы будзе вельмі шмат! Гімназія, дзе мы з вамі цяпер, — гэта першы пускавы аб’ект па капрамонтах. Тут памянялі аконныя блокі, дах — зрабілі плоскаснае пакрыццё. Будынку гадоў 20, работы прадоўжым, будзем усё лета працаваць. З гэтым я ўпершыню маю справу, баявое хрышчэнне на пасадзе атрымліваю. І яшчэ на чарзе капрамонты на сямі аб’ектах. Вось такая тэрыторыя маіх клопатаў. Я ўжо наладзіла сувязі з інжынернымі арганізацыямі, унікаю ў будаўнічыя нюансы і прамудрасці.
— Можа, курсы якія спатрэбяцца?..
— (Усміхаецца.) Лепшыя курсы, як вядома, гэта само наша жыццё. І ў райвыканкаме ёсць добрыя спецыялісты — кансультуюць мяне. Працуем, развіваемся.
— Ці праяўляюць сябе краснапольскія вучні ў конкурсах, алімпіядным руху?
— Увосень у абласным туры ў нас было 3-е месца па фізічнай культуры і здароўі, 3-е — па матэматыцы. Плюс два пахвальныя водзывы: па хіміі і працоўным навучанні. У такіх спаборніцтвах важна адпрацаваць сістэму падрыхтоўкі. Так, выкладчыца хіміі ў гімназіі Наталля Рэмоальдаўна Траянава, як толькі прыходзіць да яе чарговы 7 клас, праз некаторы час бачыць патэнцыяльных алімпіяднікаў. З імі потым паглыблена працуе. Летась у яе вучня адзінаццацікласніка Глеба Козічава па хіміі на вобласці было 3-е месца, сёлета — пахвальны водзыў. Штогод у вучняў Траянавай ёсць поспехі. Сістэмна працуе Наталля Віктараўна Кандраценка, якая ў гімназіі выкладае матэматыку. Сёлета яе вучаніца Арына Свіржэўская заняла 3-е месца на вобласці. А настаўніца працоўнага навучання Наталля Раманаўна Чысцякова асвоіла і прапагандуе ўнікальную народную тэхналогію па гатаванні паронак. З агародніны — буракоў, морквы, гарбузоў — яна робіць з гімназістамі цукаты. Паронкі ва ўсіх выклікаюць інтарэс. У гэтым годзе Наталля Раманаўна са сваёй выставай удзельнічала ў праекце “Вытокі” ў Касцюковічах. Да таго ж гімназісты разам з выкладчыцай выканалі даследчую работу. І на нядаўнім конкурсе “100 ідэй для Беларусі” ў Мінску краснапольская ідэя паронак стала прызёрам.
Іван ЖДАНОВІЧ
Фота аўтара і з сямейнага архіва Алесі Шапавалавай