Спытайце любога вучня Люсінскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, што знаходзіцца ў Ганцавіцкім раёне, хто такія Дар’я Домрачава, Антон Смольскі ці Ганна Сола, і вы атрымаеце вычарпальны адказ. Для дзяцей перамогі гэтых знакамітых спартсменаў з’яўляюцца натхняльным прыкладам і матывацыяй для заняткаў біятлонам і лыжным спортам, якія атрымалі тут развіццё. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Выхаванне фізічнай культуры, прапаганда здаровага ладу жыцця — прыярытэтны напрамак дзейнасці нашай установы, — адзначае дырэктар школы Валянціна Зялёнка. — Дзякуючы Ганцавіцкаму райвыканкаму і аддзелу па адукацыі, у нас створана неабходная матэрыяльна-тэхнічная база. З 2019 года ва ўстанове рэалізуецца праект “Здаровая школа”, які накіраваны на павышэнне ўзроўню ведаў вучняў па здаровым ладзе жыцця. У яго межах праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы, у тым ліку спартыўныя спаборніцтвы і турніры, класныя і інфармацыйныя гадзіны пра здаровы лад жыцця, інфармацыйныя акцыі і інш.
Люсінская школа вядома ў раёне як адна з самых спартыўных. Пра гэта гаворыць шматлікая калекцыя грамат і кубкаў, сабраная ва ўстанове. Навучэнцы штогод займаюць прызавыя месцы ў раённай спартакіядзе школьнікаў па 8 відах спорту. Нават на канікулах яны не перастаюць змагацца за званне лепшых спартсменаў і актыўна ўдзельнічаюць у спартакіядзе “Лета са спортам”. Дарэчы, летась школьнікі заваявалі ў ёй 2-е месца.
Няма роўных навучэнцам школы ў спаборніцтвах сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне “Снежны снайпер”. Апошнія тры гады каманда ўстановы з’яўляецца абсалютнай пераможцай раённых спаборніцтваў. У 2023 годзе 9 навучэнцаў змагаліся за перамогу на абласных спаборніцтвах і 7 навучэнцаў — на рэспубліканскім этапе. Дарэчы, з вобласці ўсе 9 вучняў вярнуліся з узнагародамі ў асабістым першынстве, а каманда раёна заваявала 1-е месца. Сёлета 6 навучэнцаў у складзе каманды раёна ўдзельнічалі ў абласных спаборніцтвах па біятлоне.
— У першы дзень “Снежнага снайпера” адбыліся індывідуальныя гонкі, — расказвае Валянціна Вячаславаўна. — У малодшай групе сярод дзяўчынак Вікторыя Сяргейчык заваявала “бронзу”. У заключны дзень спаборніцтваў ішла барацьба за перамогу ў эстафеце. У складзе каманды малодшай групы Вікторыя заняла 3-е месца. Аналагічнага поспеху ў складзе каманды старэйшай групы дасягнулі Эльвіра Целушко, Паліна Амельяновіч, Аляксандр Занько і Ілья Занько. У складзе каманды сярэдняй групы 2-е месца заваяваў Эрык Занько. Па выніках спаборніцтваў каманда Ганцавіцкага раёна заняла 2-е месца.
Прыкладам для многіх навучэнцаў служыць мэтанакіраванасць навучэнкі школы Паліны Сяргейчык. Дзяўчына ў 2022 годзе заваявала “бронзу” на рэспубліканскіх спаборніцтвах “Снежны снайпер”, а ў 2023 годзе саступіла толькі некалькі секунд і прыйшла да фінішу чацвёртай. Брат Паліны Дзмітрый станавіўся неаднаразовым пераможцам і прызёрам раённых і абласных спаборніцтваў. Па спартыўнай сцежцы пайшла і самая малодшая з Сяргейчыкаў — Вікторыя, якая ўжо неаднаразова ўзыходзіла на п’едэстал па ўзнагароды. Такі ж інтарэс да спорту і ў сям’і Занько. Тры браты — Ілья, Аляксандр і Эрык — штогод удзельнічаюць у спаборніцтвах “Снежны снайпер” і прывозяць з іх узнагароды.
Асаблівую ўвагу педагогі звяртаюць на праяўленне ў дзяцей самастойнасці, рашучасці, мэтанакіраванасці, здольнасці мабілізавацца ў ходзе спаборніцтваў, выкласціся на фінішы і інш.
Цікавасць да біятлона прывіў навучэнцам настаўнік фізічнай культуры і здароўя Уладзімір Жалезны, які ўсё жыццё прысвяціў спорту і выхаванню юных спартсменаў. Педагог шчыра перажывае за дзяцей, як за сваіх родных, умее падтрымаць і матываваць. Многія яго выхаванцы сталі вайскоўцамі, працуюць у сілавых структурах і шчыра ўдзячны свайму настаўніку за выдатную базавую падрыхтоўку, за тое, што навучыў пераадольваць цяжкасці і ніколі не здавацца. Нягледзячы на тое, што Уладзімір Аляксандравіч на заслужаным адпачынку, яго часта можна ўбачыць на стадыёне школы: мудрымі парадамі дапамагае сваім калегам — настаўнікам фізічнай культуры і здароўя Марце Навумік, якая, дарэчы, з’яўляецца яго вучаніцай, і Вадзіму Кандратовічу.
— За што люсінскія школьнікі любяць біятлон? Гэта не толькі дынамічны і відовішчны, але і карысны для здароўя від спорту. Навучэнцы больш гарманічна фарміруюцца ў фізічным плане. Біятлон — скарбніца карысных практыкаванняў для вачэй: падчас трэніровак і спаборніцтваў спартсмену трэба не толькі пастаянна весці прыцэльную стральбу, але і факусіраваць позірк папераменна на далёкіх і блізкіх аб’ектах. У псіхалагічным плане вучань становіцца больш ураўнаважаным, стрэсаўстойлівым і цярплівым, — падкрэслівае Валянціна Зялёнка.
Дырэктар спадзяецца, што спартыўныя традыцыі, закладзеныя ў школе многа гадоў назад, будуць працягвацца і далей, а любоў да біятлона на генетычным узроўні перадавацца з пакалення ў пакаленне.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА