Задача кожнага дарослага

- 10:15Авторские колонки, Мнение
Кацярына МАЦЕВІЧ

Гэты тыдзень у працоўным плане пачаўся з запрашэння ў адну з самых вялікіх школ Гродна. У новую школу мікрараёна Грандзічы пад нумарам 42 на адзіны ўрок “Ала — сястра Хатыні”.

У школе сёння вучыцца больш за тысячу дзяцей, і нават у галаве не ўкладваецца, што амаль такая ж колькасць дзіцячых жыццяў на Гомельшчыне 80 гадоў назад абарвалася з-за бесчалавечнага рашэння групы дарослых, якія прытрымліваліся жудасных ідэй фашызму.

Так супала, што адзіны ўрок праходзіць падчас шэсця па краіне самай добрай акцыі “Нашы дзеці”. Мімаволі пытаешся ў сябе: а колькі такіх жа нашых дзяцей не ўбачылі ў сваім дзяцінстве мірнага неба? Толькі ў вёсцы Ала 950 дзяўчынак і хлопчыкаў згарэлі разам з іх планамі і жыццё­вымі чаканнямі… Не хочацца праводзіць паралелі, але толькі там цэлая школа буйнога абласнога цэнтра раптоўна без нейкіх прычын і тлумачэнняў была пазбаўлена жыцця… І такі лёс падзялілі з імі яшчэ шмат жыхароў іншых вёсак — сясцёр Хатыні. Толькі на гродзенскай зямлі іх больш за трыста…

Мільёны дзяцей усёй краіны падчас Вялікай Айчыннай вайны былі пазбаўлены дзяцінства ў звыклым разуменні. Яны шукалі магчымасць пракарміць сябе і застацца ў жывых, замест таго каб шыць лялькам сукенкі і майстраваць машынкі…

Не так даўно ў Гродне былі падведзены вынікі рэгіянальнага этапу маладзёжнага творчага конкурсу Генеральнай пракуратуры “Памятаць. Шанаваць. Не дапусціць”. У Гродзенскай вобласці некаторыя фіналісты зачытвалі свае работы падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання. Калі ўсяго некалькімі словамі перадаць агульнае ўражанне ад іх, то гэта словы “кранальна, глыбока і да слёз”… Настолькі студэнты і школьнікі вобласці пранікліся самі і ўразілі іншых.

Мемарыяльны комплекс “Ала”. Фота БелТА

Вельмі запомнілася эсэ студэнткі ГрДУ імя Янкі Купалы Вікторыі Мордань. У ім другакурсніца юрыдычнага факультэта вяла аповед ад асобы 16-гадовай дзяўчыны, якая ў таварным вагоне ехала насустрач невядомаму лёсу — у канцлагер… Вельмі ярка, эмацыянальна аўтар апісала пачуцці дзяўчыны, якая выжыла, але перажыла неймавернае, будучы яшчэ маладзейшай за аўтара эсэ.

Мабыць, як маці мяне асабліва кранае няпросты лёс дзяцей вогненных гадоў. Вайна ўрывалася ў іх жыццё яшчэ больш раптоўна, чым у жыццё дарослых. Чаго варта гісторыя, якую ўжо шмат гадоў, дзякуючы пошукавай рабоце педагога Тамары Уладзіміраўны Крывені, расказвае музейная экспазіцыя Новаяльнянскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна “Дзеці ліхалецця”.

Дзеці прыехалі ў інтэрнацыянальны лагер па яркія летнія ўражанні, а сталі ахвярамі акупацыйнага рэжыму і назаўсёды страцілі магчымасць убачыць родных і блізкіх… Кожны раз, калі задумваюся пра гэта, прабірае нейкі неймаверны цяжар.

Цяжкія веды. Нялёгка іх несці за плячыма, але варта памятаць, каб добра разумець цану незалежнасці і мірнага неба нашай краіны. Цану магчымасці ставіць уласныя мэты і ажыццяўляць іх.

Невыпадкова сёння ўсе школы краіны аб’ядноўвае агульны ўрок. Кожнае дзіця павінна ве­даць і памятаць, як развівалася гісторыя і якой цаной аплачана наша агульнае сёння. І гэта задача не толькі сістэмы адукацыі краіны. Гэта задача кожнага дарослага.