Як будуць удасканальвацца профільныя класы прафесійнай накіраванасці?

- 10:09Актуально

Нарада па пытаннях удасканалення функцыянавання профільных класаў прафесійнай накіраванасці і карэкціроўкі адпаведных вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прайшла ў Акадэміі адукацыі з удзелам намесніка міністра адукацыі Аляксандра Кадлубая і прадстаўнікоў розных профільных міністэрстваў і ведамстваў, а таксама БНТУ і БДПУ. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Размова ішла аб класах педагагічнай, спартыўна-педагагічнай, інжынернай, аграрнай і ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

— Асаблівасць профільных класаў прафесійнай накіраванасці заключаецца не столькі ў выкладанні асобных прадметаў на павышаным узроўні, колькі ў рэалізацыі вучэбных праграм факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці, распрацаваных профільнымі міністэрствамі, — падкрэсліў Аляксандр Кадлубай. — Гэта такія праграмы, як “Уводзіны ў педагагічную прафесію”, “Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі”, “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, “У свеце тэхнікі і тэхналогій: выбіраем інжынерную прафесію”, “Гатовы Радзіме служыць!”, “Юны пагранічнік” і іншыя.

Да будучага навучальнага года ў сілу ўступяць абноўленыя праграмы. Каардынаваць работу па іх карэкціроўцы будуць спецыялісты Акадэміі адукацыі ва ўзаемадзеянні са спецыялістамі Міністэрства адукацыі.

У прыватнасці, плануецца прадугледзець у праграмах варыятыўны кампанент, які ўліч­вае спецыфіку рэгіёна і галіны эканомікі, на якія арыентаваны выпускнікі гэтых класаў. Больш увагі прапануецца ўдзяляць практычным заняткам з наведваннем прадпрыемстваў і арганізацый, вытворчых цэхаў, воінскіх часцей і г.д.

Так, вучэбная праграма “Увядзенне ў педагагічную прафесію” — адна з самых насычаных практыка-арыентаванымі заняткамі. Абавязковай часткай у ёй з’яўляюцца педагагічныя пробы, наведванне ўрокаў настаўнікаў-майстроў, аналіз прафесійных уменняў і асобасных якасцей сучаснага настаўніка, арагнізацыя гульняў на перапынках, правядзенне выхаваўчых мерапрыемстваў, урокаў у пачатковай школе, практыка ў школьным лагеры, валанцёрская дзейнасць і г.д.

Выпускнікі такіх класаў ма­юць асобную траекторыю для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Як адзначыў намеснік міністра, мэтазгодна рэалізацыю кожнай праграмы факультатыўных заняткаў прафесійнай накіраванасці замацаваць за ўстановамі вышэйшай адукацыі, якія будуць аказ­ваць настаўнікам усебаковую падтрымку, праводзіць вучэбныя мерапрыемствы.

Ёсць прыклады інжынерных класаў, дзе арганізавана ўзае­мадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, а таксама заказчыкаў кадраў. У асобных рэгіёнах заключаюцца трохбаковыя дагаворы.

Напрыклад, у выпускніках інжынерных класаў сёння зацікаўлены не толькі ў БНТУ, але і ва ўніверсітэтах харчовых і хімічных тэхналогій. Што тычыцца вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні ў межах інжынернага профілю, то гэта могуць быць не толькі фізіка і матэматыка, але і іншыя дысцып­ліны.

Але самае галоўнае, па словах Аляксандра Кадлубая, на месцах правільна выбуда­ваць работу са школьнікамі, каб у такія класы ішлі самыя матываваныя дзеці, якія плану­юць выбраць прафесію адпаведнага профілю, а не проста зацікаўлены ў вывучэнні на павышаным узроўні пэўных вучэбных прадметаў. Мэтазгодна распрацаваць дарожныя карты па развіцці кожнага класа прафесійнай накіраванасці. Галоўным крытэрыем іх эфектыўнасці павінна ­стаць колькасць выпускнікоў, якія прыйдуць ва ўніверсітэты па выбраным профілі, а затым у адпаведную прафесію.

 Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара