“Заданні закранулі шматлікія галіны геаграфічнай навукі, што было вельмі цікава і разнапланава”, — падзялілася ўражаннямі аб першым этапе работы вочна-дыстанцыйнай школы алімпіяднага руху настаўніца геаграфіі гімназіі № 5 Мінска імя герояў сустрэчы на Эльбе Надзея Горбік. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Для нас гэта новая форма арганізацыі алімпіяднага руху. У гімназіі ў першым этапе вочна-дыстанцыйнай школы прынялі ўдзел 8 вучняў 9—11 класаў. Ім былі прапанаваны алімпіядныя заданні з паступовым павышэннем узроўню складанасці: ад лёгкіх, адказаць на якія можна было з дапамогай немудрагелстых лагічных разважанняў, да складаных з выхадам на творчы, практычны ўзровень, адказы на якія не адразу знаходзіліся нават у дадатковых крыніцах інфармацыі. Усяго іх было 40. Заданні тычыліся геаграфіі Беларусі і свету, былі і краіназнаўчыя, і краязнаўчыя, і сацыяльна-эканамічныя заданні. Дзесьці яны патрабавалі дакладнага ведання тэорыі, дзесьці — пэўных назіранняў, шырокага кругагляду. Яны ўключалі інфармацыю пра гісторыка-культурныя памятныя мясціны, аб’екты на грашовых купюрах, гербы гарадоў, лагатыпы прадпрыемстваў, нават пра наскальны жывапіс і вадамерныя слупы ў даліне Ніла на старажытнаегіпецкай мазаіцы. Стваральнікам удалося закрануць шматлікія галіны геаграфічнай навукі і накласці пытанні на школьную праграму, што было вельмі цікава, разнастайна, разнапланава. Стаўка была зроблена на мультымедыйны тур (як вядома, алімпіядныя выпрабаванні складаюцца з трох тураў: тэарэтычнага, практычнага і мультымедыйнага), калі навучэнцам прапаноўваюцца слайды з пытаннямі. Гэта цікавая форма работы: з аднаго боку, карцінкі — гэта своеасаблівыя падказкі, а з другога — падключэнне розных каналаў успрымання, актывізацыя і развіццё працэсаў мыслення, у тым ліку і геаграфічнага.
Хочацца падкрэсліць, што падчас выканання заданняў у вучняў не было асаблівага псіхалагічнага напружання, хвалявання, як гэта здараецца на алімпіядзе. У спакойнай, камфортнай абстаноўцы заданні расцэньваліся імі па-іншаму. Старшакласнікі адзначылі, што яны былі цікавымі і ўдзел у вучэбнай змене быў варты таго. Пераканана, да далейшых вучэбных змен падключыцца яшчэ большая колькасць дзяцей. Значна і тое, што навучэнцы былі пастаўлены ў сітуацыю самастойнага здабывання ведаў, бо былі моманты, калі яны звярталіся да дадатковых крыніц інфармацыі.
У тэхнічным плане ўсё было зразумела. Спярша неабходна было запоўніць картку ўдзельніка і раздрукаваць бланк, ад рукі ўпісаць у ім адказы, потым адсканіраваць бланк у pdf-фармаце і адаслаць на электронную пошту.
Думаю, вочна-дыстанцыйная школа алімпіяднага руху сапраўды прадастаўляе магчымасць паўдзельнічаць у інтэлектуальных спаборніцтвах навучэнцам з рознымі адукацыйнымі патрэбамі, развівае іх пазнавальныя інтарэсы. Задума правядзення такіх вучэбных змен імпануе мне яшчэ і таму, што заданні будуць правярацца выкладчыкамі БДУ і пралугледжаны іх відэаразбор, а гэта вельмі важна. Часам бывае, што вучні прымаюць удзел у пэўным конкурсе, а потым атрымліваюць яго вынікі, але іх аналіз не праводзіцца. Рэфлексія падтрымае агеньчык цікавасці ў школьнікаў, паглыбіць і сістэматызуе іх веды. Спадзяюся, наступныя змены прапануюць заданні практычнага і тэарэтычнага характару.
***
Асноўная мэта вочна-дыстанцыйных вучэбных змен — выявіць найбольш таленавітых і адораных навучэнцаў, каб затым максімальна прыцягнуць іх у алімпіядны рух. У выніку будзе ўдасканальвацца падрыхтоўка мэтанакіраваных дзяцей да рэспубліканскіх алімпіяд і нацыянальных каманд — да міжнародных.
Выкладчыкі БДУ правераць работы ўдзельнікаў вучэбнай змены да 19 кастрычніка. А ўжо з 26 кастрычніка на нацыянальным адукацыйным партале ў раздзеле “Школа алімпіяднага руху” будуць даступны спасылкі на відэаразбор рашэння заданняў.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота з уласнага архіва педагога
Фота на прэўю з архіва рэдакцыі, носіць ілюстрацыйны характар