У чыстых дзіцячых вачах трэба бачыць перадумову свайго поспеху, пераканана настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Ляхавіч Брэсцкай вобласці Святлана Прастакевіч. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
— Здаецца, імкненне да педагогікі ў мяне было закладзена з дзяцінства. Памятаю, як брала канцылярскія кнігі, разлінейвала іх, упісвала прозвішчы дзяцей і ставіла ім адзнакі. Вялікае ўздзеянне на мяне аказала настаўніца рускай мовы і літаратуры Надзея Іосіфаўна Бельмач. Яна змагла паказаць, наколькі мова можа быць цікавай і захапляльнай. Ды і колькі сябе памятаю, любіла чытаць. Літаратура была маім галоўным захапленнем. Я скончыла спачатку Баранавіцкі педагагічны каледж па спецыяльнасці “Пачатковыя класы”, а потым паступіла ў БДПУ на рускую філалогію і стала выкладаць мову і літаратуру ў школе.
Ужо больш за 21 год Святлана Канстанцінаўна працуе з дзецьмі, 11 гадоў — у гімназіі. У настаўніцкай прафесіі педагога прывабліваюць найперш зносіны з навучэнцамі — неардынарнымі асобамі з арыгінальным поглядам на свет, у якіх пастаянна можна чамусьці павучыцца. У прыватнасці, зараз на кончыках пальцаў дзяцей валоданне інфармацыйнымі тэхналогіямі. Энергічныя, завадныя, ініцыятыўныя, яны даюць магчымасць і настаўніку ўвесь час заставацца маладым.
— Самае галоўнае ў нашай прафесіі — не супакойвацца: пастаянна чагосьці хацець, гарэць, шукаць і любіць дзяцей, бо калі ты не можаш вытрымліваць пастаянны рух, гоман, зносіны з імі, калі цябе гэта раздражняе, выводзіць з раўнавагі, то якімі б сучаснымі тэарэтычнымі ведамі і тэхналогіямі ні валодаў, гэта не пойдзе на карысць вучням, — пераканана настаўніца.
Галоўным у сваёй дзейнасці Святлана Прастакевіч лічыць навучыць дзяцей выказвацца на любыя тэмы, правільна фармуляваць думкі, аргументаваць іх, адстойваць сваё меркаванне, бо ў любой прафесіі ім давядзецца камунікаваць, устанаўліваць кантакт, схіляць людзей на свой бок. Таму і любімым відам дзейнасці педагога з’яўляецца напісанне сачынення, эсэ. Яна прапануе вучням не браць матэрыял з інтэрнэту, а напісаць некалькі думак, але сваіх. Што тычыцца літаратуры, то тут настаўніца імкнецца прадэманстраваць дзецям, што гэта чалавеказнаўства, што пісьменнікі раскрываюць душы не толькі герояў літаратурных твораў, а душы тых, хто з імі побач, душы чытачоў. А таму важна навучыцца бачыць дэталі і разумець іх, што азначае пэўны погляд, жэст, той ці іншы ўчынак героя.
Святлана Прастакевіч паспяхова рыхтуе навучэнцаў да алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый. Летась Ксенія Дылеўская стала ўладальніцай дыпломаў на раённай і абласной НПК з работай “Спосабы рэалізацыі функцыі ўздзеяння ў тэкстах рэкламы мабільнай тэхнікі”. На міжнародным конкурсе “Мая Айчына” Настасся Яраш удастоена дыплома ІІ ступені за напісанне эсэ “Помні імя сваё”.
Каб зацікавіць дзяцей чытаннем, творчасцю таго ці іншага пісьменніка або паэта, педагог выкарыстоўвае розныя спосабы. Прапануе паглядзець экранізацыю твора, прачытаць кнігу і прэзентаваць яе перад аднакласнікамі. Часта на дапамогу прыходзіць прыём “Незавершаная фраза”, калі настаўніца чытае фразу, а вучні павінны закончыць яе альбо сказаць, пра якога героя ідзе гаворка і як вырашылася сітуацыя.
Фарміруюць матывацыю вучняў да чытання ўжо традыцыйныя ў гімназіі паэтычныя гасцёўні, прысвечаныя творчасці пэўнага паэта (напрыклад, С.Ясеніна, У.Маякоўскага, М.Цвятаевай, Г.Ахматавай) альбо пэўнай тэме (“Нашы любімыя вершы”, “Вясна. Паэзія. Каханне”).
— Імкнуся зрабіць так, каб правядзенне паэтычнай гасцёўні грунтавалася на жаданні навучэнцаў, каб ім адгукаўся ў душы той ці іншы паэтычны тэкст, — адзначае Святлана Прастакевіч. — І потым сплятаю адабраныя творы ў сцэнарый. Так, у мінулым годзе было арганізавана паэтычнае кабарэ “Подвал бродячей собаки”, дзе адзінаццацікласнікі прымералі на сябе вобразы паэтаў і артыстаў Сярэбранага веку. Мы паставілі сталы, запалілі свечкі, дзяўчаты надзелі боа, узялі ў рукі вееры, у выглядзе газеты раздрукавалі сцэнарый. Чыталі вершы, спявалі песні, гучала музыка. У выніку атрымалася сапраўднае шоу, у якім удзельнікі раскрывалі свае таленты.
Прыцягнуць навучэнцаў у вучэбную дзейнасць, дэлегаваць ім адказнасць за вынікі педагогу дапамагаюць актыўныя метады навучання. Яны будуюцца на практычнай накіраванасці, гульнявым і творчым характары навучання, інтэрактыўнасці, дыялогу, выкарыстанні ведаў і вопыту навучэнцаў, дзейсным падыходзе да навучання. Актыўныя метады дазваляюць навучэнцам ператварыцца з пасіўных слухачоў у самастойных, крытычна думаючых асоб.
У межах тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення на этапе актуалізацыі ведаў вучняў настаўніца выкарыстоўвае кластары, якія дазваляюць навучэнцам актывізаваць наяўныя веды па пэўных тэмах.
Кластар афармляецца ў выглядзе гронкі або мадэлі планеты са спадарожнікамі. У цэнтры размяшчаецца асноўнае паняцце, думка, па баках абазначаюцца буйныя сэнсавыя адзінкі, злучаныя з цэнтральным паняццем прамымі лініямі. Гэта могуць быць словы, словазлучэнні, сказы, якія выказваюць ідэі, думкі, факты, вобразы, асацыяцыі, якія тычацца той ці іншай тэмы. Пры аналізе літаратурнага твора і характарыстыцы яго герояў прымяняюцца сінквейны. Канцэптуальная табліца выкарыстоўваецца, калі плануецца параўнанне трох і больш аспектаў або пытанняў. Табліца будуецца так: па гарызанталі размяшчаецца тое, што падлягае параўнанню, а па вертыкалі — розныя рысы і ўласцівасці, па якіх гэтае параўнанне адбываецца.
Дастаткова эфектыўным з’яўляецца і эйдас-канспект — малюнак і кароткае разважанне, якія даюць тлумачэнне свайго бачання тэмы і вобразаў мастацкага твора. Перавагі работы з эйдас-канспектамі: дапамагае ўбачыць вобраз, створаны мастаком, вачыма навучэнца; дазваляе праверыць узровень успрымання твора, а часам і творчасці, бо каментарый да яго паказвае, наколькі глыбока тэкст зразумелы вучнем; патрабуе ад навучэнца самастойнай работы ў выбары тэм, вобразаў, вучыць яго даследчай дзейнасці; развівае творчыя здольнасці, інтэгруе розныя віды мастацтва: літаратуру і жывапіс. Для больш непадрыхтаванага чытача эйдас-канспект, складзены аднакласнікам, з’яўляецца свайго роду памочнікам пры чытанні: вучыць параўноўваць розныя пункты гледжання.
Вялікую цікавасць праяўляюць вучні да заняткаў, на якіх Святлана Прастакевіч выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, як гатовыя (з адзінага электроннага адукацыйнага рэсурсу), так і распрацаваныя з дапамогай сэрвісаў Learning Apps, Quizizz, Kahoot і інш.
— Каб прывіць вучням адказнасць, навучыць працаваць у камандзе, выкарыстоўваю групавую і парную работу, — расказвае настаўніца. — Люблю, напрыклад, правяраць у групах верш на памяць. Вучні садзяцца па 4 чалавекі і адно ў аднаго правяраюць. А каб пазбегнуць моманту моцнай дружбы, я рандомна з любой групы магу выклікаць навучэнца да дошкі і праверыць, ці аб’ектыўна ацанілі яго.
Актыўна прымяняе настаўніца праблемнае навучанне, якое надае адукацыйнаму працэсу пошукавы, даследчы і інтэрактыўны характар. Напрыклад, пры тлумачэнні новай тэмы, калі ставіцца праблема, з’яўляецца пытанне для даследавання. Такія ўрокі дапамагаюць дзіцяці быць даследчыкам, першаадкрывальнікам у працэсе сваёй работы. Дзякуючы гэтаму, фарміруюцца рэгулятыўныя, пазнавальныя, камунікатыўныя дзеянні. Навучэнцы пачынаюць з лёгкасцю фіксаваць цяжкасці ва ўласнай дзейнасці, выяўляць іх прычыны, вызначаць мэты сваёй далейшай работы, выбіраць сродкі і спосабы дасягнення пастаўленай мэты, ажыццяўляць пошук неабходнай інфармацыі.
Такую работу Святлана Канстанцінаўна мяркуе працягваць і далей. У планах педагога — зрабіць пастаноўку для вучняў 5—6 класаў “Шкодныя парады” Р.Остэра.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара