Захапленне і гордасць — такія эмоцыі выклікалі ўстановы адукацыі Гродзеншчыны падчас прэс­-туру

- 14:05Репортаж

Здзіўленне, захапленне, гордасць, падзяка — далёка не поўны пералік эмоцый, якія былі прывезены з прэс­туру па ўстановах адукацыі Гродзеншчыны. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу двух дзён прадстаўнікоў Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” гасцінна сустракалі ў школах і дзіцячых садах Навагрудка, Карэліч і Міра. Нашай увазе была прадстаўлена палітра вопыту педагогаў, таленты і дасягненні іх выхаванцаў. Кожная навучальная ўстанова мае свае адметнасці.

Дзіцячы сад № 12 Навагрудка ўразіў існуючымі ўмовамі для развіцця экалагічных кампетэнцый маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. У дашкольнай установе рукамі педагогаў створаны тэматычныя пляцоўкі для развіцця экалагічнага мыслення дзяцей, тут на карысць выхаванцаў працуе кожны куток, дзе, напрыклад, створаны зоны “Акіянарыум” або “Экалагічная бібліятэка”.

Сярэдняя школа № 7 Навагрудка вядомая кадэцкімі класамі, якія тут дзейнічаюць з 2014 года. За час іх існавання ў школе з’явіліся свае традыцыі. Кадэт — не проста добры вучань, гэта фізічна загартаваны, высокаінтэлектуальны, з моцным маральным стрыжнем грамадзянін і патрыёт сваёй краіны. У школе вядзецца вялікая работа па патрыятычным выхаванні, створана інтэрактыўная музейная экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа. Дзейнічае цікавы музей “Назад у СССР”. Акрамя таго, старшакласнікі актыўна займаюцца праектнай дзейнасцю, удзельнічаюць у розных зменах дзіцячага тэхнапарка.

У сярэдняй школе № 3 Навагрудка імя В.Г.Гаховіч з 2013 года адкрыты прававыя класы, функцыянуюць музей баявой славы, інтэрактыўная пляцоўка “У памяці назаўсёды”, даследчай дзейнасцю займаюцца ўдзельнікі пошукава-патрыятычнага клуба “Памяць”. З верасня 2022 года адкрыта музейная экспазіцыя, прысвечаная заслужанаму настаўніку БССР і народнаму настаўніку СССР Валянціне Георгіеўне Гаховіч, якая некалі працавала ў школе. Нам давялося паўдзельнічаць у пасяджэнні клуба “Душа і ліра”, прысвечаным Валянціне Георгіеўне. Яе былыя вучаніцы, а цяпер педагогі школы, разам са сваімі выхаванцамі паказалі там глыбіню, пранікнёнасць і далікатнасць В.Г.Гаховіч, якая пакінула след у сэрцах сваіх шматлікіх вучняў.  

Навагрудскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “ДАР” прадставіў цэлы спектр аб’яднанняў па інта­рэсах. Іх тут амаль 150.

Асаб­лівая ўвага была ўдзелена праекту “Сёстры Хатыні. Навагрудчына”, які быў рэалізаваны ўстановамі адукацыі раёна. Акрамя таго, мы з цікавасцю пагутарылі са стваральнікамі блогер-студыі “Мэйнстрым”. Ініцыятыўныя і неабыякавыя маладыя людзі прадэманстравалі прадукт сваёй дзейнасці.

Як заўважыла начальнік упраўлення адукацыі Навагрудскага раённага выканаўчага камітэта Людміла Мароз, сістэма адукацыі Навагрудскага раёна імкнецца адпавядаць запытам сучаснасці.

Як і сістэма адукацыі суседзяў — Карэліцкага раёна. Сярэдняя школа № 1 Карэліч прадставіла панараму вопыту па грамадзянскім і патрыятычным выхаванні, даследчай і пазнавальнай дзейнасці. Малодшыя школьнікі вывучаюць прыродныя і гістарычныя аб’екты рэгіёна. Старшакласнікі распрацоўваюць квесты-экскурсіі, адна з якіх стала ўжо візітнай карткай установы — “З вараг у грэкі ў ХХІ стагоддзі”. Педагогі ўвесь час у пошуку новых ідэй і рашэнняў. Прынамсі, яны знайшлі формулу карыснага адпачынку, распрацавалі методыку выкарыстання інтэлектуальных гульняў сярод малодшых школьнікаў.

Дзіцячы сад гарадскога пасёлка Мір адметны створаным прадметна-развіццёвым асяроддзем, якое ўключае грамадзянска-патрыятычнае, экалагічнае, эканамічнае выхаванне, фарміраванне культуры бяспекі і асноў здаровага ладу жыцця. Творчы калектыў педагогаў змог напоў­ніць дзіцячы сад цікавымі метадычнымі распрацоўкамі, абсталяваннем для навучання і адпачынку. Сапраўдныя майстры.

Мірская сярэдняя школа імя А.І.Сташэўскай прэзентавала вопыт работы па выкарыстанні гістарычнай спадчыны рэгіёна, а таксама напрамкі інавацыйнай дзейнасці. Тут назапашаны багаты педагагічны вопыт. Вялікая ўвага ўдзяляецца музейнай педагогіцы, дзейнічае абласны рэсурсны цэнтр. Думаю, многія ведаюць пра існаванне ў школе двух музеяў — гісторыка-краязнаўчага і музея гістарычнай асобы Ігната Дамейкі. У абодвух знойдзеце ўнікальныя экспанаты.

“Мы ўвесь час развіваемся і ўдасканальваемся, таму заўсёды гатовы да супрацоўнітва”, — падсумавала начальнік упраўлення адукацыі Ка­рэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. І мы гатовы да супрацоўніцтва.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА