Захаваць імёны з абеліскаў: адметны асветніцкі праект рэалізуюць вучні Краснапольскай раённай гімназіі

- 16:30Новости

Ваенна-­патрыятычны клуб “Віцязь” дзейнічае ў Краснапольскай раённай гімназіі на працягу двух гадоў. За гэты перыяд навучэнцы сумесна з педагогамі здзейснілі шмат карысных спраў па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Сёння ў склад клуба ўвахо­дзяць 16 вучняў 9—11 класаў. Ключавы кампанент заняткаў — дапрызыўная падрыхтоўка. Але самую вялікую ўвагу ўдзяляем выхаванню. Бо галоўнае, каб у дарослае жыццё навучэнцы ўвайшлі патрыётамі, свядомымі грамадзянамі, якія не забываюць мінулае і разумеюць сваю адказнасць за будучыню роднай краіны. Аднымі гутаркамі патрыятызм не сфарміраваць, таму далучаем моладзь да рэальнай сацыяльна значнай дзейнасці, — паведаміў кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Леанід Сырамалотаў.

Удзельнікі клуба актыўна займаюцца пошукавай работай. Разам з педагогамі гімназісты рэалізуюць асветніцкі праект “Зорачка”. Ініцыятыва накіравана на складанне картатэкі імёнаў воінаў, пахаваных у брацкіх магілах на Краснапольшчыне.

— У аснову праекта ляглі ўспаміны сведкаў ваеннага ліхалецця. Інфармацыя была сабрана яшчэ ў 1960-х гадах. Праз вывучэнне гэтых звестак мы даведаліся аб тым, што ў нашым раёне ёсць 62 воінскія пахаванні часоў Вялікай Айчыннай вайны. Па крупінках аднаўляем імёны пахаваных там чырвонаармейцаў. Ужо цалкам зверылі даныя па брацкай магіле ў вёсцы з сімвалічнай назвай Перамога. Зараз займаемся ўдакладненнямі па мемарыяле вёскі Гарадзецкая, — адзначыла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Таццяна Іўчанка.

Па яе словах, набытыя навыкі работы з архівамі і гістарычнымі дакументамі вельмі спатрэбіліся юным патрыётам. Калі летам у гімназію прыйшоў зварот аб аказанні дапамогі ў пошуках канкрэтнага салдата, навучэнцы адгукнуліся не раздумваючы.

— Да нас звярнуліся жыхары расійскага горада Ніжні Тагіл. Сям’я Татарынавых папрасіла дапамагчы знайсці дзеда, які загінуў пры вызваленні Беларусі. У пахавальнай значылася, што гвардыі радавы тэлефаніст Іван Татарынаў пахаваны ў вёсцы Рыжанка. Але даследаванне паказала, што ў дакуменце памылка. Салдат быў смяротна паранены ў баях за вёску Выдранка, а паселішча Рыжанка ніколі не існавала ў нашым раёне. Зверыўшы ўсе факты, мы адправілі паведамленне ў Расію. Сваякі чырвонаармейца прыехалі ў Краснаполле і дзякавалі нам са слязамі на вачах, — расказала ўдзельніца клуба “Віцязь” Ганна Раманенка.

— Падчас сустрэчы з сям’ёй Татарынавых мы ўпэўніліся, наколькі важна памятаць аб подзвігах салдат-герояў, не забываць іх імёны, мужнасць і адвагу. Дзякуючы гэтым людзям, на нашай зямлі пануюць мір і дабрабыт, — па­дзяліліся навучэнкі Дар’я Дудоіць, Ганна Васіленка і Даніэла Мардуева.

Адметна, што работу па аднаўленні імёнаў салдат Вялікай Айчыннай вайны гімназісты працягваюць. У іх планах — ідэнтыфікаваць кожнага чалавека, які стаіць за прозвішчам на абеліску.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара