Днямі ў Мінску прайшлі фінальныя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па плаванні на прызы Аляксандры Герасімені. У цырымоніі адкрыцця акрамя самой уладальніцы двух алімпійскіх медалёў, чэмпіёнкі свету і Еўропы ўзялі ўдзел намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Афанасьевіч Тозік, намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба і інш.
Амаль 100 лепшых плыўцоў ва ўзросце 9-10 гадоў, а таксама сямейныя каманды прадстаўлялі на турніры ўсе вобласці Беларусі і Мінск. У склад каманд увайшлі па 2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі малодшай (3 клас) узроставай групы і 2 хлопчыкі і 2 дзяўчынкі старэйшай (4 клас) узроставай групы. Сямейныя эстафетныя каманды былі прадстаўлены двума бацькамі і дзіцем, пры гэтым агульны ўзрост каманд складаў 61—70 гадоў, 71—80 гадоў, 81—90 гадоў, 90 гадоў і старэй.
Дыстанцыя юных удзельнікаў складала 25 метраў. Сямейныя каманды плылі 3х25 метраў. Праходзілі фінальныя спаборніцтвы на базе Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.
На пачатку фіналу нам давялося пазнаёміцца з Вольгай Валер’еўнай і Уладзімірам Вячаслававічам Ліпень, а таксама іх сынам Мікітам, якія прадстаўлялі каманду Мінскай вобласці. Дарослыя прызнаюцца, што прыняць удзел у спаборніцтвах іх заахвоціў Мікіта, які ўжо тры гады займаецца плаваннем у сваім родным Нясвіжы.
“Разам з сынам мы прайшлі ўсе этапы і трапілі ў фінал, — усміхаецца Вольга Валер’еўна. — Наш тата выкладае фізічную культуру ў Нясвіжскім педагагічным каледжы, я працую настаўніцай гісторыі ў школе, Мікіта вучыцца ў 3 класе, і ўсе разам мы — каманда! Наш сын лідар па характары, ён заўсёды нацэлены на перамогу. Наша жаданне — падтрымаць яго”.
Забягаючы наперад, адзначым, што хоць сям’я Ліпень у лік пераможцаў фіналу не трапіла, у самым галоўным яна, без сумненняў, перамагла.
Пакуль спартсмены рыхтаваліся да выступлення на блакітных дарожках, Аляксандра Герасіменя пракаменціравала сёлетні фінал. У прыватнасці, яна адзначыла, што ўзровень турніру расце. Калі ў мінулым годзе ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 10 882 юныя спартсмены, то сёлета — 14 269. На думку спартсменкі,“Залатая рыбка” будзе жыць! У планах — прыцягнуць да ўдзелу яшчэ больш сем’яў. Аляксандра адзначыла, што сёння арганізатары ў пошуках новых ідэй, якія будуць цікавымі і для дзяцей, і для дарослых.
“Разам з тым у нас пакуль не хапае патрэбнай колькасці басейнаў, — падкрэсліла спартсменка. — Не ў кожным горадзе ёсць басейн, я ведаю, што многім прыходзіцца ездзіць у суседнія гарады, каб трэніравацца хаця б два разы на тыдзень. Таму, канечне, высокай якасці басейны, дзе можна не толькі трэніравацца, але і праводзіць буйныя турніры, павінны быць у гарадах”.
Выказала сваё меркаванне Аляксандра і ў дачыненні да вядомых беларускіх спартсменаў, якія адмаўляюцца падтрымліваць дзіцячыя турніры.
“Я разумею гэтую сітуацыю, паколькі я спартсменка, якая працягвае выступаць. Іншым разам незвычайна складана падзяліць сябе на некалькі важных спраў. Калі ты накіраваны на спартыўны вынік, то павінен быць эгаістам. Усе хочуць бачыць залатыя медалі, для людзей і для краіны — важны вынік. Хіба ты будзеш цікавы дзецям, калі нічога сабой не ўяўляеш.
Аднак я разумею, што хутка пакіну прафесійны спорт, і павінен быць нехта, хто працягне трымаць узровень краіны ў плаванні. У нас ёсць таленавітыя дзеці, магчыма, проста нехта з іх пакуль не паверыў у сябе. Памятаю, як пасля Алімпіяды мне пісалі трэнеры… Пісалі, што ў іх з’явілася надзея. Разумееце, людзі нават не дапускалі думкі, што нехта з Беларусі можа дасягнуць такіх поспехаў.
Я вырашыла для сябе, што павінна даць надзею дзецям, якія займаюцца плаваннем, на ўласным прыкладзе паказаць — магчыма ўсё, калі ты сапраўды гэтага хочаш”.
Спаборніцтвы, якія прайшлі на базе БДЭУ, паказалі, што цікавасць да плавання ў дзяцей і іх бацькоў ёсць. Пераможцай каманднага заліку стала Брэсцкая вобласць, на другім месцы — Гомельская вобласць і замыкае тройку лідараў каманда Мінскай вобласці.
Сярод дзяўчат малодшай узроставай групы лепшымі сталі: Ганна Курыненка (Магілёўская вобласць), Яўгенія Таўкач (Гомельская вобласць) і Дар’я Сцепанюк (Брэсцкая вобласць). У старэйшай узроставай групе лідзіравалі Настасся Шостак (Віцебская вобласць), Настасся Мельнікава (Брэсцкая вобласць) і Настасся Шэршань (Гродзенская вобласць).
Сярод хлопчыкаў малодшай групы тры першыя месцы занялі Філіп Філіповіч (Мінск), Раман Стральцоў (Мінск), Ілья Чарняеў (Гомельская вобласць). У старэйшай узроставай групе — Мацвей Макрэцкі (Мінск), Раман Тагіеў (Брэсцкая вобласць), Данііл Дарашэнка (Гродзенская вобласць).
Адным з самых цікавых стала выступленне сямейных каманд. Эстафету ва ўзроставай групе “61—70” выйграла сям’я Козіч (Гродзенская вобласць), у катэгорыі “71—80” — лідзіравалі сем’і Якубенка (Магілёўская вобласць), Ярмоленка (Гомельская вобласць), Каралюк (Брэсцкая вобласць). Ва ўзроставай групе “81—90” наймацнейшымі сталі сем’і Ляньковых (Мінск), Шабалоўскіх (Віцебская вобласць), Гілевіч (Мінская вобласць), у групе “91+” — сем’і Булай (Гродзенская вобласць), Гарэлавых (Віцебская вобласць), Чарневіч (Брэсцкая вобласць).
“Залатая рыбка” знайшла сваіх пераможцаў!
Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.