Замест венецыянскіх каналаў — Аўгустоўскі. Праект «Беларусь экзатычная» рэалізуюць у Пятрэвіцкай сярэдняй школе

- 14:22Новости

Дзе адшукаць краявіды, падобныя на Мальдывы ці нават марсіянскія панарамы, ведаюць у Пятрэвіцкай сярэдняй школе на Навагрудчыне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Экзотыка ёсць і ў Беларусі, трэба толькі паглядзець на нашу краіну іншымі вачыма. Да такой высновы прыйшлі школьнікі на чале з ініцыятарам праекта “Беларусь экзатычная”, намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, настаўніцай геаграфіі Аксанай Іванаўнай Засадзінскай. Рэалізоў­ваць праект збіраюцца на працягу 2023—2025 гадоў.

— Да гэтага праекта мы ішлі доўга і ўпарта. Раней распрацавалі не адзін падобны, першы называўся “Сродкі масавай інфармацыі на карысць”. Выкарыстоўваючы СМІ, вырашылі расказаць пра сваю малую радзіму, пра нашу школу. З гэтым праектам у рамках мерапрыемстваў шостага школьнага дня занялі 1-е месца ў вобласці і 2-е ў рэспубліцы. Нам гэтага было мала, таму вырашылі паглыбіцца ў гісторыю, каб аграгарадок стаў прывабным для турыстаў, падключылі нават выпускнікоў. Рэалізоўвалі праекты “Ажыўшая гісторыя”, “Ствараем гісторыю разам”, “Малая радзіма Пятрэвічы.by” і іншыя.

Потым прыдумалі праект “Беларусь экзатычная”, каб дзеці не ў замежжа імкнуліся, а падарожнічалі па роднай Беларусі. Першае, што зрабілі, сталі шукаць аб’екты, куды можам паехаць, каб параўнаць нашы славутасці з сусветнай спадчынай. Славутасці павінны быць прывабнымі і цікавымі для нашых дзяцей. Разам з тым паспрабуем зрабіць так, каб зацікавіць замежных турыстаў, — паведаміла Аксана Іванаўна.

Хочаш пабываць у Аўстраліі? Калі ласка, пятрэвіцкія школьнікі прапануюць наведаць страусіную ферму ў Кобрыне. Марыш пра падарожжа ў Іерусалім, спачатку з’ездзі ў Тураў на радзіму багаслова і філосафа Кірылы Тураўскага. Ніяк не збярэшся ў Венецыю, то можна праплыць на параходзе па Аўгустоўскім канале. Ёсць прапанова нават тым, каго захапляе бірузовая вада на Мальдывах, бо дабрацца да мелавых кар’ераў пад Ваўкавыскам не так складана і значна танней, аднак вада тут уражвае сваім колерам. Не кожны пабачыць “панараму Марса”, знятую для кінастужак у Ісландыі. Дык чаму не адправіцца на тэрыконы ў Салігорск, уражанні забяспечаны. І, безумоўна, які тэхаскі лес можа паспрачацца з прыгажосцю нашай Белавежскай пушчы. Вучні і настаўнікі знайшлі 11 такіх аб’ектаў па ўсёй Беларусі.

Школьнікі з Пятрэвіч пабывалі ў Слуцку і Салігорску. Азнаёміліся з гісторыяй стварэння слуцкіх паясоў, якія прапануюць пагля­дзець замест персідскіх дываноў, пабачылі падобныя на марсіянскія краявіды, наведаўшы салігорскія тэрыконы. Пасля паездкі аповед пра ўнікальны музей і іншыя славутасці ў тым рэгіёне змяшчаецца на сайце, у Telegram-канале “На хвалі”. У найбліжэйшых планах паездкі на мелавыя кар’еры і ў Косаўскі замак. Ёсць намер наладзіць супрацоўніцтва са школьнікамі з расійскага горада Светлагорска, якія таксама зацікаўлены падарожжамі па Беларусі.

“Няхай наша Беларусь стане для вас такой жа прывабнай, якой яна стала для нас. Адкрывайце Беларусь экзатычную разам з намі”, — такімі словамі сустракае наведвальнікаў створаны педагогам Пятрэвіцкай школы Паўлам Пятровічам Адзярэйкам трэвел-блог “Адкрый Беларусь па-новаму”. Менавіта тут можна ўбачыць падрабязныя справаздачы падарожжаў пятрэвіцкіх школьнікаў.

З гэтага навучальнага года ў Пятрэвіцкай школе рэалізуецца яшчэ адзін цікавы праект па стварэнні батлеечнага тэатра. Звярнуліся за вопытам у Мірскі дзяржаўны каледж, змайстравалі батлеечную скрыню і лялек, ужо паказалі першы калядны спектакль.

Нельга абысці ўвагай нядаўна створаную, прысвечаную фатаграфіі музейную экспазіцыю “Ад скуры да пікселя”. Пад кіраўніцтвам настаўніцы фізікі і матэматыкі Алены Уладзіміраўны Пяцэвіч дзеці і педагогі збіралі фотаапараты, тэхніку для праяўкі плёнак, цікавыя фотаздымкі з жыцця аграгарадка Пятрэвічы. Як толькі мясцовыя жыхары даведаліся пра гэта, сталі несці фатаграфіі. Ёсць задума рэалізаваць праект “Гісторыя адной фатаграфіі”, даследаваць колішні працэс стварэння фотаздымкаў.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара