У праекце «Запусці сэрца» прымуць удзел каля 25 тыс. навучэнцаў

- 12:40Новости

Унікальны міжведамасны праект “Запусці сэрца” для дзесяцікласнікаў рэалізуецца ў Беларусі. Міністр адукацыі Андрэй Іванец і міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў прынялі ўдзел у чарговым мерапрыемстве праекта, якое прайшло ў сярэдняй школе № 205 Мінска. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

У шосты школьны дзень падлеткі пад кіраўніцтвам медыцынскіх работнікаў, супрацоўнікаў кафедраў БДМУ і валанцёраў асвойвалі навыкі аказання першай дапамогі пры астаноўцы сэрца і базавай сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Курс навучання разлічаны на 1,5 гадзіны. Ён уключае тэарэтычную частку, у якой разглядаюцца прынцыпы аказання першай дапамогі, заснаваныя на рэкамендацыях “Міжнароднага кіраўніцтва па першай дапамозе і рэанімацыі — 2021”, у адпаведнасці з сучаснымі пратаколамі. Практычная частка падразумявала адпрацоўку навыкаў на сучасных трэнажорах і сімулятарах, вырашэнне сітуацыйнай задачы ў рэжыме рэальнага часу з прымяненнем мануальных навыкаў.

— Сёння вучні 10—11-х класаў у рамках курса дапрызыўнай і медыцынскай падрыхтоўкі вывучаюць прынцыпы аказання першай дапамогі. Удзел у праекце дапоўніць іх веды. Упэўнены, што ініцыятыва нікога не пакіне абыякавым. Бяспецы жыцця і здароўю нашых людзей мы ўдзяляем вялікую ўвагу, — адзначыў Анд­рэй Іванец. — Статыстыка гаворыць пра тое, што калі побач з чалавекам, якому стала дрэнна і які страціў прытомнасць, апынаецца чалавек, нават не прафесіянал, які мае навыкі аказання першай дапамогі, то колькасць выратаваных жыццяў павялічваецца.

Праект “Запусці сэрца” арганізаваны па ініцыятыве спецыялістаў Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Беларусі і Беларускага таварыства сімуляцыйнага навучання ў медыцыне пры падтрымцы міністэрстваў аховы здароўя і адукацыі краіны.

Па словах міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева, задача праекта “Запусці сэрца” заключаецца не толькі ў тым, каб навучыць старшакласнікаў сардэчна-лёгачнай рэанімацыі. Важна прывіць ім дабрыню і спагадлівасць, каб маладыя людзі не праходзілі міма чалавека, які знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі ці нешта адбылося з яго здароўем, і ведалі, як яму дапамагчы. Ініцыятыва таксама актуальная з пункту гледжання прафарыентацыі школьнікаў.

Вялікая цікавасць да праекта з боку вучняў дазволіць міністэрствам адукацыі і аховы здароўя працягнуць яго па іншых кірунках, напрыклад, такіх як правільнае харчаванне, здаровая традыцыйная сям’я і г.д. 

Праект “Запусці сэрца” стартаваў у краіне 16 сакавіка. У ім прымуць удзел каля 25 тысяч навучэнцаў. Фінальныя мерапрыемствы адбудуцца 18 мая ў “Мінск-Арэне”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара і  БелТА