У Лойкаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна водныя аб’екты выкарыстоўваюцца ў адукацыйных і выхаваўчых мэтах.
Наша школа размешчана ў жывапісным месцы, побач з лесам. Тут можна слухаць спевы птушак, любавацца краявідамі, удыхаць водар сасновага лесу. Гэта мае вялікі аздараўленчы эфект. А недалёка ад школы ў лесе знаходзіцца крыніца. Да яе часта прыбягаюць дзеці. Каб разгадаць таямніцы прыроды, яны мачаюць пальцы ў ваду і спрабуюць яе на смак. Моладзь наведвае крыніцы, каб захапіцца іх прыгажосцю, зрабіць сэлфі на памяць. Жыхары нашага аграгарадка ідуць да крыніцы з вёдрамі. Мужчыны абнеслі крыніцу бетонным кальцом, і яна набыла выгляд неглыбокага калодзежа. Вады хапае ўсім, бо дно ў яе бясконцае. Таму адсутнасць вады ў кране жыхары перажываюць без негатыўных эмоцый. Гараджане ў выхадныя дні наведваюць сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. У іх ёсць рытуал: ідуць да крыніцы, набіраюць ваду і вязуць з сабой у горад. Кажуць, што гэтая вада жывая і гаючая, са смакам дзяцінства.
А я як настаўнік выкарыстоўваю гэты водны аб’ект у адукацыйных і выхаваўчых мэтах. Заходзім з дзецьмі ў лес, напоўнены прахалодай. Падчас экскурсіі ля крыніцы прапаную вучням абмеркаваць наступныя пытанні: што такое крыніца, як яна ўтвараецца, якія віды крыніц існуюць, чаму гавораць, што крыніца б’е, якія якасці мае вада. Прашу дзяцей прывесці прыклады, якія раскрываюць значэнне і ролю вады ў жывой прыродзе і ў жыцці чалавека; расказаць, якую раку папаўняе вадой гэтая крыніца; назваць экалагічныя праблемы паверхневых і падземных вод нашай мясцовасці; паразважаць, як можна ачысціць ваду ад нерастваральных у ёй рэчываў у паходзе?
Адзначаю, што пры карыстанні крыніцай трэба памятаць, што чым большы фільтруючы слой зямлі, тым чысцейшая ў ёй вада. Звяртаю ўвагу дзяцей на тое, што неабходна ўлічваць гаспадарчае выкарыстанне тэрыторыі паблізу крыніцы і наяўнасць забудоў без каналізацыйнага зліву. Разам прыходзім да высновы, што ў нашу крыніцу вада паступае з самай глыбіні ваданоснага слоя, таму яна не замярзае нават у моцныя маразы. Падчас экскурсіі да крыніцы таксама вывучаем навакольны раслінны свет, вядзём назіранні. Верхні ярус утвараюць сосны і вольхі. Ніжэй расце чаромха. Яна прыстасавалася жыць у цені. Трэці ярус утвараюць арэшнікі, маліна, ядловец. А яшчэ ніжэй размешчаны травяністыя расліны: ландыш, кісліца, суніцы. Яны могуць расці пры недахопе асвятлення.
Пакідае незабыўныя ўражанні і ўспаміны экскурсія да крыніц у вёску Шэмбелеўцы. Пачынае яе вучаніца нашай школы Вікторыя Кавальская. Яна падводзіць нас да крыніцы, размешчанай у садзе яе бабулі. Вікторыя знаёміць удзельнікаў экскурсіі з месцам утварэння воднага аб’екта, які мае выгляд мокрага балотца, і расказвае гісторыю з часоў Вялікай Айчыннай вайны, якую яна пачула ад сваёй бабулі Ірэны Іосіфаўны Бернатовіч: “У час вайны ў вёсцы быў размешчаны лагер немцаў. Яны карысталіся вадой толькі з гэтай крыніцы. Тут пастаянна стаяў узброены вартаўнік. Мясцовым жыхарам было забаронена браць ваду з крыніцы”.
Наступным аб’ектам нашай экскурсіі ў вёсцы Шэмбелеўцы стала добраўпарадкаваная крыніца. Тут па ініцыятыве мясцовых жыхароў зроблена лесвіца, па якой можна спусціцца да воднага аб’екта. Вада цячэ па трубе, у яе цяпер не пападае смецце. А прыгажосці воднаму аб’екту дадаюць развешаныя чырвоныя кубачкі. Вада стала даступнай для ўсіх жадаючых. Акрамя таго, крыніца ўтварае невялікі ручай, які выклікае захапленне. Раздаю вучням заданні і неабходнае абсталяванне для правядзення практычных работ. Вось некалькі з іх: што называюць ручаём; якія бываюць віды ручаёў; як утварыўся гэты ручай; што называецца рэчышчам, поймай і далінай ручая; замерайце шырыню і глыбіню ручая, хуткасць цячэння; устанавіце, дзе бярэ пачатак і куды ўпадае ручай, які бераг у яго правы, а які левы; як бы вы пераўтварылі гэты ўчастак, калі б былі архітэктарам па планаванні тэрыторыі.
Урокі на прыродзе садзейнічаюць набыццю новых ведаў, выхаванню экалагічнай культуры. Яны сталі для вучняў нашай школы карыснай звычкай і цікавым падарожжам. Няхай крыніцы нашай Радзімы прыносяць людзям радасць, адорваюць іх здароўем.
Люцына РАМАНЧУК,
настаўніца геаграфіі Лойкаўскай сярэдняй школы Гродзенскага раёна.