Некаторыя заняткі па рашэнні практыка-арыентаваных задач можна і трэба праводзіць на свежым паветры.
Традыцыйны ўрок матэматыкі ў нашым разуменні — гэта школьны кабінет, навучэнцы, якія сядзяць за партамі, і настаўнік перад спісанай крэйдай або маркерам дошкай. А да паняцця “сучасны ўрок” дабаўляем сучаснае абсталяванне, праектары, камп’ютары і планшэты і іншыя гаджэты. Але хочацца нечага новага, незвычайнага і запамінальнага. А варта хоць часам змяніць умовы, падняць дзяцей з-за парт ці нават правесці заняткі на прыродзе — і яркія, пазітыўныя эмоцыі ўрока забяспечаны!
Некаторыя педагогі лічаць матэматыку занадта сур’ёзным прадметам, каб праводзіць нетрадыцыйныя формы вучэбных заняткаў. А дарэмна: пры правільным падыходзе патэнцыял і аддача такіх заняткаў вялікія. Правядзіце ўрок, узяўшы за аснову фарміраванне навыкаў па канкрэтнай тэме, якімі авалодаюць навучэнцы на вучэбных занятках.
Практычныя заданні і задачы на любую тэму, якія адпавядаюць праграме вучэбнага прадмета, можна прыдумаць самому ці знайсці ў інтэрнэце. Дазвольце навучэнцам пабыць сёння ў ролі дызайнера, заўтра будаўніком, майстрам, навучыце вызначаць вышыню дрэва, шырыню ракі, колькасць шпалер або кошт матэрыялаў. І тады знікнуць рытарычныя пытанні ад навучэнцаў: “А навошта мне гэта трэба ведаць?”, “Дзе ў жыцці мне гэта спатрэбіцца?”.
Для такіх урокаў характэрны кампетэнтнасны падыход, бо навучэнец не ўзнаўляе вучэбны матэрыял, а павінен даведацца і зразумець, дзе, навошта і як прымяніць яго ў рэальным жыцці, паказаць, наколькі здольны яго выкарыстоўваць. Рашэнне практыка-арыентаваных задач дазваляе ажыццявіць дзейнасны падыход у атрыманні навучэнцамі новых ведаў.
На мой погляд, некаторыя ўрокі па рашэнні практыка-арыентаваных задач можна і трэба праводзіць на свежым паветры. Балазе, каля ўсіх школ ёсць зялёныя насаджэнні і травяністыя паляны, добраўпарадкаваныя спортпляцоўкі. Асабліва актуальныя такія вучэбныя заняткі ў пачатку ці ў канцы навучальнага года. Яны дапамагаюць навучэнцам настроіцца на рабочы лад у апошнія дні чвэрці, а падчас пандэміі ці каранціну ў класе такія вучэбныя заняткі набываюць асаблівае значэнне.
У еўрапейскіх краінах практыка правядзення ўрокаў па-за сценамі школы шырока распаўсюджана, прычым у любое надвор’е, а ў нас, на жаль, гэта рэдкасць і практыкуецца далёка не ва ўсіх навучальных установах.
А ў чым карысць такіх заняткаў для навучэнцаў і настаўніка? Перш за ўсё, гэта рух, знаходжанне на свежым паветры, зносіны і ўзаемадзеянне. Такія ўрокі стымулююць работу мозга: думаць, уяўляць і рашаць на парадак лягчэй. Адносіны паміж навучэнцамі і настаўнікам становяцца псіхалагічна больш камфортнымі, менш напружанымі. Урокі на свежым паветры часта дазваляюць настаўніку лепш спазнаць сваіх навучэнцаў, іх індывідуальныя асаблівасці і рысы характару. Матэрыял падаецца ў нестандартнай форме, а значыць, ён сапраўды запомніцца. Школьніку цікава вучыць тое, што ён бачыць у рэальнасці.
Заняткі на прыродзе — гэта эфектыўны спосаб павышэння ўвагі і матывацыі пры далейшым навучанні. Яны не толькі станоўча ўплываюць на якасць засваення матэрыялу і развіццё камунікатыўных навыкаў у навучэнцаў, але і дазваляюць ім адчуць сябе часткай прыроды, вучаць паважаць і шанаваць яе.
Правядзенне вучэбных заняткаў, калі навучэнец не сядзіць увесь урок за партай, мае істотныя перавагі. Дзеці праяўляюць фізічную актыўнасць і эмацыянальную расслабленасць, што станоўча ўплывае на якасць і хуткасць успрымання новага матэрыялу. Кожны навучэнец атрымлівае заданне зыходзячы з яго індывідуальных асаблівасцей і ўменняў, што дазваляе дзіцяці раскрыцца, стаць больш упэўненым у сабе, пазбавіцца комплексаў. У навучэнцаў развіваюцца навыкі супрацоўніцтва і ўзаемаразумення, паколькі іх зносіны не абмяжоўваюцца адной партай і кабінетам. Напрыклад, прапануецца выканаць наступнае заданне: утварыць усім класам або сваёй камандай трохвугольнік (шасцівугольнік, зорачку, сонейка або лічбу 5 і г.д.), пры гэтым ні адзін чалавек не павінен апынуцца па-за трохвугольнікам (шасцівугольнікам, зорачкай, сонейкам або лічбай 5 і г.д.).
Заняткі на прыродзе значна ўплываюць на ўспрыманне атрыманай інфармацыі. Увага і прадукцыйнасць навучэнцаў могуць быць у некалькі разоў вышэйшымі, чым у прывычнай школьнай атмасферы.
Але, вядома, гэта адбываецца ў тым выпадку, калі навучэнцы не расцэньваюць правядзенне часу на вуліцы як адпачынак. Таму настаўнік павінен ужо на першых мінутах заняткаў паказаць, што адзінае адрозненне такога ўрока ад кабінетнага — гэта змена акружэння!
Многія педагогі падтрымліваюць памылковае меркаванне, што такія вучэбныя заняткі дарэчныя толькі ў навучэнцаў I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Але і навучэнцы 5—11 класаў таксама часам маюць патрэбу ў перазагрузцы. Вядома, трэба адзначыць, што падрыхтоўка да такіх жывых урокаў патрабуе больш часу, ды і ў арганізацыйным плане яны больш складаныя. Усё залежыць ад жадання і майстэрства педагога.
У залежнасці ад узроставых патрэб і настрою дзяцей выберыце правільную форму правядзення такога мерапрыемства: ад рухавых квестаў, спаборніцкіх момантаў, рашэнняў задач з дапамогай малюнкаў крэйдай на асфальце да вячорак з кароткімі выступленнямі, напрыклад, “Тайны ці цікавыя факты з жыцця вучоных”, віктарынамі “Каму належаць гэтыя крылатыя выразы ці вялікія адкрыцці”, конкурсамі на прыказкі і прымаўкі, вершы і песні, якія змяшчаюць, напрыклад, лікі або матэматычныя тэрміны і паняцці.
І нават калі толькі 2—3 урокі кожнага настаўніка будуць праходзіць не ў кабінетах, а на вуліцы, гэты маленькі працэнт дапаможа зрабіць вельмі шмат для таго, каб усе вучэбныя заняткі былі прадукцыйнымі і запомніліся навучэнцам надоўга.
Заняткі на прыродзе — гэта эфектыўны спосаб павышэння ўвагі і матывацыі пры далейшым навучанні. Яны не толькі станоўча ўплываюць на якасць засваення матэрыялу і развіццё камунікатыўных навыкаў у навучэнцаў, але і дазваляюць ім адчуць сябе часткай прыроды, вучаць паважаць і шанаваць яе.
Парады і метадычныя рэкамендацыі педагогам для правядзення нестандартных вучэбных заняткаў
1. Абавязкова папярэдзьце навучэнцаў аб тым, дзе і як будзе праходзіць урок, якія матэрыялы спатрэбяцца. Пры неабходнасці скажыце пра пажаданую форму адзення. Правядзіце вучэбную гутарку па правілах бяспечных паводзін.
2. Растлумачце важнасць і каштоўнасць правядзення такіх урокаў. Навучэнец не павінен успрымаць іх як забаву.
3. Узгадніце правядзенне формы і месца ўрока з кіраўніцтвам навучальнай установы.
4. Каб урок у такім фармаце быў удалым, неабходна добра прадумаць і самому загадзя выканаць усю практычную частку. Гэта дапаможа пазбегнуць памылак ці няўдалых момантаў урока.
5. Заняткі на свежым паветры, вядома, лепш праводзіць у камфортнае надвор’е.
Заданне 1. Вызначыць вышыню дрэва.
Спосаб 1. Разгледзьце ілюстрацыю, выканайце практычнае заданне.
Адзін навучэнец становіцца побач з дрэвам так, як паказана на малюнку. Павінен быць выразна бачны цень дрэва і цень навучэнца.
Іншыя ўдзельнікі вымяраюць яго рост і даўжыні ценяў.
Дапусцім, што ваш рост 130 см, даўжыня вашага ценю 80 см, а даўжыня ценю дрэва 240 см. Рашыўшы просты прыклад 240×130:80, атрымаем, што вышыня дрэва 390 см, гэта значыць, амаль чатыры метры.
А зараз, калі ласка, знайдзіце вышыню іншага дрэва ў нашым двары.
Спосаб 2. Выканайце практычнае заданне.
Адзін навучэнец становіцца побач з дрэвам. Другі адыходзіць ад дрэва на такую адлегласць, каб бачыць яго цалкам — ад падножжа да верхавіны, і праводзіць замер.
Выцягніце перад сабой руку з алоўкам, заціснутым у кулаку. Прыжмурце адно вока і падвядзіце кончык грыфеля да вяршыні дрэва. Цяпер перамясціце пазногаць вялікага пальца так, каб ён аказаўся пад падножжам ствала. Павярніце кулак на 90 градусаў (перпендыкулярна), каб аловак аказаўся размешчаны паралельна зямлі. Пры гэтым пазногаць павінен усё гэтак жа заставацца ў пункце падножжа ствала. Першы член каманды павінен адбегчы ад дрэва на пункт, на які зараз паказвае вастрыё алоўка.
Памерайце адлегласць ад ствала да месца, дзе застыў другі член каманды. Гэта і будзе вышыня дрэва.
Заданне 2. Начарціць акружнасць вялікага радыуса.
Каб начарціць акружнасць, дастаткова ведаць яе радыус. І тады, замацаваўшы адзін канец вяроўкі зададзенай даўжыні (падумайце, як гэта можна зрабіць), мы зможам начарціць акружнасць на пяску або крэйдай на асфальце. Для гэтага дастаткова прывязаць да другога канца палку або кавалак крэйды, нацягнуць вяроўку і абысці вакол замацаванага цэнтра акружнасці. Прывязаны прадмет пакіне след у выглядзе акружнасці.
Практычнае заданне: начарціце акружнасці радыуса 1 м; 2,5 м.
А як пабудаваць больш складаныя фігуры, з крывымі? Падумайце і прапануйце свой адказ. Пакажыце, як вы можаце зрабіць падобны чарцёж на асфальце (зямлі).
Таццяна КІЗІЛЬ,
настаўніца матэматыкі
гімназіі № 16 Мінска