Запаліліся агеньчыкі на ёлцы

- 12:09Нашы дзеці

Звыш 170 тысяч дзяцей Гродзеншчыны стануць у святочны навагодні карагод. У вобласці пройдзе каля 5 тысяч мерапрыемстваў у рамках традыцыйнай святочнай акцыі “Нашы дзеці”.

Старт гэтым мерапрыемствам быў дадзены ў Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі, дзе адбыўся паказ “Навагоднія цуды”. Удзел у ім прыняло звыш ста дзяцей — выхаванцаў інтэрнатных устаноў і сацыяльна-педагагічных цэнтраў, дамоў сямейнага тыпу, а таксама дзеці-інваліды. Разам з Дзедам Марозам, Снягуркай, Зімачкай і казачнымі персанажамі дзеці вадзілі карагоды, спявалі, танцавалі і, канечне, назіралі, як ззяюць агеньчыкі на вялікай ёлцы.

Як расказала начальнік аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Асмалоўская, святочныя мерапрыемствы ў гэты дзень адбыліся ва ўсіх раёнах вобласці. Так, у Ваўкавыску дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” пачалася з канцэртна-забаўляльнай праграмы “Мы — дзеці сваёй краіны”, у Лідзе адбыўся касцюміраваны танцавальны батл, у Мастах у раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі прайшла трансляцыя адкрыцця марафону добрых спраў, у Смаргоні забаўляльнае мерапрыемства ладзілася на цэнтральнай плошчы горада.

На святы без увагі не застанецца ні адно дзіця. Дабрачынную дапамогу 17 дзiцячым iнтэрнатным установам, дзіцячым установам аховы здароўя акажуць каля 80 арганізацый. На раённыя святы з удзелам кіраўніцтва райвыканкамаў запрошана амаль
16 тысяч дзяцей. У арганізацыях і на прадпрыемствах рэгіёна будуць зладжаны святочныя ранішнікі для дзяцей супрацоўнікаў. З абласнога бюджэту на правядзенне акцыі “Нашы дзеці” выдзелена больш за 53 тысячы рублёў.

Галоўнае абласное дабрачыннае свята адбудзецца 28 снежня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.