Сакрэт поспеху школы ў гарманічнай і актыўнай рабоце педагогаў у звязцы з іх вучнямі. Але ніяк не паасобку. Доказ гэтага — дружына імя Героя Савецкага Саюза Т.С.Марыненка.
Візітоўка
334 таленавітыя піянеры і 220 акцябрат сярэдняй школы № 8 Полацка ўжо не раз станавіліся пераможцамі праектаў БРПА: “#ПіянерыПомняць”, “Я люблю БРПА”, “Дыктант Перамогі”, “Пад мірным небам Беларусі”… А нядаўна лепшым піянерам школы — Кацярыне Палітыкінай і Ірыне Брыгінец — урачыста павязалі лідарскія гальштукі і прысвоілі званне піянераў-лідараў. Ірына — навучэнка 8 “Б” класа, узначальвае Савет дружыны школы, а дапамагаюць ёй у гэтым старшыя важатыя Дзіяна Анатольеўна Цябут і Анжаліка Мікалаеўна Леановіч. Разам яны натхняюць піянераў на добрыя і вялікія справы.
Піянеры клапоцяцца аб ветэранах і дзецях-інвалідах, даглядаюць месцы пахавання загінуўшых у час Вялікай Айчыннай вайны, арганізоўваюць мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня нараджэння дружыны і БРПА.
На рахунку актывістаў перамогі ў такіх мерапрыемствах, як “Абеліск”, “Ветэран жыве побач”, “З верай у сілу дабра”, “Дапаможам крылатаму сябру”, “Піянерскі квіз”, “Зарнічка”, “Я памятаю! Я ганаруся!”, “Да абароны Айчыны гатовы!”, а таксама Дзень настаўніка, Дзень маці, 8 Сакавіка, 9 Мая…
Яшчэ адна добрая традыцыя дружыны — заняткі ў школе піянерскіх навук. Тут педагогі расказваюць навучэнцам аб багатай гісторыі, традыцыях, сімвалах, легендах піянерскага руху і фарміруюць сапраўдных лідараў. Для чацвёртакласнікаў урокі праводзяць у піянерскім пакоі — своеасаблівым музеі, дзе дзеці знаёмяцца з займальным светам БРПА.
Поле для творчасці
Падставай для гордасці ў сярэдняй школе № 8 з’яўляюцца і творчыя справы. Так, падчас Тыдня акцябрат з панядзелка па пятніцу праводзяцца займальныя віктарыны, інтэрактыўныя перапынкі, гульні-падарожжы, майстар-класы па вырабе памятак-закладак з правіламі для акцябрат і імянных акцябрацкіх зорачак. Кожны школьнік можа сфатаграфавацца ў фотазоне “Мы — акцябраты!” побач з талісманам БРПА рысянём Вогнікам.
— У гэтым навучальным годзе наша піянерская дружына зноў заняла лідзіруючую пазіцыю ў Полацкім раёне, — кажа педагог-арганізатар Анжаліка Мікалаеўна Леановіч. — Мы стараемся актыўна ўдзельнічаць ва ўсіх праектах БРПА. У абласным конкурсе “Мой праект — маёй краіне” наш Савет піянерскай дружыны пад кіраўніцтвам Ірыны Брыгінец заваяваў дыплом І ступені і прыняў удзел у рэспубліканскім этапе. Нашы конкурсныя відэа ў TikTok таксама заваявалі чатыры дыпломы ў вобласці — зараз з нецярпеннем чакаем вынікаў рэспубліканскага этапу.
Чым яшчэ славіцца піянерская дружына сярэдняй школы № 8 Полацка? Сваім клопатам аб прыродзе і асцярожным стаўленнем да навакольнага свету. Піянеры — актыўныя ўдзельнікі эка-чэленджу “Зрабі свет чысцейшым!”, акцый “Чысты двор” і “Кармушка”. Падчас суботнікаў дзеці наводзяць чысціню на прышкольнай тэрыторыі і добраўпарадкоўваюць помнік Герою Савецкага Саюза Таццяне Савельеўне Марыненка.
Пад чулым кіраўніцтвам педагогаў хлопчыкі і дзяўчынкі годна прадставілі сваю піянерскую арганізацыю ў фінале рэспубліканскага праекта “Экацімураўцы”: каманда “Новае пакаленне” заваявала 1-е месца! А Настасся Мышко, навучэнка 5 “Б” класа, заняла 3-е месца ў фінале рэспубліканскага конкурсу “Пазнай Беларусь”.
Вучыцца, гуляючы
Атрымліваецца, якіх важатых за штурвал карабля паставіш, так ён і паплыве! Сярэдняя школа № 8 у сваім выбары не памылілася. У рамках рэспубліканскага конкурсу інфармацыйна-метадычных матэрыялаў “Традыцыі і інавацыі ў дзейнасці ГА “БРПА” Дзіяна Анатольеўна Цябут і Анжаліка Мікалаеўна Леановіч распрацавалі аўтарскую настольную гульню “Хто хоча стаць акцябронкам?” і занялі 1-е месца. Цяпер гульня актыўна выкарыстоўваецца выкладчыкамі пры падрыхтоўцы дзяцей да ўступлення ў шэрагі БРПА.
— Я вялікі аматар настольных гульняў, — расказвае Дзіяна Анатольеўна. — Таму мы і вырашылі стварыць сваю. Усё вельмі проста: на яркім гульнявым полі размяшчаецца чароўная краіна Акцябрат і чатыры героі: рысяня Вогнік, лісяня Лёсік, зубраня Чубрык і бусляня Оксік. Персанажам неабходна выканаць усе заданні, дайсці да запаветнай зорачкі і стаць акцябронкам. Усё геніяльнае — проста!
Дарэчы, у гэтым навучальным годзе Цэнтральны савет ГА “БРПА” запусціў конкурс настольных гульняў “Піянерская гульня”, у якім піянерская дружына імя Т.С.Марыненка прыняла актыўны ўдзел. На конкурс прадстаўляліся распрацоўкі настольных гульняў у любым жанры і ўнутрыгульнявой механіцы для адной з дзвюх узроставых катэгорый — 7—10 і 11—14 гадоў. Усяго было чатыры намінацыі: “Мая вотчына”, “#За_ЗЛЖ”, “Медыяпісьменнасць”, “Цімураўцы.by”.
Сумесна з вучаніцай 5 “Б” класа Насцяй Мышко важатыя распрацавалі настольную гульню па здаровым ладзе жыцця “Нealthyманія — модна быць здаровым!” і заваявалі дыплом І ступені на абласным і ІІ ступені — на рэспубліканскім этапе.
Самае галоўнае — гарэць тым, што робіш! Бо толькі неабыякавы педагог зможа па-сапраўднаму захапіць дзяцей цікавымі, карыснымі справамі і размаляваць свет дзяцінства яркімі фарбамі.
Правільны выбар
Кожнаму новаму поспеху Дзіяна Анатольеўна радуецца як першаму, бо гэта вынік плённай і зладжанай работы яе выхаванцаў! Сваю педагагічную дзейнасць Дзіяна Анатольеўна пачала ў 2011 годзе, скончыўшы музычнае аддзяленне Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава.
— У полацкай сярэдняй школе № 8 я працую з 2015 года. Памятаю, з якім хваляваннем я пераступала парог школы, будучы зусім юнай дзяўчынай. За гэтыя 7 гадоў зроблена многае, — успамінае Дзіяна Анатольеўна. — Стаўшы педагогам-арганізатарам, я зразумела адразу: гэта адназначна маё! Мерапрыемствы, конкурсы, акцыі — кожны дзень нешта новае, цікавае, часам складанае, але займальнае. Сваіх піянераў я вучу імкнуцца да найлепшага выніку, быць неабыякавымі да справы, за якую ўзяліся.
БРПА запальвае дзіцячыя сэрцы — і такія гісторыі дружын яшчэ раз гэта даказваюць! Для важатых сярэдняй школы № 8 Полацка кожнае дзіця — гэта маленькая зорачка, якая з часам вырастае ў вялікую зорку і, асвятляючы ўсё навокал, робіць нашу краіну яшчэ больш моцнай і квітнеючай.
Соф’я ЦЫКУНОВА.