Візітоўка старажытнага і ўтульнага Брэста, выдатны прыклад фартыфікацыйнага будаўніцтва ХІХ стагоддзя, гісторыка-культурная каштоўнасць, легендарная і велічная… Прыкладна такімі словамі можна ахарактарызаваць Брэсцкую крэпасць. І ўсё ж у першую чаргу гэта сімвал мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Таму нядзіўна, што беларусы лічаць сваім маральным абавязкам хаця б раз у жыцці прайсціся ўздоўж руін вайсковых казарм, пастаяць ля знакамітай скульптурнай кампазіцыі “Смага”, штыка-абеліска, Вечнага агню, некалькі хвілін моўчкі паўзірацца ў зрашэчаныя кулямі і снарадамі сцены Холмскіх варот. Зробім гэта і мы. Акрамя таго, паслухаем пошум старых разгалістых вербаў, якія глядзяцца ў люстэрка Мухаўца і Заходняга Буга, а яшчэ паспрабуем уявіць падзеі, што адбываліся тут у чэрвені 41-га, і зразумець: дзякуючы якім рысам характару тысячы салдат і камандзіраў гераічна абаранялі ў надзвычай цяжкіх умовах абкружаную ворагам крэпасць. А дапамогуць нам у гэтым брэсцкія юнармейцы (навучэнцы, удзельнікі гарадскіх мемарыяльных атрадаў, якія нясуць на тэрыторыі крэпасці ганаровую вахту Памяці).
Сапраўдныя героі
Заўтра пачнецца вайна… Напэўна, 70 гадоў таму ў гэтыя словы ніхто б з ваеннаслужачых Брэсцкага гарнізона не паверыў. Якая вайна, калі з Германіяй падпісаны пакт аб ненападзенні? Да таго ж лета, чэрвень, дрэвы буяюць зелянінай, а ў спякотны дзень сярод армейскіх клопатаў так і хочацца хаця б некалькі хвілін пакупацца ў прахалоднай вадзе Мухаўца. Нават першыя імгненні масіраванага абстрэлу, які нямецкая артылерыя пачала на самым світанку 22 чэрвеня, уяўляліся пагранічнікам грукатаннем летняй навальніцы. Аднак хутка снарады пачалі трапляць у казармы… Выкарыстоўваючы раптоўнае наступленне штурмавых атрадаў 45-й пяхотнай дывізіі, нямецкае камандаванне планавала захапіць крэпасць ужо ў першы дзень вайны, прычым да палудня. Памылілася. Гераічнае супраціўленне працягвалася яшчэ і ў ліпені. Яскравым таму сведчаннем з’яўляюцца знакамітыя надпісы на сценах казарм: “1941 год. 26 июня. Нас было трое, нам было трудно, но мы не пали духом и умираем как герои”, “Я умираю, но не сдаюсь. Прощай Родина. 20/VII-41”.
Дзякуючы подзвігу лейтэнанта А.М.Кіжаватава, камісара Я.М.Фаміна, маёра П.М.Гаўрылава, тысячам іншых салдат і камандзіраў мы па праве называем Брэсцкую крэпасць легендарнай. Хаця ў штодзённым жыцці яе абаронцы наўрад ці вылучаліся нейкім асаблівым гераізмам. Як і ў кожнага з нас, у іх хапала штодзённых клопатаў, прафесійных абавязкаў, былі і свае захапленні, мары, спадзяванні. Аднак гэтыя людзі ў экстрэмальнай сітуацыі сярод летняй спёкі, недахопу вады, блізкай смерці не здаліся на літасць ворагу, а да канца засталіся вернымі прысязе і самаахвярна выканалі свой воінскі абавязак. Ці здольны мы на штосьці падобнае?
Юнармейскі гонар
“Богатыри — не вы!” — узгадваюцца знакамітыя радкі. Хаця, шчыра кажучы, пакаленню ХХІ стагоддзя гэтыя словы можна адрасаваць толькі часткова. І сярод сучаснай моладзі дастаткова палымяных патрыётаў. Жывуць яны і ў Мінску, і ў Магілёве, і ў Гомелі, і ў Віцебску, і ў Гродне, і ў сотнях невялікіх беларускіх гарадоў і вёсак, і, безумоўна, у горадзе над Бугам. Брэсцкія “богатыри” вучацца ў школах, гімназіях, ліцэях і з’яўляюцца ўдзельнікамі мемарыяльных атрадаў. Юнармейцы, як пачэсна называюць гэтых юнакоў і дзяўчат, беражліва захоўваюць памяць пра абаронцаў легендарнай крэпасці, з годнасцю нясуць ганаровую вахту Памяці каля Вечнага агню.
Пачэснага права чаканіць страявым крокам па галоўнай плошчы крэпасці ўдастойваецца не кожны вучань: неабходна пераадолець сур’ёзныя конкурсныя выпрабаванні. Толькі пасля плённага збору матэрыялаў пра ўдзельнікаў вайны, праходжання спецыяльнага медагляду, атрымання дазволу з боку бацькоў і настаўнікаў юнармейцы могуць апрануць парадную форму, узяць вучэбную зброю і з сур’ёзным выразам твару, высока ўзнятай галавой, пачуццём уласнай годнасці прайсці ад будынка былой казармы, дзе знаходзіцца каравульнае памяшканне Паста Памяці, уздоўж скульптурнай кампазіцыі “Смага”, руін Белага палаца па плошчы Цырыманіялаў да Вечнага агню. Гэтае прыгожае дзейства прыцягвае ўвагу шматлікіх наведвальнікаў крэпасці. Многія фатаграфуюць юнакоў і дзяўчат, здымаюць рытуал змены вахты на відэакамеры. Быць юнармейцам, сапраўды, пачэсна і ганарова. Да таго ж удзел у мемарыяльным атрадзе, нясенне ганаровай вахты Памяці каля Вечнага агню — выдатная школа мужнасці, праз якую за многія гады прайшлі больш за 83 тысячы брэсцкіх навучэнцаў.
— Стварэнне Паста № 1 Брэста было ініцыіравана 4 сакавіка 1972 года на сумесным пасяджэнні гарадскога аддзела народнай адукацыі і гарадскога камітэта УЛКСМ. Для Паста Памяці было выдзелена спецыяльнае памяшканне. Упершыню брэсцкія школьнікі заступілі на пост каля Вечнага агню 9 мая 1972 года. Штогод ганаровую вахту на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу нясуць 1,5 тысячы навучэнцаў 8—11 класаў. У адпаведнасці са спецыяльна складзеным графікам кожнай установе адукацыі прадастаўляецца права нясення вахты раз у год на працягу тыдня. На гэты час навучэнцы вызваляюцца ад заняткаў, — сказаў метадыст Брэсцкага гарадскога цэнтра пазашкольнай работы падпалкоўнік запасу Ігар Міхайлавіч Чыкалаў.
Ва ўстановах адукацыі Брэста ладзіцца вялікая колькасць мерапрыемстваў патрыятычнай накіраванасці. Нясенне вахты з’яўляецца фіналам папярэдне праведзеных зарніц, аглядаў строю і песні, сустрэч з ветэранамі вайны, урокаў мужнасці, наведвання музеяў, збору матэрыялаў па гісторыі горада і абароне крэпасці. Пры кожнай школе, гімназіі, ліцэі ствараецца клуб “Патрыёт”, у склад якога могуць уваходзіць дзясяткі і сотні чалавек. З гэтых навучэнцаў фарміруецца мемарыяльны атрад. Яго ўдзельнікі вывучаюць статут Паста Памяці, гісторыю будаўніцтва і абароны крэпасці. Потым пад кіраўніцтвам настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі і намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце вывучаюць неабходныя рытуалы. Толькі пасля належнай тэарэтычнай падрыхтоўкі юнакам і дзяўчатам даецца права нясення ганаровай вахты Памяці.
У склад ганаровага каравула ўваходзяць 25 чалавек, якія заступаюць на вахту ў 4 змены. Дарэчы, на працягу года да гэтага адказнага моманту кожны каравул збірае матэрыялы для рэфератаў на тэму “Іх імёнамі названы вуліцы Брэста”, “Героі Савецкага Саюза — ураджэнцы Брэстчыны”, “Абарона брэсцкага чыгуначнага вакзала” і г.д. Кожная змена, якая складаецца з 2 юнакоў і 2 дзяўчат, нясе вахту па 15—20 хвілін. У руках юнакоў — вучэбная зброя. У каравульным памяшканні Паста Памяці арганізоўваюцца заняткі па вывучэнні ўстройства аўтамата, яго зборцы і разборцы, праводзіцца падрыхтоўка начальнікаў ганаровых каравулаў мемарыяльных атрадаў і экскурсаводаў музея “Хлопчыкі бессмяротнага Брэста”. Тым рабятам, якія паступаюць у Ваенную акадэмію, Акадэмію МУС, Інстытут МНС даецца спецыяльная характарыстыка.
Штогод паміж мемарыяльнымі атрадамі праходзяць спаборніцтвы за званне лепшага ганаровага каравула. Пераможцам прадастаўляецца пачэснае права несці вахту ў Дзень Перамогі, маршыраваць у адной калоне разам з ветэранамі і ваеннаслужачымі Брэсцкага гарнізона. Тут ладзяцца і ўрокі мужнасці, а кожны год на 23 лютага абласны ваенкамат, абласны і гарадскі камітэты БРСМ і аддзел адукацыі гарвыканкама ўзнагароджваюць лепшых юнармейцаў ганаровымі граматамі і дыпломамі.
Традыцыйнай формай выхаваўчай работы, якая праводзіцца з удзельнікамі мемарыяльных атрадаў, з’яўляецца работа з ветэранамі. Частым госцем у памяшканні Паста Памяці з’яўляецца былы юны абаронца крэпасці выхаванец музычнага ўзвода 44-га стралковага палка Пётр Паўлавіч Кацельнікаў (адзін з прататыпаў галоўнага героя знакамітага фільма “Брэсцкая крэпасць”). У свае 12 гадоў ён разам з іншымі выхаванцамі ўзвода дастаўляў боепрыпасы байцам, якія абараняліся ў раёне Цярэспальскіх варот, здабываў прадукты харчавання, ваду, хадзіў у разведку. Падчас прарыву з крэпасці ён трапіў у палон, аднак разам з іншымі падлеткамі здолеў уцячы з брэсцкай турмы. На жаль, час нялітасцівы. З кожным годам на сустрэчы з юнармейцамі прыходзіць усё меней ветэранаў. Ды і Пятру Паўлавічу ўжо за 80. Таму кожная сустрэча з удзельнікамі вайны — гэта сапраўдны падарунак для юных патрыётаў.
Плённае супрацоўніцтва
Работа па патрыятычным выхаванні брэсцкіх навучэнцаў праводзіцца і пад кіраўніцтвам работнікаў мемарыяльнага комплексу ў адпаведнасці з дамоўленасцю, заключанай паміж аддзелам адукацыі Брэсцкага гарвыканкама, аддзелам па справах моладзі, ветэранскімі і маладзёжнымі арганізацыямі. Як паведаміла загадчык навукова-асветніцкага аддзела мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валянціна Пятроўна Анціпава, самай распаўсюджанай формай работы са школьнікамі з’яўляецца правядзенне экскурсій. Іх распрацавана вялікая колькасць.
У гонар абаронцаў крэпасці супрацоўнікі мемарыяла праводзяць тэматычныя вечары ва ўстановах адукацыі, у канферэнц-зале музея, на пагранічнай заставе. На тэрыторыі крэпасці праходзяць і ўрачыстыя прыёмы навучэнцаў у члены БРСМ і БРПА. Кожны год супрацоўнікі мемарыяла арганізоўваюць перасовачныя выставы “Памяць, абпаленая вайной”, “Брэсцкая крэпасць. Дарогамі памяці”, “Брэсцкая крэпасць у фотаздымках і дакументах праціўніка” і інш. У Міжнародны дзень абароны дзяцей на тэрыторыі мемарыяла ўжо чатыры разы праводзілася творчая акцыя “Малююць дзеці”, якая сёлета была прысвечана 175-годдзю закладкі першага каменя ў цытадэль крэпасці, 70-годдзю пачатку абароны крэпасці, 40-годдзю мемарыяла.
Першыя ахвяры
У такія свяшчэнныя для нашага народа мясціны, як Брэсцкая крэпасць, лепш ездзіць аднаму. Канечне, ад прафесійнага экскурсавода даведаешся шмат цікавых гістарычных звестак, але адчуць настрой зямлі, на якую некалі была праліта салдацкая кроў, можна толькі сустрэўшыся адзін на адзін са змрочнымі руінамі казарм. Як гэта добра, калі не трэба спяшацца на экскурсійны аўтобус, твой час амаль нічым не абмежаваны, куды захацеў — туды і пайшоў, колькі захацеў — столькі і сядзі на беразе Мухаўца або Заходняга Буга, углядайся ў рачную плынь і спрабуй уявіць сабе падзеі, што адбываліся тут роўна 70 гадоў таму!
Тады, 21 чэрвеня, у прыбярэжным кустоўі гэтаксама заліваліся салаўі, а разгалістыя вербы любаваліся ў люстэрку вады пышнасцю сваёй лістоты. Гэтыя прыгожыя вербы і сталі першымі ахвярамі той жудаснай вайны, паколькі абавязковаму знішчэнню ў выніку масіраванага нямецкага артабстрэлу падлягалі драўляныя масты праз рэкі і абводныя каналы. Адны снарады траплялі дакладна ў мост, іншыя ўзрываліся крыху ўбаку, ля самых дрэў… Тое, што рабілася ў крэпасці 22 чэрвеня 1941 года ў 4.15 раніцы, можна толькі ўявіць. Для атрабстрэлу была разгорнута ўся артылерыя 45-й нямецкай пяхотнай дывізіі (9 батарэй лёгкай і 3 батарэі цяжкай артылерыі), дзевяць 210-мм марцір і цяжкіх рэактыўных мінамётаў 4-га хімічнага палка асобага назначэння. Але гэта яшчэ не ўсё. Былі задзейнічаны дзве 600-мм самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі “Карл”, якія стралялі бетонабойнымі снарадамі вагой 2200 кг на дыстанцыю 4,5 км і фугаснымі снарадамі вагой 1700 кг на адлегласць 6,7 км.
Вось што ўзгадвае ў сваёй кнізе “Мой шлях з 45-й пяхотнай дывізіяй” пастар дывізіі Р.Гшопф: “Гэты гіганцкі канцэнтраваны агнявы вал літаральна скалыхнуў зямлю. Паколькі ў гэты час нельга было заўважыць агню праціўніка ў адказ, мы лічылі, што ў Цытадэлі ўсё ператворана ў груду развалін”. У дакладзе камандзіра 28-га стралковага корпуса генерал-маёра В.С.Папова адзначалася, што ў выніку артылерыйскага абстрэлу і пажару гарнізон крэпасці быў падзелены на некалькі частак. Адна частка шукала сховішча ад абстрэлу, другая імкнулася да выхадаў з крэпасці. Часці Брэсцкага гарнізона неслі вялікія страты ў асабістым складзе. Па падліках гісторыкаў, пасля абстрэлу ў крэпасці абаранялася прыкладана 3,5—4 тысячы салдат і камандзіраў.
Пачалася адчайная, але надзвычай гераічная абарона. Баі вяліся на Цярэспальскім, Валынскім, Кобрынскім умацаваннях. Асобны этап — абарона Цытадэлі. У выніку неспадзяванага нападу пад прыкрыццём артылерыйскага агню нямецкай штурмавой групе 3-га батальёна 135-га пяхотнага палка 45-й пяхотнай дывізіі ўдалося прарвацца праз Цярэспальскія вароты. Многія з пагранічнікаў на гэтым участку крэпасці загінулі ў першыя хвіліны вайны яшчэ ў казармах. Нехта прарваўся ў Цытадэль, нехта — у горад, але большасць чырвонаармейцаў уступілі ў бой ля самых казарм. Навучэнцы курсаў шафёраў Беларускай пагранакругі вялі пад кіраўніцтвам начальніка курсаў старшага лейтэнанта Ф.М.Мельнікава бой з цалкам укамплектаванымі, узброенымі, як кажуць, да зубоў нямецкімі пехацінцамі. Чырвонаармейцы арганізавалі моцную абарону. 22 чэрвеня яны разграмілі штабы 3-га батальёна 135-га пяхотнага палка і 1-га дывізіёна 98-га артылерыйскага палка, знішчылі камандзіраў гэтых часцей. Не хапала боепрыпасаў, таму многія атакі праціўніка даводзілася адбіваць у штыкавую. 24 чэрвеня аб’ядналіся групы старшых лейтэнантаў Ф.М.Мельнікава і А.С.Чорнага. 28 чэрвеня Ф.М.Мельнікаў загінуў, а А.С.Чорны быў цяжка кантужаны і захоплены ў палон.
На Валынскім умацаванні размяшчаўся ваенны шпіталь, 95-ты медыка-санітарны батальён 6-й стралковай дывізіі. У першыя хвіліны вайны была арганізавана эвакуацыя параненых і хворых у парахавыя склепы і казематы знешняга вала. Падчас эвакуацыі быў смяротна паранены начальнік шпіталя ваенурач ІІ рангу С.С.Бабкін.
На Кобрынскім умацаванні знаходзілася некалькі ачагоў абароны. Найбольш буйным стаў Усходні форт, куды падчас баёў адышлі воіны розных падраздзяленняў, былі тут жанчыны і дзеці. Абарона форта вялася пад кіраўніцтвам маёра П.М.Гаўрылава. 30 чэрвеня форт захапілі нямецкія салдаты, частка чырвонаармейцаў схавалася ў яго казематах. Свой апошні бой маёр П.М.Гаўрылаў прыняў на 32 дзень вайны ў капаніры знешняга вала Кобрынскага ўмацавання. 23 ліпеня ён быў цяжка паранены і трапіў у палон, вызвалены быў толькі ў 1945 годзе. За мужнасць пры абароне Брэсцкай крэпасці ў 1957 годзе быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Гераічнай была і абарона Цытадэлі крэпасці. Тут была найбольшая канцэнтрацыя чырвонаармейцаў. Прарваўшыся праз Цярэспальскія вароты, праціўнік імкнуўся захапіць Холмскія і Трохарачныя вароты, каб блакіраваць выхад з крэпасці. Аднак нямецкія пехацінцы былі спынены штыкавымі контратакамі байцоў 84-га стралковага палка. Дарэчы, той, каму даводзілася стаяць ля Холмскіх варот, абавязкова бачыў каля іх уваходу шыльду, дзе пазначана, што 30 чэрвеня каля гэтых варот немцамі быў расстраляны адзін з кіраўнікоў абароны камісар палка Я.М.Фамін. Абаронай Цытадэлі кіравалі сярэднія і малодшыя камандзіры. Сярод іх — лейтэнант А.М.Кіжаватаў, які загінуў падчас абароны крэпасці. У 1965 годзе яму пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У канцы чэрвеня штаб абароны быў знішчаны, частка камандзіраў загінула, а частка ўзята ў палон.
Пра мужнасць і стойкасць абаронцаў крэпасці ходзяць амаль што легенды. Адну з такіх неверагодных гісторый у 1956 годзе пісьменніку С.С.Смірнову паведаміў старшына А.І.Дурасаў, які падчас баёў трапіў у палон. На расчыстцы завалаў, іншых работах яму даводзілася працаваць разам з жыхарамі брэсцкага гета. Як расказаў старшыне адзін з яўрэяў, у красавіку 1942 года нямецкае камандаванне загадала яму спусціцца ў падвал і вывесці адтуль савецкага салдата. Ужо на паверхні на пытанне нямецкага камандзіра пра тое, ці ёсць у крэпасці рускія, ён адказаў, што застаўся адзін і выйшаў з падвала, каб пераканацца ў тым, у што ён моцна верыў: у бяссілле нямецкіх войск.
Сярод цішыні
Наведванне Брэсцкай крэпасці выклікае супрацьлеглыя пачуцці. З аднаго боку, паглядзеўшы напярэдадні камандзіроўкі знакаміты фільм, я спадзяваўся, што ўжо з першых крокаў па гэтай зямлі маім сэрцам надоўга апануе суперажыванне пакутам герояў Брэсцкага гарнізона. І сапраўды, словы і мелодыя “Свяшчэннай вайны”, якія лунаюць з дынамікаў галоўнага ўвахода ў мемарыяльны комплекс, прымушаюць задумацца над значнасцю подзвігу абаронцаў крэпасці. Аднак, з другога боку, праз некалькі дзясяткаў метраў каля скульптурнай кампазіцыі “Смага” гукі знакамітай песні амаль не чуваць, а яшчэ далей, на самым беразе Мухаўца, пануюць толькі спевы птушак і пошум старых разгалістых вербаў. Эмацыянальнае ўзрушэнне, выкліканае “Свяшчэннай вайной”, праходзіць, і ўжо здаецца, што ніякай вайны не было. Але спакой спякотнага летняга дня падманлівы. Павярніся — і зрашэчаныя кулямі змрочныя сцены казармы абавязкова нагадаюць: некалі за кроплі гэтай рачной вады, якую цяпер набірай хоць у бочку, аддалі жыццё сотні салдат (вядома, што кожны лапік берага Мухаўца і Заходняга Буга прастрэльваўся нямецкімі салдатамі, а пасля вайны ўздоўж рэк былі знойдзены прастрэленыя салдацкія каскі і біклагі). Адвярніся ад казармы — і зноў спевы птушак, ледзь чутнае журчанне вады…
Тут, сярод цішыні і спакою прыбярэжнай прыроды, чарговы раз пераконваешся, што ў камандзіроўкі ў такія свяшчэнныя для нашага народа мясціны, як Брэсцкая крэпасць, лепш ездзіць аднаму. Ніхто не турбуе, нікуды не трэба спяшацца, ёсць час пастаяць моўчкі каля змрочных руін казарм, паўзірацца ў зрашэчаныя кулямі і снарадамі Холмскія вароты, набраць поўную жменю бясцэннай мухавецкай вады, а галоўнае — адчуць сэрцам усе тыя пакуты, што сцярпелі некалі дзеля нас такія ж маладыя, такія ж поўныя жыццёвай радасці людзі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.