У 2024 год я ўвайшла з прафесійным хваляваннем: у чэрвені спаўняецца 100 гадоў з выхаду першага нумара часопіса “Народная асвета”.
![Мазурина](https://nastgaz.by/wp-content/uploads/2024/02/mazurina-vnutr-teksta-720x1024.jpg)
100 гадоў часопіс вядзе летапіс беларускай адукацыйнай думкі. Цяжка (нават немагчыма!) падлічыць, для якой колькасці вучоных ён з’яўляўся першай прыступкай да вяршынь навукі, колькім педагогам ён дапамог у развіцці прафесійнага майстэрства. На працягу ўсяго свайго існавання часопіс “Народная асвета” не здраджваў мэтам яго стварэння — “дапамагчы настаўніцтву працоўнай школы, кіраўнікам устаноў, дзеячам пазашкольнай адукацыі і працаўнікам ВНУ Беларусі ў іх асветніцкай працы праз указанне метадаў асветы і ўзаемнае інфармаванне аб дасягненнях у галіне асветніцкай практыкі”.
…Адкрываю першы нумар часопіса. Называўся ён тады “Асьвета”. Чытаю і ўжо не звяртаю ўвагі на час. Чытаю і лаўлю сябе на думцы: якія адукаваныя, глыбокія, мудрыя настаўнікі працавалі ў Беларусі. Пытанні, што хвалявалі педагогаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя, пераклікаюцца з пытаннямі сучаснай школы. Прывяду некалькі цытат (аўтарская мова, арфаграфія і пунктуацыя захаваныя, падкрэслена мною).
“Воспитание советского гражданина составляет задачу не менее важную, чем налажение транспорта и восстановление промышленности”.
“Переоценка ценностей, произведенная революцией в деле просвещения, наметила новое содержание просветительной работы, и выдвинула целый ряд новых вопросов, в разрешении которых необходимо участие всей массы просвещенцев”.
Аўтары першага нумара адзначаюць: новая школа на першы план выводзіць вучня і яго развіццё, важнасць асабістых дасягненняў, якія залежаць ад майстэрства настаўнікаў і метадаў работы, што прымяняюцца. Замест школьных журналаў, куды заносяцца адзнакі, прапануецца на кожнага вучня распрацаваць “уліковы ліст заняткаў і паспяховасці на працягу года”. Ці не сённяшнія рэаліі мы бачым у гэтых прыкладах? А вось як аргументуецца важнасць гэтых змяненняў: “Мы убеждены, что самый провес подобных наблюдений за учащимся и его жизнью раскроет учителю новые стороны в личности учеников и заинтересует его самого дальнейшими наблюдениями за нею, кроме того, поведет к более сознательному отношению с его стороны и к своей собственной работе, к пересмотру методов преподавания. Учет работы ученика всегда есть в то же самое время учет и работы учителя”.
Цікавае назіранне: тэхналогіі навучання, якія прыйшлі да нас, здавалася, зусім нядаўна пад сучаснымі назвамі, актыўна прымяняліся педагогамі ў пачатку ХХ стагоддзя!
“Тэма уводзіцца на пэўны тэрмін (на дзень, на два, а то й больш). Тэму распрацоўваем больш-менш падрабязкова. Для прыкладу возьмем адну з распрацованых тэм, тэму “Поле”. Першы дзень робім экскурсію ў поле к саўхозу Антонаўка (дзьве вярсты ад нашай школы). На экскурсіі знаёмімся з расьлінамі жыта і з працай, якая вядзецца ў полі ў гэты тэрмін. Другі дзень вядзём апрацоўку гэтай экскурсіі. Зранку прапануем расказаць: “Куды мы ўчора хадзілі, што бачылі і над чым вялі досьледы”.
Па адказах дзяцей — будуем пісьмо. Артыкул сёньняшняга дню: “Як людзі паяць і кормяць зямлю”. На гэтай жа тэме будуем і лічэньне. Прыклады:
- Да поля мы йшлі 35 хв. і назад 35 хв., колькі хвілін патрацілі на дарогу?
- У полі мы правялі 1 гадз. 30 хв., на дарогу патрацілі 1 гадз. 10 хв., колькі ўсяго патрацілі на экскурсію?…
На маляваньні дзеці замалёўваюць рунь, поле, саху, барану, кошыкі (хто што можа намаляваць). Наступная тэма: “Сельска-гаспадарчыя машыны”.
Так у тыя часы адлюстроўваліся міжпрадметныя сувязі, рэалізоўваўся праектны метад, складаліся міжгаліновыя кластары… Паважаныя сябры, упэўнена, усе вы знайшлі ў гэтым урыўку з артыкула “настаўніка з вёскі” (такі подпіс змешчаны ў канцы артыкула) і метапрадметны падыход, і практыка-арыентаванае навучанне, і фарміраванне функцыянальнай дасведчанасці, і кампетэнтнасна арыентаваныя задачы, і развіццё творчых навыкаў. А галоўнае было, як і сёння, сувязь школы з жыццём, комплекснае навучанне… І ўсё гэта дзеля абуджэння ў дзіцяці цікавасці да навакольнага свету, выхавання сапраўднага грамадзяніна, які разумее важнасць свайго ўдзелу ў пабудове школы, распрацоўцы праграмы, асэнсаванні грамадскіх з’яў.
Калі вы хочаце глыбей зазірнуць у мінулае, акунуцца ў атмасферу 20-х гадоў XX стагоддзя, запрашаем звярнуцца да нашага часопіса.
Мы адкрылі рубрыку “Народная асвета” — 100 гадоў гісторыі”, у якой прадстаўлены рэтраспектыўны агляд артыкулаў. Працяг гэтай рубрыкі — і на старонках “Настаўніцкай газеты”. Магчыма, у артыкулах мінулага вы знойдзеце адказы на актуальныя пытанні сучаснай школы і сённяшнія выклікі часу.