Таццяна Лодава працуе начальнікам аддзела адукацыі Шклоўскага райвыканкама крыху больш за год, але аб адукацыі раёна ведае, здаецца, усё.
Гэта нядзіўна: тут вырасла, тут пачынала свой працоўны шлях загадчыцай дзіцячага сада, прайшла адразу некалькі ступеней у аддзеле адукацыі. Як прызнаецца сама Таццяна Уладзіміраўна, на Шклоўшчыне ўсе педагогі ёй родныя, што, адзначу, было відаць падчас своеасаблівага прэс-туру па ўстановах адукацыі Шклоўшчыны, які арганізавала кіраўніца аддзела адукацыі.
Са сталіцы — з ідэямі
— Напэўна, у раёне ёсць тыя ўстановы адукацыі, куды вы спецыяльна едзеце па настрой. Гэта вы іх мне паказваеце — школу і дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці ў Александрыі, цэнтр дзіцячай творчасці, першую школу, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі?
— Для мяне як кіраўніка такія “асаблівыя” зараз усе. Падабаецца сам працэс падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да но-
вага навучальнага года. Кожны калектыў падыходзіць да гэтага пытання індывідуальна, нягледзячы на, здавалася б, агульны пералік работ. Гэтая падрыхтоўка ўжо задае асаблівы настрой, дае пэўны задзел на ўвесь навучальны год. Гэта маё другое “кіраўніцкае” лета, і зараз я дакладна ведаю: лета — самая гарачая пара ў адукацыі! Для кіраўніка гэта час падвядзення вынікаў, час планавання, пастаноўкі новых задач. Наколькі сур’ёзна да гэтага паставішся — такія вынікі і атрымаеш.
А вось падчас навучальнага года па натхненне, эмоцыі, а можа, і па адпачынак еду да дашкольнікаў. Іх энергія і непасрэднасць так падзараджаюць!.. Дарэчы, менавіта з дашкольнай адукацыяй звязаны вельмі важны для мяне жыццёвы этап. Так склаліся сямейныя абставіны, што давялося на некаторы час паехаць у сталіцу. І, напэўна, лёс прывёў мяне ў Ленінскі раён, да цудоўнага начальніка ўпраўлення адукацыі Наталлі Генадзьеўны Кучынскай. Яна не проста даверыла мне кіраўніцтва ўстановай, але і вельмі многаму навучыла. Прагучыць, магчыма, пафасна, але ў мяне быццам нанова ўдыхнулі жыццё!.. Дамоў у Шклоў, на пасаду кіраўніка, я вярталася з вялікім багажом ідэй і задум. Ужо ведала, каму з дырэктарскага корпуса прапанаваць новую школу, з кім расстацца, каго пазваць — жыццё мае патрэбу ў рашучых кроках, калі нацэлены на вынік…
“Маё самае вялікае жаданне сёння — згуртаваць дырэктарскі корпус раёна, знайсці пункты судакранання”.
Напэўна, маё самае вялікае жаданне сёння — згуртаваць дырэктарскі корпус раёна, знайсці пункты судакранання. Нядаўна вось у тур выхаднога дня ў санаторый выбраліся — цяпер толькі і гучыць пытанне: калі наступны? Разам удзельнічалі ў зімовым спартыўным свяце, прадстаўлялі каманду на турзлёце. А па юшцы, пахвалюся, сталі і наогул лепшымі, чулі б вы, як гучна мы радаваліся кожнай злоўленай рыбцы!
“Мая зямля Прыдняпроўе”
— Таццяна Уладзіміраўна, а з чаго для вас пачынаецца Радзіма?
— З песні “З чаго пачынаецца Радзіма”. Менавіта з ёй я некалі паступала ў музычную школу… З майго дзеда, у якога былі ўсе грудзі ў ордэнах. Ён быў намеснікам галоўнага рэдактара нашай шклоўскай раённай газеты “Ударная праца”, і да гэтага часу пах друкарскай фарбы — адзін з любімых.
З чаго пачынаецца Радзіма для цяперашніх шклоўскіх школьнікаў? З гісторыі роднага краю. З гісторыі жыцця славутых землякоў. Мяркую, за гэта адказныя, акрамя бацькоў, і мы, педагогі. Усю Магілёўшчыну ў Год гістарычнай памяці аб’ядноўвае праект “Мая зямля Прыдняпроўе”, а мы ў кожнай нашай установе стараемся напоўніць яго сваім сэнсам. Паверце, у справе вывучэння роднай старонкі абыякавых у нас няма, ад малышоў да педагогаў… У нашым парку, дарэчы, нядаўна адкрылі гульнявую пляцоўку, на якой таксама можна даведацца, чым здаўна славілася шклоўская зямля. А з якой радасцю — і гордасцю! — у знакамітым свяце агурка ўдзельнічаюць нашы ўстановы, словамі не перадаць. Гэта трэба бачыць!
— Чым яшчэ ганарыцца сістэма адукацыі раёна?
— Вынікамі на рэспубліканскім этапе прадметных алімпіяд. Упершыню за 7 гадоў у нас два прызавыя месцы — па працоўным навучанні і матэматыцы. Радуе, што наша выпускніца Настасся Асецкая, ужо студэнтка Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта, звязала сваё жыццё з працоўным навучаннем і, упэўнена, вернецца да нас па заканчэнні вучобы. Вось ён, вынік работы настаўніка-прадметніка: не толькі даць веды, але і ўлюбіць у свой прадмет і падрыхтаваць будучую калегу. Яўгену Мартынкевічу яшчэ год вучыцца ў гімназіі, таму спадзяёмся на яго новыя алімпіядныя поспехі. Вядома, ёсць і іншыя зорачкі.
Сістэма адукацыі Шклоўскага раёна — гэта 637 педагагічных работнікаў, якія працуюць у 16 агульнаадукацыйных установах, 13 установах дашкольнай адукацыі, аздараўленчым лагеры “Космас”, цэнтры дзіцячай творчасці “Прамень” і цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі.
Ганарымся, што двое нашых дзяцей прайшлі навучанне ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, а на жнівеньскую змену з маленькай сельскай школы адпраўляецца яшчэ адзін вучань. Што тычыцца інавацыйнай дзейнасці, то ў найбліжэйшых планах — адкрыццё 14 інавацыйных і 2 эксперыментальных пляцовак.
Заключаем дагавор супрацоўніцтва з установамі адукацыі Бранска Расійскай Федэрацыі. Гэта тое, што, на мой погляд, прымусіць рухацца наперад усе ўстановы адукацыі.
Наш раён сельскагаспадарчы, і каму, як не нашым дзеткам, працаваць на роднай зямлі, таму традыцыйна наша гордасць — аграрныя класы, якіх з кожным годам становіцца ўсё больш. Кадры для сельскай гаспадаркі рыхтуем на месцы.
Летась выдалі 7 мэтавых накіраванняў будучым педагогам, у гэтым — столькі ж. Такім чынам вырашаем задачу папаўнення кадраў за кошт унутраных рэзерваў… У бягучым навучальным годзе для больш поўнага вырашэння гэтага пытання плануем адкрыць педагагічны клас. Са Следчым камітэтам прапрацоўваем пытанне адкрыцця юрыдычнага класа, спартыўны клас плануем адкрыць у нашай 1-й школе. Ёсць задума адкрыць ваенна-патрыятычны клуб на базе цэнтра дзіцячай творчасці.
З наказамі
— Пасвячэнне ў прафесію, напэўна, частка жнівеньскага педсавета ў раёне?
— Робім гэта крыху пазней, але заўсёды прыгожа і ўрачыста, у Доме культуры, напярэдадні Дня настаўніка. З падарункамі, з клятвай маладога педагога, з урачыстымі наказамі.
Старшыня райвыканкама традыцыйна сустракаецца з маладымі спецыялістамі, педагогамі ў тым ліку. У гэтым годзе з’явілася, спадзяюся, новая традыцыя — сустрэча з будучымі маладымі спецыялістамі, тымі, хто праходзіць практыку і толькі збіраецца на работу. Пагадзіцеся, мудра ўбачыць і пачуць іх просьбы, абмеркаваць рабочыя моманты загадзя, каб быў час вырашыць многія пытанні.
Кацярына ДУБІНСКАЯ.
Фота аўтара.